“Задача трэнера — не быць ідэальным, а імкнуцца да ідэалу”

Перамога Аргенціны над ФРГ у фінале чэмпіянату свету па футболе, атрыманне Цінай Цёрнер зоркі на Галівудскай алеі славы, запуск арбітальнай станцыі “Мір” — усё гэта адбылося ў 1986 годзе. А яшчэ гэта год заснавання мінскага клуба спартыўнага бальнага танца “Іскрынка”, які пазней стаў “Мэтай”. Такая падзея па колькасці ашчасліўленых людзей мае права стаяць у адным шэрагу з папярэднімі.

Асобы клуба

Ля вытокаў “Мэты” стаялі Уладзімір і Ірына Парахневіч. Туды яны прывялі і свайго сына Уладзіслава, які цяпер узначальвае аддзел спорту і турызму Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Кантакт” Мінска і ра­зам са сваёй маці выкладае ў клубе. Уладзіслаў Уладзіміравіч танцуе з пяці гадоў. Творчая натура праявілася і ў жаданні займацца выяўленчым мастацтвам, што ў 5 класе прывяло да дылемы, чаму сябе прысвяціць.

— Я выбраў танцы, і пачалася прафесійная падрыхтоўка, трэніроўкі сталі больш паглыбленымі. Пасля школы паступіў ва ўніверсітэт культуры і мастац­тваў на спецыяльнасць “Бальны танец”. Калі скончыў яго, то па размеркаванні трапіў у сярэднюю школу № 2 Мар’інай Горкі, дзе працаваў 6 гадоў. На жаль, там скарацілі заняткі па агульнаэстэтычным профілі, і я вярнуўся ў цэнтр “Кантакт”, дзе падпрацоўваў яшчэ ў час студэнцтва.

У 25 гадоў Уладзіслаў Парахневіч завяршыў прафесійную кар’еру танцора і пачаў развівацца як педагог.

— Спачатку было незразумела, чым мая прафесійная дзейнасць будзе карысная ў выкладанні. Але ў нейкі момант я адчуў, што магу даць псіхалагічную дапамогу. Напрыклад, на спаборніцтвах. Танцоры ж па-рознаму адчуваюць сябе на трэніроўках і на турнірах. Калі нешта не атрымалася, трэба з гэтым справіцца. У такія моманты я і ўспамінаю, як гэта было ў мяне, і стараюся дапамагчы вучням, каб маленькая няўдача не адкаціла іх назад, не прымусіла апусціць рукі. Да таго ж бальныя танцы — гэта парны від спорту. Прыгадваюцца ўласныя зносіны з партнёрам. Дзеці не хочуць танцаваць адно з адным, потым, праўда, прывыкаюць. Падлеткі па-іншаму ўспрымаюць свайго партнёра, з мужчынскага і жаночага пунктаў гледжання.

У клубе “Мэта” можна пазнаёміцца як з чатырохгадовымі танцорамі, так і з тымі, каму за сорак. Работа з людзьмі рознага ўзросту дае трэнерам каштоўны вопыт, які не кожны можа сабе дазволіць.

— Маленькія дзеці больш адкрытыя душой. Калі да іх прыходзіць такім жа на заняткі, то яны будуць з табой на адной хвалі. Ты становішся для іх лепшым сябрам. Галоўнае — гэтыя адносіны захаваць. Калі казаць пра школьнікаў, якія раней не займаліся, то яны прыходзяць у “шкарлупіне”. Яны падазроныя і шукаюць ва ўсім падвох, — кажа Уладзіслаў Парахневіч.

— Падлеткі саромеюцца самі сябе, — дадае яго маці, педагог клуба Ірына Анатольеўна. — “Навошта мне гэта трэба? Я гэтага ніколі не зраблю!” Калі яны штосьці паспрабавалі і ў іх адразу не атрымалася, ім здаецца: усё, трэба кідаць. Важна па­тлумачыць, што не ўсё даецца з першага разу. А дарослыя падобныя да маленькіх: і тым, і тым два прыстаўныя крокі, якія зроблены правільна, столькі радасці прыносяць, столькі захаплення! Да таго ж на дарослых накладвае адбітак іх прафесія. Філолаг у нас вучыў крокі як верш, людзям з ІТ трэба было задаць алгарытм, паслядоўнасць задач.

Галоўнае — жаданне

Усе мы па сабе ведаем, як цяжка пачынаць. Уладкавацца на новую працу, памяняць месца жыхарства… Ды што тут казаць: нават раніцай устаць з ложка не заўсёды проста! У танцах усё тое ж самае.

