Карціна… прасам

Праўду кажуць: “Новае — гэта добра забытае старое”. І адна з такіх старых, нават старажытных,“інавацый”— мастацкая тэхніка энкаўстыка, якой ужо больш за тысячу гадоў і якая сёння вяртаецца з нябыту. Гэтаму ў значнай ступені спрыяе Ірына Эдуардаўна Дуброўская, педагог дадатковай адукацыі Капыльскага раёна.

Энкаўстыка — адна з самых старажытных тэхнік жывапісу, у якой выкарыстоўваюцца фарбы на аснове разагрэтага воску. Гэтую тэхніку выкарыстоўвалі і іканапісцы, пакуль не замянілі воск на яечны жаўток — так атрымалася тэмпера. Многія з нас у дзяцінстве малявалі васковай пастэллю. Па сваёй сутнасці гэта разнавіднасць энкаўстыкі ў спрошчаным варыянце. Толькі ў XX стагоддзі мастакі пачалі адраджаць гэтую тэхніку. Вядома, цяпер у арсенале мастакоў ёсць сродкі выразнасці, якія нават і не сніліся рымлянам і егіпцянам: хімічныя пігменты, прас, фен… Якраз прас і васковыя крэйды сталі галоўнымі інструментамі на занятках у аб’яднанні І.Э.Дуброўскай “Энкаўстыка”.

“Першыя згадкі пра маляванне гарачым воскам сустракаюцца ў старажытна-грэчаскіх і старажытна-егіпецкіх манускрыптах V стагоддзя да н. э. Дзякуючы водаўстойлівасці фарбы тэхніка зарэкамендавала сябе найлепшым чынам у роспісе караблёў, а самыя старадаўнія работы ў гэтай тэхніцы — “фаюмскія партрэты” — пасмяротныя выявы, знойдзеныя ў Фаюмскім аазісе ў пахавальніцах Егіпта. Напісаныя тысячу гадоў назад, яны захаваліся, на выдатна вытрымаўшы выпрабаванне пяскамі і сонцам, не страціўшы сваёй насычанасці і шчыльнасці фарбаў. Зараз яны захоўваюцца ў маскоўскім музеі імя А.С.Пушкіна, Луўры і Брытанскім музеі. Мы з дзецьмі вывучалі гэтыя работы, іх жыццё ў часе, спосабы стварэння, і нам таксама захацелася асвоіць гэтую тэхніку”, — расказвае Ірына Эдуардаўна.

Вывучаная інфармацыя і шэраг прагледжаных відэаўрокаў, якія педагог знайшла ў інтэрнэце, шматлікія творчыя эксперыменты і фантазія педагога-мастака зрабілі сваю справу — яна ўжо некалькі гадоў вучыць сваіх навучэнцаў энкаўстыцы.

Энкаўстыка — у прамым сэнсе запальная тэхніка малявання гарачым воскам, пры якой замест пэндзля выкарыстоўваецца прас. Работы ў гэтай тэхніцы яркія, кантрастныя, тэкстурныя. Карціны можна ствараць на палатне, паперы, кардоне, фанеры, мармуры, дошцы.

“Работы ў гэтай тэхніцы яркія, свое­асаблівыя і, што важна пры рабоце з дзецьмі, ствараюцца хутка. А калі маеш справу з дзецьмі, якія любяць паўтараць узор, гэтая тэхніка таксама добра падыходзіць. Бо якраз паўтарыць узор не атрымаецца — кожная работа будзе адметнай, нават пры жаданні ты не зробіш так, як у педагога ці ў суседа па парце. Воск ніколі не ляжа так, як хочаш, — адзначае Ірына Эдуардаўна і тлумачыць тонкасці справы: — У энкаўстыцы ёсць 5 прыёмаў: разгладжванне (як прасам мы гладзім адзенне, так разгладжваем і неба, узгоркі і іншыя фоны), адбітак (наносім крэйды розных адценняў аднаго колеру на падэшву праса, робім ёй адбітак на кардоне ці на паперы — так “вырастаюць” лясы, сады і інш.), маляванне рабром праса (гэты прыём больш падыходзіць для малявання кустоў, травы, сцёблаў кветак, галінак і ствалоў дрэў), маляванне носікам праса (птушкі, пялёсткі кветак, лісточкі і іншыя дробныя дэталі) і самае любімае ў дзяцей — прас уверх падэшвай (малюнак на кардоне, які ляжыць на паверхні праса)”.

Гэтых прыёмаў дастаткова, каб маляваць шыкоўныя пейзажы, нацюрморты. Партрэты даюцца значна цяжэй, тут трэба больш практыкі. Акрамя таго, дзецям падабаецца міксаваць энкаўстыку з іншымі мастацкімі тэхнікамі, такімі як дэкупаж, пуантылізм (маляванне васковымі кропкамі — гэта выдатная трэніроўка цярпення і ўседлівасці), граттаж (прадрапванне нанесенага фону), зен­тангл і дуглінг (медыятыўнае маляванне з прадрапваннем кожнага сегмента малюнка кропкамі, лініямі, фігуркамі) і інш.

Усё гэта  не проста новыя словы, новыя кірункі, да якіх заўсёды праяўляюць інтарэс сучасныя дзеці. У першую чаргу — гэта магчымасць зацікавіць іх выяўленчым мастацтвам, даць адчуць задавальненне ад магчымасці тварыць і ствараць. Відаць, таму ўменне працаваць гарачымі фарбамі так цікавіць не толькі навучэнцаў, але і педагогаў. На майстар-класы да Ірыны Эдуардаўны часта прыязджаюць яе калегі са школ горада і раёна, каб потым навучыць новым кірункам сваіх падапечных — юных мастакоў.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Вольгі МАКСІМЕНІ.