Памяць і гісторыя — дзве непарыўныя рэчы, якія захоўваюць ва ўзорным фальклорным калектыве “Знічка”. Камусьці можа падацца сумным выконваць песні, танцы і абрады 70-гадовай даўнасці, калі ёсць сучасныя хіты, рухі і рытуалы, але ў палатоўскім ансамблі на гэта глядзяць па-іншаму. Сувязь з мінулым напаўняе сэнсам кожны гук і кожны паварот. А калі ёсць сэнс, ёсць і асалода ад работы.
Натхненне ў межах рэгіёна
Калектыў “Знічка” стварылі ў Палатоўскім дзіцячым садзе — базавай школе Полацкага раёна ў 2003/2004 навучальным годзе. 24 лістапада 2008 года ён набыў статус узорнага і ўжо чатыры разы яго пацвердзіў. Зараз ансамбль узначальвае Валянціна Баева. Яна прыйшла толькі два гады назад, але ўлілася хутка: работу добра наладзіла папярэдняя кіраўніца Святлана Юр’еўна Кабацкая.
Слова “фальклорны” ў назве закранае ўсе бакі традыцыйнай культуры. Выхаванцы спяваюць песні і выконваюць танцы свайго раёна, паказваюць абрады, іграюць на традыцыйных беларускіх інструментах, займаюцца саломапляценнем, лозапляценнем, вышыўкай, разьбой па дрэве і выцінанкай. Увесь рэгіянальны матэрыял дзеці, іх бацькі і педагогі збіралі ў экспедыцыях. Ездзілі ў вёскі Полацкага раёна, размаўлялі з жыхарамі і запісвалі гэта яшчэ на касеты. Сабраны матэрыял выліўся ў чатыры альбомы: “Цыкл вясенніх свят” (велікодныя, масленічныя песні, вясеннія песні — заклічкі, гульні; святы Вялікдзень, Масленіца, Саракі, Гуканне вясны, Юр’е); “Цыкл летніх свят” (купальскія, жніўныя песні, святы Зялёныя святкі, Траецкі кірмаш, Купалле); “Цыкл восеньскіх свят” (Багач, Пакроў, Дзяды); “Цыкл зімовых свят” (Піліпаўскія вячоркі, Каляды, Стрэчанне).
Галоўнымі апавядальнікамі пра песні сталі П.С.Іванковіч, 1925 года нараджэння, Г.С.Гусарава, 1930 г.н. і Н.Ф.Лісоўская, 1934 г.н., з вёскі Заазер’е; В.У.Пісюкова, 1935 г.н., з вёскі Багатырскае; Н.Т.Храноўская, 1935 г.н., і З.Я.Бычкова, 1930 г.н., з вёскі Палата; А.С.Блінова, 1930 г.н., з вёскі Стадола; Н.П.Маскалёва, 1937 г.н., з вёскі Гомель. Пра карагоды, гульні і песні прыгадвала Т.К.Вышынская, 1935 г.н., з вёскі Шпакоўшчына, пра танцы, гульні і абрады — Я.С.Каланда, 1935 г.н., з вёскі Палата. Музыку для ансамбляў гарманістаў падарылі Я.І.Багданаў, 1946 г.н., В.П.Падгайскі, 1926 г.н., і У.В.Андрон, 1917 г.н.
“Калі я ўпершыню сутыкнулася з гэтым этнаматэрыялам, то адчула, быццам знайшла і адкрыла стары куфар, дзе захоўваюцца бабуліны рэчы, якія яна сама вышывала і берагла. Ад яго ішла такая цеплыня і святло, што ты ў момант разумееш — гэта бясцэнна”, — гаворыць Валянціна Міхайлаўна.
Зараз “Знічка” складаецца з 25 школьнікаў ва ўзросце ад 8 да 16 гадоў. Яны займаюцца кожны дзень па розных прадметах. Ігру на цымбалах выкладае Таццяна Генадзьеўна Бурдыка, ігру на дудзе і баяне — Сяргей Пятровіч Жарнасек, танец, сальфеджыа, музычную літаратуру і вакальны ансамбль — Валянціна Баева. Валянцін Мікалаевіч Курган кіруе інструментальным ансамблем, дзе іграюць на акарыне, гармоніках, цымбалах, жалейцы, кантрабасе, шумавых, і з’яўляецца канцэртмайстрам.
