Было 3D віртуальным, стане рэальным

Расказваць пра подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны можна не толькі традыцыйнай мовай экскурсаводаў, але і мовай сучасных інфармацыйных і камп’ютарных тэхналогій. Яскравым прыкладам з’яўляецца дзейнасць музея Верамейскай сярэдняй школы Чэрыкаўскага раёна. Яго кіраўнік педагог-арганізатар Сяргей Уладзіміравіч Лукашэнка за метадычную распрацоўку 3D-урокаў музея баявой славы атрымаў на нядаўняй абласной навукова-метадычнай выставе дыплом І ступені.

Чырвона-сінія акуляры

3D-тэхналогіі актыўна заваёўваюць сваё месца пад сонцам музейнай педагогікі. Асабліва актуальна іх выкарыстоўваць у тых установах адукацыі, дзе немагчыма выдзеліць пад экспазіцыю свабоднае памяшканне. Спецыяльныя камп’ютарныя праграмы дазволяць змясціць на плошчы памерам 19, 17 і нават 15 цаляў (адным словам, у звычайным маніторы) экспазіцыю хоць у 500, хоць у 5 тысяч экспанатаў. Ствараць падобныя музеі, безумоўна, варта, асабліва калі ўлічыць, што наша моладзь значную частку вольнага часу праводзіць у віртуальнай прасторы. Дык чаму б гэтую прастору хаця б на 5 хвілін не зрабіць музейнай? Цікава, сучасна і ў выхаваўчым плане карысна. Аднак 3D-музеі бываюць не толькі віртуальнымі, але і рэальнымі. У чым іх адметнасць?
Па-першае, у месцы размяшчэння экспанатаў. З аб’ёмнымі выявамі прадметаў наведвальнікі рэальнага 3D-музея знаёмяцца не ў маніторы, а ў рэальным памяшканні. Па-другое, у асаблівасцях правядзення экскурсіі. Курсор — гэта прыкмета віртуальнага музея. Для рэальнага ж 3D-музея характэрна традыцыйная ўказка экскурсавода. Акрамя таго, наведвальнікам прапаноўваецца глядзець на экспанаты праз спецыяльныя чырвона-сінія акуляры. Па-трэцяе, у афармленні экспазіцыі. Яно традыцыйнае. Экспанаты рэальнага 3D-музея размяшчаюцца і ў вітрынах, і на стэндах. Праўда, гэта ўжо крыху не тыя добра знаёмыя нам стэнды і вітрыны з наклеенымі фотаздымкамі, суправаджальным тэкстам і каштоўнымі прадметамі пад шклом. Што гэта за стэнды? Чытаем далей.

Навагодні падарунак

Ідэю стварэння рэальнага 3D-музея Сяргею Уладзіміравічу падказалі вучнёўскія навагоднія падарункі. Справа ў тым, што, акрамя цукерак, там знаходзіліся спецыяльныя карцінкі і акуляры. Нашы педагогі, як вядома, — людзі творчыя і крэатыўныя. Яшчэ не былі з’едзены ўсе падарункавыя цукеркі, а ў Сяргея Уладзіміравіча ўжо ўзнікла задума замяніць аб’ёмныя карцінкі навагодняй тэматыкі на аб’ёмныя карцінкі музейнай тэматыкі.
— Зацікавіла не столькі тэматыка карцінак, колькі іх функцыянальнасць. Аказваецца, з дапамогай 3D-тэхналогій можна акцэнтаваць увагу на тых ці іншых прадметах, выносячы іх выяву на пярэдні план. Падумалася, а чаму б такім жа самым спосабам не засяродзіць увагу экскурсантаў, скажам, на фотапартрэтах герояў, пра подзвіг якіх і вядзецца гаворка ў нашых экскурсіях? — дзеліцца Сяргей Уладзіміравіч.
У найбліжэйшыя дні настаўнік сфатаграфаваў усе музейныя стэнды і пры дапамозе спецыяльнай праграмы Free 3D Рhoto Maker перавёў іх у фармат 3D. Але гэта яшчэ не ўсё. Ідэі, як і пытанні, пасыпаліся адна за адной. А чаму б не перанесці аб’ёмную выяву стэнда з манітора на паперу або тканіну, наклеіць яе на ламініраваны ліст ДСП адпаведных памераў і не стварыць такім чынам 3D-стэнд? А чаму б наогул не замахнуцца на стварэнне рэальнага 3D-музея? Гэта ж які можа быць эфект! Сапраўды, чаму б і не? Адзіная перашкода: патрэбны пэўныя фінансавыя выдаткі. Але гэта пытанне часу.
— Тэхналогія работы наступная: разам з вучнямі-экскурсаводамі вызначаем экспанат, на якім хацелі б засяродзіць увагу наведвальнікаў музея. Возьмем для прыкладу фотаздымак партызана. Самы просты варыянт — гэта стварыць два фоны (пярэдні і задні план). На пярэднім размясціць гэты фотаздымак, а на заднім — усю астатнюю інфармацыю стэнда. Надзяваеш акуляры — і калі ласка, дзякуючы аб’ёмнай выяве становіцца зразумела, пра што або пра каго будзе расказваць экскурсавод, на чым ён будзе акцэнтаваць увагу. Стварыць такую 3D-экспазіцыю можа любы настаўнік — і не абавязкова настаўнік інфарматыкі. Для гэтага патрэбен звычайны аматарскі лічбавы фотаапарат, камп’ютар і доступ у інтэрнэт, дзе знайсці праграму кшталту Free 3D Рhoto Maker або 3ds Max вельмі проста. Шчыра кажучы, мы не чакалі, што пасля размяшчэння на сайце школьнага музея інфармацыі пра тое, што пасля афармлення рэальнай 3D-экспазіцыі мы створым віртуальны 3D-музей, колькасць наведвальнікаў сайта павялічыцца ў некалькі разоў. Гэты факт яскрава сведчыць, наколькі запатрабаваны сярод інтэрнэт-карыстальнікаў 3D-тэхналогіі, — дзеліцца настаўнік.

