Вярхом у лета

Збіраючыся штораніцы ў лагер, гэтыя дзеці бяруць з сабой моркву, яблыкі, сухары ці некалькі кавалачкаў цукру… “Дзіцячы арганізм расце”, — падумаеце вы? А вось і не. Усё гэта ласункі для іх любімцаў: у пасёлку Ратамка, што пад Мінскам, для хлопчыкаў і дзяўчынак праводзіцца конна-спартыўны лагер дзённага знаходжання. Як жа жывецца летам удзельнікам змены — і дзецям, і коням? Каб даведацца аб гэтым, адпраўляемся да іх, у Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі.

Грывастая прафарыентацыя

Першыя адказы на гэтае пытанне атрымліваеш ужо праз пару хвілін, пасля таго як сыходзіш з электрычкі і, рухаючыся ў бок лагера, удыхаеш водар сакавітай травы, мядовы пах канюшыны… І калі не адразу разумееш, чаго гэта так вуху не хапае. А, машын! Тут няма машын. На тэрыторыі ў 2 тысячы гектараў “транспарт” іншы і неверагодна спартыўны. І справа не ў колькасці “конскіх сіл” пад капотам — яна якраз адна, затое якая!
Цэнтр стаў домам для соцень скакуноў. Як дадому сюды штодзень прыязджаюць і іх прыхільнікі. Першая чэрвеньская змена сабрала ў Ратамцы 30 падлеткаў. Гэтыя хлопчыкі не толькі мараць адчуць сябе сапраўднымі каўбоямі і рыцарамі, а дзяўчынкі — уявіць сябе на месцы дам на прыгожых скакунах з гістарычных фільмаў і раманаў. Усе яны без выключэння ў сваіх марах — прафесійныя спартсмены. Дапамагчы ім зрабіць свае першыя ўпэўненыя крокі ў абраным кірунку і стала ідэяй летніка. “Колькі існуе наш цэнтр, столькі існуе спартыўна-аздараўленчы лагер, — расказвае Святлана Сіроткіна, начальнік вучэбна-спартыўнага аддзела РЦАП коннага спорту і конегадоўлі. — Ён працуе выключна для выхаванцаў цэнтра, прычым першую змену мы традыцыйна праводзім для дзяцей пачатковай падрыхтоўкі, якія займаюцца ў нас першы ці другі год. Ім па 10—13 гадоў. Па завяршэнні двух гадоў навучання гэтыя дзеці пяройдуць у адно з трох спартыўных аддзяленняў — трохбор’я, выездкі або пераадольвання перашкод. І лагер — гэта цудоўная магчымасць для самога дзіцяці зрабіць гэты выбар, а для трэнераў — лепш прыгледзецца да спартыўных задаткаў сваіх будучых выхаванцаў. Менавіта летам дзеці і коні праводзяць больш трэніровак (9 гадзін на тыдзень замест звычайных 6), больш праводзяць часу разам пасля іх. Дзеці толькі ў летніку напоўніцу разумеюць спецыфіку коннага спорту. Пасля заняткаў каня ты не паставіш, як інвентар, у кут: яго трэба супакоіць, памыць, пачысціць. У лагеры дзеці вызначаюць для сябе, ці маюць яны жаданне траціць свой вольны час на ўсё гэта, тым больш ахвяраваць каштоўнымі канікуламі. А з пераходам у спартыўнае аддзяленне кожнае дзіця атрымае свайго ўласнага каня, будзе трэніравацца ўжо па два разы на дзень і, акрамя таго, павінна будзе сачыць яшчэ і за здароўем свайго грывастага сябра, пры неабходнасці вадзіць яго ў клініку. Часам за спартсменам замацоўваюцца адразу два кані”. Але, пазнаёміўшыся з удзельнікамі змены, я ўпэўнілася, што на сваіх любімцаў яны часу не шкадуюць. Больш за тое, коням яны прысвячаюць куды больш часу, чым ім адведзена праграмай. Вечарамі яны чытаюць кнігі пра конны спорт, пра саміх коней, пра іх звычкі, абмяркоўваюць падзеі лагера ў групах у сацсетках, тэмай іх тэлефонных размоў становяцца Дыскатэка, Эмбарга ці Дэфіцыт — важныя персоны ў канюшні. Нават за вячэрай з бацькамі абмяркоўваюць, чаму конь не выканаў піафэ ці піруэт — у многіх удзельнікаў змены ў сям’і былі прафесіяналы ў конным спорце. Напрыклад, тата Вікторыі Каплярчук Віктар — майстар спорту па пяцібор’і. У пяцібор’і былі поспехі і ў таты Паліны Кімаевай. Тата Настассі Жур займаўся конным трохбор’ем. Мамы Сабрыны Сярмяжка і Паліны Казакевіч шмат гадоў прысвяцілі канкуру.
На паўтарэнне бацькоўскіх поспехаў настроены і дзеці. Для гэтага ў некаторых нават ёсць свае коні, напрыклад, у Дамінікі Матвіенка, Улада Абмёткі. Арына Глушнёва ўсе выхадныя праводзіць з дзядзькавай кабылай, а зусім хутка ён зробіць пляменніцы самы жаданы для яе падарунак — уласнае жарабя.
Паліна Казакевіч села на каня яшчэ малечай — у яе сваякоў у вёсцы ёсць коні. “Я спрабавала дрэсіраваць іх, але гэта вельмі складана, хоць я на зубок ведаю дзясяткі кніг пра коней, пра дрэсіроўку, — дзеліцца дзяўчынка. — Навучыўшыся з маленства ісці крокам і цягнуць за сабой воз, конь ніяк не хоча ісці ў канкур. Вось чаму я прыйшла займацца на спартыўных конях”.

