Каля 300 заявак даслана на Рэспубліканскі конкурс музеяў устаноў адукацыі “У славу агульнай Перамогі”, які праводзіцца ў рамках аднайменнай патрыятычнай акцыі, прымеркаванай да 75-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Сярод задач конкурсу — захаванне памяці пра загінуўшых удзельнікаў вайны, стварэнне адзінага архіва пахаванняў і імён герояў, фарміраванне культуры памяці. Менавіта на гэта накіравана і дзейнасць ва ўстановах адукацыі 226 музеяў баявой славы. Адзін з іх ужо 42 гады працуе на базе Бярозаўскай базавай школы Слаўгарадскага раёна.
Нагадаем, конкурс праводзіцца Міністэрствам адукацыі, Беларускім культурным цэнтрам духоўнага адраджэння, храмам-помнікам у гонар Усіх святых і ў памяць пра ахвяр, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі, Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, гістарычным факультэтам БДУ, Беларускім фондам міру, “Настаўніцкай газетай”. Работы прымаюцца па трох намінацыях: “Віртуальная экскурсія па экспазіцыі музея ўстановы адукацыі”, “Інавацыйныя формы арганізацыі вучэбна-даследчай дзейнасці навучэнцаў”, “Апісанне форм і метадаў дзейнасці школы па ўвекавечанні імён ахвяр і ўдзельнікаў Вялікай
Айчыннай вайны”.
Як паведаміла тэхнічны сакратар конкурсу Алена Юр’еўна Шымбалёва, асаблівай папулярнасцю карыстаецца першая намінацыя. Сюды прыходзяць заяўкі з устаноў, дзе створаны як рэальныя, так і віртуальныя экспазіцыі баявой славы. Калі па нейкіх прычынах вы не паспелі даслаць заяўку (можа падавацца адразу на некалькі намінацый), то да 5 лістапада час ёсць.
Больш падрабязна з Палажэннем конкурсу можна азнаёміцца на старонках нашага выдання ў № 100 ад 5 верасня бягучага года.
А цяпер завітаем у адзін з найстарэйшых у краіне школьных музеяў баявой славы, адкрыты ў далёкім 1977 годзе, і даведаемся, як на працягу дзесяцігоддзяў тут захоўваецца памяць пра землякоў і воінаў, якія вызвалялі Слаўгарадскі (былы Прапойскі) раён у лістападзе 1943 года.
“Адкрыццю музея папярэднічала вялікая пошукавая работа юных следапытаў пад кіраўніцтвам настаўніка Пятра Елісеевіча Кавалькова. На месцах баёў, у лясах вучні знаходзілі асабістыя рэчы салдат, фрагменты зброі, амуніцыі і прыносілі гэта ўсё ў школу свайму настаўніку. Пётр Елісеевіч уважліва вывучаў кожную рэч, класіфікаваў знойдзеныя прадметы. Па экспазіцыі можна прасачыць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, тых падзей, якія разгортваліся на тэрыторыі нашага раёна”, — паведаміла настаўніца рускай мовы і літаратуры Алена Міхайлаўна Сазонава.
Першы раздзел расказвае пра пачатак Вялікай Айчыннай вайны, пра герояў Брэсцкай крэпасці, сярод якіх быў і ўраджэнец вёскі Запалянне Слаўгарадскага раёна Уладзімір Васільевіч Шаблоўскі. Наступны раздзел прысвечаны перыяду акупацыі. Асаблівая ўвага наведвальнікаў засяроджваецца на баявым шляху партызанскага злучэння “13”, створаным у лістападзе 1941 годзе з ліку чырвонаармейцаў, якія выйшлі з акружэння. Узначаліў фарміраванне будучы Герой Савецкага Саюза Сяргей Уладзіміравіч Грышын. “Грышынцы” выбралі назву “13” невыпадкова: так называўся даваенны фільм, у якім расказвалася пра барацьбу чырвонаармейцаў падчас Грамадзянскай вайны. Практычна ўсе героі загінулі, але не здаліся. Менавіта так вырашылі ваяваць і “грышынцы”. Спачатку гэта быў невялікі атрад, у склад якога ўваходзілі ў асноўным ураджэнцы Смаленшчыны. Потым ён папоўніўся да 2 тысяч чалавек, дыслацыраваўся полк на Віцебшчыне і Магілёўшчыне. У Бярозаўцы знаходзіўся часовы штаб. “Грышынцы” ўдзельнічалі ў знакамітым парадзе партызан у вызваленай беларускай сталіцы, потым партызанскае злучэнне было расфарміравана, а яго байцы працягнулі змаганне з ворагам у дзеючай арміі.
