Усходнія адзінаборствы на захадзе Беларусі

Муай-тай у перакладзе азначае “cвабодны бой”, ці тайскі бокс па-сучаснаму. Гэтае баявое мастацтва мае доўгую гісторыю (больш за 2 тысячы гадоў), але сусветную папулярнасць яно набыло толькі ў другой палове ХХ стагоддзя. Многія беларускія навучэнцы, педагогі і спартсмены не прайшлі міма новага напрамку адзінаборстваў, і іх шчырая цікавасць праз пэўны час пачала прыносіць узнагароды.

Для ўсебаковага развіцця

Перанясёмся ў Шчучын, горад у Гро­дзенскай вобласці з насельніцтвам крыху больш за 16 тысяч чалавек. Тры гады назад там з’явіліся пераможца і бронзавы прызёр чэмпіянату свету сярод юніёраў. Ілья Сырыцкі разам з Андрэем Варонікам у 2017 годзе паляцелі ў Бангкок (Тайланд) на спаборніц­твы па муай-тай. Хутчэй за ўсё яны і самі не чакалі, што змогуць узяць такія ўзнагароды, але правільная падрыхтоўка, засяроджа­насць і ўпартасць прывялі да перамогі. За апошнія два пункты адказвалі байцы, а вось за першы — іх трэнер Уладзімір Шурупаў.

Уладзімір Барысавіч у дзяцінстве займаўся адзінаборствамі. Спачатку гэта было тэквандо, потым больш кантактныя віды спорту: рукапашны бой, ушу (саньда). “Я вырас на фільмах пра ўсходнія адзінаборствы, хацелася паспрабаваць і самому”, — прыгадвае Уладзімір Шурупаў. Як зараз ён дае прыклад і матывацыю сваім вучням, так і яго ў свой час натхняў трэнер Аляксандр Натараў.

Пасля паступлення ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы Уладзімір Барысавіч пачаў займацца тайскім боксам і кікбоксінгам. Яму падабалася, што ў гэтых відах спорту можна адчуць сябе больш свабодным у дзеяннях. “Я перавёўся на завочнае, вярнуўся ў Шчучын і працаваў тут. Калі мой трэнер Аляксандр Юр’евіч змяніў працу, я заняў яго месца ў Цэнтры творчасці дзяцей і мола­дзі, — расказвае Уладзімір Шурупаў. — Спачатку мы выступалі на спаборніцтвах па тэквандо, але мяне больш вабілі кантактныя віды спорту, і мы пачалі больш увагі ўдзяляць рукапашнаму бою і ўшу. Хлопцы нават выйгравалі чэмпіянат рэспублікі ў камандным заліку па ўшу (саньда) і бралі месцы па рукапашным баі. Але праблема была ў тым, што мы не мелі асаблівых магчымасцей выязджаць на міжнародныя спаборніцтвы, таму што ў гэтых відах спорту яны пачынаюцца з 16—17 гадоў, а нам хацелася выступаць раней. Тады мы перакваліфікаваліся на тайскі бокс і кікбоксінг, бо яны адны з найбольш развітых у Беларусі ­адзінаборстваў. Нам спадабалася, што там вялікая канкурэнцыя, там больш магчымасцей, там чэмпіянаты свету праводзяцца з 12 гадоў, таму мы пачалі старанна займацца”.

Клуб спартыўных адзінаборстваў пад кіраўніцтвам Уладзіміра Шурупава ў Шчучынскім ЦТДіМ працуе з 2012 года. Туды ходзяць дзеці школьнага ўзросту, але выхаванцы трэнера, якія ўжо выпусціліся і займаюцца ў іншых клубах, на выхадных прыходзяць у родныя сцены. Дарэчы, сярод іх 6 чалавек уваходзяць у склад нацыянальнай зборнай на кікбоксінгу і тайскім боксе, 2 маюць званне майстра спорту і 8 — кандыдата ў майстры спорту.

“Асноўны ўпор робіцца на баявую прак­тыку, стараемся як мага часцей выязд­жаць на спаборніцтвы, каб набрацца вопыту, — расказвае Уладзімір Барысавіч. — Трэніроўкі праходзяць як звычайна. Калі ў нас у хуткім часе намячаюцца спаборніцтвы па тайскім боксе, то мы робім упор на яго, калі па кікбоксінгу, то на яго. Штотыдзень праводжу гутаркі наконт забароны прымянення прыёмаў адзінаборстваў у канфліктах, паколькі можна лёгка траўміраваць іншага чалавека. Трэба старацца вырашыць усё без прымянення сілы. Мае вучні гэта разумеюць. Я ведаю, што нават калі іх будуць правакаваць або абражаць, то яны проста развернуцца і сыдуць. Ім дастаткова спаборніцтваў і трэніровак, каб паказаць сваё майстэрства”.