Гнядая псіхалогія

Акрамя саміх трэніровак, не менш жаданы час у лагеры пасля іх. “Адкрочыць” — на прафесійнай мове, або проста выпасці — вось самы любімы занятак для хлопчыкаў і дзяўчынак. Яны былі б рады бавіць час на духмяных палетках дацямна. Як адзначае Надзея Гінько, старшы трэнер аддзялення пачатковай падрыхтоўкі, вольныя зносіны, бадай, самы важны складнік узаемаадносін каня і спартсмена, бо дапамагае ім лепш зразумець адно аднаго, у будучыні гэта дапамагае скласціся іх спартыўным парам. “Як правіла, дзеці прыходзяць да нас, не ўлічваючы таго, што конь — не цацка. Ён мае свой характар, асаблівасці псіхалогіі, — тлумачыць трэнер. — Як і людзі, коні будуюць адносіны адно з адным. Асабліва ярка гэта праяўляецца, калі яны раніцай гуляюць у лявадзе, і відаць, хто з кім сябруе, а хто на каго точыць зуб. Як правіла, сябруюць суседзі, якія стаяць у дзянніках побач, і калі іх сяброў нехта зачэпіць, нават могуць іх абараняць”.
Асабліва часта даводзіцца коннаму грамадству абараняцца ад Мішкі, бо той чапляецца без усялякай прычыны. Не любяць коні і Парфінію, якая таксама знакамітая ў гэтых адносінах. Часам паказвае сваё наравістае “я” Далавер, Гармонік. Усё гэта дзецям трэба ўлічваць, каб не падпускаць непрыяцеляў блізка адно да аднаго.
З першых дзён, як толькі дзіця ўпершыню садзіцца на каня, трэнеры вучаць ім кіраваць, не даючы каню паблажак, не дазваляючы яму рабіць нешта па жаданні, скажам, паесці травы падчас трэніроўкі.
“Часам конь любіць праверыць наезніка, пашкоднічаць, але ён павінен зразумець, што наезнік галоўны, — тлумачыць Надзея Гінько. — Скажам, у змене, дзе дзеці вярхом на конях ходзяць па перыметры загарадкі, я патрабую заходзіць у вуглы, а не зразаць квадрат у круг. Коням, канечне, гэтага не хочацца, бо так нязручна, таму яны абавязкова паспрабуюць схітрыць. І калі конь зрэжа вугал, а наезнік не адрэагуе, будзе сарвана ўся трэніроўка: конь будзе ігнараваць павароты, перамены або замяняць іх тым, што зручна яму. Або ўвогуле не захоча станавіцца ў змену, не захоча ісці рыссю. Таму нядзіўна, калі нават упарты конь імгненна адчувае, што спуску яму не будзе і трэніроўка праходзіць гладка. Калі ты пусціш яе на самацёк хоць раз, чакай падвоху і ў наступны”. Прыручыць каня, дабіцца яго даверу, паслухмянасці — вось навука, якую хлопчыкі і дзяўчынкі толькі пачынаюць асвойваць, але ўжо пэўныя парады могуць даць і яны.
“Разам з патрабавальнасцю не трэба забывацца і пра пяшчоту, — упэўнена Ганна Капцюк. — Часам з канём можна проста дамаўляцца, а за паслухмянасць хваліць і, канечне, частаваць — яны ўсё зробяць за кавалачак цукру, сакавіты яблык ці хрусткі сухарык”.

