Мінулай восенню ў фінале “Скуранога мяча” ўпершыню спаборнічалі каманды дзяўчынак. Новаўвядзенне невыпадковае: жаночы, а дакладней, дзявочы, футбол даўно атрымаў права гучна заявіць пра сябе. І гэтым правам спаўна скарысталася каманда “Надзея” са Шчучынскага раёна. У фінале яна перамагла саперніц (ды як гучна!) з лікам 4:0. Футбольнае міжсезонне — выдатны час сустрэцца з героямі турніру. Так, героямі, а не гераінямі, паколькі наша размова пра развіццё ва ўстановах адукацыі жаночага футбола будзе выключна мужчынскай. Да дыктафона запросім трэнераў “Надзеі” настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя гімназіі Шчучына Віктара Баляслававіча Лісоўскага і Орлеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя С.П.Шупені Уладзіміра Уладзіміравіча Хелскага.
Мяжа паміж паняццямі “мужчынскі від спорту” і “жаночы від спорту” даўно ўмоўная. Гэта калісьці футболам, хакеем і нават боксам займаліся выключна мужчыны. Сёння жанчына ў баксёрскіх пальчатках, футбольных буцах або з хакейнай клюшкай — гэта не экзотыка. Гэта можна назваць разбурэннем пэўных стэрэатыпаў і нават маленькай перамогай жанчын у змаганні за свае правы. Хаця адносіны да ўдзелу жанчын у траўманебяспечных відах спорту па-ранейшаму ў многіх балельшчыкаў неадназначныя. Куды больш жаночымі з’яўляюцца мастацкая гімнастыка, фігурнае катанне на каньках, сінхроннае плаванне. А бокс, футбол, хакей… Хіба ж гэта для жанчын?
Але што мы ўсё пра стэрэатыпы ды стэрэатыпы. Узгадаем дзяцінства. Кожны з нас у школьныя гады ведаў дзяўчынак, якія маглі пастаяць за сябе не горш за любога баксёра і надаваць хлопчыкам-крыўдзіцелям такіх кухталёў, што мала не пакажацца. А дзяўчынкі-футбалісткі — гэта наогул з’ява прывычная, шырока распаўсюджаная, асабліва ў сельскай мясцовасці. “У нашай школе колькасць вучняў невялікая, таму ў футбол, а таксама ў іншыя камандныя віды спорту гуляюць як хлопчыкі, так і дзяўчынкі. Хаця не гэта галоўнае, любоў дзяўчынак да футбола тлумачыцца не толькі гэтым фактарам. У дзіцячым і падлеткавым узросце дзяўчынкі больш за хлопчыкаў цікавяцца гульнявымі відамі спорту, у тым ліку футболам і нават хакеем. Гэта тлумачыцца асаблівасцямі іх фізічнага развіцця. Наконт хакея: у нас нават ёсць задумка ства-рыць дзявочую хакейную каманду. І падобнае жаданне, дарэчы, выказваюць многія мае калегі, з якімі мы сустракаемся на спаборніцтвах “Залатой шайбы”, — дзеліцца Уладзімір Уладзіміравіч Хелскі.
Крыху адступаючы ад футбольнай тэмы, адзначым, што каманда “Арляняты” Шчучынскага раёна пад кіраўніцтвам Уладзіміра Уладзіміравіча зусім нядаўна чарговы раз стала пераможцай “Залатой шайбы” ў дывізіёне “Б”. А што тычыцца “Скуранога мяча”, то тут орлеўскім настаўнікам таксама ёсць чым і кім ганарыцца. Напрыклад, вучаніца 7 класа Аня Карповіч была прызнана лепшым нападаючым турніру. Акрамя орлеўскай школы, у складзе раённай каманды ўдзельнічалі яшчэ навучэнкі з Ракавіцкай, Мажэйкаўскай школы — усяго шэсць сельскіх дзяўчат. Касцяк “Надзеі” складаюць шчучынскія дзяўчынкі, у тым ліку выхаванкі Віктара Баляслававіча Лісоўскага.
— Дзяўчынкі ў падлеткавым узросце больш сабраныя і ўважлівыя, чым хлопчыкі, ім не трэба па некалькі разоў паўтараць адно і тое ж, яны чуюць цябе. У плане дысцыпліны з дзяўчынкамі ўсё ў парадку. Калі нехта не прыйдзе на трэніроўку, то абавязкова патэлефануе, растлумачыць прычыну пропуску заняткаў. Дзяўчынкі імгненна ўспрымаюць інфармацыю, не баяцца нагрузак. Калі б перада мной стаяў выбар трэніраваць каманду хлопчыкаў або дзяўчынак, то зноў, не раздумваючы, выбраў бы дзяўчынак. Як любы іншы гульнявы від спорту, футбол прыцягвае дзяўчынак відовішчнасцю, эмацыянальнасцю, асаблівай атмасферай спаборніцтваў, — гаворыць Віктар Баляслававіч.
Па словах настаўніка, навучанне дзяўчынак тэхніцы валодання футбольным мячом нічым не адрозніваецца ад навучання хлопчыкаў. Методыка аднолькавая, адзінае, што дзяўчынкі дзесьці ўступаюць у хуткасці, моцы. Для шчучынскіх дзяўчынак, якія займаюцца футболам не першы год, пастаянна ладзяцца спарынгі з хлопчыкамі, якія гады на два за іх малодшыя, тады іх узровень прыкладна роўны. Але гэтая акалічнасць тычыцца толькі падлеткавага ўзросту, у старшых класах у хлопцаў, канечне, перавага і ў тэхніцы, і ў фізічнай вынослівасці.
