На летняй Алімпіядзе ў Токіа, якая запланавана на канец ліпеня — пачатак жніўня 2021 года, упершыню разыграюць медалі ў скейтбордынгу. Гэта важная падзея, якая адных матывуе займацца больш упарта, а іншых — прызнаць: катанне на дошцы — сур’ёзны спорт.
Новы этап
Нягледзячы на тое што скейтбордынг у Беларусі пачаў развівацца ў канцы 70-х, свая федэрацыя ў нас з’явілася толькі ў 2015 годзе. Яе ўзначаліў Глеб Бенцыёўскі. Дзякуючы яго рабоце, кожны год у краіне праходзіць каля 10 афіцыйных спаборніцтваў. Самыя буйныя — Адкрыты Кубак па скейтбордынгу Minsk8 Cup, Go Skateboarding Belarus, міжнародны скейтборд-кантэст у рамках Extreme Games Belarus, Longboard Day Belarus, Адкрыты чэмпіянат Belarus Skateboard Challenge.
У 2009 годзе Глеб Бенцыёўскі адкрыў першую і адзіную ў краіне школу скейтбордынгу Destroyer. Доўгі час яна працавала на базе сталічнага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Эўрыка”, нядаўна пераехала на Нацыянальны алімпійскі стадыён “Дынама”. Там з’явіўся новы крыты скейтпарк. У школу запрашаюць як пачаткоўцаў, якім патрэбна база, так і больш вопытных скейтараў, гатовых вывучаць трукі ў дысцыпліне Street. Заняткі разлічаны на адзін год і праводзяцца для дзяцей ад 10 гадоў тры разы на тыдзень па 90 мінут.
Асновы субкультуры
Каб разумець размовы скейтбардыстаў, складзём кароткі слоўнік.
Cтрыт — вулічны стыль. Трукі выконваюцца на лесвіцах, бардзюрах, карнізах, поручнях.
Верт — вертыкальны стыль. Спартсмен робіць трукі ў рампе.
Рампа — спартыўны аб’ект, дзе можна выконваць розныя трукі. З англійскай перакладаецца як “палова трубы”, таксама нагадвае талерку.
Слалам — стыль катання, пры якім скейтар на хуткасці аб’язджае фішкі і перашкоды.
Даўнхіл — хуткасны спуск па нахільнай трасе.
Кампліт — цалкам сабраны скейтборд. Ён складаецца з дэкі са шкуркай, колаў з падшыпнікамі, падвесак (тракаў) і балтоў. Дэка — асноўная частка скейтборда, шкурка (наждак) — спецыяльнае пакрыццё, якое лепіцца на дэку зверху, каб ногі райдара моцна трымаліся.
Уладзімір Ходзін: “Унутры супольнасці скейтбардыстаў у асноўным атмасфера ўзаемнай падтрымкі і салідарнасці. Але, як і ўсюды, у нас ёсць людзі, якія не ідуць на кантакт і не выконваюць этыкету. Напрыклад, у скейтпарку едуць без чаргі або падразаюць. Такія дзеянні з лёгкасцю могуць прывесці да траўм, але некаторыя пра гэта чамусьці не думаюць”.
Спот — месца катання.
Олі — базавы трук, скачок разам з дошкай.
Фліп — закручванне дошкі.
Грэб — трук, пры якім дошку прытрымліваюць рукой.
Дропаць — саскокваць у рампу.
Слайд і грайнд — трукі, калі скейтар слізгае па якім-небудзь прадмеце. Слайд — на дошцы, грайнд — слізганне на падвесцы.
Рэйл — металічная труба, па якой можна слізгаць.
Кантэст — спаборніцтва.
Кікер — базавая фігура ў скейтпарку, якая паўтарае плоскі пандус або люк.