Дзіцячы канкур

Безумоўна, любы летнік — гэта яшчэ і аздараўленне, а тым больш гэты.
Другая палова дня — час адпачынку, гульняў, тэматычных віктарын. Часта лагер супадае з міжнароднымі спаборніцтвамі па конным спорце, якія праводзяцца на базе цэнтра. Сёлета ўдзельнікам змены асабліва пашчасціла: на мінулым тыдні яны сталі сведкамі відовішчнай падзеі: тут прайшоў фінал Кубка свету па сучасным пяцібор’і. І, канечне, хлопчыкі і дзяўчынкі ладзяць свае спаборніцтвы: вызначаюць, хто ж сярод іх самы хуткі, самы спрытны і самы вынослівы.
“Фізічная падрыхтоўка дзяцей, якія прыходзяць да нас пры наборы, мякка кажучы, засмучае, — гаворыць Святлана Сіроткіна. — У іх ужо пасля кароткай дыстанцыі ўзнікае задышка, складана і са скачкамі. Часам дзеці нават не ведаюць, як групавацца пры кувырку. А некаторыя — парадаксальна — увогуле лічаць, што гэта для спартсмена не трэба. Памятаю выпадак, калі патэлефанавала бабуля адной дзяўчынкі і была ўзрушана: “Навошта дзецям бегаць і скакаць, калі гэта будуць рабіць коні?” Насамрэч, без фізічнай падрыхтоўкі ў нас ніяк. Таму мы і адпаведнае тэсціраванне праводзім пры наборы і пасля, калі дзеці становяцца нашымі выхаванцамі, шмат удзяляем увагі іх спартыўнай падрыхтоўцы, асабліва летам”. У лагеры спаборніцтвы праходзяць і з тэніснымі ракеткамі, з валейбольнымі мячамі. Самы лепшы скакун вызначаецца ў батутнай зале. Штодзень у лагеры тлумачацца правілы новай гульні, якія арганізоўваюць самі ж дзеці. А часам спартыўныя заняткі маюць “конную” афарбоўку. Напрыклад, “дзіцячы канкур” дапамагае самім наезнікам адчуць сябе конямі.
“Гэта выдатнае практыкаванне, і не толькі таму, што яно найлепш умацоўвае ногі, — гаворыць Надзея Гінько. — Дзеці сапраўды адчуваюць, з якімі цяжкасцямі сутыкаецца конь пры пераадольванні перашкод, чаму ён можа спыніцца, адысці ўбок. Упэўніваюцца, што калі заходзіць па дыяганалі, куды складаней узяць вышыню, зручней заходзіць перпендыкулярна”.
Дарэчы, не толькі дзеці, але і іх гадаванцы — сабакі, каты, трусы і нават хамякі, пацукі — асвойваюць канкур. Забаўныя відэаролікі, на якіх жывёлы пераадольваюць імправізаваныя перашкоды, іх гаспадары размяшчаюць у групе летніка ў сацыяльных сетках. Па словах Надзеі Гінько, такая дрэсіроўка вельмі спрыяе коннаму спорту, бо галоўнае тут уменне знаходзіць агульную мову з тым, хто гаварыць не ўмее. Тым больш што навучыць сабаку, не кажучы ўжо пра астатніх герояў відэа, скакаць праз перашкоду куды складаней, чым каня.
Ці стануць сённяшнія нашы героі зоркамі коннага спорту, пакуль невядома, тым больш што чакаць прыйдзецца доўга: вынікі шматгадовай працы, як правіла, з’яўляюцца праз гады. Але самі хлопчыкі і дзяўчынкі настроены рашуча — яны абавязкова будуць на кані — і ўпэўнены, што некалі абавязкова пачуюць густы звон алімпійскіх медалёў.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.