Запальваюцца агеньчыкі зоркі, загараюцца свечкі, іграе юны батлеечнік-скрыпач, ціха гучаць калядныя канты — і пачынаецца доўгачаканы калядны паказ! У ім дабро абавязкова пераможа зло. І зараз гарыць святло далёкай Каляднай зоркі, яно нясе нараджэнне новага жыцця, адчуванне свята, надзеі, супакою, радасць, цяпло і дабро. Бярыце гэтае святло і дзяліцеся ім з іншымі, як робяць гэта батлеечнікі. Сёння і мы дзелімся ім з вамі.
Мастацтва родам з мінулага
Традыцыі батлейкі ў наш час падтрымліваюць многія лялечныя тэатры краіны, практычна ва ўсіх касцёлах на Каляды, а таксама ў некаторых праваслаўных цэрквах пры нядзельных школах (напрыклад, Свята-Мікалаеўская царква ў Брэсце) можна ўбачыць пастаноўкі ў жанры батлейкі. У апошнія дзесяцігоддзі ідзе працэс адраджэння батлеечнага мастацтва у дзіцячых садах, школах, установах вышэйшай адукацыі. У Мінску Калядны фестываль батлеечных тэатраў праводзіць Свята-Елізавецінскі манастыр. Сёлета форум крыху змяніў фармат і адбыўся адначасова з фестывалем “Радасць” на тэрыторыі сталічнага Палаца мастацтва. Батлейшчыкі могуць выступіць на абласным фестывалі фальклорнага мастацтва “Радавод”. Каб адраджаць традыцыі нашых продкаў, Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста праводзіць адкрыты гарадскі фестываль тэатраў “Батлейка” для навучэнцаў школ і дзіцячых садоў. Ідэйны натхняльнік і арганізатар — Ніна Мікалаеўна Абрамчык, загадчык аддзела выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва гэтай установы.
Доўгі час не было дакладна вядома, ці існаваў тэатр “Батлейка” ў нашым горадзе. Дзякуючы кнізе вядомага краязнаўца Анатоля Гладышчука “Нямцэвічы. Сапраўдныя гісторыі”, гэтая старонка гісторыі прыадкрылася: батлейка існавала і ў Брэсце. У кнізе апісана, як на Каляды з Брэста ў вёску Скокі прыходзілі бедныя вучні з зоркай і батлейкай і паказвалі спектакль пра нараджэнне Ісуса Хрыста. Звычайна гэта адбывалася так: адзін батлеечнік іграў на скрыпцы, другі адчыняў дзверцы, вадзіў на шасце лялек і гаварыў рознымі галасамі герояў.
Прачытанне з мясцовым акцэнтам
Гісторыя стварэння нашай батлейкі такая. У 2007 годзе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Н.М.Дзенісюк разам з навучэнцамі была створана першая батлеечная аднапавярховая скрыня для ўрока беларускай літаратуры. Паглыбленае вывучэнне батлейкі было пачата са стварэння праекта, з якім пазней мы ўдзельнічалі ў фальклорным фестывалі “Святло каляднай зоркі”, фестывалі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у завочным конкурсе майстроў народных рамёстваў з даследчай работай і пастаноўкай драмы “Цар Ірад” (дыплом І ступені, педагогі Н.М.Дзенісюк, В.С.Пяшко). У 2012—2014 гадах пастаноўкай батлеечных спектакляў займалася настаўніца беларускай мовы і літаратуры, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Рэй” Л.І.Квашэвіч.
Аб’яднанне па інтарэсах “Батлейка” я стварыла ў 2015 годзе, каб пашыраць батлеечнае мастацтва і беларускую народную культуру. Праграма аўтарская, зацверджана на метадычным савеце школы ў 2015 годзе, створана на аснове праграм А.Лазко і С.Маліноўскай, а таксама тыпавой праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (мастацкі профіль).
Метадыстам Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста Н.М.Абрамчык у 2017 годзе быў арганізаваны выязны семінар для педагогаў Брэста ў Мір Карэліцкага раёна, які мае даўнюю гісторыю і вопыт стварэння і правядзення батлеечных пастановак. Сваім батлеечным вопытам з намі падзяліўся Канстанцін Леанардавіч Петрыман, мастацкі кіраўнік тэатра “Батлейка” пры Мірскім дзяржаўным мастацкім прафесійна-тэхнічным каледжы, даў чарцяжы мірскай батлейкі, ксеракопію кнігі “Беларускі народны тэатр батлейка” і кнігі Г.Барышава і А.Саннікава 1963 года выдання пра ўзаемасувязі беларускай батлейкі з рускім “вертепом” і польскай шопкай. Для нас, удзельнікаў семінара, была пастаўлена п’еса “Салдат ды чорт” на беларускай мове.
