Калі штодзённасць надакучыла, пастаянна глядзець на аднолькавыя пейзажы няма сіл, хочацца чагосьці новага ў жыцці — бярыце ў рукі камеру. Аказваецца, столькі цікавых рэчаў праходзіць міма чалавечага вока! Так ужо каля 20 гадоў робіць Аляксандр Станкевіч з Полацка і 2 гады вучыць гэтаму іншых.
Відэастудыя “Мабільнае кіно” і фотастудыя “Аб’ектыў” у Полацкім раённым цэнтры дзяцей і моладзі з’явіліся адносна нядаўна. Ідэя належала Аляксандру Станкевічу. Ён спецыяльнай адукацыі па гэтым напрамку не мае, калі не лічыць самаадукацыю, якая цягнулася даволі доўга. Педагог пачаў цікавіцца фатаграфіяй і відэа, калі ў яго нарадзілася дачка. З часам жаданне захаваць важныя ўспаміны ператварылася ў хобі, а потым і ў прафесію. Аляксандр Георгіевіч увогуле вельмі рознабаковая асоба. Ён скончыў Наваполацкае музычнае вучылішча і працаваў настаўнікам музыкі 23 гады. Творчыя заняткі Аляксандр Станкевіч разбавіў геаграфічным факультэтам БДУ, а потым зацікавіўся яшчэ і камп’ютарамі. Да таго ж ён пэўны час працаваў на мясцовым тэлебачанні аператарам, а гэта яшчэ адзін карысны вопыт у жыцці. Цяпер дакладна зразумела, чаму ў пэўны момант педагог захацеў падзяліцца сваімі ведамі з іншымі.
Заняткі ў фотагуртку праходзяць два разы на тыдзень, а ў відэагуртку — тры. Адзін урок доўжыцца 4 гадзіны, бо работы трэба выканаць шмат. “Я вучу дзяцей, як правільна фатаграфаваць, як наладжваць камеру, як карыстацца праграмамі для апрацоўкі фота. Мае дзеці ўжо амаль з заплюшчанымі вачыма могуць працаваць у праграме Adobe Photoshop, з фатаграфіяй яны зробяць што заўгодна. Што тычыцца відэа, то вучымся кадрыраваць, выбіраць правільную пазіцыю для здымак, карыстацца мабільным тэлефонам, каб не было дрыжання рук, напрыклад. Робім кліпы, ролікі, манціруем, накладваем музыку. Мы спыніліся на праграме Edius, бо яна па функцыянале добрая, але не патрабуе супермагутных камп’ютараў для нармальнай работы. Мантаж — гэта энергазатратны працэс. Здавалася б, што такое — зрабіць трохмінутны ролік, а часу ідзе вельмі шмат”.
“Фота- і відэаштаб” Полацкага раённага ЦДіМ даволі прасторны. З абсталявання там ёсць 4 камп’ютары і фотаапарат. Аляксандр Георгіевіч не шкадуе сваіх асабістых рэчаў і прыносіць іх на заняткі. Ну як жа здымаць відэа без штатыва ці манапода? “Нядаўна набыў квадракоптар. Ён не самы наварочаны, але паспрабаваць цікава. Мы яго запускалі, праўда, узімку карцінка не такая. Будзем чакаць прыгожай вясны”, — гаворыць педагог. За межамі кабінета асноўнай прыладай вучняў з’яўляецца мабільны тэлефон. “Цяпер не абавязкова купляць дарагую тэхніку, каб займацца фатаграфіяй або відэа. Вядома, гэта тычыцца пачатковага этапу. Калі браць прафесійныя здымкі, то і абсталяванне павінна быць добрае. Я лічу, што галоўнае — мець адчуванне. Можна зняць і тэлефонам добра, а можна і камерай дрэнна”. Што тычыцца камп’ютараў, то тут лепш укласці больш грошай. Для бесперапыннай работы праграм без тармажэння патрэбна тэхніка з моцнымі “ўнутранасцямі”. Інакш і працэс зацягнецца, і нервы сапсуюцца.
Аляксандр Станкевіч больш за ўсё любіць фатаграфаваць пейзажы. Гаворыць, што часам глядзіш на нешта ўжывую — яно выглядае пэўным чынам, а потым бярэш камеру — і ўсё мяняецца. Гэтая любоў перадалася і яго вучням. Яны часта прыносяць на заняткі фотаздымкі пейзажаў і жывёл.
“Раз на тыдзень мы праводзім унутраны конкурс на лепшы здымак, — расказвае Аляксандр Георгіевіч. — Часам я ім даю дамашняе заданне на вызначаную тэму, мы дамаўляемся аб тэрмінах, і да іх яны прыносяць свае работы. Ці, напрыклад, даю фота, і кожны павінен яго па-свойму апрацаваць. Цікава глядзець, што атрымліваецца: карцінка адна і тая ж, а вынікі зусім розныя”.
