Ёсць твой узор у стужцы часу

Зямля Францыска Скарыны і Ефрасінні Полацкай на працягу стагоддзяў жывіць, узбагачае і ў многім фарміруе духоўную, культурную і сацыяльную прастору Беларусі. Плён жыцця яе сыноў і дачок увасоблены ў знакамітым барадулінскім “Ад Полацка пачаўся свет”. Якраз Полаччына падарыла найбуйнейшае на айчынным небасхіле сузор’е славутых талентаў і высокіх лёсаў, прыкладаў самаадданай працы і бязмернай любові да роднага краю. Яно жывое, полацкае сузор’е, бо не застыла ў манументальнай велічы, а штогод папаўняецца новымі імёнамі і справамі. У тым ліку ў ключавой для далейшага развіцця сферы адукацыі і, у прыватнасці, напрамку грамадзянска-патрыятычнага і духоўнага выхавання моладзі.

Энергетыка вытокаў

— Для Полацка і палачан гэта адвечна, — упэўнена начальнік упраўлення па адукацыі райвыканкама Ірына Драздова. — Наш горад самы старажытны ў Беларусі, тут стагоддзямі намоленая зямля, асаблівая энергетыка вытокаў. Наш горад сучасны — нездарма ён першым афіцыйна быў прызнаны беларускай культурнай сталіцай. Наш горад малады і крэатыўны: у мінулым годзе мы захоўвалі сімвалічны ключ і насілі статус маладзёжнай сталіцы краіны. Немагчыма жыць на Полаччыне і не адчуваць яе адметнасць. Між тым з гордасці за радзіму, землякоў нараджаецца не толькі жаданне даведацца больш, але і свядомае імкненне быць не горшым за продкаў, дастойна працягваць іх справы. Немагчыма нашаму педагогу не задзейнічаць у сваёй рабоце полацкі краязнаўчы і гістарычны матэрыял, настолькі ён багаты, змястоўны і разнастайны. Адпаведна наша задача — выбудоўваць адукацыйную мадэль, у якой адзначаны патэнцыял будзе выкарыстаны максімальна эфектыўна.

Раён сярод першых на Віцебшчыне ініцыіраваў стварэнне краязнаўча-адукацыйнага комплексу пра малую радзіму і пачаў яго сістэмнае ўкараненне на ўсіх узроўнях адукацыі. У рамках вучэбна-выхаваўчага праекта “Мы — палачане” дашкольныя ўстановы працуюць па спецыяльнай праграме “Першыя крокі да полацказнаўства”. Непасрэдна факультатыўны курс “Полацказнаўства”, большасць матэрыялаў да якога падрыхтавалі мясцовыя педагогі, рэалізоўваецца ў школах і гімназіях. Акрамя тэарэтычнага (веданне гістарычных падзей і выдатных асоб, сацыякультурных асаблівасцей, помнікаў матэрыяльнай і духоўнай культуры), ён мае вялікі практычны складнік. Установы адукацыі цесна супрацоўнічаюць з музеямі і архівамі, навучэнцы наведваюць музейныя выставы, займаюцца даследчай дзейнасцю, удзельнічаюць у археалагічных раскопках. Выключная роля ў грамадзянска-патрыятычным і духоўным выхаванні палачан належыць творчасці, даследчай і грамадскай дзейнасці. Гэтыя тры пачаткі сканцэнтраваны ў многіх сацыяльна значных праектах, што нара­дзіліся на Полаччыне.

Напэўна, самым вядомым з іх з’яўляецца маладзёжны форум “Скарынаўскія дні ў Полацку”, аб мерапрыемствах якога мы рэгулярна інфармуем нашых чытачоў. Пачатак “Скарынаўскім дням” быў дадзены, калі некалькі гадоў назад ідэю полацкіх педагогаў падтрымалі райвыканкам, Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі і галоўнае ўпраўленне па адукацыі Віцебскага аблвыканкама. Пасля прысваення Полацку статусу “Горад, дружалюбны да дзяцей” да арганізатараў праекта далучыўся Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Коль­касць удзельнікаў пашырылася за кошт дэлегацый усіх беларускіх гарадоў, аб’яднаных глабальнай ініцыятывай ЮНІСЕФ (менавіта тут, дарэчы, быў створаны Рэспубліканскі каардынацыйны савет маладзёжных парламентаў першага склікання), а з гэтага года яшчэ і прадстаўнікоў Латвіі, Польшчы, Германіі.

