Шлях да кубка

Уся краіна сачыла за фінальнымі баталіямі Рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі “Залатая шайба” на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Калі для ўдзельнікаў дывізіёна “А” (каманд з раёнаў і гарадоў, дзе ёсць фізкультурна-спартыўныя збудаванні са штучным лёдам) хакейны сезон працягваецца, то ўдзельнікам дывізіёна “Б” пасля надыходу вясны можна адкладваць клюшкі і падводзіць вынікі выступленняў. Зробім гэта разам з “Кадзінскімі львамі” з Магілёўскага раёна, якія на працягу некалькіх гадоў становяцца прызёрамі “Залатой шайбы”. Даведаемся і пра асаблівасці развіцця хакея з шайбай у сельскай мясцовасці, а таксама няпросты шлях кадзінскіх хакеістаў да спартыўных трафеяў.

У хакей, як вядома, гуляюць сапраўдныя мужчыны — мужныя, адказныя, гатовыя ў любы момант прыйсці на дапамогу таварышам па камандзе. Калі гаварыць пра сельскую мясцовасць, то тут у хакей гуляюць мужчыны, якія, акрамя вышэйназваных якасцей, выдатна валодаюць не толькі клюшкай, але і малатком, лобзікам, дрыллю, шрубавёртам. Усё проста: не ўмееш абыходзіцца з гэтым інструментам — не зможаш пабудаваць пляцоўку, і не будзе магчымасці гуляць у хакей. Можна, канечне, адправіцца на сажалку або азярцо, аднак куды больш якаснымі трэніроўкі будуць на спецыяльнай пляцоўцы. Каб стварыць яе, якраз і патрэбны мужчынскія рукі, якія ўмеюць працаваць з малатком, лобзікам і г.д. Нядзіўна, што ў “Кадзінскіх ільвоў” выдатныя адзнакі не толькі па фізічнай культуры, але і па працоўным навучанні.

Для Кадзіна хакейная пляцоўка, якая размяшчаецца на тэрыторыі школы, — гэта не проста месца правядзення ўрокаў фізічнай культуры і здароўя ў зімовы перыяд або трэніровак па хакеі з шайбай, гэта цэнтр спартыўнага і нават сямейнага, культурнага жыцця аграгарадка. І так ужо на працягу 34 гадоў. Калі быць больш дакладным, то з таго часу, калі ў толькі што пабудаваную Кадзінскую сярэднюю школу ў 1984 годзе прыйшоў працаваць настаўнікам фізічнай культуры і здароўя Леанід Афанасьевіч Камароў.


— Ужо ў першы год побач з новым будынкам мы з калегамі, вучнямі, бацькамі пры падтрымцы ААТ “Фірма “Кадзіна” абсталявалі хакейную пляцоўку. Гэта была праца талакой: нехта нёс дошкі, нехта — цвікі, нехта — інструмент. Працавалі ад раніцы да позняй ночы. Пляцоўка атрымалася выдатная. Устанавілі асвятленне, падвялі ваду, каб прасцей было заліваць каток. З таго часу пляцоўка стала месцам адпачынку жыхароў Кадзіна. Сваімі сіламі мы стварылі і раздзявалку ў падвальным памяшканні школы з выхадам на пляцоўку. Без якаснай раздзявалкі займацца хакеем складана. На марозе ж не станеш пераапранацца, асабліва калі пагуляеш і ўспацееш, — адзначыў Леанід Афанасьевіч.

Падрыхтоўка пляцоўкі да хакейнага сезона, які ў Кадзіне ў залежнасці ад надвор’я доўжыцца паўтара — два месяца, пачынаецца з першымі маразамі. Гэта своеасаблівы абрад, у якім удзельнічае практычна ўсё мужчынскае насельніцтва аграгарадка — ад хлопчыкаў да мужчын сталага ўзросту. Заліваецца пляцоўка на працягу тыдня. Спачатку некалькі дзён ідзе падрыхтоўчы этап: неабходна ўтрамбаваць грунт, потым стварыць на ім снежную падушку, якую таксама трэба ўтрамбаваць. Гэта вялікі кавалак працы, паколькі памеры пляцоўкі — 60х30 м (1800 м2). Пасля таго як снег утрамбаваны, пляцоўка заліваецца невялікай колькасцю вады, робіцца ледзяная корачка.