Тады ж, натхніўшыся новымі ідэямі, мы вырашылі стварыць новую двух’ярусную батлейку замест старой аднапавярховай. Гэта стала асновай нашага праекта “Беларускі народны тэатр батлейка”. Найперш мы правялі пошукава-даследчую работу, каб вывучыць не толькі гісторыю беларускай батлейкі, але і асаблівасці батлеечнага мастацтва свайго рэгіёна.
За гэты час мы з дзецьмі падрыхтавалі і паставілі спектаклі “Цар Ірад” па драме У.Ціхамірава, “Грушавае дрэва” (сербская народная казка), “Віфлеемская гасцініца”, “Калядная ноч”, “Аповесць пра купца Артабана, Алёнушку і яе брата Іванушку”, “Калядныя гісторыі”, “Легенды Брэстчыны”, “Казкі Берасцейкі” і інш. Рэпертуар мог часам паўтарацца, бо дзеці растуць, склад трупы мяняецца. П’есы, як правіла, з часам ускладняюцца, становяцца больш філасофскімі. Ды і самі юныя батлеечнікі растуць як акцёры. Для навучэнцаў і бацькоў спектаклі паказваем у асноўным у рамках шостага школьнага дня ў актавай зале школы і ў школьным этнаграфічным музеі “Спадчына”.
Перад пастаноўкай і па ходзе спектакля батлейшчыкі выконваюць калядныя канты, паколькі ў гістарычным мінулым выкананне псалмоў было абавязковым. Музычнае суправаджэнне таксама лічу абавязковым, так яно аказвае вялікае эмацыянальнае ўздзеянне. Наша юная скрыпачка Настасся Лявай радуе гледачоў з шасці гадоў.
Для кожнага спектакля свае лялькі
Батлеечнікам можна быць у любым узросце, але не кожная роля будзе пад сілу. Напрыклад, голас цара Ірада не можа быць дзіцячым. Таму спектаклі падбіраем пад тэатральны калектыў, узроставы склад, тэатральныя ўменні дзяцей.
Для кожнага спектакля ствараюцца новыя лялькі, бо ў кожнай лялькі, як у чалавека, свая жыццёвая гісторыя, свая душа, свой юны стваральнік-дызайнер. У нашых батлейках жыве больш за сто гульнявых лялек. На выступленнях часта выкарыстоўваецца прыём уваходжання ў эпоху і вобраз гульнявой лялькі, калі акцёр і лялькі апрануты амаль аднолькава ў вопратку таго гістарычнага перыяду і народа, пра які апавядаецца (напрыклад, у драме “Цар Ірад”, спектаклі “Віфлеемская гасцініца”). У іх вырабе дапамагаюць зацікаўленыя бацькі ці бабулі (напрыклад, калекцыю лялек для беларускіх казак нам зрабіла Г.З.Масюк, майстар народных рамёстваў, бабуля другакласніцы Тані Масюк). Батлеечныя лялькі цікавыя і юным акцёрам, і гледачам, бо яны незвычайныя, простыя, у вопратцы свайго гістарычнага перыяду. Таксама гледачы, асабліва юныя, з нецярпеннем чакаюць развязкі сюжэта, а пасля спектакля просяць дакрануцца да лялек: паправіць галаву цара Ірада, пакратаць касу ў лялькі Смерці.
Я не раз праводзіла майстар класы па вырабе батлеечных лялек для настаўнікаў і педагогаў дадатковай адукацыі, семінары для намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце ўстаноў мікрараёна. На сайце школы на старонцы “Рэсурсны цэнтр па развіцці турызму і краязнаўства” ў раздзеле “Этнаграфія” вы можаце азнаёміцца са сцэнарыямі для батлейкі, сабранымі з розных крыніц. Ёсць артыкулы і кнігі па гісторыі народнага тэатра батлейкі розных аўтараў. У прэзентацыі да майстар-класа “Батлейка як сродак далучэння вучняў да народнай культуры” В.С.Пяшко вы пазнаёміцеся з гісторыяй батлейкі, яе відамі, вырабам лялек і чарцяжамі для вырабу батлейкі.
Для гэтага перайдзіце па спасылцы або скарыстайцеся кодам: https://33brest.schools.by/pages/etnograficheskoe-napravlenie, або https://clck.ru/SBysn.