Нягледзячы на тое, што футбол успрымаецца многімі як мужчынская справа, дзяўчынкам ён дае шмат карыснага. Гэта камандны від спорту, таму, безумоўна, развівае таварыскасць, адчуванне калектыву, далучанасці да каманднай справы. На трэніроўках дзяўчынкі развіваюцца не толькі фізічна, але і псіхалагічна. Любая гульня, а тым больш турнір, — гэта як перамогі, так і паражэнні. Здольнасць годна прымаць іх спатрэбіцца не толькі ў спартыўным, але і ў штодзённым жыцці, фарміруе асобу. Дзеці, якія займаюцца футболам (як хлопчыкі, так і дзяўчынкі), стрэсаўстойлівыя, што станоўча ўплывае на іх паспяховасць у вучобе. Заняткі футболам развіваюць лідарскія якасці, дазваляюць не баяцца цяжкасцей, прыслухоўвацца да парад, з разуменнем ставіцца да крытыкі, асабліва канструктыўнай, якая гучыць з вуснаў трэнера.
Важная рыса характару, якую фарміруюць заняткі футболам, — гэта мужнасць. Толькі мужны варатар здольны кідацца ў ногі нападаючаму, накрываць сваім целам мяч. Трапіў мяч у твар — пасядзела крыху і далей гуляць, ніякіх слёз. Такое часта бывае падчас трэніровак. Яшчэ адну вельмі важную рысу характару развівае футбол: здольнасць не баяцца стэрэатыпаў, самому будаваць уласнае жыццё, быць самім сабой, што асабліва важна ў падлеткавым узросце.
Футбол для дзяўчынак — гэта не толькі плюсы. Дастаткова і мінусаў. І першы, самы вялікі, звязаны з траўманебяспечнасцю гэтага віду спорту. Сінякі на нагах, на руках — неад’емная частка футбольных трэніровак. І яшчэ адно пытанне, якое часта задаюць бацькі юных футбалістак: “А што далей?” Дзяцінства заканчваецца, мінае і падлеткавы ўзрост. Ці спатрэбяцца навыкі, атрыманыя на трэніроўках па футболе ў школьныя гады, у дарослым жыцці? Ці не будзе дарэмным час, патрачаны на трэніроўках? Можа, заняцца іншай, куды больш карыснай справай?
— Бацькі па-рознаму ставяцца да захаплення сваіх дачок. Шмат тых, хто гаворыць, што футбол — для хлопчыкаў. Напрыклад, нядаўна прапанаваў некалькім гімназі-сткам, спрытным, больш фізічна развітым, чым іх аднакласніцы, займацца футболам. У адказ пачуў наступнае: “А мне мама сказала, калі ў вас будзе секцыя баскетбола, тады буду хадзіць, а футбол — гэта не жаночая справа”. Вось ён — стэрэатып! Калі прытрымлівацца тэхнікі бяспекі, то заняткі футболам будуць прыносіць толькі радасць, ён будзе не менш і не больш траўманебяспечны, чым любы іншы гульнявы від спорту, — упэўнены Віктар Баляслававіч.
Бацькі па-рознаму ставяцца да выбару сваіх дзяцей толькі на пачатковым этапе. Пасля года заняткаў ніхто не выказвае шкадаванняў. І гэта нядзіўна, паколькі фізічная развітасць, псіхалагічная сфарміраванасць, стрэсаўстойлівасць, фарміраванню якіх садзейнічае футбол, — гэта тое, што патрэбна кожнаму чалавеку, асабліва дзяўчынцы, будучай жанчыне, у імклівым рытме жыцця ХХІ стагоддзя. Нарэшце, са спортам можна звязаць сваё дарослае жыццё. Гэта і зрабілі некаторыя былыя выхаванцы У.У.Хелскага. Нехта стаў спартсменам-прафесіяналам, а нехта — трэнерам, настаўнікам фізічнай культуры і здароўя.
Папулярызацыі жаночага футбола ў нашай краіне, у тым ліку і сярод навучэнцаў, у апошнія гады ўдзяляецца вялікая ўвага. Беларуская федэрацыя футбола кожны год праводзіць маладзёжнае першынство краіны па футболе сярод дзяўчынак у рамках развіцця жаночага футбола ФІФА. Напрыклад, у Шчучынскім раёне цяпер праходзяць спаборніцтвы па дзявочым міні-футболе. 7 каманд раёна гуляюць па кругавой сістэме ў шосты дзень. Рэгулярна спаборніцтвы па футболе сярод дзяўчынак праводзяцца ў рамках школьнай спартакіяды на раённым, абласным і рэспубліканскім узроўні. А ў красавіку — маі пройдзе маштабны абласны турнір. Акрамя таго, дзявочая каманда па футболе са Шчучынскага раёна рэгулярна ўдзельнічае ў турніры Coca-Cola і рэгулярна становіцца там прызёрам.
З кожным годам жаночы футбол набірае папулярнасць ва ўсім свеце. Не застаецца ўбаку і наша краіна. З 1992 года праводзіцца чэмпіянат Беларусі ў вышэйшай лізе, разыгрываецца і кубак краіны. Больш за 20 мільёнаў футбалістак у розных куточках планеты займаюцца футболам. Што самае цікавае, большасць з іх — дзяўчынкі і дзяўчаты. Чаму? Пра гэта і паведаміла нам шчучынская “Надзея”.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і БелТА.