Вуліцы Гродна на палотнах

На занятках у педагога дадатковай адукацыі Любові Раманавай заўсёды шмат дзяцей. Хлопчыкі і дзяўчынкі рознага ўзросту старанна выводзяць тонкім алоўкам контуры будучых малюнкаў, а затым бяруцца за фарбы. Кожны сканцэнтраваны на сваім малюнку, аднак час ад часу ўсе звяртаюцца па дапамогу да педагога. І Любоў Раманава пераходзіць ад мальберта да мальберта, камусьці раіць дабавіць колеру, камусьці — папрацаваць над дэталямі. Яе прафесіянальныя парады тычацца тэхнікі выканання малюнкаў, пры гэтым не перашкаджаюць дзецям тварыць так, як яны бачаць і як адчуваюць. На працягу 30 гадоў мастак па адукацыі з багатым багажом уласных мастацкіх работ Любоў Раманава выкладае маляванне ў аб’яднанні па інтарэсах “Ізастудыя” ў Гродзенскім дзяржаўным абласным Палацы творчасці дзяцей і моладзі.

Родам з Магілёўшчыны, Любоў Раманава з дзяцінства марыла стаць мастаком. Яна лічыць, што мастацкія здольнасці ёй перадаліся ў спадчыну, бо творчы дух заўсёды лунаў у сям’і. У школе Люба была лідарам “Камсамольскага пражэктара” і, канечне, малявала: афармляла школьную газету і інтэр’ер установы адукацыі. Калі праз гадоў дзесяць апынулася ў роднай школе, прыемна здзівілася, убачыўшы свае малюнкі на сценах.

У 1983 годзе Любоў паступіла ў Віцебскі педагагічны інстытут на мастацка-графічны факультэт. Пасля яго заканчэння выкладала чарчэнне, маляванне і гісторыю мастацтваў у Чэрыкаўскай сярэдняй школе, а затым пераехала ў Гродна. Спачатку вяла майстэрню для дарослых і школу развіцця для маленькіх дзетак, пачынаючы працаваць з імі з трохгадовага ўзросту, у палацы тэкстыльшчыкаў. З 1991 года і да гэтага часу Любоў Раманаўна працуе з дзеткамі ў Гродзенскім дзяржаўным абласным Палацы творчасці дзяцей і моладзі.

Ужо не палічыць, колькіх хлопчыкаў і дзяўчынак за 30 гадоў яна навучыла маляваць, і не толькі.

Любоў Раманава: “Мой любімы сюжэт — горад. Люблю маляваць яго вулачкі, асабліва Карла Маркса з Фарным касцёлам, Савецкую. Вельмі падабаецца Каложа, кожны раз бачу яе іншай”. І вось ужо на дзіцячых малюнках тая ж Каложа, вулачкі роднага горада, што і ў мастака-педагога.

— Як я расла? Пойдзеш у поле, а там конікі, кветкі, рука так і цягнецца, каб намаляваць усё гэта, — успамінае Любоў Раманаўна. — А сёння здзіўляе, што дзеці не памята­юць, як выглядае тая ці іншая кветка, не ведаюць, як яна пахне. Прывыклі бачыць кветкі на малюнках, у інтэрнэце, а дзе і як яны растуць, не ведаюць. Таму я абавязкова ўсіх сваіх вучняў ваджу на пленэры. Спыняемся ля кожнай кветачкі, пад кожнай галінкай, разглядваем іх, а потым дзеці стараюцца намаляваць усе дэталі. Раней ха­дзілі на пленэры толькі са старэйшымі дзецьмі, а зараз і з малымі — ім вельмі цікава, як травінка расце, як пялёстак закручваецца. Тое, што ў вёсцы было для нас відавочным, цяпер дзецям трэба паказваць, акцэнта­ваць іх увагу.

Педагог сцвярджае, што выпадковых дзяцей у яе няма і на пленэры прыходзяць тыя, хто са­праўды хоча маляваць.

