З густам па-лельчыцку

Для стварэння сапраўднага шэдэўра ландшафтнага дызайну патрэбны толькі тры рэчы: зацікаўленасць, ідэя і добры густ. У педагогаў Лельчыцкай раённай гімназіі Гомельскай вобласці з гэтым усё ў парадку. Ёсць і зацікаўленасць (ды яшчэ якая!), поўна ідэй (ды яшчэ якіх!), ёсць і добры густ (калі больш дакладна, то не проста добры, а выдатны). Нездарма ўстанова адукацыі рэгулярна перамагае на раённых конкурсах добраўпарадкавання, становіцца прызёрам і на абласным узроўні.

Каб не стракацела ў вачах

На колер і смак, як вядома, таварыша не знойдзеш, аднак калі вакол школьнага будынка ад рознакаляровых клумбаў, альпійскіх горак, шматлікіх скульптур, а таксама калодзежаў, мосцікаў, сажалак проста стракаціць у вачах, то пачуццё прыгажосці і замілавання такое добраўпарадкаванне наўрад ці выкліча. Ярка, страката, але вось бяда — густу амаль не назіраецца. Для характарыстыкі вялікай, амаль у 4 гектары, тэрыторыі Лельчыцкай раённай гімназіі варта выкарыстоўваць зусім іншыя словы: стрымана, інтэлігентна, прыгожа, з густам, па-сучаснаму. Ёсць тут і клумбы, дастаткова і кветкавых кампазіцый, не маецца недахопу і ў скульптурах. Затое якіх, затое як зробленых! І важна, што ўсе ландшафтныя кампазіцыі ствараюць асаблівую атмасферу, садзейнічаюць вучэбнаму і выхаваўчаму працэсу, а не, наадварот, замінаюць яму сваёй стракатасцю. І яшчэ: спалучэнне колераў на тэрыторыі гімназіі проста ідэальнае. Нават расфарбоўка адмысловых парасонаў-кветнікаў спалучаецца з колерам дахаў суседніх дамоў, што стварае колеравую гармонію мікрараёна гімназіі.
— Азеляненне і добраўпарадкаванне гімназічнай тэрыторыі пачалося з дня заснавання ўстановы. Можна сказаць, што нам пашчасціла, бо, дзякуючы мудраму і крэатыўны кіраўніку арганізацыі, якая ўзводзіла гімназію, мы атрымалі не толькі прыгожы будынак, але і высаджаную па ўсім перыметры тэрыторыі жывую агароджу, зоны адпачынку і кветнікі-парасоны. Нам нічога не заставалася, як толькі працягнуць закладзеную традыцыю і стварыць свой асаблівы экалагічны і эстэтычны свет гімназічнага жыцця, — паведаміла дырэктар гімназіі Галіна Мяфодзьеўна Карапунарлы.

На Палессі ды без балота?

Нават калі б рабочыя і не зрабілі для калектыву гімназіі падарунак у выглядзе рэалізаванага праекта па ландшафтным дызайне, лельчыцкія педагогі ўсё роўна стварылі б на тэрыторыі ўстановы сапраўдны кветкавы і скульптурны рай. Першапачатковая добраўпарадкаванасць тэрыторыі стала падмуркам і добрым стымулам для далейшай актыўнай работы. Адзін за адным сумесна з шэфамі, лясгасам, дзякуючы дапамозе бацькоў, працы настаўнікаў-энтузіястаў і навучэнцаў, пачалі рэалізоўвацца экалагічныя праекты.
У першы ж год дзейнасці гімназіі быў закладзены дэндрапарк. Сёння гэта ўжо сапраўдны комплекс, у якім квітнее і зелянее больш за 60 відаў экзатычных кустоў і дрэў. Акрамя таго, тут вырошчваюцца лекавыя расліны, агародніна, якая потым падаецца на абед навучэнцам у выглядзе смачных салатаў. І дэндрапарк, і агарод маюць яшчэ адно практычнае значэнне: яны дазваляюць праводзіць навучэнцам даследчую дзейнасць.
Калі дэндрапарк стаў першым праектам, рэалізаваным лельчыцкімі педагогамі, то другі па ліку — экалагічная сцежка “Залессе” працягласцю каля паўтара кіламетра з 10 станцыямі і 2-гадзіннай экскурсіяй, падчас якой можна пазнаёміцца з разнастайнымі відамі мясцовай флоры і фаўны. Напрыклад, на станцыі “Загадкавы свет балота” прадстаўлена інфармацыя пра жывёльны, раслінны свет, асаблівасці глебы палескіх балот. Падчас экскурсіі настаўнікі расказваюць пра значэнне “лёгкіх Еўропы”, пра тое, што яны назапашваюць вільгаць у глебе, фільтруюць атмасферныя ападкі, выпрацоўваюць кісларод і кансервуюць вуглярод. Балота — гэта і крыніца паліва, каштоўнага ўгнаення, торфу, танных кармоў. Таксама гэта сыравіна для фармакалогіі і многае іншае. Увага экскурсантаў засяроджваецца на тым, што пры ўмелым выкарыстанні рэсурсы галоўнага прыроднага багацця палескага рэгіёна будуць доўгія гады прыносіць велізарную карысць людзям. Таму ахова балотных рэсурсаў адыгрывае важную ролю ў выжыванні чалавецтва.

