Скурзам, мантажная пена, папера — падыдзе ўсё

Набліжаецца час, калі людзі дастануць ёлкі з каробак ці купяць новыя і паставяць на самае бачнае месца. Так у кожным доме з’явіцца навагодняя атмасфера. Героі нашага матэрыялу круцяцца ў ёй ужо даўно. З таго моманту, як пачалі ствараць работы на рэспубліканскі конкурс “ТэхнаЁлка”.

Калядная кампазіцыя.

З кастрычніка па лістапад праходзіў абласны этап конкурсу. Творы дасылалі ў 10 намінацыях: “Дызайн-ёлка”, “Калядная кампазіцыя”, “Навагодні сувенір”, “Святочныя ўпрыгажэнні”, “Сімвал 2021 года”, “Хай-тэк ёлка”, “Альтэрнатыўная ёлка”, “МультымедыяЁлка”, “РэтраЁлка” і “Ёлка-трансформер”.

Адзін з удзельнікаў — Мікалай Мельніковіч — зараз працуе майстрам вытворчага навучання ў Пінскім дзяржаўным ПТК машынабудавання. Пачынаў вучнем каваля на мясцовым заводзе, кавалём быў яго бацька. Так прайшлі 7 гадоў. Калі Мікалай Аляксандравіч зразумеў, што можа працаваць самастойна, адкрыў ІП, ствараў работы на заказ. Потым уладкаваўся яшчэ і ў каледж. Гэта дазваляла рэалізоўваць больш задум, перадаваць веды іншым і ствараць нешта незвычайнае.

Майстар ужо ўдзельнічаў у “ТэхнаЁлцы”. Рабіў ёлку з жалеза, кожную іголку прыварваў асобна, а іх было больш за тысячу. Сёлета вырашыў даслаць маштабную работу. Хаця сімвалам года лічыцца бык, Мікалай Аляксандравіч называе яго зубрам. “Я хацеў стварыць зубра ўжо даўно, гэта ж сімвал Брэсцкай вобласці. Але ён такі аб’ёмны, трэба шмат матэрыялу і часу, таму пачаць было складана. А тут набліжаецца год быка, вырашыў здзейсніць задуму”. Дапамагалі ў гэтым вучні.

Зубр Мікалая Мельніковіча.

Каркас Мікалай Мельніковіч зрабіў з дроту, потым абшыў яго ліставым металам. Шэрсць — таксама з металу. Складаецца з больш чым 3000 пласцінак-варсінак, кожная выразалася асобна і наварвалася на канструкцыю ў шахматным парадку. Бычок важыць 80—90 кілаграмаў, работа над ім заняла каля месяца. Калі б не дапамога вучняў, расцягнулася б яшчэ на некалькі. Мікалай Аляксандравіч фігуру робіць па памяці. Не малюе на паперы, а візуальна яе ўяўляе. Перад гэтым глядзіць фотаздымкі сапраўдных жывёл, каб зразумець, якімі павінны быць шэрсць, грудзі, канечнасці і г.д.

“Самае складанае было зрабіць яго форму, захаваць прапорцыі ног, галавы, тулава. Усё павінна быць сіметрычным. Калі мне не падабаецца штосьці ў працэсе, я мяняю і раблю да таго часу, пакуль не спадабаецца. Так было і з бычком. Ужо калі абшыў каркас жалезам, прыходзілася яго зразаць, бо адна нага атрымалася шырэйшай за другую, горб маленькі. Мяне такія сітуацыі не злуюць. Наадварот, гэты працэс зацягвае. Часам так запрацуешся, што прыхо­дзяць ахоўнікі і кажуць: “Пара дадому”.

Хутчэй за ўсё, потым зубра-быка прададуць. Так было з мінулымі работамі майстра. Цмок і бусел стаяць у НДЦ “Зубраня”, алень з дроту ўпрыгожваў гарадскую плошчу на мінулы Новы год.

