Гэты дзіцячы інтэлектуальны клуб тройчы прызнаваўся лепшым у Беларусі. Яго кіраўнік стварыў рэспубліканскі інтэлект-рынг сярод навучэнскай моладзі “Кубок PROвинции”. Ён жа атрымаў статуэтку лаўрэата прэміі РГА “БЛІК” “За заслугі перад інтэлектуальным рухам Беларусі”. Што гэта за клуб? Па традыцыі вам даецца 60 секунд на роздум. Калі не атрымалася здагадацца, шукайце адказ ніжэй.
“Кубок PROвинции” — гэта інтэлектуальны рынг сярод школьных каманд беларускіх гарадоў. Звычайна ў ім удзельнічаюць каля 30 каманд, а гэта поўная зала мясцовага Дома культуры. Турнір адрозніваецца ад падобных мерапрыемстваў тым, што там ёсць забаўляльная праграма, самы вялікі набор у краіне відэагульняў на вялізным экране, свае відэапытанні дасылаюць дзеці і дарослыя з розных краін свету. У апошнія гады традыцыйнымі сталі гульні зборнай трэнераў супраць зборнай каманды самых эрудзіраваных дзяцей. У 2018 годзе турнір прызналі лепшым у Беларусі, а Віктар Радзько атрымаў за яго прэмію “Буслянка”.
Ствараецца мікрасвет
Віктар Радзько пачынаў сваю кар’еру ў ваеннай сферы. У пэўны момант яму прыйшлося вырашаць: з’ехаць у Расію і працягнуць займацца ваеннай справай ці застацца ў роднай Беларусі і асвоіць нешта новае. Тады, прыгадвае педагог, стрэлілі ў галаве дзіцячыя нерэалізаваныя мары. Маленькі Віктар займаўся шахматамі. Паказваў добрыя вынікі і ў сваім маленькім горадзе быў медыйнай персонай. Яго першы педагог з’ехаў, і з ім пачаў займацца новы, малады. Ён не меў тых якасцей, якія маглі даць дадатковы імпульс заняткам. Таму Віктар Мікалаевіч у дарослым жыцці хацеў рэалізаваць тое, што яму недадалі ў дзяцінстве, і стаць для дзяцей сябрам, які ведае пра жыццё больш за іх і можа ім нешта даць.
“Мы займаемся па метадзе “салёнага агурка”: хоча агурок ці не хоча, ён усё роўна ўбярэ ў сябе соль. Так і дзеці ўбіраюць веды”.
У 1992 годзе педагог пачаў выкладаць у Лепельскім раённым цэнтры дзяцей і моладзі радыётэхніку. Пасля дабавіліся шахматы, а ў 1997 годзе адкрыўся клуб інтэлектуалаў “Ра”. З радыётэхнікай прыйшлося развітацца. “Гэта цікавы, але вельмі складаны прадмет, дзе неабходны грашовыя ўкладанні дзяржавы, — расказвае Віктар Мікалаевіч. — Трэба купляць паяльнікі, асцылографы і г.д. У тыя часы было не да гэтага. Пачалася рэвалюцыя ў інавацыйным полі, з’явіліся гаджэты. Можна было купіць штосьці гатовае, а не самому паяць. Таму цікавасць да радыётэхнікі ў дзяцей знікла. Спачатку я перайшоў на шахматы. Мне здавалася, гэта вечны від спорту і можна, маючы некалькі камплектаў шахмат, развіваць у дзяцей логіку, адказнасць за свае рашэнні і жаданне думаць на апярэджанне. І ўжо праз шахматы я прыйшоў да інтэлектуальных гульняў”.
Каля 50—60 дзяцей займаюцца ў гуртках па шахматах і інтэлектуальных гульнях. Часам Віктар Мікалаевіч спалучае дзве праграмы і дае шахматыстам крыху інтэлектуальнага, а інтэлектуалаў вучыць асновам шахмат. Яго радуе, што ўжо не трэба хадзіць па школах і запрашаць у гурткі, бацькі звяртаюцца самі. На шахматы дзеці могуць запісвацца ўжо ў 1—2 класе, на інтэлектуальныя гульні — звычайна ў 4 класе, зрэдку ў 3-м. Педагог лічыць, што калі з’явілася цікавасць да пазнання, то тады можна пачынаць займацца. Толькі трэба быць гатовым, што разлічваць на сур’ёзны вынік у маштабах краіны можна не раней за 6—7 клас.
