“Стымул”, які сам прыходзіць на заняткі па шашках

Каму сёння ў стагоддзе інфармацыйных тэхналогій цікавы старыя добрыя шашкі? Думаецца, сама пастаноўка пытання здзівіла б юных аматараў шашак, якія наведваюць Ваўкавыскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, бо ім пашчасціла сустрэцца з педагогам, які выхаваў 11 кандыдатаў у майстры спорту, 3 майстроў спорту і нават чэмпіёна свету і чэмпіёна Еўропы па шашках.

Аляксандр Якаўлевіч Андрыянаў — педагог з вялікім стажам, аўтар уласнай адукацыйнай праграмы па навучанні шашкам і дастаткова вядомы ў горадзе чалавек. Дзякуючы яму, Ваўкавыскі цэнтр творчасці можа ганарыцца дыферэнцыраванай сістэмай падрыхтоўкі юных шашыстаў. Ёсць у цэнтры і групы павышанага спартыўнага майстэрства, дзе дзеці, якія паказваюць высокі вынік на ўзроўні вобласці і краіны, займаюцца па індывідуальнай праграме.
“Я сам шмат гадоў захапляюся шашкамі, — адзначае Аляксандр Якаўлевіч, — таму разумею, што мая задача ўжо ў самым пачатку паказаць дзецям прыгажосць гульні, шматварыянтнасць камбінацый, цікавасць пошуку іх рашэнняў. Нямала дзяцей займаюцца шашкамі таму, што ім блізкі сам дух спаборніцтваў. Менавіта з тых, каму цікава памерацца сіламі, хто імкнецца перамагаць, потым і нараджаюцца моцныя гульцы.
Не сакрэт, што маладое пакаленне сёння захоплена рознымі электроннымі гаджэтамі. Я стараюся выкарыстоўваць гэтую цікавасць у карысным ключы, прапаноўваючы вучням праграмы, якія дапамагаюць удасканальваць майстэрства ў шашках. Дзякуючы ім, можна дадаткова працаваць дома. Таксама мы актыўна карыстаемся сайтам, дзе кожны мае магчымасць гуляць з сапернікам у рэжыме анлайн. А яшчэ я задаю хатнія заданні. Трэба сказаць, што многія дзеці і бацькі адносяцца да гэтага па-рознаму. Але тыя, хто прыкіпеў да шашак, імкнуцца выконваць заданні”.
Як вядома, шашкі, як і шахматы, развіваюць лагічнае мысленне, дысцыплінуюць, паколькі патрабуюць уседлівасці і цярпення. Аляксандр Якаўлевіч адзначае, што ён не першы год назірае сувязь паміж заняткамі шашкамі і развіццём здольнасцей сваіх выхаванцаў у дакладных навуках.
Самы вядомы вучань Аляксандра Андрыянава — Ігар Міхальчанка. Сёння ён двухразовы чэмпіён свету ў маланкавых шашках і чэмпіён Еўропы ў асноўнай праграме. Педагог нярэдка ўспамінае, як некалі ён рабіў набор трэцякласнікаў. Тады ў аб’яднанне завітала адразу палова класа, але, як заўсёды, засталіся адзінкі, дакладней двое — Ігар Міхальчанка і яго аднакласніца Людміла Журбіцкая, якая пазней стала чэмпіёнкай Беларусі па шашках.
“Такіх, як Ігар, пакуль што ў мяне няма, — усміхаецца Аляксандр Якаўлевіч. — Я думаю, такіх і ў свеце адзінкі. У яго выдатная памяць і проста ўнікальная хуткасць мыслення, высокая працаздольнасць. Ігар і цяпер шмат гадзін праводзіць за дошкай — без гэтага нікуды. Ён — прафесійны спартсмен. Дарэчы, у Беларусі ўсяго пяць шашыстаў высокага класа, Ігар — адзін з іх. Баюся памыліцца, але мяркую, што на дадзены момант ён уваходзіць у дзясятку лепшых шашыстаў у свеце.
Дарэчы, у мужчынскіх спаборніцтвах спартсмен пачаў выступаць толькі з 2013 года, да гэтага І.Міхальчанка прымаў удзел у юнацкіх спаборніцтвах. У 2013 годзе стаў чэмпіёнам свету па маланкавых шашках. У мінулым годзе стаў чэмпіёнам Еўропы ў асноўнай праграме і другі раз чэмпіёнам свету па маланкавых шашках. Тады ж яму прысвоілі званне міжнароднага гросмайстра”.
Цяпер аўтарытэт вучня ў многім працуе і на аўтарытэт трэнера. Бацькі, прыводзячы сваіх дзяцей у цэнтр, абавязкова ўдакладняюць, хто будзе весці заняткі. Калі чуюць, што Андрыянаў, лічыце, рашэнне прынята.
Першы год навучання грунтуецца на базавых паняццях. Потым задача істотна ўскладняецца. Для таго каб заставацца цікавым дзецям, сам педагог пастаянна знаходзіцца ў пошуку навінак і цікавай інфармацыі. Самым важным этапам у падрыхтоўцы спартсменаў Аляксандр Андрыянаў называе самі спаборніцтвы. У мінулым годзе яшчэ адзін яго вучань Аляксей Валюк зрабіў свой першы крок на міжнародным узроўні, прыняўшы ўдзел у чэмпіянаце Еўропы па шашках.
“Шашкі — гэта зусім няпросты спорт, — падкрэслівае педагог. — Вы нават не ўяўляеце, якую стомленасць адчувае чалавек, які згуляў дзве партыі ў дзень з моцнымі сапернікамі. Нягледзячы на ўяўную прастату шашак, гульня можа быць вельмі жорсткай, таму мы стараемся падтрымліваць і фізічную форму, бо сапраўдны шашыст павінен быць вынослівым.
Што тычыцца стымулу для маіх сённяшніх вучняў, то ён, гэты стымул, нярэдкі госць на нашых занятках. Ігар Міхальчанка не проста дзеліцца з пачаткоўцамі сваім вопытам, ён дапамагае мне вывозіць дзяцей на спаборніцтвы. Такая падтрымка дарагога каштуе!”

Наталля АЛЁХІНА.