Алег Машуцін з Замастоцкага дзіцячага сада — базавай школы Віцебскага раёна на конкурс даслаў “Ёлку-байкершу”. Ідэя не­звычайнай прыгажуні прыйшла да настаўніка працоўнага навучання яшчэ летам. Ён убачыў у таварыша частку каляскі ад старога матацыкла. Сябар хацеў здаць яе на металалом, але Алег Вітальевіч упэўніў, што знойдзе ёй лепшае прымяненне. Калі з’явілася інфармацыя пра конкурс, настаўнік адразу ўбачыў перад сабой ёлку-байкершу. Звярнуўся да вучняў па дапамогу. ­Адзін прынёс непатрэбную каністру, туды залілі цэмент для ўстойлівасці і зрабілі падстаўку. Другі — веласіпеднае сядло. Паступова дэталей станавілася ўсё больш і вымалёўвалася канцэпцыя.

“У працэсе мы дадавалі тое, што спачатку не планавалі. Прымацавалі заклёпкі, павесілі збоку ланцуг, надзелі завушніцы. Ёлачка ўсё ж дзяўчына. Спачатку на ёй былі акуляры са звычайнымі шкельцамі, але яны не пасавалі. Знайшлі цёмныя. Сама ёлка глядзіць не прама, а крыху ўбок. Яна быццам паварочваецца, знаходзіцца ў руху і, дзякуючы гэтаму, падаецца жывой”. Стваралі ёлку прыкладна месяц цэлым калектывам. Амаль усе вучні з 5 па 9 клас чымсьці дапамаглі. Найбольшы ўклад зрабілі Назар Юнін і Арцём Конышаў.

Бык у стылі стымпанк.

Работа скон­чана не да канца. Унутры ёлкі павінен ста­яць фен, падаваць паветра ў адтуліны, каб махры на конусе падымаліся. Трэба правесці праводку, каб задняя фара свяцілася, і купіць калонку з флэшкай, дзе бу­дзе запісана рок-музыка. Уключаеш у разетку, націскаеш на кнопку — і ўся сіс­тэма пачынае працаваць. Узнікае адчуванне, што едзе сапраўдная байкерша. “Я пастаянна думаю пра новыя работы, — гаворыць Алег Машуцін. — Ідзеш, знойдзеш нейкую калоду, убачыш у ёй штосьці і цягнеш у школу, каб зрабіць нешта разам з дзецьмі. Яны падказваюць. Некаторыя ідэі адхіляеш, некаторыя бярэш на ўзбраенне, некаторыя ажыццяўляеш. Мы ўдзельнічаем у розных конкурсах, таму стараемся прыдумаць нешта новае і цікавае”.

Сучасны навагодні сувенір зрабілі педагог дадатковай адукацыі Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Алена Мартынава і яе выхаванцы. “У конкурсе амаль усе намінацыі звязаны з ёлкай, гэта крыху абмяжоўвае творчую накірава­насць. Намінацыя “Навагодні сувенір” спадабалася нам тым, што яна пашырае фантазійныя магчымасці. Сваю работу мы назвалі “Магія ў кубе”. Гэтае ўстройства дэманструе прынцып бесправадной перадачы энергіі. Мы надрукавалі куб на 3D-прынтары, на яго гранях размешчаны навагоднія карцінкі”. У залежнасці ад таго, як куб палажыць на платформу, ён загараецца рознымі колерамі.

Адзін выхаванец натхніў ідэяй па бесправадной перадачы энергіі, другі вырабляў устройства. Працэс заняў два месяцы. Прычым працавала каманда толькі на занятках два разы на тыдзень. Аперацый было шмат: распрацоўка 3D-мадэлей, друкаванага мантажу, 3D-друкаванне, зборка электронных плат, наладка платы. Два месяцы — гэта нават хутка.

“Мы ўжо некалькі гадоў удзельнічаем у конкурсе. Адно з устройстваў, якія рабілі, — пясочныя гадзіннікі, — гаворыць Алена Георгіеўна. — Колбы зрабілі на аснове лямп. Яны круціліся кожную мінуту, унутры перасыпаўся імправізаваны сняжок і адкрываліся сімвалы адыходзячага і надыходзячага года. Усё гэта было пад музыку і са светлавымі эфектамі. Летась у нас была работа, звязаная з кнігай. На верхняй частцы кнігі ў вальсе кружыліся персанажы. Адбывалася гэта пад ёлкай, іграла музыка, дапаўняла атмасферу светлавая інсталяцыя”.

Папярэднія дзве работы займалі 1-е месца на рэспубліканскім этапе, таму каманда і ў гэты раз спадзяецца трапіць у тройку прызёраў.

