Victoria, cruenta, пошук

Маштабы пошукавай работы, якая праводзіцца нашымі ўсходнімі суседзямі на месцах баёў Вялікай Айчыннай вайны, уражваюць. Тысячы атрадаў, дзясяткі тысяч удзельнікаў, пераважная большасць якіх — навучэнцы і студэнты. Наколькі беларуская сістэма пошукавай работы адрозніваецца ад расійскай? Пра сённяшні стан спраў, перспектывы развіцця пагутарым з вядомым магілёўскім пошукаўцам Мікалаем Сяргеевічам Барысенкам.

Victoria, cruenta (ад лацінскай “перамога, заваяваная крывёй”) — гэтыя два словы сталі асновай для назвы самага знакамітага пошукавага клуба Беларусі. За больш чым 20-гадовую гісторыю ўдзельнікі “Віккру” разам са сваім кіраўніком метадыстам аддзела краязнаўчай і пошукавай работы магілёўскага Абласнога цэнтра творчасці Мікалаем Сяргеевічам Барысенкам аб’ехалі ўздоўж і ўпоперак усю вобласць, перакапалі рыдлёўкамі, перабралі рукамі тоны палявой, лясной, балотнай зямлі. Амаль кожны месяц, нягледзячы на дождж, снег, спёку, яны адпраўляюцца на месцы былых баёў, дзе і цяпер знаходзіцца перадавая — перадавая фронту нашай памяці пра Вялікую Айчынную. І галоўныя яе байцы — удзельнікі 23 пошукавых атрадаў і груп Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба “Віккру”.
Адзін толькі факт: “віккраўцы” сумесна з ваенаслужачымі 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна паднялі больш за 400 астанкаў байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі, устанавілі імёны 32 з іх. Калі ўлічыць, што на падняцце аднаго салдата патрабуецца прыкладна дзве гадзіны, то было праведзена як мінімум 800 гадзін раскопак, а гэта больш чым месяц бесперапыннай цяжкай працы. Але падняцце астанкаў — гэта ўжо фінальны этап. А колькі арганізавана разведвальных экспедыцый, колькі часу аддадзена рабоце ў музеях, архівах, колькі праведзена сустрэч з мясцовымі жыхарамі. І ўсё дзеля адной мэты: зрабіць імёны невядомых салдат вядомымі. Дзякуючы архіўным звесткам, музейным дакументам, інфармацыі са спецыялізаваных сайтаў, устаноўлены імёны каля 12,5 тысячы чырвонаармейцаў. Гэта амаль цэлая дывізія!
Кожны пошук — цэлая гісторыя, якая можа стаць асновай для мастацкага твора. Дарэчы, дзякуючы Мікалаю Сяргеевічу (члену Саюза пісьменнікаў Беларусі, чалавеку годаМагілёўскай вобласці), гэтыя гісторыі знаходзяць адлюстраванне ў шматлікіх кнігах. У іх расказваецца пра баявы шлях воінскіх часцей і злучэнняў, змешчаны ўспаміны ветэранаў, гаворыцца пра маляўнічасць магілёўскай зямлі, якую абаранялі чырвонаармейцы з розных куткоў былога Саюза (“Вызваленне: ад Хоцімска да Магілёва і Бабруйска”, “1941-шы: палаючыя рубяжы Дняпра і Сожа”, “Магілёўшчына — жамчужына Беларусі”, “Наша Перамога” і інш.).
Для Мікалая Сяргеевіча гэтыя гісторыі пачаліся яшчэ ў дзяцінстве, якое прайшло ў Чавускім раёне, у тых краях, дзе ў ліпені 1941 года выходзілі з акружэння абаронцы Магілёва. Гільзы, элементы абмундзіравання, рэшткі ўзбраення — іх знаходжанне было для Мікалая звыклай справай. Добра памятае педагог свой ППШ, які ён знайшоў у лесе і з якім гуляў у вайнушку. Пісталет-кулямёт быў ужо няспраўны, але дыск стаяў, усё шчоўкала. Дзіцячыя ўспаміны пра тыя бесклапотныя дні часта ажывалі ў памяці, асабліва падчас доўгіх марскіх паходаў (Мікалай Сяргеевіч амаль 10 гадоў служыў на флоце). Яны і падштурхнулі нашага суразмоўцу да актыўнай пошукавай работы, калі ён вырашыў канчаткова сысці з палубы карабля на родную магілёўскую зямлю. У 1993 годзе пасля заканчэння гістфака БДУ прыйшоў працаваць у абласны цэнтр турызму, краязнаўства і экскурсій. Спачатку стварыў пошукавы гурток, які на наступны год стаў атрадам, а ў хуткім часе і клубам. У 2009 годзе аб’яднанне было афіцыйна зарэгістравана як Магілёўскі абласны гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб “Віккру”. На сёння ў клубе займаецца больш за 100 чалавек. Гэта педагогі, прафесійныя гісторыкі, навучэнцы, студэнты, прадстаўнікі рабочых прафесій, усе, хто неабыякавы да ваеннага мінулага роднага краю. Многія былыя навучэнцы-“віккраўцы” сталі настаўнікамі гісторыі і стварылі пошукавыя атрады ва ўстановах адукацыі.
