З Паднябеснай — у Сінявокую

На флагштоку ў “Зубраняці” побач з беларускім сцягам рэе сцяг Кітайскай Народнай Рэспублікі. У гэтыя дні на беразе Нарачы паўсюль не прывычная беларускаму вуху мова, а кожны супрацоўнік і адпачываючы “Зубраняці” вывучыў кітайскае прывітанне “Ні Хао”. Упершыню ў нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры вітаюць гасцей з Паднябеснай.

Сустрэча сяброў і “дзіцячая дыпламатыя”

Рэйсам Пекін — Мінск у нашу краіну прыляцелі 46 дзяцей і 8 дарослых, якія іх суправаджаюць. Па старадаўняй традыцыі, дарагіх гасцей сустракалі хлебам-соллю. Віктар Віктаравіч Якжык, намеснік міністра адукацыі, шчыра вітаў гасцей на беларускай зямлі. Сустрэча атрымалася надзвычай цёплай, бо ў мінулым годзе беларускія дзеці наведвалі Кітай, і многія з арганізатараў і суправаджаючых пазнаёміліся і пасябравалі. Абмеркаваць і ўзгадаць было што.
З аэрапорта шлях ляжаў адразу ў “Зубраня”, дзе гасцей даўно чакалі і сустракалі “па-зубраняцку” — цёпла і дружалюбна. “Для нас такія візіты — гэта і гонар, і радасць, і вялікая адказнасць, — расказвае Надзея Генадзьеўна Ануфрыева, дырэктар НДЦ “Зубраня ”. — Мы сябе пазіцыянуем як шматпрофільную ўстанову, якая працуе ў розных кірунках. І адзін з кірункаў нашай работы — міжнародная дзейнасць. Ёсць тэрмін “народная дыпламатыя”, а мы развіваем у цэнтры “дзіцячую дыпламатыю”. Інакш як чалавек у будучым стане наладжваць міжнародныя сувязі, калі ён у дзяцінстве ізаляваны ад інтэрнацыянальнага грамадства? Цудоўна, калі з маленства чалавек знаёміцца і знаходзіць сяброў, якія родам з іншых краін. Так выхоўваецца талерантнасць, паважлівыя адносіны, пашыраецца кругагляд. Ужо 11-ты раз сёлета мы правялі форум “Сяброўства без межаў”, на якім былі прадстаўнікі 7 краін. Нядаўна ў нас адпачывалі дзеці з Японіі, а цяпер мы рады гасцям з Кітая”.
Надзея Генадзьеўна таксама падкрэсліла, што такія візіты — гэта цудоўная магчымасць не толькі даведацца пра іншыя краіны, але і паказаць сваю, прэзентаваць культуру, дасягненні і здабыткі нашай радзімы. Нярэдка замежныя госці, асабліва калі яны жывуць вельмі далёка, нічога не ведаюць пра Беларусь ці маюць вельмі павярхоўнае, прыблізнае ўяўленне аб нашай краіне. А з “Зубраняці” дадому яны ад’язджаюць напоўненыя новымі ўражаннямі і інфармацыяй, з жаданнем расказаць сваім сябрам і блізкім пра Рэспубліку Беларусь.