Незаўважаны пералом
2020 год быў не вельмі шчодрым на спартыўныя спаборніцтвы, але нешта правесці ўсё ж атрымалася. Летам у краіне прайшлі чэмпіянат Belarus Skateboard Challenge 2020, Адкрыты Кубак Барысава па скейтбордынгу Borisov Cup і Адкрыты Кубак Лідскага раёна па скейтбордынгу. Удзельнікі выступалі ў дысцыпліне “Стрыт” ва ўзроставых катэгорыях “юніёры” і “мужчыны”. Па выніках спаборніцтваў федэрацыя падрыхтавала рэйтынг спартсменаў. Сярод юніёраў трэцім стаў Уладзімір Ходзін, студэнт Мінскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа імя акадэміка М.С.Высоцкага. Ён пачаў займацца скейтбордынгам 5 гадоў назад, калі сябар прапанаваў пакатацца. Першы борд быў дрэнным і танным і разваліўся за тыдзень. Нармальную дошку Вова купіў у канцы 2016 года. Гэта быў яго першы кампліт ад вядомага брэнда.
“Катацца было не страшна, але дропаць з вялікіх рамп, разганяцца — так. Калі набываеш большую паваротнасць, манеўранасць, становіцца прасцей рабіць піруэты, заскокваць куды-небудзь. Трукі пачынаеш вучыць практычна адразу. Спачатку базавыя, накшталт перавароту дошкі нагой, потым больш складаныя — олі, фліп.
Вучоба — гэта шмат часу і шмат спроб. Спачатку ты паўтараеш трук, пакуль ён не атрымаецца, а потым замацоўваеш, пакуль дзеянне не дойдзе да аўтаматызму. У нас мала хто можа падказаць, якую выбраць амплітуду, як круціць трук, а гэта важныя рэчы, якія ўплываюць на стыль. Я ў асноўным сам вучыўся, сам падказваў, сам трэніраваў, таму ў мяне зараз не зусім прыгожы стыль, але тэхнічны”.
Без траўм у такім спорце не абысціся. У Вовы былі рассячэнні, пераломы, расцяжэнні. Неяк яму некалькі дзён балела нага, але да ўрача хлопец не звяртаўся: думаў, пройдзе. Потым зрабіў рэнтген — пералом. Позні дыягназ на вылечванне не паўплываў, косць зраслася нармальна. Як ні дзіўна, траўма не палохае, а выклікае жаданне займацца яшчэ больш.
Летам Вова катаецца з раніцы да позняга вечара. Дадому прыходзіць стомлены, галодны, абязводжаны. На наступны дзень адчувае сябе так, як быццам добра пазаймаўся ў трэнажорнай зале: моцна баляць мышцы, але боль прыемны. Калі зіма, ляжыць снег, катацца даволі складана. Большасць пераходзіць у крыты скейтпарк ці шукае які-небудзь падземны пераход. Але катацца атрымліваецца гадзіну-дзве, таму што хутка замярзаюць ногі. Вова з сябрамі адкрываюць сезон, калі на вуліцы ёсць хаця б -2°. Апранацца даводзіцца цёпла: некалькі баек, некалькі пар штаноў, шкарпэтак і вялікія красоўкі.
“Зараз я скаапераваўся з ролерамі, займаюся 3D-мадэляваннем і малюю парк. Мы хочам знайсці пляцоўку, якая будзе пад зямлёй. За мяжой часта арандуюць добрую паркоўку з бетонам і ставяць туды фігуры. З плюсоў — гэта значна лепш, чым нешліфаваны бетон, з мінусаў — там могуць быць машыны”.
Пакуль самае высокае дасягненне Вовы — 1-е месца на Адкрытым Кубку Барысава Borisov Cup. На спаборніцтвы за мяжу ён пакуль не выязджаў, але летам хоча куды-небудзь трапіць.
“На кантэстах часта дораць камплектуючыя для скейтборда. Калі ўвесь час купляць усё самому, выходзіць дорага. Дошка — каля 100 рублёў, тракі — 120—140, колы — 30—50 рублёў, шкурка — 10, падшыпнікі — ад 10 да 100 рублёў. Калі атрымліваеш гэта бясплатна, можаш пайсці і пакатацца ў сваё задавальненне, а не думаць, дзе знайсці грошы, калі гэта зламаецца. Паколькі цяпер я катаюся мала, дошкі хапае на 2—3 месяцы. Летам час скарачаецца да 2—3 тыдняў. Даводзіцца падпрацоўваць, каб мець нейкі грашовы запас”.
