Спрыт і розум

Першынство Рэспублікі Беларусь па спартыўным арыентаванні адбылося ў Гомелі і Гомельскім раёне. На спаборніцтвы з’ехаліся зборныя каманды з амаль усіх абласцей і Мінска, ад устаноў дадатковай адукацыі, клубаў, дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ, а таксама спартсмены, якія выступаюць у асабістым заліку. Праграма мерапрыемства прадугледжвала правядзенне спаборніцтваў па чатырох узроставых групах сярод юнакоў і дзяўчат на трох дыстанцыях — спрынтарская, класічная і двухэтапная эстафета.


Штогод спартыўнае арыентаванне збірае каля трохсот удзельнікаў, хлопцаў і дзяўчат ад 12 да 17 гадоў, не змянілася гэтая лічба і сёлета. Гэта той від спорту, які адразу ўцягне. Дастаткова толькі паспрабаваць. Сутнасць спартыўнага арыентавання заключаецца ў тым, каб удзельнікі пры дапамозе карты і компаса прайшлі зададзеную адлегласць праз пэўную колькасць кантрольных пунктаў. Неабходна не забываць аб часе, бо вынікі вызначаюцца па часе праходжання дыстанцыі. Гэта цікава і дарослым, што ўжо казаць пра дзяцей. Сёння ў нашай краіне спартыўнае арыентаванне актыўна развіваецца як масавы від дзіцячага і маладзёжнага спорту. У цэлым ім займаюцца больш за 10 тысяч навучэнцаў, якія наведваюць створаныя ва ўстановах адукацыі аб’яднанні па інтарэсах.

Урачыстае адкрыццё першынства і першыя спаборніцтвы прайшлі на тэрыторыі гомельскай сярэдняй школы № 67. Удзельнікаў віталі дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена Ануфровіч, намеснік старшыні Беларускай федэрацыі арыентавання Эдвард Ародзь. Алена Уладзіміраўна адзначыла, што менавіта спорт вучыць дысцыплінаванасці, адказнасці, мэтанакіраванасці, тым якасцям, якія важныя на працягу ўсяго жыццёвага шляху. Эдвард Станіслававіч нагадаў навучэнцам, што яны павінны быць гатовы да любых нечаканасцей, якія могуць быць на дыстанцыі, умець аператыўна рэагаваць і імгненна прымаць рашэнні. Ён заўважыў, што спартыўнае арыентаванне нездарма называюць шахматамі на бягу, паколькі тут вынік залежыць ад кожнай секунды. Трэба сказаць, што спецыфіка спартыўнага арыентавання заключаецца ў тым, што дыстанцыя кожны раз новая. Менавіта таму кожны спартсмен павінен быць гатовы да нечаканых выпрабаванняў і, як ужо адзначалася, не забываць, што на вынік уплывае кожная секунда.

Два другія дні спаборніцтвы праходзілі ў лясным масіве за 30 кіламетраў ад абласнога цэнтра, у маляўнічым месцы ўрочышча Казара, дзе ўдзельнікі разбілі палатачны лагер. Тут спартсменаў-турыстаў чакалі больш складаныя задачы. Неабходна было праяўляць іншыя якасці: уменне чытаць рэльеф па карце, звяртаць увагу на змяненне вышыні і, канечне, пераадольваць лясны масіў. Спартыўнае арыентаванне — асаблівы від спорту, спалучае ў сабе фізічную нагрузку і разумовую дзейнасць.

— У спартыўным арыентаванні ёсць адзін спецыфічны і важны момант. Мы называем гэта “разбор палётаў”, — тлумачыць Эдвард Ародзь. — У нас спаборніцтва не скончылася на тым, як вы прайшлі дыстанцыю. Далей вы павінны паглядзець свой вынік, вынікі сапернікаў, узяць карту, паглядзець шляхі руху, зноў жа — як свае, так і сапернікаў, ацаніць, дзе вы памыліліся.

Навошта ўсё гэта? Эдвард Станіслававіч сцвярджае, што, калі не рабіць такі аналіз, ніколі не будзе вынікаў. Так, гэта не проста спрыт, гэта яшчэ і даволі напружаная, аналітычная, разумовая праца. Ці не таму спартыўнае арыентаванне так прываблівае дзяцей рознага ўзросту? Вось яны гурточкамі сабраліся каля сваіх палатак, нешта абмяркоўваюць, спрачаюцца і жартуюць. Зразумела, што яны хвалююцца. Усе: і тыя, каму 12 гадоў, і 17-гадовыя хлопцы і дзяўчаты. Але, нягледзячы на хваляванне, на тыя нечаканасці, з якімі яны могуць сустрэцца на шляху да перамогі, удзельнікі выглядаюць задаволенымі і шчаслівымі. Тут ужо сам удзел выклікае станоўчыя эмоцыі. Але ж быць у пераможцах хочацца кожнаму.

Па выніках першынства 1-е месца атрымала каманда Мінскай вобласці. На 2-м і 3-м — каманда Магілёўскай вобласці і каманда Мінска адпаведна. У асабістых заліках дыпломы І, ІІ і ІІІ ступеней атрымалі многія юныя спартсмены з усіх рэгіёнаў. Пераможцы спаборніцтваў узнагароджаны кубкамі і дыпломамі Міністэрства адукацыі і Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.

Першынство Беларусі па спартыўным арыентаванні завяршылася. На жаль, каманда прымаючага боку не ўвайшла ў лік пераможцаў. Ёсць над чым працаваць, і гэта добра.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота Ганны ПАШЧАНКА.