Алена Скачкова, майстар вытворчага навучання Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогій і дызайну, неяк перабірала дзіцячыя цацкі свайго сына і ўбачыла чыгунку з цягніком. Прыйшла ідэя — зрабіць з ёй калядную кампазіцыю. За тыдзень з’явілася невялікая вуліца з домікамі, лаўкамі, чыгункай і нават снежным тунэлем.

“Аснову і домікі зрабіла з дрэва, якое потым фарбавала акрылам. Тунэль, снег на дахах, гурбы і ёлачку — з мантажнай пены. Заліла яе хаатычна ў каробку, а калі яна высахла, зрабіла неабходныя рэчы. Усю кампазіцыю крыху прыцерушыла штучным снегам”, — расказвае Алена Яўгенаўна. Цягнік, дарэчы, едзе, звініць, гудзіць і вязе падарункі.

З работай майстру дапамаглі сын Артур і навучэнка Ксенія Фядотава. Хлопчык займаўся лаўкамі і альтанкай. Ён ходзіць на гурток малявання і авіямадэлявання, тата вучыць працаваць са шрубавёртам, таму цяжкасцей не ўзнікла. Алена Скачкова гаворыць, што сыну заўсёды цікава глядзець, чым занята матуля, па магчымасці ён стараецца дапамагчы.

“У нашым каледжы педагогі і навучэнцы часта ўдзельніча­юць у конкурсах. Летась я стварала ўпрыгажэнні з фетру, былі ў нас работы з дрэва, салёнага цеста, палімернай гліны. Хочацца рухацца да чагосьці новага”.

Яшчэ адзін сімвал года прадставіла выкладчыца інфарматыкі Магілёўскага дзяржаўнага машынабудаўнічага ПТК Аліна Аўдзеева. Гэта металічны бык у стылі стым-панк. “Я з дзяцін­ства ў творчасці. Скончыла мастацкую школу, курсы па дызайне інтэр’еру і мастацкім дызайне. Калі пайшла ў дэкрэт, асвоіла, напэўна, усе тэхнікі рукадзелля. Зараз, калі зноў працую выкладчыцай, даношу дзецям, што творчасць — гэта вельмі важна і цікава. Можна сваімі рукамі ствараць унікальныя рэчы. Гэта развівае маторыку рук, фантазію, прасторавае мысленне. Любая творчасць уздзейнічае і на разумовае развіццё”.

Фігуру быка Аліна Уладзіміраўна з вучнямі зрабіла з паперы. Яны спампавалі праграму Paperсraft, схему, раздрукавалі і стварылі каркас. Паколькі 2021 год — гэта год металічнага быка, а каледж машынабудаўнічы, трэба было зрабіць акцэнт на метале. Каманда імітавала яго фааміранам, пластычнай замшай. Ім аклеілі каркас, а далей дадалі ўпрыгажэнні: дзіцячую карону, зламаную біжутэрыю, гайкі, гузікі, канструктар, металічныя дэталі, маланку. Пафарбавалі акрылавай чорнай фарбай і затаніравалі залатой у тэхніцы “сухі пэндзаль”. Да каробкі-падстаўкі прымацавалі святлодыёдную стужку, потым таксама абклеілі фааміранам. На ўсё пайшло прыкладна 1,5 тыдні. Студэнты 1-га курса заставаліся пасля ўрокаў і тварылі.

Магія ў кубе.

“Конкурс вельмі карысны для развіцця. Больш за ўсё мне спадабалася, што дзеці натхніліся. Ім самім спадабалася, што атрымалася, а калі мы занялі 1-е месца на вобласці, яны былі ў захапленні. Гэта матывуе рухацца далей, не спыняцца, зноў у чымсьці ўдзельнічаць”.

***

Усе работы, дасланыя на конкурс, заслугоўваюць увагі. Але напісаць пра ўсе — значыць напісаць кнігу. Калі вы хочаце, каб ваш твор убачыла больш людзей, дасылайце яго фота, гісторыю стварэння і апісанне, мы апублікуем іх на сайце ng-press.by. Вынікі рэспубліканскага этапу “ТэхнаЁлкі” агучаць у студзені.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва герояў матэрыялу.