Зашыфраваныя пасланні, або Зборнік вершаў, якому няма аналагаў

Маладзёжныя ініцыятывы — сама па сабе рэч цікавая. А калі ў якасці падобнай ініцыятывы прапануецца зборнік акравершаў, то гэта не можа не звярнуць на сябе ўвагу. Наталля Чуйко, навучэнка гімназіі №1 Дзяржынска Мінскай вобласці, разам са сваім педагогам Аленай Чаславаўнай Сяліцкай акунуліся ў даследаванне паэтычных эксперыментаў. Яго вынікам стаў зборнік, аналагаў якому не існуе ў беларускай літаратуры.
Акравершы — асаблівы від вершаў, дзе першыя літары радкоў складаюць слова ці словазлучэнне. У беларускай літаратуры гэтая з’ява амаль не вывучана. Прадстаўленае наватарскае даследаванне дазволіла сістэматызаваць і ўпарадкаваць літаратурны матэрыял. Цікава, што гэтая работа заняла першае месца на рэспубліканскім конкурсе прадпрымальных ідэй “Мая ініцыятыва” ў намінацыі “Лепшая навукова-інавацыйная ідэя”.

 

Як і многія гісторыі, гэтая пачалася з уражання. На адзін з дзён нараджэння Наташа Чуйко атрымала вершаваную паштоўку, дзе ў паэтычных радках было зашыфравана яе імя. Падзяліцца прыемнымі эмоцыямі дзяўчына вырашыла з настаўніцай. Алена Чаславаўна ўспамінае, як заўважыла, што гэтая паэтычная з’ява мае надзвычай старадаўнія карані. Грэцыя, наш Францішак Скарына, эпоха барока, у прыватнасці Сімяон Полацкі…Так нарадзіўся інтарэс, які пазней выліўся ў грунтоўную даследчую работу.
“Гэты праект мая вучаніца пачала год назад, — расказвае Алена Чаславаўна. — Зборнік стаў дадаткам да даследчай работы, у яго мы ўключылі ўсе акравершы, якія нам удалося знайсці. Мы сістэматызавалі вершы па эпохах, па аўтарах. У выніку атрымалася невялічкая кніжка на 40 лістоў, на якіх размешчаны 29 акравершаў. Дарэчы, працуючы над праектам, мы прымалі ўдзел у шматлікіх канферэнцыях, і ўсюды наша работа мела поспех. Самае галоўнае, што амаль пасля кожнага мерапрыемства да нас падыходзілі людзі, якія прасілі пагартаць і нават набыць зборнік”.
Мала хто ведае, што вядомы беларускі пісьменнік і паэт Якуб Колас напісаў першы ў гісторыі нашай літаратуры акрасанет. Ён уяўляў сабой твор, дзе ў 14 радках было зашыфравана імя вядомай у свой час беларускай актрысы, прыхільнікам таленту якой ён з’яўляўся.
Педагог адзначае, што таксама захапляўся акравершамі паэт-наватар Максім Багдановіч, вершы якога ўвайшлі ў зборнік. Менавіта яго пяру належыць чацвяртны акраверш, прысвечаны каханай Ганне Кукуевай.
У больш сучаснай паэзіі шмат увагі акравершам удзяляла літаратурная суполка Бум-бам-літ. Сапраўдным эксперыментатарам у гэтым кірунку з’яўляецца паэт Зміцер Вішнёў. І сама Наташа, і яе настаўніца згодны, што Вішнёву характэрна незвычайнае ўспрыманне паэзіі, прыклад чаго — яго верш “Выбух”, прысвечаны чарнобыльскай аварыі.
“Слова “выбух” змешчана па вертыкалі, а самі радкі складаюцца толькі з асобных літар, — адзначае Наташа Чуйко. — Першы радок толькі літара “в”, якая шмат разоў паўтараецца. Другі — толькі літара “ы” і г.д. Сэнс верша ў самім слове “выбух”. Верш “узрывае” зрок, “узрывае” мозг, “узрывае” чалавечае ўспрыманне. Так аўтар выказвае адносіны да падзеі”.
Сярод самых сучасных літаратараў прыхільніцай акравершаў з’яўляецца маладая паэтка Яна Явіч, якая мае нізку ўласных акравершаў.
“Прыняўшы рашэнне ўдзельнічаць у конкурсе прадпрымальных ідэй, мы пачалі рыхтаваць эканамічнае абгрунтаванне нашага праекта, — расказвае Алена Чаславаўна. — Тое, што зборнік мае навуковую значнасць, сумненняў не выклікала. Аднак які ён можа мець эканамічны эфект? Мы прааналізавалі, работа якіх спецыялістаў патрэбна была б для яго стварэння, і падлічылі іх сярэдні заробак за два тыдні работы над кніжкай. Як аказалася, зрабіўшы ўсю работу самастойна, мы сэканомілі каля 12 мільёнаў рублёў. Менавіта столькі каштуе работа ўкладальніка, мастака, карэктара і інш”.
Наташа Чуйко не першы год удзельнічае ў алімпіядах па беларускай мове і не па чутках ведае, што тэма яе даследавання выклікае жывы інтарэс у равеснікаў, якія, як і яна, цікавяцца лінгвістыкай. Алена Чаславаўна і яе вучаніца прааналізавалі ўсе спецыяльнасці ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, пры набыцці якіх узнімаецца тэма акравершаў. Акрамя таго, яны ўзялі ў разлік усе бібліятэкі краіны і ўсе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, дзе працуе хоць адзін настаўнік-філолаг. Па папярэдніх разліках аказалася, што рэальна запатрабаванымі могуць быць 9100 экзэмпляраў зборніка.
“Падлічыўшы матэрыяльныя выдаткі на выпуск зборніка, мы прыйшлі да высновы, што яго рэнтабельнасць складае не менш за 166 працэнтаў, — адзначае педагог. — Нават не 40 працэнтаў, што лічыцца вельмі нядрэнным паказчыкам. А значыць, зборнік акупляе сябе з лішкам.
Мы пралічылі эканамічную значнасць конкурсу ў дэталях, паколькі пры падрыхтоўцы да конкурсу прадпрымальных ідэй “Мая ініцыятыва” кіраваліся аналагічным расійскім конкурсам. Паспрабавалі ўлічыць вопыт суседзяў і арыентаваліся на высокі ўзровень абароны работы. Аднак, на жаль, самае істотнае адрозненне паміж расійскім і беларускім конкурсам у тым, што на нашым конкурсе не прысутнічаюць людзі, зацікаўленыя ў рэалізацыі маладзёжных праектаў. Мы атрымалі выдатны кубак, і на гэтым можна ставіць кропку. Сама ідэя застаецца рэалізаванай толькі на паперы”.
Думаецца, што многія слушныя заўвагі абавязкова будуць улічаны арганізатарамі ў будучыні, паколькі тэма маладзёжных ініцыятыў набывае ўсё большую папулярнасць у Беларусі. Магчыма, яшчэ не адну ідэю прапануе на падобныя конкурсы і Наташа Чуйко, якая сёння актыўна займаецца лінгвістыкай і плануе паступаць у Інстытут журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У тым, што яе даследаванне спатрэбіцца ёй у будучыні, дзяўчына не сумняваецца: у рэшце рэшт у любой справе ўсё пачынаецца з інтарэсу.

Наталля АЛЁХІНА.