19 мая ў Беларусі будзе адзначацца Дзень піянерскай дружбы. Учора і сёння Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя пачала яго святкаванне, запрасіўшы на галоўныя мерапрыемствы ў Мінск больш за 130 піянераў, акцябрат і піянерважатых з усіх куточкаў Беларусі. Далучыліся да свята і замежныя госці — прадстаўнікі дзіцячых арганізацый з Расіі і Казахстана.
Праграма піянерскага свята насычаная. Адна з самых чаканых падзей учарашняга дня — фінал новага нашумелага і ўпадабанага дзецьмі рэспубліканскага конкурсу лідараў БРПА “СуперТройка”, які ўпершыню стартаваў у лістападзе мінулага года і аб’яднаў за гэты час больш за дзве тысячы акцябрат, піянераў і арганізатараў піянерскага руху Беларусі.
У фінале журы чакала нялёгкая задача: з самых яркіх і творчых выступленняў сямі каманд, іх відэавізітовак, інтэрнэт-кейсаў, створаных падчас рэалізацыі праекта, выбраць пераможцу. Эрудыцыя, логіка і кемлівасць членаў кожнай каманды, праяўленыя падчас піянерскага КВіЗа, дапамаглі наблізіцца да запаветных тытулаў: “СуперТройка”, а таксама “Суперакцябронак”, “Піянер года”, “Піянерважаты года”. Дарэчы, удзельнікаў тытулаванай “СуперТройкі” чакалі і галоўныя прызы конкурсу: смартфон, планшэт, ноўтбук.
Тэрыторыяй для піянерскага спаборніцтва стаў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Тут жа прайшла экскурсія для канкурсантаў.
Старт сённяшняга дня даў папулярны праект Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі “Сустрэчы на ўсе 100!”.
У Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь адкрыты дыялог аб’яднаў лідараў і актыў БРПА, прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама партнёраў беларускай піянерыі з Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Казахстан.
— Самая яркая наша сённяшняя падзея — прэзентацыя талісмана БРПА, які стане візуальным увасабленнем беларускай піянерыі. Ім стала рысяня. Яго выбрала журы з больш як тысячы варыянтаў, дасланых на конкурс “РгоБРПА — перазагрузка”. Аўтарам лепшага сімвала стала 13-гадовая Вікторыя Жалязнякова з сярэдняй школы № 25 Гомеля. За перамогу мы ўручылі ёй прыз — графічны планшэт, а па яе малюнку да сённяшняга свята пашылі першыя цацкі. Вялікае рысяня памерам паўтара метра ўпрыгожыць піянерскую экспазіцыю музея камсамольскага і маладзёжнага руху ў Рэспубліканскім доме моладзі ў Мінску, — гаворыць Рыта Арцёмава, кансультант ЦС БРПА.

Адной з цэнтральных падзей святкавання Дня піянерскай дружбы стала сённяшняе падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж БРПА і рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем Казахстана “Адзіная дзіцяча-юнацкая арганізацыя “Жас Улан”. Адначасова ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь для піянераў прайшла квест-гульня “Піянерскі скарб”, на якой хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі не толькі бліжэй пазнаёміцца, але і яшчэ лепш даведацца пра гісторыю піянерскага руху Беларусі.
Дарэчы, пасля рэстайлінгу арганізацыі ў 2018 годзе акцэнт у дзейнасці БРПА зроблены на ўкараненне сучасных форм работы з падлеткамі. Так, у бягучым навучальным годзе быў дадзены старт новым праектам: “Сустрэчы на ўсе 100!”, “Вотчына.by”, “Піянерскі КВіЗ”, вэб-квест “Пароль — акцябронак”, квест-гульня “Па слядах Перамогі”, конкурс малых грантаў БРПА і інш.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.