Творчая прагулка па пінскім Арбаце

Хутка гэтая школа кардынальна зменіць свой выгляд. Вокны ў класах ператворацца ў ілюмінатары, а ў калідорах замест падлогі з’явіцца сапраўдная траса, якая будзе праходзіць праз усю Краіну Ведаў. І прыпынкі тут будуць незвычайныя: “Плошча развіцця творчых здольнасцей”, “Праспект аздараўлення і фізічнага выхавання”, “Экскурсійна-краязнаўчая вуліца”. Менавіта такія назвы вуліц і плошчаў з’явіліся на карце незвычайнага “мегаполіса”, які літаральна поўніцца жыхарамі-вучнямі па суботах у Ахоўскай сярэдняй школе Пінскага раёна.
Шосты дзень павінен быць творчым

На абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня ў намінацыі “Лепшая творчая ідэя” менавіта праект “Усе дарогі вядуць у школу” быў прызнаны лепшым і заняў першае месца. Праект быў распрацаваны выключна для карысці вучняў, для таго, каб шосты школьны дзень праходзіў насычана і цікава. Аўтарамі незвычайнай ідэі выступілі намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Марыя Іванаўна Андрайчук і педагог-арганізатар Таццяна Іванаўна Маўшук.
“Мы доўга думалі, як зрабіць арганізацыю шостага школьнага дня цікавай, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Марыя Андрайчук. — Хацелася, каб наш праект зацікавіў вучняў. Таму было вырашана праект “Усе дарогі вядуць у школу” падзяліць на праспекты, вуліцы і плошчы. Мы штодня ходзім па дарогах і вядзём па Краіне Ведаў вучняў. Гэта было лагічна”.
Для таго каб шосты школьны дзень праходзіў цікава, арганізатары праекта склалі незвычайны расклад, дзе замест урокаў пазначаны сустрэчы з цікавымі людзьмі, дабрачыннасць, навуковая і пошукавая работа, спартыўна-масавыя мерапрыемствы і інш.
“За кожны кірунак дзейнасці адказвае пэўны настаўнік і яго памочнікі-лідары, якія выбіраюцца з ліку вучняў”, — працягвае Марыя Іванаўна.
Дапамагаюць настаўнікам арганізоўваць план шостага дня лідары вучнёўскага самакіравання “Рытм”. Раз у тыдзень вучні збіраюцца разам з педагогамі, дзеляцца ідэямі, абмяркоўваюць далейшы план работы, а пасля займаюцца непасрэдна падрыхтоўкай мерапрыемстваў. Што тычыцца праекта “Усе дарогі вядуць у школу”, то ён складаецца з некалькіх напрамкаў. Адзін з іх — “Плошча развіцця творчых здольнасцей”, на якой знаходзіцца “Наш Арбат” — аддзяленне, дзе працуюць аб’яднанні па інтарэсах “Хачу на сцэну” і “Чараўніца”. Відавочна, што дзякуючы гэтым гурткам дзеці рэалізуюць свае творчыя здольнасці. Арганізацыяй і правядзеннем усемагчымых выстаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, конкурсаў песні і танца займаюцца таксама на “Плошчы”.

Быць добрым — проста!

Яшчэ на адной дарожнай структуры — “Праспекце працоўных спраў і прафарыентацыі” — праходзяць мерапрыемствы экалагічнага кірунку, а таксама дабрачынныя акцыі. Тут жа “пабудаваны” ўнутрышкольны Цэнтр занятасці, які заўсёды “падкіне” работу зацікаўленым.
“Штогод зімой нашы актывісты дапамагаюць ветэранам прыбіраць двары ад снегу, — дзеліцца Марыя Іванаўна. — Прыносяць дровы ў дом, каб было чым распаліць печ і не трэба было лішні раз выходзіць на вуліцу. Пажылым людзям прыемна, што пра іх не забываюць. Яны ганарацца, што ў нашай вёсцы растуць такія дзеці”.
Вартай увагі з’яўляецца і штогадовая акцыя-кірмаш “Цяпло ў дзіцячых далонях”. Спецыяльна для ўдзелу ў дабрачынным мерапрыемстве вучні разам са сваімі бацькамі пякуць булачкі, пірагі, робяць розныя вырабы. Дзякуючы гэтаму, вучням удаецца сабраць сродкі, якія яны перадаюць дзецям-інвалідам, што пражываюць на тэрыторыі, падначаленай школе. Дапамагаюць у арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў такога кшталту валанцёры з атрадаў “Клопат і міласэрнасць” і “Ювента”.
На “Экскурсійна-краязнаўчай вуліцы” “пабудавана” школа “Тур”, кіраўніцтва якой распрацоўвае паходы, экскурсіі па знакавых для Ахова мясцінах.

Творчасць на дарогах школы

Спартыўна-масавая і фізкультурна-аздараўленчая работа, падрыхтоўка да спартыўна-масавых свят, спаборніцтваў і акцый “Мы за здаровы лад жыцця”, “Здаровы я — здаровая краіна” — дзеля правядзення гэтых мерапрыемстваў на “Праспекце аздараўлення і фізічнага ўдасканалення” быў адкрыты спартыўны комплекс “Волат”. Па суботах у “Волаце” збіраюцца ў асноўным тыя, хто любіць пагуляць у валейбол, футбол.
“Усяго ў праграме праекта прадстаўлена сем кірункаў дзейнасці. Універсальная мадэль арганізацыі шостага дня — дзіцячага і юнацкага Цэнтра гульні, фантазіі і творчасці “Усе дарогі вядуць у школу” — распрацавана па выніках анкетавання вучняў, а таксама падрабязнага вывучэння іх інтарэсаў. У выніку атрымаўся праект на аснове некалькіх кампанентаў: дзейнасці сацыяльна-педагагічнай службы, арганізацыі спартыўна-масавай работы, дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах, грамадскіх арганізацый, вучнёўскага самакіравання”, — тлумачыць М.І.Андрайчук.
Калі так будзе і далей, Ахоўская школа па праву пачне звацца самай творчай школай раёна. Вялікае значэнне ў гэтым мае неабыякавасць настаўнікаў і вучняў. Як вядома, усё атрымліваецца толькі ў тых, хто шчыра любіць справу, якой займаецца. І каманда творцаў з Ахова — прамое гэтаму пацвярджэнне.

Наталля ДУБІК.