Калі гаварыць пра відэа, то сярод любімых сюжэтаў педагога — дзеці і родны горад. У іх ён знаходзіць шчырыя эмоцыі, ловіць незвычайныя моманты. “Полацк расквітнеў за апошнія гады, пры наяўнасці часу можна зрабіць вельмі прыгожыя кадры”, — упэўнены педагог. А вось дзецям падабаюцца іншыя напрамкі. Жывёлы і тут знаходзяцца ў топе, дадаюцца яшчэ здымкі саміх сябе. Папулярнасць блогаў уплывае на многіх.
Каб атрымаць дадатковую прафесійную ацэнку сваёй работы, студыі ўдзельнічаюць у розных конкурсах. Напрыклад, у рэспубліканскай выставе-конкурсе дзіцячай творчасці “АрхНавацыя”, у рэспубліканскім адкрытым конкурсе аматарскіх фільмаў імя Юрыя Тарыча “Я здымаю кіно”. Апошні, дарэчы, заснавалі менавіта ў Полацку. Гэта адбылося ў 2013 годзе. Конкурс дапамагае раскрыцца аўтарам у сферы кінатворчасці і выйсці на шырокую аўдыторыю. У якасці журы выступаюць спецыялісты студыі “Беларусьфільм”, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, факультэта журналістыкі БДУ і інш. Свае работы можа даслаць любы жыхар нашай краіны і нават замежжа. Намінацый усяго 9: “Ігравы фільм”, “Дакументальны фільм”, “Анімацыйны фільм”, “Музычны кліп”, “Сацыяльны кліп (ролік)”, “Рэкламны кліп (ролік)”, “Тэматычныя тэлевізійная праграма”, “Эсэ” і “Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці”. У 2019 годзе арганізатары конкурсу атрымалі 106 заявак на ўдзел, прычым большасць была з Расіі — 53. 50 даслалі з Беларусі і па адной — з Германіі, Літвы і Украіны. Больш інфармацыі пра яго можна знайсці на афіцыйным сайце snimaukino.ru. У 2019 годзе відэастудыя “Мабільнае кіно” не ўвайшла ў лік прызёраў, але да гэтага два разы брала 3-я месцы.
Аляксандр Станкевіч бачыць, што яго праца недарэмная. Да вучняў часта звяртаюцца ў школе, каб падрыхтаваць нейкі ролік, зрабіць фотаздымкі. Яны і ў штодзённасці часта бяруць у рукі камеру. Усё ж калі ты пачынаеш больш капацца і разбірацца ў гэтых тэмах, то гэта становіцца нейкай звычкай, і вельмі прыемнай звычкай.
“Да мяне прыйшлі тыя дзеці, якія рэальна былі зацікаўлены фатаграфіяй і відэаздымкай. Яны з самага пачатку паказвалі мне нейкія свае работы. Цяперашнія дзеці такія зацікаўленыя. Я бачу, што яны ходзяць на заняткі, каб з іх сапраўды нешта вынесці, каб гэта ім спатрэбілася ў будучыні. Няхай гэта не будзе асноўным відам дзейнасці, але свае плюсы дзеці атрымаюць, — упэўнены Аляксандр Георгіевіч. — Для таго каб займацца фота- і відэаздымкай, павінна быць імкненне да гэтага, натхненне. Не трэба баяцца, трэба спрабаваць, вывучаць новае, так прыходзяць да поспеху”.
Некалькі парад для пачынаючых фатографаў і відэографаў:
1. Пачынайце з простай тэхнікі. Дарагое абсталяванне не роўнае добраму выніку. Асновы можна вывучыць з дапамогай тэлефона ці недарагой камеры.
2. Здымайце тое, што вам падабаецца. Не трэба рабіць “як хтосьці”, вашы пачуцці і погляды — ваша каштоўнасць. Натхняйцеся, але не капіруйце.
3. Вызначыцеся з жанрам. Прасцей развівацца ў адным напрамку, а не ісці “галопам па Еўропах”. З часам вы зможаце пераключыцца на нешта новае.
4. Заўсёды насіце з сабой камеру. Цікавыя рэчы адбываюцца пастаянна, і становіцца крыху сумна, калі вы за імі проста назіраеце і не можаце захаваць.
5. Аналізуйце свае работы. Пераглядайце фота, відэа, шукайце там памылкі, адзначайце плюсы. Абмяркуйце з калегамі, але, калі што, не крыўдзіцеся. Недахопы існуюць для таго, каб было куды рухацца.
Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва А.Г.Станкевіча.