“Значная работа юных следапытаў была звязана са зборам звестак пра байцоў 324-й стралковай дывізіі, якая вызваляла наш раён. Вынікі гэтай работы прадстаўлены на стэндах. Былі ўстаноўлены імёны 34 невядомых воінаў і партызан. Напрыклад, радавога Дадаша Салімава, які загінуў пры вазваленні нашых мясцін. Яго родныя і блізкія, калі наведвалі музей, пакінулі жменьку роднай для героя азербайджанскай зямлі. Асаблівае месца ў музеі адведзена матэрыялам пра капітана Аляксея Іванавіча Скосарава, які загінуў на берагах Проні восенню 1943 года, аднаўляючы падчас бою лінію сувязі. Доўгі час ён лічыўся без вестак прапаўшым. Дзякуючы нашым следапытам, жонка і сын даведаліся пра месца пахавання і подзвіг мужа і бацькі. Вялася перапіска з яго жонкай, настаўніцай пачатковых класаў у Алтайскім краі. Музею яна пакінула фотаздымкі і ўзнагароды Аляксея Іванавіча”, — паведаміла Алена Міхайлаўна.
Музейныя матэрыялы пра герояў абавязкова дапаўняюцца фотапартрэтамі. Сярод асабліва каштоўных экспанатаў — дакументальная стужка пра сустрэчу аднапалчан 324-й стралковай дывізіі. У 1976 годзе яны прайшлі па месцах баявой славы. Разам з імі быў і стваральнік музея Пётр Елісеевіч Кавалькоў і юныя следапыты школы. Памяць пра Пятра Елісеевіча ў Бярозаўскай базавай школе захоўваецца з асаблівай цеплынёй. Да вайны ён працаваў настаўнікам пачатковых класаў у вёсцы Ляцягі. У 1939 годзе прызваны ў Чырвоную Армію, служыў на беразе Японскага мора. З 1942 года быў байцом 8-й зенітнай дывізіі. Прайшоў вайну радавым, потым — малодшым лейтэнантам, камандзірам узвода. Пасля вайны служыў на Далёкім Усходзе. Быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі за перамогу над Германіяй і Японіяй. Вярнуўся ў родныя мясціны ў 1947 годзе, узначаліў пачатковую школу. Ён не толькі даваў вучням веды, але і праводзіў вялікую ваенна-патрыятычную работу сярод моладзі. Дзякуючы яго намаганням, быў створаны школьны музей баявой славы, а таксама ўзведзены ў 1979 годзе ў цэнтры Бярозаўкі мемарыяльны комплекс, дзе на плітах пазначаны імёны 382 воінаў-вызваліцеляў, 19 партызан палка “13” і 135 аднасяльчан. На ўрачыстым адкрыцці комплексу прысутнічаў Сяргей Уладзіміравіч Грышын, аднапалчане, шмат гасцей. Па ініцыятыве Пятра Елісеевіча быў адкрыты шэраг помнікаў на тэрыторыі Слаўгарадскага раёна. Не толькі школьны музей, але і сам дом настаўніка з’яўляўся своеасаблівым штабам пошукавай работы. Частымі гасцямі тут былі юныя следапыты, ветэраны вайны.
“Вучні патрыётамі не нараджаюцца, патрыётамі яны становяцца. Наколькі паспяхова, залежыць ад нас, педагогаў. І ў гэтай справе мы раўняемся на Пятра Елісеевіча Кавалькова”, — адзначыла настаўніца пачатковых класаў Ірына Аляксандраўна Афанасьева.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.