У сямейнай атмасферы

Любоў да беларускай культуры можа нарадзіцца ў адным добрым сэрцы, а потым распаўсюдзіцца на тысячы іншых, калі знайсці правільны падыход. У заслужаным аматарскім калектыве Рэспублікі Беларусь ансамблі народнага танца “Чабарок” даўно зразумелі, як гэта зрабіць.

Настасся Дзягель.

Ансамбль “Чабарок” (Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі) быў створаны ў 1986 го­дзе Наталляй Леанідаўнай Дзягель, якая кіруе ім і зараз. На сённяшні дзень калектыў — гэта 5 узроставых груп канцэртнага складу, 350 удзельнікаў ад 4 да 20 гадоў, 5 педагогаў і група акампаніятараў у складзе 4 чалавек. “Пераважны рэпертуар нашага калектыву — беларускі народны танец, — расказвае харэограф Настасся Дзягель. — Мы маем паўнавартасную беларускую праграму. І дзяцей мы выхоўваем менавіта на культуры нашай краіны”.

“Чабарок” вельмі любіць выязджаць за мяжу, каб знаёміць людзей з Беларуссю. Яны паказваюць скарб краіны не толькі танцамі, але і асобамі, становяцца своеасаблівымі культурнымі пасламі. Калектыў аб’ездзіў ужо амаль усю Еўропу, а ў планах на жнівень было пакарэнне яшчэ і Злучаных Штатаў Амерыкі, праўда, пакуль гэта прыйдзецца адкласці. “Ведаеце, я да гэтага стаўлюся па-філасофску: на жаль, мы нічога зрабіць не можам. Калі такое адбылося, і адбылося ва ўсім свеце, тут не трэба панікаваць. Калі ты хочаш захаваць свае напрацоўкі, майстэрства калектыву, трэба знаходзіць выйсце. Анлайн-навучанне — гэта выдатная магчымасць падтрымліваць дзяцей у фізічнай форме, што для танцораў вельмі важна”, — лічыць Настасся Анатольеўна.

Яшчэ да пераходу на дыстанцыйнае навучанне трэніроўкі ў групах праходзілі так: спачатку была размінка, прычым яе стараліся рабіць у прасторы, напрыклад, у выглядзе нейкай фігуры. Танцор павінен правільна выканаць рух і трымаць раўнавагу, у будучыні гэта дапаможа яму акуратна рабіць пераходы падчас танца. Затым ідзе работа са станком, яна можа быць класічнай, эстраднай, народна-характарнай. “Мы стараемся мяняць напрамкі, каб дзіця развівалася ў розных жанрах, — тлумачыць харэограф. — Абавязкова трэба ўдзяліць увагу партэрнай гімнастыцы, расцяжцы, гібкасці. Далей мы працуем над перамя­шчэннем. Гэта вялікая частка трэніровак, бо тады выхаванцы развіваюць трываласць. Адчуванні адрозніваюцца, калі ты робіш рух на месцы ці калі табе з ім трэба прайсці па ўсёй зале. Часта даём работу на імправізацыю. Спачатку дзеці не вельмі добра да гэтага ставіліся, таму што тут трэба праяўляць сваё акцёрскае майстэрства, але потым разняволіліся, і гэта цудоўна пачало ўплываць на іх адчуванне ў момант танца”. Вядома, ні адны заняткі не праходзяць без адпрацоўкі харэаграфічнага твора. Нават калі ўсё ўжо вывучана і адточана дзясятак разоў, трэба паўтараць, бо дасканаласць не мае меж.

Педагогі ансамбля не маглі сабе дазволіць, каб дзеці на зацяжных канікулах зусім не займаліся танцамі. Яны разумелі, што гэтыя тыдзень, два, тры паўплываюць на дасягненні ансамбля, і калі не абнуляць, дык вельмі знізяць вынікі, таму анлайн-трэніроўкі сталі сапраўдным выратаваннем. Канечне, прасцей такім чынам займацца індывідуальна, бо ўвага сканцэнтравана толькі на адным чалавеку, але для педагогаў, якія і раней збіралі групы, гэта амаль тое ж самае, проста дзеці сталі меншымі на экране ноўтбука. Яшчэ адна складанасць менавіта для ансамбля танцаў — самі танцы не адпрацуеш. Аднак можна падтрымаць фізічную форму дзяцей. Пакуль ёсць сістэма, цела будзе ў норме.

