Год назад у Мінску і ў інтэрнэт-прасторы ўпершыню застракацелі афішы гарадскога фестывалю маладзёжнай культуры “УТэме”. За год гэтыя сустрэчы набылі аб’яднаўшы сотні ўдзельнікаў і гледачоў. Пра тое, як удалося падхапіць маладзёжную хвалю, аб’яднаць самую творчую катэгорыю горада, мы даведваемся ў ініцыятара фестывалю культарганізатара Мінскага гарадскога палаца дзяцей і моладзі Ганны Васільеўны Кункевіч.
Арыентуючыся на моладзь
Тэма вольнага часу моладзі хвалявала Ганну ўсе гады яе навучання ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Гучна выказаць свае прапановы на гэты конт яна змагла толькі летась, калі прыйшла працаваць у МДПДіМ. Да гэтага яна праходзіла тут практыку як рэжысёр народных свят і абрадаў.
“Сёння не прыходзіцца гаварыць пра недахоп магчымасцей для развіцця навучэнцаў ва ўстановах дадатковай адукацыі — безліч гурткоў, секцый, мерапрыемстваў, — разважае Ганна. — Але амаль усе яны разлічаны на дзяцей, а моладзь, асабліва пасля 20 гадоў, у іх амаль не задзейнічана. І гэта зразумела — маладым людзям хочацца нечага глабальнага, андэграўднага, нефарматнага і нефармальнага. І я прапанавала ім усё гэта ў межах гарадскога фестывалю маладзёжнай культуры”.Маладзёжная тэма блізкая Ганне, яна падтрымлівае кантакты са стваральнікамі і выкладчыкамі танцавальных, тэатральных, мастацкіх школ Беларусі і замежжа, рэжысёрамі, спевакамі, трэнерамі па эстрэмальных відах спорту і, безумоўна, з іх навучэнцамі. Таму назва фестывалю “УТэме” стала лагічнай. Каб ва ўдзельнікаў фестывалю была магчымасць пазнаёміцца з творчасцю адно аднаго, а ў гасцей паспець пазнаёміцца з усімі імі ў межах аднаго дня, Ганна разбіла яго на чатыры блокі — фестывалі вулічнага, візуальнага, тэатральнага і музычнага мастацтва.
Фестывалі па ўсіх гэтых кірунках праходзяць на працягу года на пляцоўцы палаца і збіраюць сотні ўдзельнікаў розных узростаў, але ў асноўным ад 12 да 31 года. З задавальненнем да іх далучаюцца і госці — хлопцы і дзяўчаты, выхаванцы раённых устаноў дадатковай адукацыі, навучэнцы школ горада і каледжаў мастацтваў, студэнты і проста актыўныя карыстальнікі сацыяльных сетак.Як адзначае Ганна, моладзь заўсёды будуць прыцягваць новыя кірункі і плыні ў культуры. І галоўная крыніца інфармацыі, вядома, інтэрнэт. Многія знаходзяць сваіх аднадумцаў у сетцы. Апошнія часта жывуць за мяжой, і іх навучанне праходзіць анлайн, праз відэаўрокі. Пра тое, што ў Беларусі таксама шмат таленавітых людзей, якія ўжо дасягнулі пэўных поспехаў у іх любімай справе, мала хто ведае. А на фестывалі ўсе яны сустракаюцца на адной пляцоўцы, знаёмяцца і вучацца адно ў аднаго.
Чатыры кіты
У апошнія жнівеньскія выхадныя ўдзельнікі фестывалю “УТэме. Street-up!” у другі раз паспрабавалі вярнуць лета. Паказальныя выступленні ад майстроў экстрэмальнага віду спорту, джэмы і батлы ад лепшых танцораў, запальныя бітвы дыджэяў, выразныя рытмы бітбоксінга і свабода графіці — у праграме быў свой час для кожнага. Акрамя вольнай творчасці, абавязковым складнікам фестывалю сталі спаборніцтвы. Пераможцы вызначаліся сярод аматараў хіп-хопа, хауса, брэйк-данса і дэнсхола.“Памылкова лічыць, што асаў у новых танцавальных кірунках можна знайсці толькі за межамі Беларусі і што нашы суайчыннікі ў гэтым дачыненні ў аўтсайдарах, — гаворыць Ганна. — Так, мы часам вымушаны былі вынаходзіць веласіпед, але здаралася, што ён атрымліваўся ў нас лепшы, чым у замежных калег. Той жа брэйк-данс пачаў у нас развівацца з канца 90-х гадоў, на чале яго сярод іншых быў і мінчанін Аляксандр Воінаў. Ён з аднадумцамі стварыў базу для брэйк-данса ў Беларусі, сабраў вакол сябе каманду і вывеў яе і беларускі брэйк-данс на сусветны ўзровень. Сёння замежныя перамогі дастаюцца беларусам дзякуючы іх адмысловай тэхніцы, пабудаванай на акрабатыцы, на труках.