“Калі дзеці ездзілі ў экспедыцыі, ім бабулі і дзядулі расказалі шмат чаго цікавага. Напрыклад, яны пыталіся, ці можна ў выхадныя нешта рабіць. Аказваецца, штосьці неадкладнае можна, а тое, што пачакае да будняў, няхай чакае. Запомніліся аповеды пра тое, як тапілі лазню перад паездкай у сваты. Звычайна ў суботу лазню тапілі ўвечары, пасля работы. Калі лазня дыміла зранку, то ўся вёска ведала, што людзі паедуць у сваты”.
Святочны арыенцір
Каляндарныя святы былі асновай фальклорнай творчасці беларусаў, таму ў “Знічцы” спяваюць песні да Каляд, Масленіцы, Гукання вясны, Юр’я, Купалля, Дажынак, Зажынак, Піліпаўкі, Дзядоў, Пакрова і іншых свят. З цікавасцю і задавальненнем гледачы і члены журы на конкурсах слухаюць творы Полацкага канона — “Гаварыло ядраное жыта”, “У Кузьмовым дворчку” і інш.
“Заняткі вакальнага ансамбля праходзяць так: спачатку мы з дзецьмі распяваемся пад ігру канцэртмайстра, — расказвае Валянціна Міхайлаўна. — Потым вучым, напрыклад, вясеннія песні. Вывучаем меладычную лінію. Я паказваю вышыню, куды ідзе мелодыя, мы разбіраем: яна стаіць на месцы, падымаецца ўверх ці апускаецца ўніз. Адбіваем рытмічны малюнак, запамінаем тэкст, накладаем яго на мелодыю. Важна працаваць над гукастварэннем: шырока адкрываць рот, спяваць гучна, прыгожа, выразна, правільна дыхаць. Калі гэтыя этапы прайшлі, вучымся спяваць у ансамблі, каб не было чуваць кожнае дзіця паасобку, а каб усе ўспрымаліся як адно цэлае”.
На занятках па харэаграфіі свой парадак. Першае — трэба навучыцца рабіць рухі па дыяганалі, па крузе, у парах. Маленькім танцаваць у парах часам складана (напрыклад, у польцы), таму яны ідуць па дыяганалі, уяўляюць, што гэта пара, трымаюцца за рукі. Другое — класічная харэаграфія, каб выхаванцы ведалі пазіцыі ног і рук. Трэцяе — лічэнне музыкі, адбіўка яе нагамі і рукамі на раз, два, тры, чатыры. З малодшымі Валянціна Міхайлаўна прагаворвае танец як верш: “Крок — туп-туп, два — туп-туп, кропка, кропка, паварот”. Дзеці так лягчэй запамінаюць паслядоўнасць рухаў, а простая форма настолькі западае ў галаву, што яны паўтараюць яе нават на перапынках.
“Часам у нас праходзяць сумесныя рэпетыцыі малышоў і дарослых. Маленькія так нават лепш вучацца, бо бачаць перад сабой жывы прыклад, амаль арыгінал танца, і хочуць яго скапіраваць. Канечне, цяжкасці ёсць, у асноўным з пачынаючымі дзеткамі. Ім, напрыклад, цяжка зразумець, што на раз, два, тры мы ідзём, а на чатыры стаім і нічога не робім. Яны як ішлі, так і працягваюць ісці. Але працаваць ніхто не адмаўляецца. Яны цягнуцца адно за адным, і, мабыць, не адразу, але вывучваюць тое, што трэба”, — гаворыць Валянціна Баева.
У спісе танцаў — знакамітыя фальклорныя назвы: “Лысы”, “Какетка”, “Месяц”, “Лявоніха”, “Полька палатоўская”, “Каханачка”, “Мікіта”, “Ойра”, “Падыспань”, “Субота” і інш. Выконваюцца яны з полацкім характарам: простым крокам, з прытупам (крок — туп-туп, два — туп-туп), у павароце, прысутнічаюць крок полькі і паварот дзяўчынак пад рукой.
Амаль усе выхаванцы танцуюць у парах, але некалькі варыянтаў праявіць сваю індывідуальнасць усё ж ёсць. Ёсць асобныя танцы для дзяўчынак і хлопчыкаў. “Заяц” — варыянт жаночы. Ён танцуецца праз дзве вялікія палкі, якія кладуцца крыж-накрыж (як у “Мікіту”). Дзяўчаты становяцца адна насупраць адной і праз гэтыя палкі танцуюць: пераскокваюць, пераскокваюць у павароце, наперад-назад і г.д.
“Жабка” і “Чобаты” — варыянты мужчынскія. Пры “Жабцы” ўсё проста, хлопец павінен імітаваць скачкі жабкі. З большага рухі робяцца ў нізкай пазіцыі, танцоры скачуць звычайна, у адцісканні ад падлогі, пераскокваюць адзін праз аднаго. “Чобаты” расказваюць гісторыю пра хлопца, які ўласнымі рукамі адрамантаваў ці пашыў чобаты. А яны такія добрыя, што ногі самі ідуць у скокі. У гэтым танцы, дарэчы, ёсць элементы, падобныя да брэйк-данса.
“Заяц”, “Жабка” і “Чобаты” — творы імправізацыйныя. Каб паказаць сваё майстэрства, дзеці павінны ведаць базавыя танцавальныя элементы, умець хутка падстройвацца пад апанента і ўключаць фантазію.
“Спяваць народныя песні — гэта, з аднаго боку, проста, а з другога — гэта вельмі захапляе. Калі слухаеш традыцыйныя беларускія песні, бачыш там і сэнс, і прыгажосць, і павучальны пасыл”.
Адгукаецца ўнутры
“Бацькі дзяцей, якія ў нас зараз займаюцца, былі ў самым першым наборы ансамбля. Таму любоў да народнай культуры закладзена ў дзецях на генетычным узроўні”, — сур’ёзна жартуе Валянціна Міхайлаўна. Бацькі пра родны калектыў не забываюць. Дапамагаюць з пашывам касцюмаў і маральна падтрымліваюць выхаванцаў. Бываюць цяжкія перыяды, калі дзіця страчвае цікавасць ці больш не бачыць вынікаў ад сваёй працы. У такія моманты галоўная думка — кінуць. Бацькі, якія ў свой час праз гэта прайшлі і ўжо разумеюць важнасць падобнага рашэння, гутараць з сынамі і дочкамі, расказваюць пра асабісты вопыт і раяць падумаць яшчэ раз.
Не менш важна падтрымаць дзяцей справай: прыйсці на канцэрт ці агульную сустрэчу. Бачыць са сцэны знаёмы твар заўсёды прыемна, а на агульных мерапрыемствах пагуляць разам з татам ці мамай у “дзергача” — бясцэнна. “Дзяргач” — гэта гульня, дзе дочкі аб’ядноўваюцца ў пару з татамі, а сыны — з мамамі. У цэнтры стаіць вядучы, які трымае ў руках вілкі. Пары ідуць па крузе і робяць нескладаныя рухі, а вядучы тым часам выбірае пару, якую хоча разбіць. Калі ён выбраў, то кідае вілкі на падлогу і разбівае пару. Гучыць хуткая музыка, і той, хто застаўся без пары, бяжыць разбіваць іншую. Гэтыя дзеянні паўтараюцца, пакуль іграе музыка. Калі яна спынілася, той, хто застаўся адзін, падымае вілкі, і ўсё пачынаецца спачатку.
У 2020 годзе ўдзельнікам узорнага ансамбля “Знічка” прыйшлося прыстасоўвацца да незвычайных умоў выступлення. Замест публікі — камера, замест журы — камера, толькі педагогі як былі побач, так і засталіся. Конкурс “Полацкая мазаіка”, Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”, агляд-конкурс “Ад прашчураў — да зор” замянілі анлайн-конкурсы. “Ёсць у гэтым плюс, — лічыць Валянціна Міхайлаўна, — дзеці менш хвалююцца, бо выступаюць у сценах сваёй школы. Але тэхніка не заўсёды дазваляе перадаць народнае гучанне песні і зачараванне танцам. Розніца адчуваецца, нават калі дзеці спяваюць у мікрафон і без яго”.
Валянціна Баева з радасцю назірае за сваімі выхаванцамі. Здаецца, ад такой колькасці заняткаў на тыдні стома павінна іх знайсці ўжо праз пару месяцаў, але “Знічка” жыве па іншых законах. Цяжкасць адчуваецца толькі пад канец навучальнага года, і то яна нейкая несапраўдная. На перапынках дзеці працягваюць танцаваць, іграюць на гармоніках, спяваюць родныя песні. Бо тое, што адгукаецца ўнутры, адпускаць не хочацца. Нават на перапынку.
Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва ўзорнага фальклорнага калектыву “Знічка”.