Зараз галоўныя каманды клуба — гэта “Сакура” (10-класнікі) і “Піранні” (8—9-класнікі). Каманды “Рапіра” і “Рашмар” аб’ядноўваюць вучняў да 7 класа. Склад каманд штогод мяняецца, бо хтосьці сыходзіць, хтосьці паступае. Так атрымалася, што ў клубе інтэлектуалаў “Ра” вялікі працэнт выдатнікаў. Летась Віктар Радзько правёў міні-даследаванне: спытаў на занятках, хто за мінулы год за чвэрці мае толькі 9—10. З дзесяці чалавек руку паднялі восем. Педагогу цікава: гэта заняткі матывуюць дзяцей лепш вучыцца ці добрая вучоба ў школе прыводзіць іх у клуб. “У нас ствараецца такі мікрасвет, дзе веды неабходны для самарэалізацыі дзяцей. Школа не заўсёды дае для гэтага магчымасць. Часта выдатнік у класе застаецца на другіх ролях (у дзіцячым асяроддзі, не педагагічным). На першы план выходзяць спартсмены, моцныя, спрытныя дзеці. Веды ў дзіцячым асяроддзі не заўсёды культывуюцца як крытэрый сацыяльнага поспеху. У нас жа ствараецца супольнасць, дзе ты можаш хайпануць, калі ў цябе яны ёсць”.
“Наша сістэма адукацыі ў асноўным заснавана на запамінанні, якое становіцца ўсё менш актуальным. Так, трэба ведаць табліцу множання, нейкія мінімальныя рэчы, але неабходнасці зубрыць, напрыклад, формулы, няма. На першы план у адукацыі павінны выйсці крытычнае мысленне і творчасць”.
Цікава пра простае
Звычайныя заняткі ў клубе інтэлектуалаў “Ра” праходзяць так: Віктар Мікалаевіч на мультыбордзе паказвае дзецям нейкае заданне, яны яго рашаюць. Калі адказ няправільны, педагог тлумачыць, што не так. Частка заняткаў прысвечана практыкаванням на развіццё крытычнага і асацыятыўнага мыслення, памяці і логікі. У канцы педагог паказвае якое-небудзь цікавае пазнавальнае відэа. Віктар Радзько лічыць мультыборд, які клубу на юбілей падарыў асабіста старшыня райвыканкама, сваім галоўным памочнікам, які дапамагае яму зацікаўліваць дзяцей. Выхаванцы, пачынаючы з 4 класа, самастойна робяць прэзентацыі. Дзякуючы метаду “Медыяазбука”, дзеці вучаць новыя неардынарныя словы. Для літары “А” падбіраюць не выяву абрыкоса, а акалады. Б — гэта не барабан, а барбекю і г.д. Словы, карцінкі, работа с камп’ютарам — адно заданне вучыць дзяцей шукаць і запамінаць інфармацыю і карыстацца інфармацыйнымі тэхналогіямі.
Калі каманды рыхтуюцца да турніру, выхаванцы даследуюць леташнія турніры, разбіраюць пытанні. Малодшым даецца аснова. Напрыклад, па тэме “Планеты” яны даведваюцца, якія яны бываюць, як рухаюцца, чаму менавіта так і г.д. Педагог стараецца здзівіць дзяцей, шукае невідавочныя факты і ператварае іх у пытанні, каб разбурыць стэрэатыпы мыслення. Напрыклад, калі наша планета бліжэй да Сонца, зімой ці летам? “Нешта даецца нават насуперак падручніку, ты спрабуеш паказаць дзецям, што не ўсё так у свеце, як напісана ў кнізе, што ёсць розныя пункты гледжання і падручнік — толькі адзін з іх. Вельмі прыемна, калі дзеці прыходзяць і кажуць, што на ўроку дапоўнілі са сваіх ведаў нейкую тэму і настаўнік іх за гэта пахваліў ці нават паставіў добрую адзнаку. Я ўвесь час сяджу ў інтэрнэце і спрабую знайсці цікавае пра зусім простыя рэчы, якія нас акружаюць. На гэта накіроўваю і дзяцей. Я нешта знайшоў, кожнае дзіця расказала пра нешта сваё, і атрымліваецца вялікі пачак ведаў”, — расказвае Віктар Мікалаевіч.
У пачатку эпідэміі каранавіруса фармат заняткаў давялося змяніць. Трэніравацца дыстанцыйна дапамагла праграма Discord. Гэта бясплатны месенджар з падтрымкай відэаканферэнцый, папулярны сярод геймераў і навучэнцаў. Для Віктара Мікалаевіча такі вопыт быў станоўчым, бо па той бок экрана часта разам з дзецьмі сядзелі бацькі. Яны разумелі, як праходзяць заняткі, што атрымліваюць дзеці, і бачылі работу педагога.
