У Мінску на базе Інстытута інтэграваных форм навучання і маніторынгу адукацыі БНТУ адбылася V Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Бесперапынная сістэма адукацыі “Школа-ўніверсітэт”. Інавацыі і перспектывы”. Яе мэта — папулярызацыя інжынерных і тэхніка-тэхналагічных ведаў.
Выпускніца адукацыйнага кірунку “Робататэхніка” Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка Марыя Бань прыняла ўдзел у гэтым сімпозіуме і прадставіла распрацаваны ў суаўтарстве з педагогам Юліяй Мікалаеўнай Матрунчык праект “Робат-памочнік у медыцынскіх установах”. Зараз гэтая прылада актуальная як ніколі, бо здольна выконваць шырокі спектр задач у сферы аховы здароўя. Напрыклад, выкарыстанне робата-памочніка зніжае рызыку распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі.
— Комплекс ствараўся на базе кампанентаў, з якімі мы працуем у Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. Гэта мабільная платформа, аснашчаная дадатковымі прыладамі, якія дазваляюць мінімізаваць чалавечую працу ва ўстановах аховы здароўя. Доктар запускае робата-памочніка, вызначае сектар яго дзеяння, а прататып перамяшчаецца ад палаты да палаты і абслугоўвае пацыентаў. Пакуль што мадэль мае патрэбу ў дапрацоўцы, але для вучнёўскага праекта гэта вельмі дастойны ўзровень, — расказвае Юлія Мікалаеўна. — На этапе тэсціравання робат справіўся з усімі закладзенымі функцыямі: выканаў праграму, спыніўся ў зададзеных кропках, сігналізаваў індыкатарамі ў выпадку выканання задання. Дзякуючы такому памочніку можна аўтаматызаваць раздачу градуснікаў, забеспячэнне лекамі і многія іншыя працэсы, якія аднімаюць час у медыцынскага персаналу. Увогуле, мы з Марыяй дасягнулі ўсяго, што планавалі. Гэта перспектыўны комплекс, які пасля дапрацоўкі можа прынесці рэальную карысць.
Дзмітрый АРХІПЕНКА.