Летні вялікі перапынак дадзены школьнікам не толькі для ўмацавання іх здароўя, фізічнай загартоўкі, аднаўлення сіл пасля доўгага навучальнага года. Гэта час і іх маральнага, інтэлектуальнага ўзбагачэння, час дзеянняў, проб і праверкі сваіх сіл, час асваення і асэнсавання навакольнага свету. Як правіла, актыўны адпачынак дзяцей адбываецца ў аздараўленчых летніках, у санаторыях, у прышкольных летніх аздараўленчых лагерах.
Гэтым летам наша школа расчыніла дзверы для 20 дзетак ва ўзросце ад 6 да 10 гадоў і прапанавала адправіцца ў падарожжа па… загадкавых джунглях, дзе яны на нейкі час ператварыліся ў жыхароў прыморскіх краін. Кожны дзень хлопчыкі і дзяўчынкі наведваюць астравы: “Казка ў джунглях”, “Танцы этнічных груп папуасаў”, “Інтэлектуальны” і г.д. Свае вандроўкі дзеці ажыццяўляюць па карце падарожніка. Цікавасць да мерапрыемстваў, якія праводзяцца, узмацняецца тым, што на кожным востраве адбываюцца сустрэчы з яго жыхарамі, якімі з’яўляюцца старшакласнікі-валанцёры, студэнты педагагічных ВНУ (былыя выпускнікі школы). Менавіта яны на працягу ўсяго дня гуляюць, праводзяць цікавыя мерапрыемствы разам з дзецьмі, выступаюць у вобразах герояў тых самых загадкавых джунгляў.
У кожнага дзіцяці ёсць дзённік падарожніка са сваім фотаздымкам, дзе дзеці дзеляцца ўражаннем пра жыццё на востраве. Кожны дзень метадам жараб’ёўкі выбіраецца гаспадар вострава. Калі ён праходзіць усе выпрабаванні на працягу ўсяго дня, значыць, востраў называюць у яго гонар і жыхары ўручаюць яму абярэг.
Змянілася і сама школа. У фае з’явіліся экватарыяльныя ліяны з вясёлымі малпачкамі, дрэва настрою, камень-даведнік, які паказвае шлях у сталовую, гульнявы пакой, спартыўную залу і на вуліцу: “Прама пойдзеш — здароўе знойдзеш”, “Направа пойдзеш — смачняшку знойдзеш”, “Налева пойдзеш — забаву і адпачынак знойдзеш”, “Назад пойдзеш — гаючую сілу знойдзеш”. А калідоры школы ператварыліся ў паўастравы “Чысты”, “Ціхі”, “Смачны”, “Спартыўны”, “Гульнявы”.
Не засталіся ў баку ад наведвання нашых загадкавых джунгляў і сацыяльныя партнёры — РАНС, дэпартамент аховы, кінавідэапракат Навагрудка, адміністрацыя Дома-музея А.Міцкевіча. Не рэдкімі гасцямі нашых джунгляў сталі і дзеці, якія прыехалі пагасціць да родных на лета. Іх прысутнасць прыўносіць толькі пазітыўны ажыятаж для абарыгенаў астравоў. Мы рады, што змаглі зацікавіць такую колькасць людзей. Гэта толькі ўзмоцніць згуртаванасць дзяцей у летні перыяд, павысіць значнасць і выніковасць дзейнасці школы ў рамках рэалізацыі праектаў “Лета на карысць”, “Лета-2016: час адпачынку і сацыяльна значных спраў”.
Таццяна ЦЕЦЯРУК,
начальнік аздараўленчага лагера Пятрэвіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.
Фота Наталлі ЮШКЕВІЧ.