Прыемнае знаёмства

“Я адчуваю шчасце кожную хвілінку тут, я так марыла адправіцца ў далёкае падарожжа! — расказвае маленькая кітайская школьніца Лу І. — Мой тата часта па рабоце бывае ў камандзіроўках і шмат мне расказвае пра іншыя краіны, як там цікава і незвычайна. І я так хацела ўбачыць усё на свае вочы. І вось я ў Беларусі. Мне тут падабаецца ўсё-ўсё!” Дзяўчынка прыехала з горада Сямынь, што ў правінцыі Фуцзянь. Хутка Лу І пойдзе ў 6 клас. А яшчэ яна добра спявае і ўдзельнічае ў конкурсах, дзякуючы чаму і трапіла ў Беларусь: у склад дэлегацыі адбіралі таленавітых дзяцей, калектывы з розных куткоў Кітая, якія праявілі сябе на творчых спаборніцтвах. Так, акрамя спевакоў, прыехалі хлопчыкі і дзяўчынкі, якія іграюць на арфе, флейце і іншых музычных інструментах, танцуюць, займаюцца каліграфіяй. Яны адразу выказалі жаданне пазнаёміцца з мастацкай творчасцю, культурай нашай краіны, а таксама паўдзельнічаць ва ўсіх творчых мерапрыемствах “Зубраняці”, каб паказаць сваё майстэрства, сваю культуру.
Знаёмства з краінай пачалося са знаёмства з лагерам. Тэрыторыя цэнтра вялікая, чаго тут толькі няма! Госці ледзь паспявалі здымаць на камеры тэлефонаў і планшэтаў лес, сцяжынкі, жывёл на экалагічнай пляцоўцы “Бабровая хатка”, драўляныя фігуры, якія ўпрыгожваюць палянкі, альтанкі, мосцікі, пірс і, канечне, непаўторнае і велічнае возера Нарач. Дзеці пракаціліся па воднай гладзі на катары і прайшліся па экалагічнай сцяжыне. І малыя, і дарослыя не маглі ўтрымацца ад кампліментаў прыродзе. “Прыгажосць навокал неверагодная! — кажа ўзрушана Гу Хон, выкладчыца ігры на арфе. — Першае, што мяне ўразіла, — гэта паветра. Яно такое чыстае, свежае. А яшчэ прастора і свабода. Гэта ўсё якраз тое, чаго так не хапае ў Пекіне, дзе я жыву. Прыемна бачыць, што ў вашай краіне захоўваюць прыроду, бо, зберагаючы яе, мы зберагаем і сябе. А як нам пашанцавала з надвор’ем! Шчыра кажучы, мы ўзялі з сабой шмат цёплага адзення і былі вельмі здзіўлены, што тут амаль гэтак жа спякотна, як у Пекіне”.
Бліжэй пазнаёміцца з беларускай культурай і гісторыяй кітайскія госці змаглі ў вучэбна-экскурсiйным цэнтры старажытнай побытавай культуры беларусаў “Хутар “Неслуч”. Тут яны змаглі нават “прымераць” на сябе нацыянальны каларыт — апранулі элементы нацыянальнага льнянога адзення. А яшчэ даведаліся, як у пачатку XIX стагоддзя будавалі свае хаты беларусы, як іх абсталёўвалі і як у гэтых хатах жылі. Спрабавалі здагадацца, што такое і для чаго выкарыстоўваліся чыгун, рагач і качарга. Гэтыя рэчы выклікалі ў дзяцей задуменне, і самі адказу яны так і не знайшлі. А калі экскурсавод запыталася, для чаго, на іх погляд, да калыскі прывязвалася доўгая вяроўчына ці стужка, то юныя госці выказалі здагадку, што яна выкарыстоўвалася як рэмень бяспекі. Таксама дзеці разам з беларускімі аднагодкамі пагулялі ў старадаўнюю беларускую гульню “Ручаёк” і “паспрабавалі” традыцыі на смак — пачаставаліся блінцамі.
Пасля даследавання “Зубраняці” кітайскія школьнікі пашырылі геаграфію вывучэння і адправіліся ў сталіцу нашай краіны. Там яны наведалі плошчу Незалежнасці, Траецкае прадмесце, Нацыянальную бібліятэку, паглядзелі на Мінск з вышыні і разглядалі яго ў святле ліхтароў падчас вячэрняй прагулкі. На наступны дзень геаграфія падарожжа пашырылася яшчэ больш: хлопчыкі і дзяўчынкі адправіліся ў Мір і Нясвіж, адны з самых папулярных і самых прыгожых мясцін Беларусі. Як жылі простыя беларусы ў вёсцы, дзеці даведаліся ў “Неслучы”, а Нясвіж і Мір — гэта ўжо гісторыя пра іншую Беларусь, замкавую, магнацкую, прасветленую, са сваімі легендамі і кур’ёзнымі здарэннямі. І гэта яшчэ не ўсё: наперадзе ў гасцей знаёмства з Мядзельскім краем. Іх чакае так званае “Нарачанскае кальцо”, музей народнай славы, помнік нарачанскім партызанам, Андрэеўскі касцёл у вёсцы Нарачы. А перад ад’ездам яшчэ адно наведванне сталіцы: экскурсіі па музеях Мінска і сустрэча з кіраўніцтвам Белдзяржуніверсітэта.