Вову падабаецца не толькі катацца, але і вучыць скейтбордынгу. Ён зразумеў гэта, калі на другім годзе ўласных заняткаў дапамагаў іншым карэкціраваць памылкі. Цяпер тыя, каму ён падказваў, сталі яго ўзроўню, хоць пачалі трэніравацца пазней. Самым маленькім вучнем Вовы быў 5-гадовы Мацвей. “З дзецьмі да 10 гадоў працаваць даволі цяжка, таму што яны любяць катацца, а слухаць — не вельмі. У такім узросце я даваў бы ім толькі практыкаванні на каардынацыю на скейтбордзе. Чым лепш дзіця навучыцца ім кіраваць, тым лягчэй потым будзе асвойваць трукі”.
Неадназначнасць
Павел Анішчанка, выпускнік БДУФК, пачаў займацца скейтбордынгам у 10 гадоў (цяпер яму 23). Ён убачыў хлопцаў, якія каталіся, рабілі розныя трукі, і вырашыў пазнаёміцца. Яны расказалі, што робяць, і Павел натхніўся. Знайшоў стары скейт і пачаў трэніравацца. Катаўся то адзін, то з хлопцамі, якіх сустрэў напачатку, то з сябрамі, якіх падцягнуў пазней.
Праз скейтбордынг Павел Анішчанка прыйшоў да снаўбордынгу. Хлопец выступаў за нацыянальную зборную Беларусі, некалькі разоў выйграваў чэмпіянат краіны і браў 3-е месца на Кубку Еўропы.
“Я адчуваў страх, калі рабіў трукі з вялікіх перашкод, прыступак, скакаў на поручні. Спраўляўся з ім па-рознаму. Ці стараўся пра гэта не думаць, проста ехаў і рабіў, ці пачынаў з больш лёгкіх падводзячых трукаў. Калі быў упэўнены ў рухах, страх знікаў сам па сабе”.
Адзенне не вылучае скейтбардыстаў перад іншымі. Большасць носіць нешта простае і зручнае. А вось да абутку райдары падыходзяць з розумам. Плоская жорсткая падэшва даўжэй не сатрэцца, замшавае або скураное пакрыццё даўжэй не парвецца.
Самыя класныя месцы, дзе катаўся Павел, — Барселона і Масква. Барселона лічыцца адной са сталіц сусветнага скейтбордынгу. Горад падобны на гіганцкі скейтпарк: у ім ёсць шмат спускаў і пад’ёмаў, плошчаў, балюстрад будынкаў, парэнчаў і іншых радасцей скейтараў. Па ўсёй Барселоне праведзены веладарожкі, па якіх зручна дабірацца ад аднаго спота да іншага. Масква вабіць вялікай колькасцю якасных скейтпаркаў.
У айчынным рэйтынгу спартсменаў за 2020 год Павел займае 1-е месца ў катэгорыі “мужчыны”. Ён мае 498,667 бала, найбліжэйшы сапернік — 268,333. Узровень скейтара пацвярджаюць і больш за 50 кубкаў з розных спаборніцтваў.
“Скейтбордынг — гэта, з аднаго боку, падтрыманне фізічнай формы, а з другога — верагоднасць атрымаць траўму. У псіхалагічным плане таксама ўсё неадназначна. Бывае, катаешся і разгружаешся ад усіх праблем, што сабраліся за дзень. А часам спрабуеш зрабіць трук — ён не атрымліваецца, ты падаеш, думаеш, навошта яно мне, засмучаешся. Нягледзячы на ўсё гэта, мне падабаецца скейтбордынг. Тут ты кожны дзень спаборнічаеш з самім сабой і кожны дзень можаш станавіцца лепшым”.
Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва герояў матэрыялу.