“Прыгадваю нашы першыя анлайн-заняткі, гэта было настолькі эмацыянальна! Мы ж ужо як сям’я, і не бачыцца з некаторымі 2—3 тыдні было вельмі цяжка. Мы з такой радасцю сустрэліся ў анлайне, што ўсе праблемы адышлі на задні план”, — дзеліцца эмоцыямі Настасся Дзягель.

Зараз заняткі праходзяць, як і раней: у той жа дзень, у той жа час. Харэограф лічыць, што гэта падтрымлівае дысцыпліну. На адну трэніроўку прыходзяць 15—20 чалавек. Настасся Анатольеўна для сувязі выкарыстоўвае праграму Zoom, дзе можна ствараць відэаканферэнцыі, так яна бачыць адначасова ўсіх. “Дзеці могуць карыстацца ўсім, чым захочуць: камп’ютарам, тэлефонам, планшэтам. Мне больш зручна працаваць з ноўтбукам, таму што на тэлефоне мала месца для ўсіх. Я не назірала нейкіх моцных перабояў у сувязі, адзінае, з чым сутыкнулася, — гэта абмежаванне званка ў 40 мінут. Мы не ўкладваемся. Прыходзіцца зноў — тэлефанаваць, гэта крыху спыняе працэс. Было б выдатна, калі б на час эпідэміі распрацоўшчыкі дазволілі больш часу праводзіць у праграме бясплатна”.

Плюсоў ад анлайн-навучання значна больш, чым мінусаў, лічыць Настасся Дзягель. Калі недахопы — гэта толькі немагчы­масць адпрацоўваць элементы танцаў і сувязь (хаця другое педагог успрымае як данасць, без гэтага ніяк), то перавагі пералічваць можна доўга. “Па-першае, я гляджу на дзяцей: калі яны прыходзяць па ўласным жаданні на анлайн-заняткі, значыць, ім не хапае танцаў. Гэта вялікая перамога. Па-другое, можна ўдзяліць больш увагі методыцы. На занятках у зале мы стараемся ўсё па­спець, у нас вялікі аб’ём работы, а тут можна павольна адпрацаваць пазіцыі ног, рук, становішча корпуса і г.д. Па-трэцяе, дзеці знаходзяцца дома. Бывае, з-за нейкіх акалічнасцей выхаванцы не могуць ці не паспява­юць прыехаць на трэніроўку, а так заўсёды ёсць магчы­масць падключыцца. Па-чацвёртае, на звычайных занятках бацькі не прысутнічаюць, а цяпер яны мо­гуць паназі­раць за сваім дзіцем, пачуць заўвагі педагога і рабіць на гэта ўпор дома. Думаю, такі спосаб сувязі вельмі падабаецца дзецям, таму што яны з тэхнікай на ты і ім цікава сумясціць гаджэты і танцы. Я бачу аддачу, бачу ціка­васць, чым пацвярджаю свае здагадкі”.

Быць на сувязі, быць анлайн для ансамбля “Чабарок” зусім не праблема. Яны з цікавасцю ўжо доўгі час развіваюць свае групы ў сацыяльных сетках. У Instagram (шукайце: ансамбль танца “Чабарок”) выкладаюць фотаздымкі з выступленняў, паказваюць, як дзеці займаюцца дома, ладзяць розныя чэленджы; на YouTube-канале (ЗАК “Чабарок”) размяшчаюць запісы канцэртаў, прэм’еры праходзяць у 19:00. У гэтую суботу гледачоў чакае новае відэа, так што, калі вы нічога не планавалі на вечар, “Чабарок” запрашае.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва Н.А.Дзягель.