Калі яна застывае, нарошчваецца слой лёду таўшчынёй прыкладна 30 см. На своеасаблівы абрад заліцця пляцоўкі нават прыязджаюць выпускнікі школы. Размяркоўваюцца абавязкі, складаецца графік, працэс ідзе бесперапынна.


“Потым жыхароў Кадзіна чакае амаль два месяцы сапраўднага шчасця. Пляцоўка на гэты час становіцца цэнтрам жыцця аграгарадка. Калі глядзіш, з якой радасцю вучні ідуць на пляцоўку, колькі тут вечарам бацькоў з дзецьмі, то разумееш, што твая праца недарэмная. Гэта для мяне самы шчаслівы перыяд года”, — адзначыў з усмешкай Леанід Афанасьевіч. Для настаўнікаў і вучняў гэтае шчасце бясплатнае, а для іншых жыхароў Кадзіна за магчымасць катацца на пляцоўцы і праводзіць хакейныя трэніроўкі бярэцца сімвалічная плата.

Хоць на пляцоўцы могуць праводзіць вольны час усе жыхары Кадзіна, аднак у першую чаргу яна заліваецца для трэніровак хакейных каманд, а іх у Кадзіне некалькі. Па-першае, гэта дзве школьныя каманды, удзельнікі якіх выступаюць у дзвюх узроставых катэгорыях дывізіёна “Б” “Залатой шайбы”. Па-другое, у Кадзіне з 1985 года дзейнічае дарослая каманда, якая ў 1987 годзе стала пераможцай першынства раёна, паспяхова выступала ў першынстве вобласці. У мінулым годзе быў урачыста адзначаны юбілей гэтай перамогі і праведзены турнір у памяць пра трох хлопцаў, якія 30 гадоў назад заваявалі першыя хакейныя трафеі для Кадзіна і якіх ужо няма з намі. Плануецца, што турнір стане традыцыйным. Першы трафей, а таксама дзясяткі іншых кубкаў, заваяваныя “Кадзінскімі львамі”, захоўваюцца ў школьным музеі. Трафеяў столькі, што створаны асобны раздзел экспазіцыі.

Слаўныя хакейныя кадзінскія традыцыі перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Адно пакаленне “львоў” заканчвае школу, становіцца дарослым, у іх вырастаюць дзеці, якія таксама далучаюцца да хакея. І такіх сем’яў у аграгарадку многа. Прыкладаў, калі тата з сынам на аматарскім турніры разам гуляюць у адной камандзе, вельмі многа. У школе пабудавана паспяховая сістэма выхавання чэмпіёнаў. Дапамагае і адміністрацыя школы, і кіраўніцтва фірмы “Кадзіна”, якое на кожнай лінейцы напрыканцы навучальнага года матэрыяльна заахвочвае юных хакеістаў, аплачвае на працягу года экскурсійныя паездкі па Беларусі.


— З 2015 года ў “Залатой шайбе” адбылося раздзяленне на дывізіёны. Яшчэ да гэтага раздзялення мы спаборнічалі ў адной групе з камандамі з гарадоў, дзе ёсць крытыя лядовыя пляцоўкі. І хоць спаборнічаць складана, аднак мы былі ў прызёрах практычна кожны год. Пасля раздзялення таксама паказваем добрыя вынікі. Першае месца занялі ў 2015 годзе, на наступны год сталі трэцімі ў Лідзе, у 2017 у Пружанах — другімі. Толькі сёлета занялі чацвёртае месца. Гэта можна растлумачыць тым, што ўзровень каманд, якія выступаюць у дывізіёне Б, расце. Асабліва гэта відаць на прыкладзе дружын з Гродзенскай, Мінскай і Гомельскай абласцей. У гэтых рэгіёнах склалася асаблівая сістэма правядзення трэніровак. Напрыклад, на Гродзеншчыне рэгулярна праходзіць першынство вобласці. Каманды сустракаюцца на базе лядовых палацаў розных гарадоў. Уяўляеце, колькі гульняў і якая практыка ў дзяцей! У Гомельскай вобласці таксама праводзяць падобнае першынство. Два гады назад мы каманду Гомельскай вобласці перамаглі з лікам 14:0, у гэтым годзе прайгралі ім па булітах. Арганізатары “Залатой шайбы” прынялі правільнае рашэнне, што падзялілі каманды на дывізіёны, бо ў сельскіх дзяцей трапіць у прызёры былі вельмі малыя шансы. А цяпер спаборніцтвы сталі больш цікавымі, узровень хакея вырас. Важна, што гэтым спаборніцтвам удзяляецца вялікая ўвага з боку дзяржавы. На фінале “Залатой шайбы” прысутнічае кіраўніцтва Міністэрства адукацыі і Міністэрства спорту і турызму, Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, алімпійскія чэмпіёны, знакамітыя хакеісты. Для дзяцей усё робіцца на найвышэйшым узроўні: размяшчэнне, харчаванне, прызы, дыпломы, падарункі, — падзяліўся Леанід Афанасьевіч.

Турнір “Залатая шайба” — гэта вялікі крок у прафесійны спорт. Сёння тры навучэнцы Кадзінскай сярэдняй школы 8, 10 і 11 класа Даніла Палякоў, Яўген Скрабачоў і Уладзіслаў Волкаў займаюцца ў абласным цэнтры алімпійскага рэзерву па хакеі з шайбай, паспяхова выступаюць на першынстве краіны сярод спецыялізаваных школ па хакеі. Як складзецца іх лёс у гэтым відзе спорту, залежыць ужо ад саміх дзяцей і трэнераў. Выхаванне будучых чэмпіёнаў у Кадзіне пачынаецца з 2 класа на занятках па фізічнай культуры, якія праходзяць на хакейнай пляцоўцы. Спачатку — проста катанне. З тых, хто ўпэўнена стаіць на каньках, педагог і фарміруе будучую каманду. Наступны этап — дзеці вучацца весці шайбу, рабіць кідкі. Тэхнічныя моманты падрыхтоўкі “Кадзінскіх ільвоў” мала чым адрозніваюцца ад падрыхтоўкі іх сапернікаў з іншых каманд. Галоўны сакрэт паспяховага выступлення кадзінскіх хакеістаў на “Залатой шайбе” — гэта зацікаўленасць з боку Леаніда Афанасьевіча Камарова, падтрымка ўстановы адукацыі, кіраўніцтва аддзела адукацыі, спорту і турызму Магілёўскага райвыканкама, фірмы “Кадзіна”.

— Я родам са Слаўгарадскага раёна. Мае равеснікі ў дзяцінстве ўсе захапляліся хакеем, рабілі клюшкі з кораня бярозы, выразалі з тоўстага абцаса старога абутку шайбу, прывязвалі да валёнак вяроўкамі канькі-снегуркі і адпраўляліся на найбліжэйшую сажалку. Цяпер, канечне, іншы час, і з такім інвентаром праводзіць паўнавартасныя трэніроўкі немагчыма. Дзякуючы кіраўніцтву райвыканкама, у 2015 годзе, калі “Кадзінскія львы” сталі пераможцамі “Залатой шайбы”, для каманды былі набыты 15 камплектаў дзіцячай формы. Сёлета на фінальныя спаборніцтвы выйшлі дзве каманды (у дзвюх узроставых групах), таму набылі яшчэ адзін камплект, — паведаміў Леанід Афанасьевіч.

Праблем развіцця хакея ў сельскай мясцовасці дастаткова. Гэта і адсутнасць круглагадовых якасных трэніровак, і абмежаваная колькасць навучэнцаў, з якіх можна скласці хакейную каманду. Аднак “Кадзінскія львы” паспяхова пераадольваюць гэтыя цяжкасці. Інакш і не можа быць, бо ў хакей, як вядома, гуляюць сапраўдныя мужчыны.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара і з архіва школы.