Для фарміравання першапачатковых тэатральных навыкаў я працую па праграме аб’яднання па інтарэсах тэатральнага профілю. З якой пастаноўкі пачаць? Я раю пачынаць з драмы “Цар Ірад” — гэта класіка жанру. Так, яна складаная, затое адразу ўводзіць дзяцей у свет батлейкі. Далей будуйце выступленні па народных казках, літаратурных апавяданнях, уласных сцэнарыях, хрысціянскіх прытчах.
Наш калектыў знаходзіцца ў стане творчага пошуку, працягвае і захоўвае традыцыі батлеечнікаў, далучаючыся да народнай творчасці, шукае новыя формы ўзаемадзеяння гледача і акцёра. З мэтай папулярызацыі батлеечнага мастацтва і далучэння да народнай культуры дзейнасць батлеечнага тэатра адлюстравана на старонках сайта школы і ў групах “Берасцейцы” і “Батлейка” сацыяльнай сеткі “УКантакце”.
Выступленні юных батлеечнікаў заўсёды карыстаюцца поспехам у гледачоў. Мы штогод удзельнічаем у гарадскім фестывалі батлеечных і лялечных тэатраў, у праектах абласнога краязнаўчага музея “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці”, дзіцячай гарадской бібліятэкі імя А.С.Пушкіна. Спектаклі паказваем падчас правядзення тыдня гісторыі, айчыннай і сусветнай мастацкай культуры, беларускай мовы і літаратуры, для навучэнцаў чацвёртых класаў пры вывучэнні тэмы “Ад батлейкі — да тэатра” па прадмеце “Мая Радзіма — Беларусь”, пры правядзенні музейных заняткаў, для педагогаў і навучэнцаў іншых школ.
Каб узбагачацца вопытам,удзельнічаем у рознага роду метадычных семінарах, форумах: у III Калядным фестывалі батлеечных тэатраў у Мінску, выязным семінары педагогаў дадатковай адукацыі Брэста ў Мір, фестывалі “Святло каляднай зоркі” ў абласным краязнаўчым музеі, з’яўляемся ўдзельнікамі суполак “Батлейка” ў сацыяльных сетках, дзе можна падзяліцца інфармацыяй і натхніцца новымі ідэямі ад калег.
У адукацыйным працэсе з батлеечным мастацтвам знаёмлю на ўроках па вучэбным прадмеце “Айчынная і сусветная мастацкая культура” ў 6 класе пры вывучэнні тэм “Свята ў жыцці людзей”, “Тэатр бачны і нябачны: сродкі мастацкай выразнасці”. У 8 класе спыняюся на ім падрабязней на ўроку пры вывучэнні тэмы “Музыка і тэатр на землях Беларусі ў перыяд Рэчы Паспалітай”. Але асноўная работа ідзе ў шосты дзень.
Цяпер працую з дзецьмі над праектам “Цені ажываюць”. Ідэяй стварэння ценявога тэатра натхнілася, наведаўшы Калядны фестываль батлеечных тэатраў у Мінску ў Свята-Елізавецінскім манастыры. Ужо стварылі саму скрыню, зрабілі сілуэты персанажаў, рэпеціруем драму “Цар Ірад” на беларускай мове, працую з дзецьмі над стварэннем свайго сцэнарыя “Цені ажываюць на Каляды”.
Калектыў знаходзіцца ў стане творчага пошуку, працягвае і захоўвае традыцыі батлейшчыкаў, далучае да народнай творчасці дзяцей і дарослых. На нашых выступленнях заўсёды ёсць калядная зорка, якую нам падарылі прыхаджане царквы іконы Божай Маці “Усіх тужлівых Радасць”, размешчанай у мікрараёне Дуброўка. У межах супрацоўніцтва нашай школы з Беларускай Праваслаўнай Царквой праводзім некаторыя сумесныя мерапрыемствы з нядзельнай школай пры храме ў гонар іконы Божай Маці “Усіх тужлівых Радасць”.
Няхай святло Каляднай зоркі гарыць і дорыць ласку, а нашы батлеечныя пастаноўкі нясуць у свет людзей ідэі дабра, чалавечай цеплыні, спагадлівасці, узаемадапамогі, гуманнасці.
Вольга ПЯШКО,
настаўніца гісторыі, айчыннай і сусветнай мастацкай культуры,
педагог дадатковай адукацыі сярэдняй школы № 33 Брэста.