Запрашаем у Версаль

Вёска Гервяты, што ў Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці, вядома далёка за межамі нашай краіны. І галоўная яе славутасць — касцёл Святой Тройцы, які часта называюць беларускім Нотр-Дамам, — прызнана самым прыгожым касцёлам Беларусі. Але ёсць тут яшчэ адна мясціна, дзе варта пабываць. Гэта Гервяцкая сярэдняя школа, якая стала лепшай у Гродзенскай вобласці па рэалізацыі праекта па добраўпарадкаванні і азеляненні “Цвіці, мой край!”.

Разбураць — не будаваць?

Гістарычна склалася, што Гервяцкая школа ніколі не была адасобленай ад касцёла. Першая школа, пабудаваная ажно ў 1774 годзе, больш за стагоддзе была парафіяльнай. Потым тут дзейнічала і руская школа, і літоўская, і польская, і беларуская. Будынак сучаснай школы прыняў сваіх першых вучняў у 1963 годзе. Доўгі час яна мела непрэзентабельны выгляд, у прыватнасці яе тэрыторыя.
Тут стаяў паўразбураны інтэрнат, дзе некалі жылі першыя настаўнікі, стаялі старыя склады з ужо пачарнелага дрэва, дзе некалі захоўваўся торфабрыкет для ацяплення школы, у такім жа стане былі канюшні. Тут жа быў закінуты стары сад, дзе большасць дрэў былі дуплістыя, і рэдкі яблык мог на іх вырасці, паўсюдна — традыцыйныя для школ жоўтыя акацыі. За школай прама ў зямлі быў велізарны люк, назначэнне якога цяпер нават ніхто не памятае. Калі настаўнікі на чале з дырэктарам сталі прыводзіць у парадак тэрыторыю школы, ім давялося няпроста. Галоўная праблема — пазбавіцца гэтых атрыбутаў мінулага стагоддзя па ўсёй тэрыторыі. А гэта больш за адзінаццаць гектараў! Тут з ранку да вечара працавалі ўсе настаўнікі, жыхары вёскі і самі дзеці. І толькі пасля ўборкі з’явілася магчымасць паціху ствараць на ўчастку тыя прыродныя цуды, якія з гонарам дэманструюць навучэнцы і настаўнікі сёння.
“Школа пачынаецца каля яе варотаў, — гаворыць дырэктар Гервяцкай сярэдняй школы Валянціна Вацлаваўна Трышына. — Таму нам вельмі хацелася надаць тэрыторыі прыгажосці. Хвойнікі для самай першай клумбы нам падарыў наш ксёндз Леанід. Як толькі ён пераехаў у Гервяты, ажыў не толькі парк вакол касцёла, але і ўвесь наш раён. Да з’яўлення ксяндза Леаніда ў 1996 годзе на Астравеччыне не было ніводнага дэкаратыўнага хвойніку. І з яго лёгкай рукі пачалося азеляненне паўсюдна. Перш-наперш на тэрыторыі каля касцёла святар залажыў дэндрарый. Сёння там амаль 600 экзатычных раслін больш як 250 разнавіднасцей. І ён, і сам касцёл не перастае здзіўляць шматлікіх турыстаў з усяго свету, якія тут бываюць ледзь не штодня”.
Школа таксама стараецца трымаць планку. Сёння на яе тэрыторыі зелянее газон, па ім бегаюць-перасякаюцца дарожкі, абсыпаныя шчэбнем і выкладзеныя з драўляных спілаў. Каваны мост перакінуўся праз кветкавы вадаём, “жывыя агароджы”, рабаткі, шмат’ярусныя кветнікі — ёсць дзе воку адпачыць. Тут жа прасторна раскінуўся яблыневы сад. 130 яблынь розных гатункаў даюць магчымасць школьнікам ласавацца вітамінамі круглы год. Ацанілі дзеці ўжо і першы ўраджай з плантацыі чорных парэчак.
Традыцыю азеляняць школу падтрымалі і выпускнікі: кожны клас пакідаў пасля сябе ў школе “зялёную” памяць — на алеі выпускнікоў ужо каля трох дзясяткаў дрэў.