Незвычайны хлеб

Пасля такіх насычаных падарожжаў проста неабходны годныя ўмовы для адпачынку. У “Зубраняці” праблем з гэтым няма. Кітайскіх хлопчыкаў і дзяўчынак пасялілі ў двух камфартабельных катэджах. Харчуюцца яны ў сталовай разам з іншымі адпачываючымі цэнтра. Там на выбар ім прапаноўваюць некалькі страў, але ўсе яны прывычныя для беларуса і экзатычныя для кітайца. І ўсё ж госці хутка рассмакавалі і ўпадабалі ежу. Напрыклад, Гу Хон спадабалася бульбяное пюрэ, і амаль кожны адзначыў надзвычай смачны хлеб. А вось для маленькай Лу І хлеб выглядае вельмі непрывычна, таму спачатку яна нават не рызыкнула яго есці. Але больш смелыя таварышы, паспрабаваўшы, запэўнілі дзяўчынку, што гэта вельмі смачна, і цяпер Лу І кажа, што чорны хлеб — яе любімая беларуская страва.
Скарыстаюцца госці і магчымасцямі медыцынскага корпуса НДЦ. На шчасце, са здароўем у іх парадак, і ў мэтанакіраваным лячэнні яны не маюць патрэбы. Але дактары цэнтра падабралі для іх працэдуры рэлаксацыі, танізуючыя і тыя, якія павышаюць імунітэт. Дзеці і дарослыя пройдуць курс аромафітатэрапіі і іонатэрапіі, паспрабуюць фітачаі. Сапраўдным адкрыццём для дзяцей стаў кіслародны кактэйль. Паспрабаваўшы яго ўпершыню, хлопчыкі і дзяўчынкі пачалі жвава абмяркоўваць навінку. І хаця немагчыма было зразумець, што яны кажуць, але ўніверсальная мова мімікі выдала, што дзеці здзіўлены і крыху збянтэжаны. Праз перакладчыка яны патлумачылі, што смак здаецца ім незвычайным, не падобным ні да чаго, але ім падабаецца.
Паўсюль на тэрыторыі НДЦ побач з гасцямі выхавальнікі. Усе яны вопытныя і працавалі ўжо з замежнымі дэлегацыямі. Кажуць, што працаваць няпроста, але цікава. “Галоўная праблема ў нашых зносінах — моўны бар’ер. Але мы пераадольваем яго з дапамогай мовы жэстаў і паступова вывучаем некаторыя словы, — расказвае Ганна Віктараўна Казырэвіч, выхавальнік НДЦ “Зубраня” . — А наогул, працаваць з імі прыемна, усе дзеці выхаваныя, культурныя. Мне вельмі падабаецца, што яны жвавыя, цікаўныя да ўсяго, з лёгкасцю адклікаюцца на любыя прапановы. А як непасрэдна і шчыра на ўсё рэагуюць! З майго расповеду аб “Зубраняці” найбольш узрушыў іх той факт, што ў школе цэнтра не задаюць дамашняга задання. Яны так бурна абмяркоўвалі і каменціравалі гэтую інфармацыю! А потым расказалі, што самі пра такое нават і марыць не могуць, бо ў кітайскіх школах задаюць вельмі аб’ёмістыя заданні на дом. І нават адпачываць сюды яны прыехалі са сваімі школьнымі сшыткамі і падручнікамі”.

Каляровыя будні

Вярнуўшыся з падарожжа па Беларусі, дзеці акунуліся ў зубраняцкія будні. І будні гэтыя дакладна не шэрыя, а ўсіх магчымых колераў і адценняў, бо ў “Зубраняці” нікому не даюць сумаваць і марнаваць час.
Учора хлопчыкі і дзяўчынкі прадэманстравалі сваё танцавальнае і выканальніцкае майстэрства на сцэне, прыняўшы ўдзел у адкрыцці новай змены ў НДЦ. Кожны дзень яны будуць удзельнічаць у мерапрыемствах разам з беларускімі дзецьмі, якія адпачываюць у “Зубраняці”. Напрыклад, якраз сёння іх чакае “Касцёр сяброўства” — вечар ля вогнішча, з печанай бульбай, у атмасферы дружалюбнасці і адкрытасці. А ў хуткім часе яны паўдзельнічаюць у вялікім свяце — дні нараджэння “Зубраняці”. Ужо зараз прыдумваюць і рэпеціруюць свой віншавальны нумар. Таксама кітайскія дзеці наведаюць “лясную гасцёўню” і правядуць ціхую гадзіну ў гамаках пад адкрытым небам, навучаць і навучацца нацыянальным гульням падчас мерапрыемства “Гуляюць дзеці розных краін”, возьмуць удзел у спартландыі і свяце беларуска-кітайскага сяброўства.
Паколькі госці — людзі творчыя, ім прапануюць майстар-класы, падчас якіх можна будзе не толькі весела правесці час, але таксама навучыцца новаму і даведацца больш пра нашу краіну. Так, напрыклад, на майстар-класе “Нацыянальны танец” яны сустрэнуцца з ансамблем “Лялечкі” Абухоўскага цэнтра культуры, павучацца беларускім танцам і падзеляцца сакрэтамі сваіх нацыянальных танцаў. А на майстар-класе “Нацыянальная цацка” навучацца вырабляць сувеніры з “беларускім характарам”, каб падарыць іх сваім блізкім.
Безумоўна, ад’язджаючы, яны забяруць з сабой не толькі шматлікія сувеніры і фотаздымкі, але і незабыўныя ўражанні аб нашай краіне, раскажуць сваім сябрам пра Беларусь і самы лепшы дзіцячы цэнтр — “Зубраня”. “У нашых сэрцах мы павязём на радзіму беларускія пейзажы, а таксама тых цудоўных людзей, якіх сустрэлі тут. Усе — арганізатары, дырэктар цэнтра, супраджаючыя — зрабілі так, што мы адчуваем сябе як дома, — расказвае Чхэн Бо, віцэ-прэзідэнт фонду імя Сун Цінлін. — Назаўсёды мы запомнім “Зубраня”, яго атмасферу. Мы чулі раней, што беларускія дзеці вельмі любяць гэтае цудоўнае месца, а цяпер яго будуць любіць і нашы дзеці”. Спадзяёмся, і ў Паднябеснай цяпер будуць ведаць, што наша краіна гасцінная і прыгожая і што кожнаму дзіцяці добра ў “Зубраняці”.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.