Як жывецца ў горадзе майстроў?

У сярэдняй школе № 8 Жодзіна існуе даволі цікавая традыцыя. Кожны год будучым выпускнікам дазваляецца пакінуць аб сабе памяць на любой сцяне школы. Менавіта дзякуючы дазволу на свабодную творчасць, у калідоры з’явілася сучасная інтэрпрэтацыя знакамітай карціны Марка Шагала “Прагулка”. Спартыўную залу ўпрыгожыла вялікая колькасць штучных мячоў для баскетбола, а на вокнах “выраслі” прыгожыя кветкі з паперы, зробленыя ў тэхніцы модульнага арыгамі. Уся гэтая прыгажосць ствараецца ў школьнай мастацкай кузні — мастацка-архітэктурным аддзяленні.
Пачынаем з пошукаў страчанага

На першы погляд сярэдняя школа № 8 Жодзіна нічым не адрозніваецца ад любой іншай. Але ёсць у яе адна асаблівасць. Таму, як у школе арганізавана дзейнасць шостага школьнага дня, можна толькі пазайздросціць. Безумоўна, у школе працуюць і звычайныя гурткі, секцыі, але найбольш адметнай з’яўляецца дзейнасць архітэктурна-мастацкага аддзялення, дзе выхоўваюць будучых мастакоў. Зусім нядаўна, на пачатку лістапада, у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” праходзіў Рэспубліканскі конкурс на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня. Юныя жодзінцы пакарылі журы і занялі першае месца ў намінацыі “Лепшы інавацыйны праект” дзякуючы сваёй рабоце “Горад майстроў”.
Работа ў вучняў насамрэч была ўнікальнай. Праект, вынесены на суд журы, уяўляў сабой падборку лепшых архітэктурных распрацовак. Сярод іх былі праекты помнікаў, памятных знакаў і інш. Увогуле, ні адна з сярэдніх навучальных устаноў рэспублікі не можа пахваліцца наяўнасцю настолькі моцных архітэктурных класаў, якія працуюць у межах школы ў шосты дзень. Што тычыцца “Горада майстроў”, які быў прэзентаваны ў “Зубраняці”, то ён з’яўляецца падпраектам першага значнага сацыяльнага партнёрскага праекта “Гэта мой горад!”, які ў сваю чаргу ад пачатку і да канца накіраваны на тое, каб па максімуме арганізаваць дзейнасць архітэктурнага напрамку ў шосты школьны дзень.
Асаблівага росквіту школьная архітэктура дасягнула пад кіраўніцтвам настаўніцы спецыяльных прадметаў мастацкай накіраванасці Ганны Генрыхаўны Надуда. Заняткі па архітэктуры і мастацтве, на якіх распрацоўваюцца праекты, праходзяць па суботах. Менавіта ў гэты дзень творчая скарбонка папаўняецца новымі ідэямі.
Дарэчы, першым сацыяльным гарадскім праектам, які быў заказаны школе, стала работа пад назвай “У пошуках страчанага. З гісторыі паштовай станцыі мястэчка Багуслава Радзівіла”. Для таго каб стварыць паштовую станцыю, трэба было перш-наперш стварыць макет. Напэўна, мала хто ведае, што макетаванне — працэс вельмі тонкі і складаны. Тут усё павінна быць вымерана да міліметра. У Беларусі да нядаўняга часу макеты выраблялі толькі спецыяльныя лабараторыі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Зараз да прафесіяналаў далучыліся і вучні з Жодзіна.
Макет паштовай станцыі быў распрацаваны даволі хутка, а потым яго перадалі заказчыку — краязнаўчаму музею, які зацвердзіў праект і ўсю далейшую работу па рэалізацыі плана паштовай станцыі ўзяў на сябе.
“Падчас распрацоўкі першага макета мы ішлі навобмацак, — адзначае Ганна Генрыхаўна Надуда. — Аднак перш чым узяцца за паштовую станцыю мы вывучалі рэаліі. І будзе вельмі правільна, калі папярэднічаць любой творчай рабоце будзе даследаванне праблемы. Менавіта па гэтай прычыне нашы даследчыя і праектныя майстэрні працуюць разам”.