Прыгажосць з-пад алоўка

Але галоўны гонар школьнікаў раскінуўся ў цэнтры школьнага парку. “Версаль” — менавіта такую назву атрымаў сумесны праект навучэнцаў. Дапамагаў ім і раённы аддзел архітэктуры: у 2005 годзе Гервяты былі першым аграгарадком у раёне, усё павінна быць на вышэйшым узроўні. Ацаніць прыгажосць Версаля лепш зверху — з вокнаў школьных кабінетаў. Уся кампазіцыя мае форму ракушкі, якая “раскручваецца” па спіралі. Каб яна была прыгожай з DSC02176(сайт)вясны да восені, тут не перастаюць цвісці кветкі: як толькі адцвітаюць цюльпаны, нарцысы, маргарыткі, іх месца займаюць сальвініі, флёксы, астры і цэрарыі. Усяго некалькі дзясяткаў відаў кветак раскрываюцца тут за сезон. Каб надаць гэтаму куточку адценне Францыі, яго ў кола ўзяла “жывая агароджа” — на паўкіламетра раскінуліся ніцыя вербы і бліскучыя кізільнікі, пурпурныя барбарысы і духмяныя магоніі. Прыпыніцца і пабыць у Версалі даўжэй запрашаюць лаўкі. Як сцвярджаюць вучні школы, менавіта тут лёгка завучваюцца вершы на памяць на “дзясятку”, тут жа ў школьных паэтаў нараджаюцца і свае вершы.
Каб кожны год парк выглядаў па-новаму, штогод дзеці, удзельнікі гуртка “Кветкаводства”, малююць эскізы і плануюць, чым лепш запоўніць клумбы. Усе кветкі пачынаюць сваё жыццё на школьных падаконніках, у дамашніх цяпліцах і саміх вучняў, і асабліва настаўніцы біялогіі Ірыны Пятроўны Трыбуцкай. Летнімі вечарамі парк ахутвае духмяным воблакам мацыёл; пра тое, што скончыўся спякотны дзень, спяваюць птушкі, стракочуць конікі.
Далёка не адпусціць госця і альпійская горка з вадаёмам, рабаткай, перголай. Радуюць вока маленькія клумбы, якія, быццам гузікі, рассыпаны па зялёным газоне. Фантазія школьнікаў і настаўнікаў падказала ім яшчэ адзін арыгінальны спосаб кветніка — “шахматную клумбу”. Упрыгожылі школьнікі і тэрыторыю каля Фізкультурна-аздараўленчага комплексу, які знаходзіцца за два крокі ад школы. Блакітныя елкі, заморскія рададэндраны, кіпарысы, воцатныя дрэвы, дэйцыі і кіпарысавікі, некалькі дзясяткаў разнавіднасцей туй, рэдкія гатункі руж — усё гэта вынік руплівага догляду. Таму кветкі ўтульна адчуваюць сябе на тэрыторыі школы.
“Нам не варта гаварыць школьнікам, дзе што трэба зрабіць на ўчастку: яны самі гэта бачаць,— гаворыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяна Баляславаўна Максімюк. — У нас усяго толькі 117 вучняў, таму работы кожнаму дастаецца больш, чым у вялікай школе, ды і тэрыторыя вялікая. Але тым не менш дзеці заўсёды рады дапамагчы”.
А каб прыгожа было ў любым куточку Гервят, школьнікі добраўпарадкоўваюць і прыбіраюць лес, бераг ракі Лошы, прыдарожныя тэрыторыі, дапамагаюць і ў дэндрапарку пры касцёле.
“Расліны — самы вялікі цуд жывой прыроды, — гаворыць ксёндз Леанід. — Яны дапамагаюць ажывіць любы куточак, надаць яму непаўторнасць. Мне падабаецца бачыць у школьніках імкненне даглядаць кветкі. Цяпер у Гервятах часта можна бачыць закладзеныя дэндрарыі, каляровыя кветнікі, альпійскія горкі. І, канечне, гэта радуе”.
Нягледзячы на тое, што зараз гарачая пара, канец навучальнага года, школьнікі ўжо сёння працуюць не толькі на ўчастку. Многія з іх прадумваюць, якім будзе школьны ўчастак у наступным годзе, выкладваюць ідэі на паперы, каб рэалізаваць іх у наступным годзе.

Святлана НІКІФАРАВА.