Вернемся да пошукавых гісторый. З моманту вяртання Мікалая Сяргеевіча на вялікую зямлю іх назбіралася не адна сотня. Адна з апошніх: пад’ём напрыканцы студзеня з клічаўскіх балот рэшткаў самалёта ІЛ-4. Пачатак гэтай гісторыі сягае ў далёкі 1943 год. Тады восенню жыхары вёскі Мяжное сталі сведкамі паветранага бою паміж савецкім бамбардзіроўшчыкам і нямецкім знішчальнікам. Камандзіру нашага экіпажа і штурману пашчасціла. Калі самалёт задыміўся, ім удалося з яго выскачыць і раскрыць парашуты. Паветраны стралок і борт-радыст былі забіты і разам з самалётам упалі ў лясное балота. На наступны дзень да месца падзення прыйшлі партызаны і мясцовыя жыхары. Аднаго з лётчыкаў яны ўбачылі на дрэве. Яго парашут зачапіўся за галіны, і камандзір экіпажа правісеў там усю ноч. Штурман прызямліўся больш удала і самастойна выйшаў да партызан. Зброю экіпажа забралі лясныя байцы, а вось сам самалёт, яго рэшткі дасталіся мясцовым жыхарам. Многія дэталі былі выкарыстаны для гаспадарчых патрэб.
Гэтая гісторыя не пакінула абыякавай удзельнікаў клуба. Дзякуючы дапамозе Клічаўскага райвыканкама, будаўнічых арганізацый, якія прадаставілі неабходную тэхніку, пры цесным узаемадзеянні з ваенаслужачымі 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна ў канцы студзеня пачаліся пошукавыя работы. Студзень быў выбраны невыпадкова: трэба, каб зямля прамерзла, інакш па балоце не прасці. Акрамя “віккраўцаў”, у аперацыі ўдзельнічалі і супрацоўнікі Абласнога цэнтра творчасці (загадчык аддзела краязнаўства і пошукавай работы Святлана Анатольеўна Хадоркіна і метадыст Таццяна Георгіеўна Глаўшык) разам з удзельнікамі гуртка “Ваенная гісторыя Беларусі”. Можна толькі ўявіць, у якіх умовах даводзілася працаваць. Балотная зямля — гэта яшчэ што. Пры падзенні самалёта разлілося паліва, зямля настолькі яго набралася, што і праз 70 гадоў падчас работ у пошукаўцаў пачынала круціцца галава. Вынікі працы былі паспяховымі, з тарфяніку ўдалося падняць многія дэталі самалёта, але самае галоўнае, быў знойдзены фрагмент рухавіка з серыйным нумарам. Удалося ўстанавіць мадэль самалёта, імёны членаў экіпажа, іх баявое заданне. 28 чэрвеня ў Клічаве плануецца перапахаванне астанкаў лётчыкаў, на якое ўжо запрошаны родныя членаў экіпажа. На брацкай магіле з’явіцца помнік.
Устаноўка памятных знакаў — адзін з кірункаў дзейнасці клуба. Па ініцыятыве яго ўдзельнікаў пры дзяржаўным фінансаванні былі ўстаноўлены помнікі на безыменнай вышыні каля вёскі Пашкава Магілёўскага раёна, на месцы гібелі ў ліпені 1941 года батальёна міліцыі капітана Уладзімірава; каля вёскі Пуцькі Чавускага раёна, на рэчцы Проня, дзе на працягу 9 месяцаў стаяў фронт; каля вёсак Самулкі Чавускага раёна і Брускі Магілёўскага раёна, на месцы прарыву з акружэння часцей Чырвонай Арміі. Чарговая мэта — устанавіць помнік на беразе Проні ў памяць пра “штрафнікоў”.