— Улетку на вуліцы выкары­стоўваем акварэль, з ёй працаваць прасцей, патрэбна толькі вада. Сонца ў гэты час года шмат, колер мяняецца на празрысты, і хочацца ў малюнкі дабавіць празрыстасці. А што для гэтага можа быць лепшым, чым акварэль! З яе дапамогай можна перадаць гэтую лёгкасць. І ваду ў рацэ лягчэй прапісаць акварэллю, — дадае Любоў Раманаўна.

Цікаўлюся, што любіць пі­саць сама мастачка і ці ўплываюць яе перавагі на тое, чаму яна вучыць сваіх выхаванцаў. Любоў Раманаўна адказвае, што яна чалавек эмацыянальны, і менавіта гэта дапамагае ёй рабіць свае палотны жывымі, яркімі, выразнымі. Адзначае, што з самага дзяцінства любіць вучыцца новаму, спалу­чаць неспалучальнае, эксперыментаваць у творчасці, і валоданне вялікай разнастайнасцю тэхнік дае ёй гэтую магчымасць.

Яшчэ ў інстытуце Любоў Раманава зацікавілася мастацтвам габелена. Ужо сем гадоў яна супрацоўнічае з аддзяленнем павышэння кваліфікацыі пры Гродзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. Працуе педагогам па праграме “Традыцыйныя рамёствы Беларусі: саломапляценне, ручное ткацтва і вышыўка”, вядзе заняткі па габелене, на якіх імкнецца найбольш поўна рас­крыць гісторыю габелена і тэхніку яго пляцення.

— Мой любімы сюжэт — горад. Люблю маляваць яго вулачкі, асабліва Карла Марк­са з Фарным касцёлам, Савецкую. Вельмі падабаецца Каложа, кожны раз бачу яе іншай. Нядаўна напісала Каложу зялёнай — такой убачыла яе ў вячэрнім святле, і захацелася гэта адлюстраваць. На маіх карцінах і совы, і вароны, і іншыя птушкі. Задум шмат, проста на ўсё не хапае часу. І ўсё ж бліжэй за ўсё мне гарадскі пейзаж, — расказвае мастачка.

Любімыя месцы, куды яна адпраўляецца са сваімі вучнямі, таксама раён ля Каложы, пажарнай каланчы, Савецкая вуліца. А яшчэ яна выбірае такія месцы, дзе дзецям было б зручна прысесці, набраць вады, дзе быў бы цень.

“Заняткі творчасцю ўплываюць на развіццё дзяцей. Яны па-іншаму глядзяць на свет, сяброўства, па-іншаму будуюць адносіны з людзьмі. Ужо столькі гадоў працую і ўвесь час здзіўляюся, наколькі творчасць мяняе дзяцей”.

— Прыгажосць можна знайсці ў любым месцы, — упэўнена мастачка. — Недалёка ад палаца творчасці расце наша любімае дрэва. Неяк паказала яго дзецям. Кажу: вы кожны дзень праходзіце міма і не заўважаеце, якія ў яго пераплеценыя сучкі. Паспрабуйце іх намаляваць. Для дзяцей гэта не толькі добрая практыка — так яны вучацца заўважаць прыгожае, незвычайнае ў простых рэчах, якія нас акружаюць.

І вось ужо на дзіцячых малюнках тая ж Каложа, вулачкі роднага горада, што і ў мастака-педагога. Ці параўноўвае выкладчык гэтыя малюнкі? Безумоўна, не. І бацькоў вучыць ніколі не крытыкаваць творы сваіх дзяцей, не параўноўваць з работамі іншых.

— Я лічу, што нават не кожны прафесіянал зразумее дзіцячы малюнак, — адзначае Любоў Раманаўна. — Я забараніла бацькам дзяцей выказвацца наконт іх творчасці. А сама заўсёды хвалю іх работы, прыводжу ў прыклад. Кожная лінія ў іх малюнках праведзена з такой непасрэднасцю. Даросламу трэба пастарацца, каб так намаляваць. Іх дзесьці крывыя, касыя лініі нясуць такі зарад станоўчай энергіі!