Увага: інавацыя

Другі напрамак уяўляе сабой арыгінальную серыю гістарычна-краязнаўчых даследчых праектаў. Першым быў “Полацк вачамі дзяцей, або Горад у мініяцюры”, вынікам якога сталі шэраг даследчых работ навучэнцаў, шыкоўная калекцыя касцюмаў эпохі Сярэдневякоўя і, галоўнае, макеты 26 гістарычна-архітэктурных помнікаў роднага краю. Праз год праект вырас да абласнога і быў з поспехам прэзентаваны на Абласным фестывалі працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2018”. А ўстановы адукацыі раёна тым часам ужо працавалі над прысвечаным Году малой радзімы праектам “Краіна майго дзяцінства”: у серыі арыгінальных арт-аб’ектаў дашкольнікі і навучэнцы ўвасобілі свае самыя яркія ўражанні, асацыіраваныя з вобразам Бацькаў­шчыны (з названым праектам, як і з “Віцебшчынай у мініяцюры”, нашы чытачы таксама знаёмыя па папярэдніх публікацыях).

Здавалася б, выбраны і апрабаваны ўдалыя формы, можна далей паглыбляцца і камфортна працаваць у іх межах, але сёлета раён зноў здолеў вельмі моцна здзівіць. Тое, што зараз дэманструе Полаччына, якасна пераўзыходзіць узровень гістарычна-даследчай дзейнасці ў рамках рэалізацыі раённага, нават адкрытага рэгіянальнага праекта і мае характар пастаянна дзеючай інавацыйнай лабараторыі, філіяламі якой сталі створаныя на базе ўстаноў адукацыі раёна клубы гістарычнай рэканструкцыі. Як патлумачыла Ірына Драздова, праект “Стужка часу” прымеркаваны да Года малой ра­дзімы і з’яўляецца доўгатэрміновым рэгіянальным мерапрыемствам, накіраваным на вывучэнне, збор матэрыялаў і рэканструкцыю гістарычных падзей. Яго ініцыятарам выступіў райвыканкам, арганізатарам — упраў­ленне па адукацыі райвыканкама пры падтрымцы абласнога інстытута развіцця адукацыі, галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама, сацыяльных партнёраў школ і гімназій раёна. Кожнай з іх было прапанавана накіравацца па стужцы часу ў полацкую даўніну. Іншымі словамі — выбраць сваю, абмежаваную пэўным гістарычна-культурным кантэкстам тэму для рэканструкцыі і наступнай інтэрактыўнай прэзентацыі. Вынік, найбольш маштабна на сёння прадэманстраваны падчас чарговых “Скарынаўскіх дзён”, перавысіў усе чаканні: гісторыя ажыла!

Атрымалася нестандартна, моцна, перспектыўна і надзвычай прывабна для мола­дзі. Дарэчы, ацэнка экспертаў, якім у розны час былі прадстаўлены фрагменты новага праекта, сказанае пацвярджае. Напрыклад, журы нядаўняга Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня ўзнагародзіла дыпломам І ступені праект “Стужка часу: гістарычная рэканструкцыя. Таццяна Марыненка і дзейнасць партызанскай брыгады “Няўлоўныя” сярэдняй школы № 8 Полацка (намінацыя “Лепшы інавацыйны праект”, аўтары — намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Дзіна Кунцэвіч і педагог-арганізатар Дзіяна Цябут).

Пра полацкага “Васілька”

— Фактычна суаўтарамі ў той ці іншай ступені з’яўляецца ўвесь актыў школьнага клуба ваенна-гістарычнай рэканструкцыі “Памяць”, бо кожны з нас прыўнёс у агульную скарбонку свае веды, вопыт, ідэі і прапановы, — удакладняе Дзіна Іванаўна. — Гэта 14 нашых навучэнцаў з 3 па 11 клас і педагагічныя работнікі — мы з Дзіянай Анатольеўнай, педагог-арганізатар Анжаліка Леановіч, настаўнікі — гісторыі Сяргей Каралёнак, рускай мовы і літаратуры Алена Валеўка, англійскай мовы Таццяна Ждановіч, пачатковых класаў Наталля Арліеўская, фізічнай культуры і здароўя Ігар Асколкаў. А ўдзельнікаў праекта з ліку навучэнцаў і іх бацькоў, педагогаў у разы больш. Спецыфіка рэалізацыі нашай часткі праекта “Стужка часу” ў тым, што яна адбывалася пераважна ў межах мерапрыемстваў шостага школьнага дня. Сваю гістарычную рэканструкцыю мы прысвяцілі 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а тэмай выбралі дзейнасць партызанскай брыгады “Няўлоўныя” і подзвіг Героя Савецкага Саюза Таццяны Марыненка.