Знакі, якія сталі часткай гісторыі

Услед за паштовай станцыяй школе паступіла прапанова распрацаваць план маладзёжнага цэнтра, прадумаць, якім павінна быць месца, дзе будзе часта збірацца моладзь. Для таго каб зрабіць макет больш дасканалым, цікавым, вучні распрацавалі не толькі інтэр’ер цэнтра, але і экстэр’ер — вызначылі, якія аб’екты будуць знаходзіцца на вуліцы, прадумалі ландшафтны дызайн.
У дзень, калі падлеткі прадстаўлялі ўжо гатовае архітэктурнае рашэнне маладзёжнага цэнтра, у зале прысутнічала старшыня нямецкага грамадскага фонду “Дзецям Чарнобыля” Дагмар фон Эмерых. Сказаць, што яна была ўражана работай юных жодзінцаў — нічога не сказаць. Прафесіяналізм, які адлюстроўваўся ў макеце, быў высока ацэнены. За сваю работу дзеці атрымалі граматы і каштоўныя падарункі. Гэта было толькі пачаткам вялікага творчага шляху. Менавіта пасля прэзентацыі цэнтра да вучняў пачалі паступаць новыя прапановы.
“Вельмі многа заказаў паступала з Жодзінскага раённага выканаўчага камітэта, — працягвае Ганна Генрыхаўна. — Адным з цікавых праектаў можна назваць “Эскіз добраўпарадкавання плошчы Багуслава Радзівіла”. Гэтая работа была прадстаўлена на Першых Радзівілаўскіх чытаннях, якія праходзілі ў Жодзіне. Праект быў высока ацэнены, дзеці атрымалі дыплом. Кіраўніцтва горада зацікавілася распрацоўкай, але пазней яна, на жаль, была адкладзена “ў стол”, дзе дагэтуль чакае свайго часу. Думаем, што эскіз абавязкова павінен быць рэалізаваны.”
Акрамя макетаў і эскізаў, заслугоўваюць увагі памятныя знакі, якія таксама распрацоўваюць школьнікі. Адной з такіх работ стаў памятны знак, прысвечаны чарнобыльцам. Перад распрацоўкай эскіза юныя архітэктары правялі маштабную творчую работу “Адлюстраванне трагедыі Чарнобыля ў беларускім мастацтве”. Даследаванне дапамагло зразумець, як пры дапамозе скульптуры можна данесці людзям інфармацыю, каб яна надоўга засталася ў памяці. І, напэўна, кожны вывераны крок, кожны прадуманы штрых эскіза зрабіў сваю работу. Зараз распрацоўка, па якой будзе ўстаноўлены памятны знак, прысвечаны чарнобыльцам, знаходзіцца ў гарвыканкаме. Плануецца, што ў хуткім часе на вуліцах Жодзіна ажыве яшчэ адна скульптурная кампазіцыя.
Сёння ў распрацоўцы вучняў знаходзіцца памятны знак, прысвечаны афганцам. І зноў жа, перш чым узяцца за распрацоўку архітэктурнага праекта вучні вывучылі “Гісторыю афганскага руху ў Жодзіне” — гэтая творчая работа стала першай прыступкай на шляху да новых вяршынь.
“У нашай школе вучацца дзеці, чые бацькі ваявалі ў Афганістане, — адзначае Ганна Генрыхаўна. — Акрамя гэтага, 126 жыхароў горада значацца ў спісе афганскага брацтва, а гэта значыць, што ёсць і падстава, і магчымасць давесці пачатае да дасканаласці. Дарэчы, хацелася б адзначыць і творчую работу пад назвай “Вобраз беларускай жанчыны-патрыёткі ў скульптурным летапісе Вялікай Айчыннай вайны”. Для таго каб зрабіць распрацоўку гэтай скульптуры, дзецям давялося вельмі многа працаваць. Спатрэбіліся не толькі агульныя сведчанні пра Вялікую Айчынную вайну, але і “жывыя” ўспаміны. Дзеці сустракаліся і гутарылі з ветэранамі, якія жывуць у горадзе. Хацелася зрабіць вобраз жанчыны-патрыёткі такім, каб, гледзячы на яго, у людзей прачыналася пачуццё патрыятызму”.

Дапамагаць гораду — значыць, любіць яго

Асобным пунктам у жыцці жодзінскіх архітэктараў значыцца афармленне сацыяльных аб’ектаў горада. Дзіцячы сад, які знаходзіцца непадалёк школы, літаральна ажыў пасля таго, як там у гасцях пабывалі старэйшыя сябры. На дзіцячых пляцоўках, а таксама на сценах сада, на дзіцячых шафах пасяліліся героі з мультфільмаў і казак, якія радуюць не толькі дзетак, але і дарослых.
Не абмінулі ўвагай выхаванцы Ганны Генрыхаўны яшчэ адзін важны для горада аб’ект — бальніцу. Не толькі ідэя знешняга выгляду галоўнага корпуса, але і ландшафтны дызайн — усё гэта зноў жа было распрацавана ў школе № 8.
Наперадзе ў школьнікаў шмат цікавых вынаходстваў, праектаў і перамог. І хочацца верыць, што першае месца на рэспубліцы — гэта ўсяго толькі чарговая прыступка, якая надасць юным мастакам-архітэктарам сілы ісці наперад і быць лепшымі.

Наталля ДУБІК.