У свеце калючай прыгажосці

Кактусы — адно з самых дзіўных стварэнняў прыроды. Першыя еўрапейцы, ступіўшы на бераг Новага Свету, былі настолькі ўражаны гэтымі раслінамі, што павезлі іх дадому як самы дарагі трафей. Не перастаюць здзіўляць кактусы і сёння. Акунуцца ў калючы, але такі прывабны свет кактусаў запрашае дзяцей і падлеткаў Брэсцкі абласны цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі.

Кактусы сталі маім захапленнем на ўсё жыццё, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўча-метадычнай рабоце і кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “У свеце кактусаў” цэнтра Іна Васільеўна Зарэцкая. — І пачалося яно з дзяцінства, калі мая сяброўка (і цяпер перад вачыма стаіць) адхіліла шторку і паказала на сваім падаконніку штук трыц­цаць кактусаў. Я палюбіла іх з першага позірку, тады і пачала калекцыяніраваць кактусы, не ўступаючы ў імпэце тым, хто калекцыяніруе маркі ці манеты.


Другі раз кактусы на акне Іна Васільеўна ўбачыла з вуліцы, калі 16 гадоў назад уладкоўвалася на працу ў экалагічны цэнтр і абдумвала, па якім кірунку працаваць.

— Я прыліпла да акна, доўга не магла адысці, разглядваючы невялічкую калекцыю кактусаў і сукулентаў. І менавіта імі, з дзяцінства мне вядомымі, мне і даручылі займацца. Напісала праграму, і пачалася праца.

Сярод юных брэстаўчан таксама аказался шмат аматараў, для якіх педагог першыя гады адкрывала ажно па 4—5 груп. Ёсць такія дзеці, якіх не цікавяць пакаёвыя кветкі ўвогуле, а выключна кактусы. І такія дзеці выяўляюцца на кожнай экскурсіі ў цэнтр, на кожнай прэзентацыі дзейнасці аб’яднання ў школах горада. Прычым спачатку большасць з іх былі хлопчыкі, толькі апошнія гады колькасць дзяўчынак і хлопчыкаў стала роўнай.

— У цэнтры мы сабралі калекцыю з больш як 60 відаў кактусаў. З дзецьмі мы знаёмімся з імі, з іх формамі, унікаем у сістэматыку і агратэхніку вырошчвання, робім прышчэпкі і праводзім доследы. Назвы кактусаў вельмі складана вывучыць, таму мы іх вучым у гульнявой форме. Абавязкова вучымся весці барацьбу з захворваннямі і шкоднікамі (у нас двойчы  былі выпадкі, калі мы прыносілі расліну і не ставілі яе на каранцін, а яна заразіла ўсю калекцыю). У нас ёсць каляндар цвіцення кактусаў, па якім можна падабраць такія кактусы, якія будуць цвісці цэлы год, плаўна змяняючы адзін аднаго. Але на справе мы ім не карыстаемся, бо любім, каб у нас было больш кактусаў у калекцыях (сярод выхаванцаў — цэлае спаборніцтва), таму гэтыя расліны без календара цві­туць круглы год. Дзеці мяняюцца, размнажаюць кактусы і дзяляцца адно з адным, рассаджваюць рэдкія сарты, набываюць новыя. Вечарамі вышукваюць у інтэрнэце новую інфармацыю аб кактусах і сукулентах, дзеляцца фотаздымкамі сваіх кактусаў, якія цві­туць, наладж­ваюць у сетцы абмен сартамі.

Сярод нашых сяброў ёсць два прафесійныя кактусаводы Брэста. Яны вырошчваюць кактусы з насення і многаму нас навучылі, бо мы, каб эканоміць час, амаль заўсёды больш аддаём перавагу чаранкаванню. Часта яны дзеляцца з намі сваімі лепшымі сартамі. Некалі былі клубы кактусаводаў па ўсім Савецкім Саюзе, якія ездзілі на семінары, сімпозіумы, абменьваліся насеннем і чаранкамі з аматарамі з Расіі, Латвіі, Эстоніі.

Сёння такія семінары ўжо не праходзяць, але дэфіцыту інфармацыі кактусаводы не адчуваюць.

 — У свеце вядома больш за дзве тысячы відаў кактусаў усіх форм і памераў, — дзеліцца сваімі ведамі Уладзіслаў Сугак. —  Некаторыя віды кактусаў выглядаюць як кандэлябры або калоны, некаторыя — пляскатыя, Opuntia ўвогуле падобны на вуха. Існуюць нават кактусы, падобныя на скручаную змяю або бочачку, марскую зорку і нават зморшчаны чалавечы твар. Кактус віду Caldera, які расце на паўднёвым захадзе ЗША, можа вырас­таць да 20 метраў у вышыню, а кактус віду Rebutia, што сустракаецца ў Аргенціне і Балівіі, ледзь дасягае некалькіх сантыметраў. Цікава, што нават самы маленькі кактус мае развітую каранёвую сістэму, якая можа распаўсюджвацца як у глыбіню, так і неглыбока пад паверхняй. Кветкі кактусаў таксама адмысловыя. Яны могуць быць белымі, чырвонымі, ружовымі, фіялетавымі або жоўтымі. Кветкі на кактусе могуць цвісці некалькі дзён, а могуць распускацца і вянуць на працягу аднаго дня. Адны кветкі распускаюцца на світанні, іншыя — увечары.

Лічыцца, што кактус — самая некапрызная расліна, якая даруе гаспадару, калі той забудзе паліць, пры­крыць фортку, засланіць ад сонца. Але Іна Васільеўна Зарэцкая парыруе:

— Любой расліне патрэбны догляд і клопат. Ад гэтага залежыць яе выгляд. Калі надоўга забыць пра яе, можна страціць расліну. Некаторыя кветкі пры абыякавым стаўленні адмаўляюцца цвісці. Так, вельмі капрызныя рэбуцыі. Іх цвіценне патрабуе асаблівага клопату. Крыху прасцей з пародыямі, астрафітумамі, даліхатэле, гімнакаліцыумамі і некаторымі іншымі. Большасці кактусаў неабходна арганізоўваць сухую і халаднаватую зімоўку. У гэтым выпадку, калі яны не стаяць побач з батарэямі, зімой расліны можна не паліваць.

Выхаванка гуртка 9-класніца Вераніка Саўчук ужо засвоіла догляд кактусаў, таму перад сабой ставіць іншыя задачы.

—  Мы са школай хадзілі на экскурсію ў цэнтр, дзе я ўпершыню ўбачыла кактусы і сукуленты ў такім маштабе. Я вельмі захацела мець падобную калекцыю, — расказвае Вераніка. — Спачатку хадзіла ў цэнтр толькі для гэтага. Вучылася даглядаць кактусы, размнажаць. Нехта любіць іх за іх сціплыя кветкі, я ж аматарка іх арыгінальных форм. Не менш арыгінальныя формы бываюць і ў сукулентаў. На іх цяпер увогуле мода: сукуленты часта выкарыстоўваюць у афармленні інтэр’ераў, фітакампазіцый, у якасці падарункаў. У мяне ўжо таксама ёсць свая калекцыя кактусаў і сукулентаў. З іх я раблю ўпрыгажэнні, біжутэрыю. Цяпер шукаю маленькія фітасасуды, каб летам рабіць пярсцёнкі для сябе і на падарункі.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі.