Тэхнічнае канструяванне — класіка тэхнічнай творчасці. Нездарма аднайменная секцыя ў праграме “ТэхнаІнтэлекту” кожны год значыцца пад нумарам 1. Удзельнікі секцыі прадстаўляюць на суд журы ўстройствы транспартнай, прамысловай, сельскагаспадарчай, ваеннай тэхнікі, станочнага абсталявання, абсталявання для палягчэння працы і атрымання пэўных навыкаў, для ўкаранення ў прамысловасць, сельскую гаспадарку, будаўніцтва. Не з’яўляюцца рэдкасцю ў згаданай секцыі і рыцарскія касцюмы, узбраенне, нават вырабы кавальскага майстэрства. Менавіта знаёмствам з праектамі юных канструктараў мы і пачнём сустракаць тэхнавясну.
Узровень творчасці, у тым ліку тэхнічнай, заўсёды складана вызначыць. Ці ёсць дакладныя крытэрыі ацэнкі творчасці канкурсантаў? Ці правільна гаварыць: “Гэты навучэнец больш творчы, а гэты — менш”? Такія няпростыя пытанні стаялі перад членамі журы секцыі “Тэхнічнае канструяванне”. Мала таго, што кожны праект — фіналіст конкурсу стаў пераможцам адборачных этапаў, а значыць, лепшым сярод дзясяткаў іншых праектаў, дык яшчэ і тэматыка ўсіх прадстаўленых работ актуальная, арыгінальная. Але самае галоўнае, кожны праект практыка-арыентаваны. Напрыклад, станок з лічбавым праграмным кіраваннем і малагабарытны станок, 3D-прынтар, прыстасаванне для вымярэння дынамічных характарыстык рухавікоў — усё гэта працуе, дзейнічае, усё можна хоць заўтра запускаць у серыйную вытворчасць.
— Станкі з ЛПК (лічбавым праграмным кіраваннем) зарэкамендавалі сябе як эфектыўнае аўтаматызаванае абсталяванне, якое дазваляе дасягнуць высокіх тэхнічных і эканамічных паказчыкаў, вырашыць шэраг важных задач. Станкі з ЛПК шырока выкарыстоўваюцца ў сферы металаапрацоўкі, машына-, станка- і караблебудаванні. Найбольшы эканамічны эфект дае стварэнне на станках з ЛПК складаных дэталей, у тым ліку на матэрыялах, якія цяжка апрацоўваюцца, патрабуюць дакладнасці, выканання многіх тэхналагічных заданняў. Нас зацікавіў праект кругладрукарскага станка на папулярнай платформе Ardino. Гэты станок можа гравіраваць фрэзай і маляваць каляровымі фламастарамі, алоўкамі на сферычных і калясферычных аб’ектах, напрыклад, выкарыстоўвацца для расфарбоўвання велікодных яек, ёлачных цацак. Электронную частку станка можна прымяняць для кіравання такарным або фрэзерным станком, — паведаміў аўтар праекта “Кругладрукарскі станок з ЛПК (сферобат)” навучэнец гімназіі № 1 Дзятлава Даніла Шумскі.
Андрэй Міхайлавіч Аўсіевіч, дацэнт кафедры машыназнаўства і дэталей машын БНТУ:
“Мы і студэнтаў нашых арыентуем і ўдзельнікам “ТэхнаІнтэлекту”, іх кіраўнікам даводзім, што конкурсныя работы павінны мець навуковы складнік, быць практыка-арыентаванымі, каб іх можна было ўкараняць у вытворчасць. Важна, каб вучні браліся за праекты, якія адразу маглі б стаць цікавымі, самаакупнымі стартапамі. Прыемна, што з кожным годам такіх работ становіцца ўсё больш. Шмат прадстаўляецца работ на стыку тэхнікі і гісторыі, тэхнікі і педагогікі. Творчыя праекты складана ацэньваць. Які лепшы: удасканалены 3D-прынтар або станок з ЛПК? І першы, і другі практыка-арыентаваныя. Адзінае, што хацелася б параіць канкурсантам і іх кіраўнікам, — больш глыбіні, адпаведнасці работ усім крытэрыям. Вучні нямоцна паглыбляюцца ў тэорыю сваёй работы. А гэта неабходна, каб бачыць развіццё праекта. Тэхнічная эрудыцыя — адно з патрабаванняў конкурсу”.
Галоўная задача, якую паставіў перад сабой хлопец, — з мінімальнымі фінансавымі выдаткамі стварыць якасны станок. Асновай для станка стаў кантролер Arduino Uno — невялікая плата з асабістым працэсарам і памяццю. Да Arduino былі падключаны крокавыя рухавікі і адпаведныя драйверы. Падняццем рабочага інструмента кіруе сервапрывод SG-90. Адной з асноўных частак станка з ЛПК з’яўляецца праграмнае забеспячэнне. Прынцып работы станка наступны: спачатку ў графічным рэдактары фарміруецца малюнак, а потым ён пераводзіцца ў набор каманд для станка. У якасці графічнага рэдактара Даніла разам са сваім кіраўніком — інжынерам-праграмістам Яўгенам Сяргеевічам Сачанкам — выкарысталі бясплатны вектарны графічны рэдактар Inkscape з плагінам Eggbot, які дазваляе настройваць хуткасць вышыні падняцця і апускання рабочага інструмента, мяняць слаі і наносіць рознакаляровы малюнак. Станок Данілы ў параўнанні з аналагавымі валодае шэрагам пераваг. Гэта і нізкі сабекошт, і якасная работа інструмента, і рамонтнапрыдатнасць.
