Трымаць раўнавагу

Нібыта грыбы пасля спорнага дажджу, у краіне расце колькасць вяровачных гарадкоў і паркаў. “Для тых, хто стаміўся ад штодзённай гарадской мітусні. Лепшы сямейны і карпаратыўны адпачынак. Забаўка з перашкодамі. Для вас, пачынаючыя турысты. Гарантыя бяспекі. Вопытныя інструктары”, — такія словы можна прачытаць у дзясятках спасылак, калі набраць на пошукавым сайце запыт “вяровачны гарадок”. Вяровачны гарадок — гэта што? Забаўка? Адпачынак? Удалы камерцыйны праект? Ці ўсё ж месца для трэніровак скалалазаў? Месца для фарміравання ў навучэнцаў адвагі, вынослівасці, фізічных якасцей? І першае, і другое, і трэцяе, і чацвёртае, і пятае.

Пракаціцца з ветрыкам

Калі гаварыць больш афіцыйна, то вяровачны гарадок — гэта комплекс перашкод з брусоў, лесвіц, падвесных мастоў, канатаў, сетак, бярвенняў, якія спецыяльным чынам замацаваны на апорах (часцей за ўсё на дрэвах) і ўстаноўлены на рознай вышыні. Калі ж гаварыць неафіцыйна, то вяровачны гарадок — гэта заўсёды добры настрой, свежае паветра, спевы птушак, магчымасць вярнуцца ў дзяцінства і яшчэ раз адчуць тыя эмоцыі, якія апаноўваюць цябе, калі залазіш на высокае дрэва. А хто ў дзяцінстве не любіць лазіць па дрэвах? На дрэве цікава, на дрэве захапляльна, на дрэве экстрэмальна.


У гады майго дзяцінства яшчэ не дзейнічалі вяровачныя гарадкі і паркі, аднак падобныя канструкцыі мы ўжо ўзводзілі дваровай кампаніяй: нацягвалі з сябрамі канаты паміж дрэвамі, а яшчэ замацоўвалі адзін канец каната на высокай галіне, а другі — на зямлі пад вуглом прыкладна 30 градусаў. Абразалі па даўжыні кавалак пластыкавай трубы, чаплялі яго на канат і, трымаючыся за гэты кавалак, спускаліся з ветрыкам на зямлю. Без страхоўкі, без шлема. Як там пішуць у субцітрах да некаторых ролікаў на YouTube: “Не паўтараць! Небяспечна!” Так, без страхоўкі і шлема паўтараць небяспечна. А калі ты ў шлеме, цябе трымае надзейная страхоўка, канаты паміж дрэвамі нацягнуты ў адпаведнасці з усімі нормамі і патрабаваннямі бяспекі. Адным словам, калі ты знаходзішся на абсталяваным прафесіяналамі вяровачным гарадку, чаму б не пракаціцца з ветрыкам?

І грошы, і здароўе

Пракаціцца з ветрыкам — гэта толькі ад зін з этапаў, якімі абсталёўваюцца вяровачныя гарадкі. Па словах супрацоўніка Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства (на тэрыторыі ўстановы знаходзіцца вяровачны парк “Ліяны”) спецыяліста па стварэнні вяровачных гарадкоў і скаладромаў Віталя Уладзіміравіча Модаля, асноўны кантынгент наведвальнікаў вяровачных гарадкоў — гэта навучэнцы, таму эфектыўна ўзводзіць падобныя збудаванні на тэрыторыі ўстаноў адукацыі, асабліва дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю. Як ужо адзначалася, вяровачны гарадок — гэта не толькі цудоўны адпачынак, але і магчымасць трэніравацца турыстам, адпрацоўваць уменні і навыкі па турыстычна-прыкладным мнагаборстве.

Вяровачны гарадок карысны і ў плане фізічнага выхавання навучэнцаў, і ў фінансавым плане. Вяровачны комплекс, размешчаны на тэрыторыі ўстановы адукацыі, пры правільна прадуманых маркетынгавых хадах можа акупіць укладзеныя ў яго абсталяванне сродкі за паўтара-два гады і прыносіць фінансавы прыбытак. Ні адзін сучасны вяровачны гарадок без правільнага маркетынгу не будзе працаваць эфектыўна. Павінна быць пастаянная рэклама, акцыі, работа сайтаў, груп у сацыяльных сетках, каб вяровачны гарадок пастаянна быў на слыху.

Кампетэнтны інструктар

Для ўстаноў дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю стварэнне вяровачных гарадкоў — важная справа, паколькі цэнтры маюць неабходны штат педагогаў, якія працуюць з дзецьмі ў галіне альпінізму, скалалажання, турыстычна-прыкладнога мнагаборства, могуць бяспечна арганізоўваць заняткі на вышыні, на прафесійным узроўні абслугоўваць вяровачныя гарадкі. Менавіта такія людзі павінны быць інструктарамі”, — паведаміў Віталь Уладзіміравіч.