З дзейнасцю клуба, яго дасягненнямі, вынікамі работы можна азнаёміцца як на асабістым сайце Мікалая Сяргеевіча, так і на старонках “Магілёўскага пошукавага весніка”, які выдаецца клубам пры падтрымцы Абласнога цэнтра творчасці і з’яўляецца адзіным у краіне спецыялізаваным выданнем аб пошукавай рабоце навучэнскай моладзі па ваенна-гістарычнай тэматыцы. Выйшла ўжо 9 нумароў. У іх змешчаны распрацоўкі педагогаў-краязнаўцаў, гісторыкаў, асвятляюцца пытанні ўвекавечвання памяці невядомых абаронцаў Айчыны, узнімаюцца праблемы пошукавага руху.
Па словах Мікалая Сяргеевіча, для шырокага развіцця ў краіне пошукавага руху трэба ўнесці змены ў заканадаўства, зняць некаторыя забароны. Трэба ліцэнзаваць клубы, атрады ці ўвесці нейкі іншы від дазволу на пошукавую дзейнасць. Выдаваць такі дазвол можна, напрыклад, пасля праходжання спецыяльных курсаў і паспяховай здачы экзаменаў або залікаў прадстаўнікам Міністэрства абароны.
— Галоўная праблема, з якой сутыкаюцца беларускія пошукавыя атрады, — гэта адсутнасць магчымасці праводзіць раскопкі самастойна. Можна толькі з ваеннаслужачымі 52-га спецыялізаванага пошукавага батальёна. Аднак атрадаў шмат, і чакаць прыезду салдат даводзіцца працяглы тэрмін, а за гэты час ужо можна правесці раскопкі і, калі пашчасціць, знайсці медальёны, устанавіць імёны паднятых чырвонаармейцаў, накіраваць адпаведныя лісты іх родным. На сёння заканадаўчая база не дае нам магчымасці свабодна працаваць. Вобразна кажучы, узяў у рукі шчуп або рыдлёўку — і ты ўжо парушаеш Адміністратыўны кодэкс, а калі пачаў капаць на брацкім пахаванні, нават не ведаючы, што яно там знаходзіцца, табе ўжо “свеціць” крымінальны артыкул, — дзеліцца Мікалай Сяргеевіч.
У нашых усходніх суседзяў усё наадварот. Удзельнікі расійскіх пошукавых атрадаў самастойна, без ваенных, праводзяць раскопкі. Канечне, ніхто проста так па жаданні не выходзіць у лес або поле. Атрады афармляюць спецыяльны дакумент, у якім пазначаецца спіс атрада, дакумент узгадняецца раённым аддзелам унутраных спраў, іншымі органамі, ставяцца подпісы, пячаткі. Перад пачаткам экспедыцыі ўсе яе ўдзельнікі праходзяць рэгістрацыю. У склад атрада абавязкова ўваходзяць сапёры-прафесіяналы.
— У Расіі няма такіх абмежаванняў на правядзенне раскопак на месцах баёў, там пошукавая работа ляжыць у аснове патрыятычнага выхавання. За бюджэтныя сродкі арганізоўваюцца многія экспедыцыі. Пошукавая работа пастаўлена на паток, яе магчымасці выкарыстоўваюцца на поўную сілу, увага і падтрымка аказваецца на самым высокім дзяржаўным узроўні. І гэта правільна, бо пошукавая дзейнасць — гэта найлепшая форма патрыятычнага выхавання. Што патрэбна падлеткам, юнакам? Ім дай толькі пакапацца ў зямлі, пашукаць там нешта цікавае. А калі яшчэ прыгожа расказаць пра тое, што тут было ў гады вайны, і ўсё — у навучэнцаў гараць вочы, яны гатовы ісці служыць у армію. Адна пошукавая экспедыцыя замяняе дзясяткі лекцый. Лекцыямі патрыёта не выхаваеш, патрэбна практычная работа. Чым яшчэ можна зачапіць сучаснага навучэнца, адарваць яго ад камп’ютара, як не раскопкамі? — сцвярджае Мікалай Сяргеевіч.
Акрамя патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення, яшчэ адна мэта пошукавай работы — знайсці салдацкі медальён і паведаміць родным яго ўладальніка пра тое, што іх муж, бацька, дзед, прадзед не прапаў без вестак, а загінуў смерцю героя і пахаваны на гасціннай, маляўнічай, гераічнай беларускай зямлі. Хіба не трэба дзеля гэтага знайсці кампраміс, зняць некаторыя забароны і надаць айчыннаму пошукаваму руху новы імпульс развіцця?

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара і з архіва клуба “Віккру”.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*