Станкі — найбольш папулярныя ўстройствы, якія кожны год прадстаўляюцца на секцыі “Тэхнічнае канструяванне”. Гэта і зразумела. Менавіта дзякуючы ім ствараюцца розныя дэталі, якія потым выкарыстоўваюцца ў тэхнічнай творчасці. Без таннага, зручнага, простага ў выкарыстанні станка немагчыма рэалізваць самыя смелыя тэхнічныя задумы.
“Мадэльны свідравальны станок” — так называецца праект, прадстаўлены навучэнцам Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Станіславам Мятлой. Даследуючы разам са сваім кіраўніком — педагогам дадатковай адукацыі Уладзіславам Уладзіміравічам Улашэвічам — рынак продажу станочнага абсталявання, хлопец заўважыў недахоп малагабарытных станкоў, іх высокі кошт, значныя матэрыяльныя выдаткі, патрэбныя на рамонт. Менавіта малагабарытныя станкі, на думку Станіслава, найбольш запатрабаваны ў дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах тэхнічнага профілю, а таксама для бытавога карыстання. Прадстаўлены гомельскім навучэнцам станок з’яўляецца рабочым прататыпам. Прынцып модульнасці, на аснове якога ён створаны, дазваляе мяняць зношаныя часткі канструкцыі, а аўтаномнасць устройства дае магчымасць працаваць з абсталяваннем на розных рабочых месцах, не выкарыстоўваючы сетку.
— Атрыманы функцыянальны прататып патрабуе некаторых дапрацовак, напрыклад, змянення модуля рэйкавага механізма для плаўнасці ходу карэткі. Такім чынам, прататып з улікам некаторых дапрацовак з’яўляецца цалкам функцыянальным і незатратным матэрыяльна. Любы жадаючы можа лёгка дазволіць сабе дадзены від абсталявання ў цанавой катэгорыі да 200 рублёў, — адзначыў Станіслаў.
Праект, прадстаўлены навучэнцам Цэнтра тэхнічнай і мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Фрунзенскага раёна Мінска “Зорка” Уладзіславам Балалавым, знешне падобны на станок. Але толькі знешне. На самай справе гэта стэнд для вымярэння дынамічных характарыстык мадэльных рухавікоў для практычнага прымянення, які быў створаны пад кіраўніцтвам загадчыка спартыўна-тэхнічнага аддзела цэнтра “Зорка” Вячаславам Аркадзьевічам Драздом. “Каля 1,5 года назад мне пашчасціла прыняць удзел у мадэльным чэмпіянаце свету ў Францыі, дзе мы сутыкнуліся з праблемай недахопу магутнасці нашых рухавікоў, у сувязі з чым быў зроблены вывад пра неабходнасць зняцця характарыстык рухавіка да яго ўстаноўкі на мадэль. Таму і з’явілася ідэя стварыць адпаведны стэнд, пры дапамозе якога можна было б знімаць характарыстыкі рухавіка для далейшага аналізу даных. Была вывучана адпаведная літаратура. З атрыманых крыніц у якасці прыкладу былі выбраны стэнды з махавіком, бо ён найбольш дакладна паўтарае мадэль у дзеянні. Былі праведзены тэсты стэнда з наступным аналізам даных”, — падзяліўся Уладзіслаў.
На стэндзе можна бачыць махавік, рухавік, паліўны бак, датчыкі. Шляхам павелічэння абаротаў датчыкі паказваюць абароты на махавіку, рухавіку, а таксама тэмпературу. Усе паказчыкі пераводзяцца ў графікі на камп’ютар. Такі стэнд, які можна выкарыстоўваць у вучэбных мэтах для вывучэння фізічных законаў, дазваляе знімаць характарыстыкі з любых малагабарытных рухавікоў унутранага згарання. Таксама ён значна эканоміць рэсурс рухавікоў, паколькі гэтыя паказанні можна знімаць хутка і дакладна. Гэтак жа хутка і дакладна можна праводзіць аналіз даных з далейшай апрацоўкай рухавіка.
Сваёй тэматыкай вылучаўся праект навучэнца гімназіі № 3 Маладзечна Аляксея Мікулевіча. Яшчэ б! Адна назва чаго вартая: “Стварэнне кальчугі ва ўмовах гімназічнай майстэрні”. Хлопец захапляецца гістарычнай рэканструкцыяй. А як можна быць сярэдневяковым воінам, калі ў цябе няма кальчугі? Ці могуць параўнацца па трываласці з сярэдневяковымі сучасныя кальчугі? Ці шмат часу патрэбна на стварэнне адной з іх з выкарыстаннем разнастайных матэрыялаў? Для атрымання адказу на гэтыя пытанні Аляксею неабходна было вывучыць методыку пляцення кальчугі, даследаваць характарыстыкі металаў, уплыў матэрыялаў і спосабаў пляцення на трываласць кальчугі, распрацаваць спецыяльнае прыстасаванне для стварэння кольцаў кальчугі. Як адзначыла кіраўнік праекта настаўніца працоўнага навучання Святлана Францаўна Мікулевіч, у будучыні на аснове гэтага праекта ў гімназіі плануецца запуск бізнес-кампаніі “Назад у гісторыю”, стварэнне поўнага кальчужнага касцюма сярэдневяковага беларускага воіна.
Па выніках работы секцыі “Тэхнічнае канструяванне” дыпломам І ступені адзначана работа навучэнца Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі Данілы Елісеева “Рабочая станцыя D3D Cube”, ІІ ступені — работа Ільі Зура з Ліцэя БНТУ “Выкарыстанне стрыжневых ультрагукавых хваляводаў для разбурэння ледзяшоў”, ІІІ ступені — работа навучэнца сярэдняй школы № 30 Гомеля Аляксандра Шведава “Інсектарый. Аўтаматызаваная ферма для вырошчвання мухі чорнай ільвінкі”.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.