Свой стыль

І ўсё ж галоўная жамчужына, а дакладней, жамчужыны прыгімназічнай тэрыторыі — гэта кветнікі. З дамінуючым зялёным колерам, з фіялетавымі фіялкамі, з чырвонымі і жоўтымі цюльпанамі — яны раскіданы па ўсіх куточках гімназічнай тэрыторыі. Такой разнастайнасці па-добраму пазайздросцяць не толькі школы, але і ўстановы дадатковай адукацыі эколага-біялагічнага профілю. Своеасаблівай клумбавай адметнасцю з’яўляецца разбіўка кожную вясну адной вялікай тэматычнай клумбы. Сёлета такая клумба была закладзена ў гонар 70-годдзя вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Гэтая інтэлігентная, сучасная кветкавая прыгажосць створана па ўсіх законах ландшафтнага дызайну. Як прызналася Галіна Мяфодзьеўна, сакрэты афармлення тэрыторыі яна асвойвала разам з калегамі паступова. Перыяд павярхоўных тэарэтычных ведаў даўно мінуў, і сёння ўсе кампазіцыі з’яўляюцца часткай аднаго стылю. Паколькі канкрэтнай назвы ў гэтага стылю няма, пры яго характарыстыцы будзем выкарыстоўваць слова “лельчыцкі”.
Для лельчыцкага стылю ландшафтнага дызайну характэрна строгая сіметрычнасць алей, правільныя геаметрычныя формы і стрыманае колеравае і кветкавае афармленне клумбаў. Дрэвы высаджваюцца на адлегласці не менш за 10 метраў ад будынка ўстановы, кусты — не менш за 5 метраў, калючыя кусты і кусты з атрутнай ягадай забаронены. Калі з цэнтральнай сцежкі завярнуць за будынак гімназіі, то трапляеш у зусім іншае ландшафтнае вымярэнне, дзе сумяшчаецца несумяшчальнае. Адным словам, сапраўдны ф’южн. Можа падацца, што тут уладарыць дысгармонія. На самай справе і міксбордзеры, і ракарыі, і кусты, і дрэвы ствараюць асаблівую атмасферу, арыгінальную зону для адпачынку і творчасці.

Не толькі лебедзі

А яшчэ тут “атрымалі прапіску” малыя архітэктурныя формы, ды не проста шырока распаўсюджаныя лебедзі, гномы, буслы. Кожная скульптура створана ў адукацыйным стылі. Напрыклад, клумба-кніга з металічнымі літарамі “а” і “я” — гэта сімвал атрымання ведаў, галоўнай мэты дзейнасці гімназіі. Побач з кветкавай кнігай размясціўся металічны пенал з такім жа металічным пяром як сімвал перадачы ведаў наступным пакаленням. Наколькі паспяхова перадаюцца гэтыя веды, сведчаць высокія вынікі лельчыцкіх гімназістаў на раённых і абласных алімпіядах і конкурсах. А вось сімвал філасофскіх разважанняў і лагічных высноў — гэта ўжо кветнік-фантан. Не толькі радаваць вока, падымаць настрой, але і прымушаць задумацца — менавіта такія функцыі павінны выконваць малыя архітэктурныя формы на тэрыторыі ўстановы адукацыі.
Звычайна ў фантанах у неба вылятае вада. І апускаецца таксама вада. На тэрыторыі лельчыцкай гімназіі крыху па-іншаму: у неба вылятае вада, а вось пры падзенні яна нібыта ператвараецца ў кветкавую крынічку, якая струменіць па зямлі, пераліваецца рознымі колерамі фіялак, цюльпанаў, гваздзікоў, незабудак. Прыгажосцю гэтай крыніцы любуюцца не толькі людзі. Кветкавы матыль, які прызямліўся на кнізе-клумбе, здаецца, застыў у зачараванні. Што яго ўразіла? Ці толькі незвычайная крынічка? Хутчэй за ўсё яшчэ і не менш прыгожыя і арыгінальныя кветкавыя бардзюры, рабаткі, арабескі, кантэйнеры.
— Адным з кірункаў экалагічнага і эстэтычнага выхавання нашых навучэнцаў з’яўляецца рэгулярны ўдзел у конкурсах па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый устаноў адукацыі. Амаль кожны год мы становімся прызёрамі раённых і дыпламантамі абласных конкурсаў. У рамках цяперашняга рэспубліканскага конкурсу “Упрыгожым Беларусь кветкамі” акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” мы выбралі для сябе намінацыю “Памяць Перамогі”, прысвечаную 70- годдзю вызвалення краіны ад фашысцкага прыгнёту і будучаму юбілею Вялікай Перамогі. Творчая група навучэнцаў і педагогаў прапаноўвала шмат варыянтаў тэматычнай клумбы, мноства яе макетаў. У выніку быў выбраны варыянт з кароткім і ёмістым выразам “70 гадоў Перамогі”. Сімвалам Перамогі стаў шматколерны кветкавы салют, які яшчэ толькі распускаецца. Спадзяёмся, што кампазіцыя прынясе нам чарговую і не апошнюю перамогу, — падзялілася дырэктар гімназіі.

Галоўнае — не замінаць

Ярка, страката, прыгожа… А можа, лепш стрымана, з густам, па-сучаснаму? На смак і колер, як вядома, таварышаў няма: аднаму падабаюцца традыцыйныя лебедзі, другому — металічны пенал з пяром. Адзінае, што павінна аб’ядноўваць шэдэўры прышкольнага ландшафтнага дызайну — гэта стварэнне асаблівай атмасферы, якая б не замінала, а дапамагала рабіць адукацыйны і выхаваўчы працэс больш якасным.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота з архіва Лельчыцкай раённай гімназіі.