Зараз у клубе займаюцца каля 70 чалавек. Некаторыя ходзяць для сябе (тут можна развіць і фізічныя, і акрабатычныя, і гімнастычныя якасці, і каардынацыю), некаторыя — з ваенна-патрыятычнага клуба, хтосьці накіраваны на вынік. Апошнія па­дзелены на дзве спартыўныя групы. У адной чалавек 10 маленькіх спартсменаў, у другой столькі ж больш дарослых. Работа ажыццяўляецца не толькі на трэніроўках, навучанне працягваецца дома, праўда, тактычнае. Вучні глядзяць баі вядомых спартсменаў ці сваіх сапернікаў, адзнача­юць важныя моманты. Дарэчы, у іх ёсць магчымасць пра­аналізаваць і свае выступленні: усё запісваецца на відэа, каб потым можна было знайсці памылкі, адзначыць добрыя моманты.

“Праводзім розныя мерапрыемствы, акрамя асноўных трэніровак. Мы і ў лес выходзім, і ў аквапарк ездзім, і падчас спаборніцтваў стараемся незнаёмы горад паглядзець. Мае вучні павінны развівацца ўсебакова”, — кажа трэнер.

Хачу быць чэмпіёнам!

Спаборніцтвы — адна з самых важных частак у любым спорце. Яны правяраюць здольнасці, паказваюць на недахопы, да­юць стымул. Самы галоўны старт унутры краіны па муай-тай для школьнікаў — гэта першынство Беларусі. Там выступаюць байцы ў чатырох узроставых групах:10—11, 12—13, 14—15 і 16—17 гадоў. Існуюць і вагавыя катэгорыі. На тым самым першым для шчучынскіх хлопцаў чэмпіянаце свету ў Тайландзе Ілья Сырыцкі ўзяў перамогу ва ўзроставай катэгорыі 12—13 гадоў, а Андрэй заваяваў “бронзу” сярод спартсменаў 14—15 гадоў. Пасля яркай перамогі ў шчучынскім зале для адзінаборстваў з’явіліся спецыяльныя дыван і рынг, што дазволіла больш сур’ёзна падысці да падрыхтоўкі спартсменаў.

“У тайскім боксе, як і ў іншых усходніх адзінаборствах, ёсць шэраг традыцый. Падчас бою гучыць музыка, якая дапамагае спартсменам настроіцца, перад пачаткам трэба выканаць цырыманіяльны танец, прачытаць спецыяльную малітву, выйсці на рынг у мангконе (павязка на галаву). Мы, вядома, усё гэта выконваем, але ў мяне большасць дзяцей наведвае касцёл ці царкву, таму яны гэта робяць са сваімі малітвамі. Нам жа не зразумець чужую культуру. Мы прытрымліваемся традыцый, але знаходзімся ў сваім духоўным свеце”.

“У 2019 годзе ў нас зноў з’явілася магчымасць паехаць на чэмпіянат свету. Ён праходзіў у Анталіі (Турцыя). Ілья перамог, толькі ўжо сярод байцоў 14—15 гадоў, Андрэй заняў 5-е месца”, — дзеліцца Уладзімір Шурупаў.

Спартсмены ўдзельнічаюць у многіх міжнародных спаборніц­твах. Самыя яркія — “Кубак Чорнага мора” ва Украіне і BALTIС у Літве. У 2019 годзе з “Кубка Чорнага мора” байцы прыехалі з 9 залатымі, 3 сярэбранымі медалямі і 2-м агульнакамандным месцам. І гэта сярод 200 чалавек з 6 краін! Спаборніцтвы BALTIС скончыліся нядаўна, 2 лютага. Там колькасць спартсменаў склала 400 чалавек з 19 краін. Шчучынскі клуб прывёз 7 узнагарод: 3 залатыя, 2 сярэбраныя і 2 бронзавыя.

“Перад спаборніцтвамі мы праводзім звычайныя зборы, каб на момант турніру спартсмены былі на піку сваёй формы, — расказвае Уладзімір Барысавіч. — Стараюся псіхалагічна іх настроіць. У перыяд падрыхтоўкі тлумачу, наколькі сур’ёзны гэты турнір, каб яны разумелі, як трэба рыхтавацца; расказваю, што яны атрыма­юць ад гэтага ўдзелу ў далейшым (напрыклад, трапяць у нацыянальную зборную, стануць майстрамі спорту, заробяць грошы). У перыяд перад турнірам тактычна іх падрыхтоўваю, асабліва перад чэмпіянатам свету, калі сапернікі ўжо вядомыя. А яшчэ не стамляюся паўтараць: “Вы павінны быць індывідуальнымі”. Спартсмен не можа быць як хтосьці, ён павінен быць самім сабой, мець сваю адметнасць. Калі на кагосьці раўняцца, то можна наогул нічога не дасягнуць”.