Усе дзеці ў “Ізастудыі” таленавітыя, старанныя, не прапускаюць заняткаў нават на канікулах. І вынікі іх працы відавочныя. Ужо ў першы год навучання пяцігодкі малююць так, што цяжка паверыць у тое, што гэта работа маленькага чалавека. Сярод выпускнікоў школ ёсць тыя, для каго мастацтва стала прафесіяй. Але педагог упэўнена, што навыкі малявання спатрэбяцца ў жыцці ўсім:

— Заняткі творчасцю ўплываюць на развіццё дзяцей. Яны па-іншаму глядзяць на свет, сяброўства, па-іншаму будуюць адносіны з людзьмі. Ужо столькі гадоў працую і ўвесь час здзіўляюся, наколькі творчасць мяняе дзяцей. Спачатку хлопчыкі і дзяўчынкі прыходзяць сарамлівыя, заціснутыя, баяцца ўзяцца за раскрыццё складанай, на іх погляд, тэмы. Спачатку я з імі проста размаўляю, стараюся зразумець кожнага маленькага чалавека, дапамагаю раскрыць яго таленты. Потым выкладаю тэхніку малявання, расказваю сакрэты творчасці. І дзеці раскрываюцца, як бутон, усё у іх атрымліваецца. Гэтая смеласць бачная нават у малюнках. Назіраючы за выхаванцамі, заўважыла, якія яны добразычлівыя адзін да аднаго, гатовыя заўсёды прыйсці на дапамогу. Мне вельмі падабаецца працаваць з дзецьмі.

На рахунку юных мастакоў шмат узнагарод. Штогод яны прымаюць удзел у рэспубліканскай выставе-конкурсе дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Калядная зорка” і становяцца пераможцамі. Удзел у шматлікіх рэспубліканскіх, абласных і гарадскіх конкурсах таксама заўсёды прыносіць дыпломы пераможцаў. Педагог ганарыцца поспехамі сваіх выхаванцаў і заўсёды падтрымлівае іх імкненне прыняць удзел у конкурсе.

Упэўнена, што і наведвальнікі “Ізастудыі” ганарацца майстэрствам свайго педагога. Займацца ў гэтым аб’яднанні па інтарэсах заўсёды шмат жадаючых. У гэтым навучальным годзе акрамя дзвюх груп другога года навучання выкладчык набрала яшчэ адну новую групу.

Любоў Раманаўна не толькі дзеліцца з выхаванцамі ідэя­мі і ведамі, але і сваім майстэрствам. Яна паказвае ім свае работы, а часам ладзіць для іх майстар-класы. І вось ужо бэз, які ўсе баяліся маляваць, становіцца для іх не такім ужо складаным малюнкам.

Некалькі гадоў назад 12 работ Любові Раманавай выстаўляліся ў Міністэрстве адукацыі ў рамках сумеснай выставы педагогаў дадатковай адукацыі “Маляўнічы аўтограф Гродзеншчыны”. А ў жніўні 2020 года яе карціны дэманстраваліся на выставе “Родныя вуліцы” ў гродзенскім гандлёвым цэнтры OldCity.

Некалькі гадоў назад 12 работ Любові Раманавай выстаўляліся ў Міністэрстве адукацыі ў рамках сумеснай выставы педагогаў дадатковай адукацыі “Маляўнічы аўтограф Гродзеншчыны”. А ў жніўні 2020 года яе карціны дэман­страваліся на выставе “Родныя вуліцы” ў гродзенскім гандлёвым цэнтры OldCity. Дарэчы, тут мастачка нярэдка ла­дзіць майстар-класы для наведвальнікаў.

— Я шчаслівы чалавек, бо мае работа і хобі супада­юць, — прызнаецца Любоў Раманаўна. — Ніколі не пашкадавала, што стала мастаком, і вельмі цудоўна, што маю магчымасць дзяліцца сваімі ведамі, майстэрствам з дзецьмі. Работа з імі шмат дае і мне як мастаку, натхняе на стварэнне новых работ.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.