Вольга Чарныш, студэнтка БДЭУ:
“Усё пачалося ў 5 класе, калі мяне як выдатніцу, адправілі згуляць за каманду школы на “Кубок PROвинции”. Мая сяброўка Насця на той час ужо займалася ў клубе, і я пастаянна чула ад яе гісторыі, як класна і цікава займацца інтэлектуальнымі гульнямі. Праз год яна ўгаварыла мяне схадзіць разам з ёй на трэніроўку. З таго моманту для мяне клуб “Ра” — гэта клуб сапраўдных сяброў, куды заўсёды можна прыйсці і дзе мяне будуць рады бачыць. Яркіх успамінаў адтуль засталося вельмі многа. Пачынаючы ад звычайнага чаявання ў клубе, заканчваючы паездкамі на спаборніцтвы рэспубліканскага ўзроўню. Самая запамінальная паездка была ў Мазыр на фінал Рэспублікі Беларусь па інтэлектуальных гульнях сярод ювеналаў “БусЛІК”. Плённа правесці два дні з лепшымі людзьмі было неверагодна”.
Настасся Кавалёнак, студэнтка Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь:
“Інтэлектуальныя гульні ўнеслі вялікі ўклад у маё жыццё. Я знайшла там сяброў, у тым ліку і ў асобе трэнера. Я ведаю, што заўсёды магу звярнуцца да яго па параду, прыйсці ў любы момант, нават каб проста пагутарыць. Я навучылася крытычна думаць, аналізаваць. Любы турнір — маленькі экзамен, які прыносіць стрэс. Я навучылася спраўляцца з ім, быць упэўненай у сабе і не даваць хваляванню мяне паглынаць. Вядома ж, я стала больш эрудзіраванай, заўважала і заўважаю гэта і па сваіх аднагодках. Я сапраўды ведаю больш, чым многія з іх, у самых розных галінах навукі і сферах нашага жыцця. Гэта быў выдатны вопыт, напоўнены добрым настроем і ўсмешкамі”.
Нельга распыляцца
Часта бацькі аддаюць сваіх дзяцей у такія гурткі, у якія самі не хадзілі, але калісьці хацелі. Гэта добра, калі дзіця згодна і атрымлівае асалоду ад заняткаў. А калі не? У Віктара Мікалаевіча ёсць некалькі падобных гісторый. Усе — з добрым фіналам.
Гісторыя 1. Адна з яго выхаванак паказвала ўнікальныя здольнасці ў 5 класе: хутка развівалася, валодала цудоўнай фотапамяццю. Акрамя заняткаў інтэлектуальнымі гульнямі, хадзіла ў музычную школу вучыцца іграць на балалайцы. Педагог спытаў у бацькоў: “Вы хочаце далей развіваць яе ў гэтым кірунку? Даваць музычную адукацыю?” Адказалі, не. Віктар Мікалаевіч патлумачыў, што ў клубе яна развіваецца, але балалайка аднімае шмат часу. Мама прыйшла на заняткі, паназірала. Дзяўчынка на наступных занятках сказала, што мама забрала яе з музычнай школы. Гэта была маленькая перамога трэнера. У сённяшнім свеце нельга распыляцца.
Гісторыя 2. Другая выхаванка паралельна займалася ў тэатральнай студыі. За 4 гады — ніводнай галоўнай ролі, толькі ролі другога плана. Бацькі пайшлі насустрач, і ў дзіцяці стала больш часу для любімай справы. Віктар Радзько не супраць, каб яго выхаванцы займаліся яшчэ чымсьці, калі ім сапраўды гэта падабаецца. Калі ж гэта робіцца з прымусу, так быць не павінна.
Трэніроўкамі з дзецьмі работа Віктара Мікалаевіча не абмяжоўваецца. Ён удзяляе ўвагу і дарослым. Для бацькоў сваіх выхаванцаў праводзіць бацькоўскія сходы ў форме гульняў. “У адной камандзе сядзяць два чалавекі з ліку бацькоў і двое дзяцей. Гэта карысна для ўсіх. Бацькі разумеюць, чым займаецца іх дзіця, дзеці бачаць, што бацькі гэтак жа схільны да рызыкі, у іх ёсць цікавасць. Пасля гульні яны абмяркоўваюць па дарозе дадому пытанні, дзеляцца эмоцыямі. Калі я ўбачыў, што ёсць цікавасць, пачаў праводзіць у горадзе інтэлектуальныя гульні для дарослых. Яны праходзяць не вельмі часта, але маюць поспех. У нашым невялікім горадзе збіралася да 22 каманд. Прыходзілі нават кіраўнікі прадпрыемстваў. Яны зразумелі, што гэта добры спосаб згуртаваць калектыў”.
Любому творчаму, нетрывіяльнаму падыходу да навучання педагог гаворыць сваё ўпэўненае “так”. Калі 28 гадоў выкладаць па адным сцэнарыі, стомішся сам і стоміш іншых. Віктар Мікалаевіч да такога не гатовы, таму і працягвае праводзіць “Кубок PROвинции”, стварае аўтарскія відэагульні, прыдумвае новы флэш-моб і чарговае цікавае пытанне.
Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва В.М.Радзько.