— Самае складанае для дзяцей, якія толькі пачалі займацца, — гэта музыка. Мы кажам: “Вальс танцуецца на тры лікі. Пачынаем з ліку “раз”. А яны не разумеюць, дзе гэты “раз”, як яго пачуць, — усміхаецца Уладзіслаў Парахневіч. — Але калі дзеці пачынаюць чуць, то гэта прарыў. Яны ўсю музыку слухаюць уважліва і потым кажуць: “А вы ведалі, што ў гэтай рэкламе песня — гэта самба? А давайце пад гэтага спевака займацца, гэта ж ча-ча-ча”. Вядома, складана даецца асваенне новых рухаў. Мы жартуем, што ў танцора не дзве нагі, а сорак: правая, левая, пярэдняя, задняя, знешняя, унутраная… І апошняя цяжкасць — пазбавіцца страху спаборніцтваў.

— Хаця малышам турніры ў ра­дасць, — працягвае Ірына Анатольеўна. — Самае страшнае пачынаецца тады, калі яны разумеюць, што займаюць “не тое” месца. Хтосьці — першае, а ён ці яна — трэцяе. Тады ўзнікаюць пытанні “А чаму ў мяне трэцяе? Я ж таксама стараўся, усё рабіў”.

Спартыўныя бальныя танцы маюць вельмі шмат плюсоў. Пачынаючы з агульнага фізічнага развіцця, прыгожай паставы, добрай гнуткасці, заканчваючы выхаваннем манер і ўменнем трымаць сябе перад іншымі. А яшчэ танцы ствара­юць прыемны эмацыянальны фон. У нейкім сэнсе гэта тэрапія. І што вельмі важна, яна не мае абмежаванняў па ўзросце.

— Адзін хлопец 2 гады вадзіў да нас на заняткі брата. Потым вырашыў сам паспрабаваць, і пачаў займацца ў 14 гадоў! У 16 ён стаў чэмпіёнам Беларусі. А потым яшчэ 5 разоў перамагаў. Пазней ад яго сышла партнёрка, ён пачаў танцаваць з расіянкай і пераехаў туды. Прайшоў час, і ён стаў яшчэ і чэмпіёнам Расіі. Цяпер гэта адзін з самых запатрабаваных трэнераў ва ўсім свеце. Некаторыя кажуць, што пачынаць у 14 гадоў ужо позна. Як можна канкурыраваць з тым, хто займаецца ўжо 10 гадоў? Але галоўнае тут мэтанакіраванасць і жаданне, — упэўнены Уладзіслаў Парахневіч.

Дарэчы, дзве гэтыя рэчы залежаць не толькі ад самога вучня, але і ад трэнера.

— Трэнер, як і вучань, заўсёды павінен імкнуцца да нечага, — кажа Таццяна Анатольеўна. — Калі ён сам навучаецца, расце, то яму цікава з дзецьмі. Як і ім са сваім трэнерам. Калі гэта проста адбывалаўка, няма зносін, у конкурсах вы не ўдзельнічаеце, то і вынікі будуць адпаведныя. Задача трэнера — не быць ідэальным, а імкнуцца да ідэалу разам з дзецьмі. Калі ты да чагосьці прыйшоў і ў цябе няма новай мэты, то ты спыняешся, а трэба працягваць рухацца.

Ён і яна

Падбор партнёра — адзін з самых складаных этапаў для танцораў. Часам гэты працэс займае паўгода, год. Прасцей за ўсё знайсці кампаньёна ў раннім узросце.

— Звычайна, калі дзеці прыходзяць у 5—6 гадоў, яны танцуюць і ўвесь час мяняюцца, а ты глядзіш, хто падыходзіць адно аднаму па характары, — расказвае Уладзіслаў Парахневіч. — Ёсць іншы спосаб: у пары заўсёды хтосьці дамінуе. Напрыклад, хлопчык добра чуе музыку, але яму не хапае ўпэўненасці. Тады трэба знайсці дзяўчынку, якая зможа павесці за сабой як лідар.

Бывае, пасля лета хлопчык і дзяўчынка сустракаюцца на занятках, адзін з іх вырас на 10 см, а іншы — не, і іх ужо разам не паставіць. Бывае, партнёры і па росце, і па ўзроўні танца падыходзяць, але характары розныя. Тут умешваецца трэнер, які павінен знайсці замену ці патлумачыць вучням, што дзесьці варта ўступіць, выслухаць адно аднаго, абмеркаваць набалелыя пытанні.