Аб’ёмныя справы

У рэальным 3D-музеі баявой славы з дапамогай арыгінальных шматузроўневых стэндаў і вітрын можна выдзяляць не толькі чорна-белыя фотапартрэты партызан, франтавікоў, падпольшчыкаў, але і выявы ордэнаў і медалёў, якія, згодна з нарматыўнымі дакументамі, павінны захоўвацца толькі ў музеях з адпаведнай сістэмай аховы. Адсутнасць такой сістэмы зусім не азначае, што экскурсанты не могуць убачыць, як выглядала, скажам, зорка Героя Савецкага Саюза або ордэн Вялікай Айчыннай вайны І ступені. На дапамогу прыйдуць 3D-тэхналогіі. Як іх выкарыстоўваць? Думаю, вы, паважаныя чытачы, ужо зразумелі.
На аснове раздрукаваных на паперы фармату А4 выяў музейных стэндаў Сяргей Уладзіміравіч распрацаваў цыкл музейных заняткаў, падчас якіх вучні знаёмяцца з удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны — ураджэнцамі Верамеек і тымі, хто вызваляў вёску ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта, напрыклад, Міхаіл Ягораў — той самы, які ўзнімаў пераможны сцяг над Рэйхстагам, або заснавальнік, першы кіраўнік музея і былы камісар партызанскага атрада 13-га палка (“грышынцаў”) Андрэй Іванавіч Палякоў. Дарэчы, аповед пра “грышынцаў” займае цэнтральнае месца агляднай экскурсіі. З былымі партызанамі ва ўстанове адукацыі часта ладзіліся сустрэчы. Падчас адной з іх у 80-я гады каля школы былі пасаджаны рабінавыя прысады. Амаль 30 гадоў дрэўцы вітаюць настаўнікаў і вучняў пошумам галін і лістоты, а сваімі чырвонымі гронкамі нібыта нагадваюць ім пра кроў, якую пралілі партызаны ў баях з акупантамі.
Работа педагогаў Верамейскай сярэдняй школы па захаванні ў вучняў памяці пра подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны не абмяжоўваецца толькі музейнай тэматыкай. Так, сёлета з нагоды Дня Перамогі каля помніка, пастаўленага на брацкай магіле чырвонаармейцаў, плануецца правесці маштабны салют.
— А чаму б і не? Чаму салют павінен быць толькі ў раённых, абласных цэнтрах і сталіцы, а ў вёсках кшталту Верамеек — не. На мой погляд, жыхарам кожнага населенага пункта варта ўшаноўваць памяць пра сваіх герояў-вызваліцеляў. Вопыт правядзення падобнай акцыі ў нас ужо ёсць. Напрыклад, у мінулым годзе на добраахвотныя (хачу гэтае слова асабліва падкрэсліць) грашовыя ахвяраванні мясцовых жыхароў мы змаглі запусціць у неба 273 залпы прафесійнага салюту. У гэтым годзе акцыю зробім больш маштабнай і здзейснім ужо 627 залпаў, па тры на кожнага салдата, які пахаваны ў брацкай магіле. Спачатку музыка, потым гук метранома, а пасля першага залпа праз моцныя дынамікі “Дзень Перамогі”. Мы з калегамі і цяпер узгадваем, як на чыгуначную станцыю прыбыў дызель-цягнік і як машыніст не спяшаўся адпраўляцца ў рэйс, разам з пасажырамі назіраў за незвычайным дзействам. Яшчэ мы плануем з вучнямі і калегамі зрабіць з драўляных брусоў макет танка Т-34, абклеіць яго спецыяльнай каляровай паперай і паставіць у прасторным фае школы. Побач арганізуем выставу фотаздымкаў чырвонаармейцаў з апісаннем іх подзвігу. І каляровую паперу на макеце танка, і фотапартрэты салдат плануем зрабіць у фармаце 3D, — расказаў настаўнік.

Нагода і спосаб

“Вярнуць былую славу школьнаму музею”, — менавіта так ахарактарызаваў Сяргей Уладзіміравіч асноўную мэту сваёй работы па стварэнні арыгінальнай экспазіцыі. Справа ў тым, што музею Верамейскай сярэдняй школы сёлета спаўняецца 35 гадоў. За гэты час пад кіраўніцтвам спачатку Андрэя Іванавіча Палякова, потым Уладзіміра Фёдаравіча Лукашэнкі (бацькі Сяргея Уладзіміравіча) музей неаднаразова станавіўся пераможцам рэспубліканскіх конкурсаў, пацвярджаў званне народнага. Потым быў перыяд кароткачасовага знаходжання ў цені музейнага сонца. І вось настаў час заняць годнае месца пад яго промнямі. 70-годдзе Вялікай Перамогі — выдатная нагода, а 3D-экспазіцыя — выдатны спосаб.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.