Нават у кірунку Vogue (спалучэнне пачуццяў, ігры цела і мімікі), які пачаў развівацца ў нас прыкладна 4 гады назад, ёсць выдатныя асобы. Напрыклад, Вера Купрэйчык, аўтар курсаў і выкладчык Vogue-танцаў, мае мноства ўзнагарод на міжнародных спаборніцтвах і конкурсах. Маюць добрыя вынікі і яе вучаніцы. Ёсць чым пахваліцца і нашым прыхільнікам такіх сацыяльных танцаў, як сальса, зук, кізомба, бачата, хоць яны толькі нядаўна загучалі ў маладзёжным асяроддзі”.Творчая атмасфера фестывалю візуальнага мастацтва “УТэме. Visual” прыцягвае творцаў. Для пачынаючых мастакоў гэта магчымасць заявіць пра сябе, а для вопытных майстроў — прыгледзецца да іх і да напрацовак сваіх калег. Гледачы ж могуць атрымаць асалоду ад творчай атмасферы і даведацца пра нешта новае ў сучасным мастацтве — для гэтага галерэя палаца ў час фестывалю ператвараецца ў парыжскі бульвар Манмартр. У межах апошняга фестывалю праходзілі майстар-класы па дэкаратыўнай творчасці і фатаграфіі, модныя паказы, выступалі артысты і гучала жывая музыка, гасцей забаўлялі ажыўшыя скульптуры. Ацаніць сваё майстэрства і паспаборнічаць з сапернікамі дапамагалі конкурсы: фатаграфіі “Рытмы вуліц”, кароткаметражных фільмаў “Гарадская рамантыка”, жывапісу “Настрой горада”. Трэба сказаць, што гэтыя конкурсы далёка не дылетанцкія. У іх прымалі удзел маладыя людзі, якім пакарыліся шматлікія міжнародныя конкурсы. Сярод іх, напрыклад, Аляксандра Пармон. Яна вывучала сучаснае мастацтва ў вышэйшых установах Мінска і Санкт-Пецярбурга і не так даўно вярнулася дадому. Для дзяўчыны фестываль “УТэме” стаў ледзь не адзінай магчымасцю наблізіцца да той творчай і свабоднай атмасферы, якой яна так захаплялася ў Санкт-Пецярбургу.“Сёлета мы плануем дапоўніць гэты фестываль новымі кірункамі, паспрабуем выйсці на прыватныя і дзяржаўныя галерэі — упэўнена, ім ёсць што расказаць і паказаць”, — дзеліцца Ганна Кункевіч.
Не менш папулярным у мінчан стаў фестываль “УТэме. Сцэны”, дзе юнакі і дзяўчаты, прафесійныя акцёры і проста аматары акцёрскага майстэрства, вядуць сур’ёзную барацьбу ў самых розных намінацыях конкурсаў “Лепшы спектакль”, “Лепшы нумар”, “Лепшы стэндап” і інш. Аматарскія і вулічныя спектаклі, маналогі і інтэрмедыі, пантаміма і клаўнада, фокусы і цуды эквілібрыстыкі, акрабатыка — насычаная праграма дазваляла не толькі вызначыць лідараў у гэтых жанрах, але і стала відовішчным святам для гледачоў.
Час для меламанаў горада пачынаецца фестывалем “УТэме. Кавер-music”. Гэта сцэна для тых, хто не ўяўляе свайго жыцця без мікрафона і навушнікаў. Поп, джаз, фолк, рок — у кожным блоку па гэтых кірунках прымалі ўдзел сольныя артысты, гурты, кавер-бэнды як у інструментальным, так і ў вакальным жанры.
“Я стараюся быць у тэме, я павінна ведаць нават тое, што яшчэ не гучыць у маладзёжнай прасторы. Гэта і новыя кірункі, стылі — пошук новага заўсёды развівае, — гаворыць Ганна. — А ўжо на фестывалях мы стараемся ўлічыць інтарэсы кожнага ўдзельніка і прадастаўляем ім магчымасць пазнаёміць прысутных са сваёй творчасцю”.
Экстрым — не значыць небяспечнасць
“Адна з мэт нашага фестывалю — прыцягнуць увагу грамадскасці, улад горада і лішні раз напомніць ім, што для моладзі трэба ствараць больш умоў для рэалізацыі. І калі з творчасцю праблем менш, то з тым жа экстрэмальным спортам у нас яны ёсць. Толькі нядаўна ў парках Мінску з’явіліся пляцоўкі для варкаўта, а на вуліцы Сталетава пачалося будаўніцтва прафесійнага парку экстрэмальнага спорту. Таму вельмі спадзяёмся, што ў аматараў ролерспорту, BMX, скейтбордынга, паркура і іншых відаў спорту хутка з’явіцца больш магчымасцей трэніравацца ў горадзе”.Ганна згаджаецца, што сама экстрэмальнасць маладзёжных захапленняў, небяспечнасць становіцца прычынай адсутнасці ўзаемаразумення з уладамі. Але, як паказвае сусветная практыка, калі заняткі арганізаваны, наладжана навучанне навічкоў, то і небяспека знікае.
“У нас круглы год праводзяцца майстар-класы, заняткі, канферэнцыі, — гаворыць Ганна. — На фестывалях трэнеры (а іх збіраецца да 10 па кожным відзе спорту) дзеляцца тонкасцямі і сакрэтамі, пачынаючы ад выбару інвентару і заканчваючы трэніроўкай, дзе вучаць падаць, выконваць элементы, валодаць сваім целам і цвяроза ацэньваць ступень небяспекі. Гэта фарміруе ў экстрэмалаў адказнасць за сябе, рацыянальнасць, лагічнасць, выхоўвае дысцыпліну”.
У планах Ганны далучаць да сваіх фестываляў знакамітых трэнераў і спартсменаў з іншых краін. Яна ўжо атрымала згоду ад многіх з іх. Засталося толькі дачакацца чарговага фестывалю.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва МГПДіМ.