— Канфліктных сітуацый у парах вельмі шмат. Пасля няўдалага выступлення на спаборніцтвах пачынаецца абвінавачанне партнёра, што ён нешта зрабіў няправільна, не стараўся, мала займаўся і г.д., — расказвае Уладзіслаў Уладзіміравіч. — Галоўнае — высветліць, з-за чаго адбылася няўдача, таму што гэта можа быць нават банальнае недасыпанне. Калі спаборніцтвы дзесьці за мяжой, вы ехалі ўсю ноч, а раніцай адразу выступленне, гэта вельмі цяжка. Бывае, што нехта паглядзеў на чыюсьці партнёрку і разгулялася рэўнасць. Прычым на трэніроўках здаецца, што ў іх чыста дзелавыя адносіны, а потым вось такое…

Ёсць да каго расці

У гурткі дзяцей звычайна прыводзяць бацькі (хаця цяперашнія дзеці, якія з лёгкасцю ў 7 гадоў карыстаюцца інтэр­нэтам, могуць і самі выбраць сабе занятак па душы). Уладзіслаў Парахневіч, які часта бываў і бывае за мяжой, заўважыў, што беларускія бацькі і еўрапейскія ў многім адрозніваюцца.

— Нашы, аддаючы дзіця ў любы від спорту, у асноўным чакаюць ад яго высокіх дасягненняў. Еўрапейскія хочуць, каб іх дзіця займалася для сябе, для душы. Гэта вельмі бачна на спаборніцтвах. Напрыклад, у Польшчы, калі танцоры ў 10 гадоў зробяць, вобразна кажучы, два крокі ўлева і тры ўправа, усе радуюцца, кажуць, якія яны малайцы. Нашы ў такім узросце праз 2—3 гады ўжо кандыдатамі ў майстры спорту стануць, але калі зробяць памылку, то яшчэ і ад бацькоў могуць атрымаць. Затое дарослыя замежныя спартсмены выступаюць з душой, атрымліваюць асалоду ад працэсу, а беларускія проста тэхнічна выконваюць элементы, гэтакая фізкультура пад музыку.

З-за такога стаўлення ўзаемадзеянне трэнера з бацькамі атрымліваецца крыху не такім, як хацелася б.

— Пасля трэніроўкі выходзіш, кажаш, напрыклад: “Маша сёння ляніва займалася”. Для таго каб бацькі высветлілі, у чым прычына: можа, у дзіцяці тэмпература ці нейкія праблемы ў школе. Але часта гэта па-іншаму ўспрымаюць: калі дачка ленавалася, то будзе пакарана. “Цукерку не куплю, у кіно не пойдзем, дома толькі падрыхтоўка да ўрокаў”. На спаборніцтвах яшчэ цікавей бывае. Часам аказваецца, што бацькі нібыта і больш за дзіця, і больш за трэнера ў танцах разумеюць. Замест таго, каб падтрымаць, яны толькі негатыўны псіхалагічны клімат ствараюць.

Ірына Анатольеўна вяртае веру ў лепшае: “Але гэта таксама працэс. Цяпер бацькі становяцца ўсё больш еўрапейскімі”.

Неўзабаве бальныя танцы могуць стаць алімпійскім відам спорту. Уладзіслаў і Ірына Парахневіч упэўнены, што гэта палепшыць становішча спартыўных танцаў у краіне. Першы крок быў зроблены ўжо летам 2019 года: спартыўныя бальныя танцы былі прадстаўлены на ІІ Еўрапейскіх гульнях у Мінску.

— Зараз, калі бацькі прыводзяць дзяцей на заняткі, яны цікавяцца, што будзе далей. Мы ім расказваем, што можна атры­маць званне майстра спорту, майстра спорту міжнароднага класа, потым скончыць універсітэт, дзе рыхтуюць трэнераў па спартыўных танцах (БДУФК і БДУКМ), а потым або працяг­нуць танцаваць як прафесіянал, або стаць выкладчыкам. У нашым відзе спорту шмат хто працягвае спартыўную кар’еру ў іншых краінах. Але калі будзе магчымасць ­стаць алімпійскім чэмпіёнам, гэта зменіць сітуацыю, — лічыць Уладзіслаў Парахневіч.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота прадастаўлены клубам спартыўнага бальнага танца “Мэта”.