Выбар, па сутнасці, заканамерны: на школьным гербе ў памяць пра подзвіг Таццяны Марыненка адлюстраваны васілёк (у гады Вялікай Айчыннай вайны падпольны пазыўны партызанскай разведчыцы і сувязной быў “Васілёк”), у школьным двары ў 1980 годзе ўстаноўлены бюст героя, яе імя носіць школьная піянерская дружына. Гарадскі мікрараён, дзе знаходзіцца ўстанова адукацыі, названы ў гонар Таццяны Савельеўны — Марыненка. Трэба сказаць, што першае сацыялагічнае апытанне, праве­дзенае саветам старшакласнікаў сярод мясцовых жыхароў, выявіла іх недастатковую дасведча­насць. З 52 рэспандэнтаў некалькіх узроставых груп на пытанне “Ці ведаеце вы, чаму наш мікрараён так названы?” менш за дзве трэці далі поўны станоўчы адказ, пяцёра паведамілі, што ў гонар героя Таццяны Марыненка, але не мелі інфармацыі пра подз­віг, які яна здзей­сніла, астатнія канстатавалі ўласнае няведанне. Кожнаму з апытаных навучэнцы ўручылі распрацаваны ў школе інфармацыйны буклет “Помнім! Славім! Ганарымся!”

Рухавіком праекта стаў клуб ваенна-гістарычнай рэканструкцыі “Памяць” пад кіраўніцтвам Сяргея Каралёнка. Аматары гісторыі роднага краю займаюцца валанцёрскай дзейнасцю, вывучэннем архіўных дакументаў і ўсіх даступных інфармацыйных крыніц, вывучаюць і супастаўляюць факты, аднаўляюць элементы ваеннай формы і амуніцыі, рэканструююць падзеі перыяду дзейнасці партызанскай брыгады “Няўлоўныя” для любой аўдыторыі гледачоў праз паказальныя выступленні, дакументальна-мастацкія і тэатральныя пастаноўкі. Пасяджэнні клуба праходзяць па раскладзе ў суботу. За год рэалізаваны шэраг мерапрыемстваў, уключаючы працоўныя дэсанты па добраўпарадкаванні бюста Таццяны Марыненка і замацаваных за ўстановай адукацыі воінскіх пахаванняў, тэматычныя экскурсіі па слядах славы героя, літаратурна-музычную кампазіцыю “Жаночы твар Перамогі”, мітынг “Паклонімся вялікім тым гадам”, гадзіну памяці “Яе клікалі Васілёк”, удзел у рэспубліканскім семінары кіраўнікоў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і раённых урачыстасцях, прысвечаных 75-годдзю вызвалення Беларусі ад гітлераўцаў, ваенна-патрыятычны квест “Мы — нашчадкі Вялікай Перамогі!”, школу піянерскіх навук, стварэнне кнігі памяці і абарону праекта.

— Работа не завершана, праект разлічаны яшчэ на два гады, — падсумоўвае Дзіяна Цябут. — Мы пераканаліся: рэканструкцыя — дзейсная форма вывучэння ваеннай гісторыі, бо яна дае магчымасць дапоўніць уласнымі ўражаннямі пачэрпнутыя з гістарычных дакументаў, кніг, інтэрнэт-крыніц ці кінастужак веды, адчуць нягоды ваеннага ліхалецця, ужыцца ў вобраз героя, перажыць непараўнальныя па яркасці і вастрыні адчуванні. Гэта грамадзянска-патрыятычнае выхаванне ў дзеянні і наша памяць пра далёкую і страшную вайну, вялікі подзвіг людзей, якія хацелі жыць, кахаць і быць шчаслівымі, хацелі падарыць нам жыццё… І пакуль мы памятаем, ёсць надзея, што вайна ніколі не паўторыцца!

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва сярэдняй школы № 8 Полацка.