Самы запамінальны бой для трэнера быў на першым ЧС, калі Ілья Сырыцкі перамог тайскага спартсмена ў паўфінале. Тайцы традыцыйна адны з лепшых у гэтым відзе адзінаборстваў, тым больш, калі выступаюць на радзіме. “Гэта быў моцны сапернік, многія здзівіліся і ціснулі руку Ільі пасля бою, нават тайцы. У Турцыі на чэмпіянаце свету Андрэй Варонік у 1/4 фіналу таксама змагаўся з тайскім спартсменам, ні грама яму не саступіў, але суддзя вырашыў лёс бою на ка­рысць саперніка”.

Тайланд, Расія, Украіна і Беларусь — краіны, якія звычайна паказваюць добрыя вынікі ў муай-тай. Але зараз і іншыя дзяржавы выйшлі на такі ж узровень, нават не ведаеш, ад каго што чакаць. Уладзімір Барысавіч бачыць прычыну гэтага ў тым, што тайскі бокс у хуткім часе можа стаць алімпійскім відам спорту, таму многія пачалі развіваць яго ў сябе. У адных — фінансавыя магчымасці лепшыя, у іншых — горшыя, адпаведна і тэмпы развіцця адрозніваюцца. “Усё самае неабходнае ў нас ёсць, — кажа Уладзімір Шурупаў. — Хацелася б больш фінансаў для выездаў на спаборніцтвы і на амуніцыю. Але гэта як усюды: чым вышэйшае дасягненне, тым больш укладанняў трэба. У прынцыпе, нам грэх скардзіцца, улічваючы тое, што мы жывём у невялікім горадзе і мы сапраўды шмат дзе пабывалі”.

Трэнер+вучань+бацькі

Займацца муай-тай можа любы (прынамсі, пад кіраўніцтвам Уладзіміра Барысавіча), галоўнае, каб не было абмежаванняў па здароўі. Чэмпіёнамі стануць не ўсе, але кожны для сябе дакладна нешта возьме. “Па-першае, дзеці становяцца больш мэтанакіраванымі, ім лягчэй пераадольваць складаныя жыццёвыя сітуацыі. Па-другое, з’яўляецца ўпэўненасць у сабе. За год-два заняткаў іх характар вельмі моцна мяняецца”. І, канечне, фізічная форма падтрымліваецца ў добрым стане.

У Тайландзе ёсць асаблівыя дэталі муай-тай, якія існуюць толькі ў межах краіны. Напрыклад, тайскі баец ніколі не бу­дзе залазіць на рынг пад канатамі, а пераступіць іх. Гэта звязана з верай у тое, што галава — самая важная частка цела чалавека і нічога не павінна аказацца вышэй за яе. Таму і ўдар ступнёй у твар падчас бою лічыцца знявагай, быццам бы сапернік хоча сказаць: “Твая галава ніжэйшая за мае ногі”. Яшчэ горшая абраза, калі ступня дакранецца да твару.

У муай-тай ёсць верагоднасць траўміравацца, але яна невысокая. Той жа футбол па траўманебяспецы ў рэестры відаў спорту стаіць вышэй за тайскі бокс. Маладыя байцы трэніруюцца і выступаюць у амуніцыі: шлеме, камізэльцы, пальчатках, налакотніках, шчытках на нагах. Гэта тычыцца і дарослых аматараў. Толькі дарослыя прафесіяналы выходзяць на бой без такой сур’ёзнай абароны.

“Добры вынік у спорце — гэта работа трэнера, вучня і бацькоў, — лічыць Уладзімір Шурупаў. — Калі хаця б адзін элемент ад­няць, знікнуць дасягненні. Калі, напрыклад, бацькі не падтрымліваюць сваіх дзяцей, то тыя знаходзяцца ў дрэнным псіхалагічным стане, а гэта ўплывае на трэніроўкі”. З бацькамі сваіх вучняў трэнеру пашчасціла. Яны не забараня­юць дзецям займацца, некаторыя нават выязджаюць на спаборніцтвы для падтрымкі. Праўда, рэдка, бо гэта патрабуе дадатковых грошай.

Ва Уладзіміра Барысавіча і яго вучняў ёсць адна агульная мэта: яны хочуць, каб Шчучын ведалі па яго байцах гэтак жа, як Стары Аскол ведаюць па братах Емяльяненка. Трэнер разумее, што для гэтага яшчэ шмат трэба зрабіць, але цяжкасці толькі  ­ўзнімаюць яго спартыўны дух.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва У.Б.Шурупава.