Па словах загадчыка аддзела турызму і спартыўнага арыентавання РЦЭіК Васіля Мікалаевіча Канавальчыка, у нас пакуль у адзіным тарыфна-кваліфікацыйным даведніку няма такога паняцця, як інструктар вяровачнага гарадка. Толькі рэкамендуецца, каб гэта быў чалавек з вышэйшай фізкультурнай адукацыяй, з якім праведзены кансультацыі. Некаторыя фірмы, якія ствараюць вяровачныя гарадкі, выдаюць спецыяльны сертыфікат людзям, якія азнаёміліся з правіламі бяспечнай эксплуатацыі вяровачных гарадкоў.
“У ідэале было б добра, каб для такіх людзей праводзіліся не проста кансультацыі, а курсы павышэння кваліфікацыі з выдачай спецыяльнага пасведчання, як гэта робіцца, напрыклад, для інструктараў, якія працуюць на скаладромах. Хто мае права выдаваць такія пасведчанні? Гэтае пытанне можна абмеркаваць з Інстытутам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіраўніцкіх кадраў і спецыялістаў фізічнай культуры, спорту і турызму БДУФК, з якім мы цесна супрацоўнічаем. Вырашэнне гэтага пытання з кожным годам будзе станавіцца больш актуальным, паколькі кожны год у краіне адкрываюцца новыя вяровачныя гарадкі”, — паведаміў Васіль Мікалаевіч.

Уся справа ў дрэве

Для стварэння вяровачнага гарадка лепш звяртацца да прафесіяналаў, аднак усё можна зрабіць і сваімі намаганнямі. Галоўнае — прытрымлівацца норм бяспекі. Самая танная і надзейная аснова для вяровачнага гарадка — гэта дрэвы. Можна і на спецыяльных апорах, аднак дрэвы — больш танна і аператыўна, ды і сосны (самы аптымальны варыянт для апор вяровачнага гарадка) растуць на тэрыторыі многіх устаноў адукацыі, асабліва ў сельскай мясцовасці. Настаўнікам фізкультуры, працоўнага навучання цалкам пад сілу самастойна ствараць вяровачныя гарадкі — інфармацыі ў інтэрнэце дастаткова. Колькасць і складанасць этапаў вяровачнага гарадка залежаць выключна ад жадання педагогаў і колькасці дрэў, на якіх плануецца абсталяваць гарадок. Галоўнае — прытрымлівацца норм бяспекі і норм, якія дазволяць захаваць дрэва непашкоджаным.

“Мы як вытворцы вяровачных гарадкоў сур’ёзна задаліся гэтым пытаннем і разам з супрацоўнікамі Інстытута эксперыментальнай батанікі акадэміі навук стварылі работу “Уплыў вяровачных гарадкоў на дрэвы”. Навукоўцы далі нам неабходныя рэкамендацыі па мантажы і эксплуатацыі вяровачных гарадкоў. Мы дакладна разумеем, што трэба зрабіць, каб дрэва пасля таго, як з яго будуць зняты канаты, платформы, падвесныя масты, працягвала расці. Дрэва, якое выбіраецца ў якасці апоры, не павінна быць пашкоджаным, гнілым, на ім абавязкова павінна быць зялёнае галлё. Лепш браць хвойныя дрэвы — яны больш роўныя. Драўніну для стварэння лесвіц, падвесных мастоў лепш браць таксама хвойную, пакрыць яе антысептыкамі. Будзе даўгавечна, практычна, эстэтычна”, — паведаміў Віталь Уладзіміравіч.

Вяровачныя гарадкі могуць эксплуатавацца круглы год. Ёсць, праўда, некаторыя забароны, але тычацца яны не ўмоў надвор’я. Варта кіравацца спецыяльнымі правіламі, распрацаванымі вытворцамі вяровачных гарадкоў. Для бяспекі лепш выкарыстоўваць бесперапынную страхоўку і абавязкова сертыфікаваны рыштунак. Усе элементы бяспекі вяровачнага гарадка могуць выкарыстоўвацца не толькі для адпачынку, але і для трэніровак. Гэтыя элементы можна ўдасканальваць. Напрыклад, у Пастаўскім раёне Віталь Уладзіміравіч разам з калегамі стварылі не проста вяровачны гарадок, дзе можна ладзіць карпаратывы, дні нараджэння, весела і карысна праводзіць выхадныя дні, а гарадок для адначасовага правядзення турыстычных злётаў. Вяровачныя гарадкі могуць выкарыстоўвацца для падрыхтоўкі да турыстычных спаборніцтваў рознага ўзроўню, у тым ліку турыстычнага злёту навучэнцаў Саюзнай дзяржавы, на якім сёлета Віталь Уладзіміравіч быў галоўным суддзёй.

Аргументы “за”

У Беларусі ўжо шмат вяровачных гарадкоў і паркаў. І гэта добра. Калі распрацаваць спецыяльныя праграмы для заняткаў на вяровачным гарадку, то ў навучэнцаў можна трэніраваць усе групы мышцаў і выкарыстоўваць вяровачныя гарадкі як альтэрнатыву спартыўнай і трэнажорнай залам. Элементы вяровачнага гарадка дапамагаюць удасканальваць каардынацыю рухаў, пазбаўляюць чалавека боязі вышыні. Спачатку людзі хапаюцца за ўсё рукамі, робяць шмат рухаў, адбываецца вялікая нагрузка — і яны стамляюцца да канца маршруту. Аднак на другі або трэці раз чалавек пачынае задумвацца, як прайсці так, каб не стаміцца. А гэта ўжо развіццё тактычнага мыслення. Напэўна, прыведзеных аргументаў дастаткова, каб вы, паважаныя педагогі, уважліва прыгледзеліся да дрэў на тэрыторыі вашай установы адукацыі і прадумалі, як абсталяваць вяровачны гарадок, як карысна правесці шосты дзень.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і з архіва В.У.МОДАЛЯ.