У Беларусі з’явіцца дзіцячы турнір па плаванні на прызы Аляксандры Герасімені

Завяршаецца рэспубліканская акцыя “Тыдзень спорту і здароўя”. Па ўсіх рэгіёнах краіны праходзіць шэраг спартыўных мерапрыемстваў. Прыемна, што актыўны ўдзел у іх прымаюць нашы спартсмены-алімпійцы. Напрыканцы акцыі Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання  і спорту навучэнцаў і студэнтаў парадаваў нас яшчэ адной навіной: з наступнага года ў Беларусі будзе праводзіцца рэспубліканскі дзіцячы турнір па плаванні на прызы Аляксандры Герасімені.

Хто такая Аляксандра Герасіменя, цяпер у нашай краіне нікому расказваць не трэба. Гэтая мілая дзяўчына з абаяльнай усмешкай прынесла Беларусі на Алімпійскіх гульнях у Лондане два сярэбраныя медалі. У тым, што плаванне пасля гэтага набудзе ў нас асаблівую папулярнасць, сумнявацца не прыходзілася. Аднак такога ажыятажу не чакаў ніхто. У адным з рэспубліканскіх СМІ з’явіўся фотаздымак: людзі стаяць у чарзе ноччу, каб купіць дзецям абанемент у басейн.

“Трэнер Аляксандры Герасімені Алена Клімава ў адным са сваіх выступленняў адзначыла, што для таго, каб прэтэндаваць на вядучыя месцы ў су­светным плаванні, неабходны не прос­та набор дзяцей у секцыі і школы, а іх адбор, і я цалкам з ёй згодна, — расказала “Настаўніцкай газеце” дырэктар РЦФВіС Валянціна Віктараўна Баляба. — Аднак для таго, каб адбор ажыццяўляць, мы павінны даць кожнаму, хто жадае, магчымасць праявіць сябе ў гэтым відзе спорту. Ідэя дзіцячага турніру нарадзілася ў творчым супрацоўніцтве з сярэбраным прызёрам алімпіяды. Сёння мы разглядаем усе магчымыя варыянты яго арганізацыі”.

Дарэчы, навучанне плаванню ўключана ў школьную праграму па фізічнай культуры для навучэнцаў 1—4 класаў. І ў некаторых рэгіёнах нашай краіны так і адбываецца. Аднак, на жаль, далёка не ва ўсіх. І справа ў асноўным у недахопе басейнаў. Хочацца думаць, што са з’яўленнем новых зорак у гэтым відзе спорту будзе пашырацца і база.

“Я вельмі рада гэтаму пачынанню, — адзначае Аляксандра Герасіменя. — Памятаю сябе ў дзіцячым узросце, мне вельмі хацелася спаборнічаць. Гэта вельмі важна як для аматараў, так і для тых, хто арыентаваны на спорт у прафесійным плане, — адчуць узровень, паглядзець на дасягненні старэйшых таварышаў. Даводзілася наведваць падобныя спаборніцтвы за мяжой, там яны адкрытыя. Мне вельмі падабаецца, што дзеці могуць бачыць перспектыву ўласнага развіцця”.

Завяршэнне тыдня спорту і здароўя прынесла і іншыя сюрпрызы. Як вядома, адным з яго ключавых момантаў стала ўшанаванне прызёраў і пераможцаў рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў. Толькі ў сталіцы дыпломы і падарункі атрымаюць 36 юных спартсменаў і 10 педагогаў і трэнераў. У Гродзенскай вобласці мясцовыя ўлады прынялі рашэнне выплаціць лепшым педагогам і трэнерам, якія рыхтавалі ўдзель­нікаў спартакіяды, грашовыя прэміі ў памеры да 4 мільёнаў рублёў. Думаецца, наступная спартакіяда будзе для Гродзенскай вобласці паспяховай.

Наталля АЛЁХІНА.
aliohina@ng-press.by
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.