Баль — гэта значная, адмысловая падзея ў жыцці гімназістаў. Цырымоніі, этыкет. Як прыгожа мільгаюць пары ў рытме танца! Гараць свечкі. Мяняюцца танцавальныя нумары: вальс, паланэз, мазурка. Усяго і не пералічыць. Але Пушкінскі баль — гэта не толькі танцы, але і школа зносін.
У адзін з лютаўскіх вечароў у гімназіі № 3 Віцебска, якая з 2007 года носіць ганаровае імя А.С.Пушкіна, прайшоў шосты традыцыйны Пушкінскі баль. У ім прынялі ўдзел танцавальныя пары вучняў 9—11 класаў. Нязменным натхняльнікам, рэжысёрам балю з’яўляецца настаўніца рускай мовы і літаратуры Тамара Аляксандраўна Ісаенка, заняткі па пастаноўцы танцаў з навучэнцамі гімназіі праводзіла харэограф Валянціна Афанасьеўна Вішнеўская. Сёлета на Пушкінскім балі ў гімназіі праводзіўся конкурс прычосак.
Ці можна на балі пазнаёміць усіх удзельнікаў адно з адным? Вядома! Ёсць вельмі просты, вясёлы і нескладаны танец, які можна вывучыць непасрэдна на балі і пры дапамозе якога пазнаёміць усіх паміж сабой. Гэта “Полька знаёмстваў”. Нязменным поспехам заўсёды карыстаюцца на балі і “Жывыя карціны”: паказваецца невялікая пастаноўка, а ўдзельнікі балю пазнаюць герояў і называюць творы А.С.Пушкіна. На балі прыемна танцаваць, гуляць, знаёміцца. А калі раптам становіцца сумна, вас змогуць павесяліць цыганы і падарыць сваё прадказанне.
Раптам на балі ў аднаго з удзельнікаў з’яўляецца чароўная скрыначка, у якой знаходзяцца прадметы, што сімвалізуюць пэўны танец. Танцавальная пара падыходзіць да скрыначкі, дастае, не гледзячы, любы прадмет і танцуе адпаведны танец.
У святочнай, прыгожа прыбранай зале, дзе праходзіць Пушкінскі баль, ёсць унікальная магчымасць сказаць самыя лепшыя словы адно аднаму, падарыць кампліменты. Пары раскрываюць усё патаемнае і запаветнае, прызнаюцца ў каханні на рускай, французскай мовах і танцуюць рамантычны вальс.
Журы выбрала пары для ўзнагароджання ў розных намінацыях, былі размеркаваны прызавыя месцы. А гран-пры атрымалі навучэнец 10 класа Дзяніс Кіслы і навучэнка 11 класа Віялета Гаўрыленка.
Правядзенне святочнага мерапрыемства “Пушкінскі баль” садзейнічала эстэтычнаму выхаванню гімназістаў, фарміраванню гендарнай культуры, развіццю зацікаўленасці ў вывучэнні гісторыі і рускай літаратуры. Ва ўдзельнікаў і гасцей Пушкінскі баль пакінуў светлыя, добрыя ўспаміны пра танцы мінулых часоў, выдатныя ўборы, выклікаў узвышаныя пачуцці, што вельмі важна ў наш час.
Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна.
Фота з архіва гімназіі.