На музейным кірмашы

Гісторыка-краязнаўчы, баявой славы, этнаграфічны і нават віртуальны… Вопыт работы менавіта такіх музеяў быў прадстаўлены на сёлетняй выставе “Я — грамадзянін Беларусі”. Кожны наведвальнік на працягу трох дзён мог азнаёміцца з арыгінальнымі экспанатамі, даведацца аб іх прызначэнні, распытаць у педагогаў пра сакрэты стварэння музеяў. Падчас выставы ўзнімаліся і актуальныя пытанні дзейнасці школьных музеяў.

Слова экскурсаводам

Для педагогаў-музейшчыкаў і вучняў-экскурсаводаў рэспубліканская выстава навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі “Я — грамадзянін Беларусі” з’яўляецца своеасаблівым кірмашом інавацыі і вопыту, дзе можна, як кажуць, і на людзей паглядзець, і сябе паказаць. Прычым не толькі паказаць прадметы даўніны, але і прапанаваць калегам эфектыўныя формы работы па выхаванні падрастаючага пакалення з дапамогай сродкаў музейнай педагогікі. Менавіта гэта абмяркоўвалі ўдзельнікі круглага стала “Выкарыстанне музеяў устаноў адукацыі ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні навучэнскай моладзі”.
Сярод галоўных фактараў, якія вызначаюць папулярнасць музея, — цікавая, жывая экскурсія. Няхай гэта будзе далёка не першы па плошчы, колькасці экспанатаў і арыгінальнасці афармлення экспазіцыі музей, аднак калі гучыць шчырая мова экскурсавода і кожнае слова ідзе ад самага сэрца апавядальніка, то ў такім музеі адчуваеш сябе, нібыта ў роднай хаце, сюды абавязкова хочацца вярнуцца. Менавіта так можна сказаць пра музей гімназіі № 25 Мінска.
Як паведаміла яго кіраўнік Аліна Казіміраўна Пахвалёная, галоўным крытэрыем штодзённай работы гімназічнага музея з’яўляецца правядзенне на высокім тэарэтычным і метадычным узроўні экскурсій, іншых форм работы з навучэнцамі. Экскурсіі павінны быць актуальнымі і займальнымі, улічваць узрост, інтарэсы і веды ўдзельнікаў, засноўвацца на экспазіцыі і матэрыялах музея. У 25-й гімназіі падчас тэматычных экскурсій адбываецца прагляд мультымедыйных прэзентацый і відэафільмаў на пэўную тэматыку.
— Зусім нядаўна мы даведаліся пра такую асаблівасць музейнай педагогікі ў Японіі, як экскурсія, прысвечаная адной рэчы. У гімназіі гэты падыход мы паспрабавалі на 21 музейным прадмеце. Наведвальнікі знаёмяцца з гісторыяй з’яўлення, тэхналогіяй выкарыстання, відамі экспанатаў не толькі праз паведамленне экскурсавода, але і праз прагляд мультымедыйных прэзентацый. Гэта дае магчымасць ілюстраваць аповед экскурсавода, што робіць экскурсію больш інфармацыйнай і займальнай. Падчас аповеду навучэнцы ладзяць своеасаблівыя паўзы, на якіх рэкламуюцца пэўныя экспанаты, — паведаміла Аліна Казіміраўна.
У рабоце музея выкарыстоўваюцца таксама інтэрактыўныя формы, як экскурсія “Цуды музея”. Яна дазваляе дзецям, напрыклад, прасаваць бялізну з дапамогай прасаў, што награваліся вуголлем, важыць на бязмене, прайграваць вінілавыя пласцінкі на патэфоне. Дзеці могуць уявіць сябе ў ролі барабаншчыка і гарніста. Такім чынам, музей становіцца месцам, дзе забавы сумяшчаюцца з пазнаннем, месцам, якое дапамагае па-новаму паглядзець на звыклыя рэчы.

Павышаем аўтарытэт

Як лічыць кіраўнік музея гімназіі № 4 Мінска Алеся Алегаўна Медушэўская, папулярнасць музея залежыць не толькі ад цікава праведзенай экскурсіі, арыгінальна аформленай экспазіцыі. Важна разнастаіць музейнае жыццё часовымі выставамі і рамеснымі майстар-класамі. Знаёмства з традыцыямі народнага мастацтва, авалодванне сакрэтамі майстэрства дапамагае павысіць аўтарытэт музея, па-іншаму паглядзець на вядомыя экспанаты, напрыклад, прадметы, звязаныя з ткацтвам.
— Любыя падыходы да азнаямлення і авалодання рамёствамі накіраваны на ўключэнне каштоўнасцей традыцыйнай духоўнай і матэрыяльнай культуры ў кантэкст сучаснасці. Навучанне рамёствам дае чалавеку не толькі практычныя навыкі па выкананні розных рэчаў, але і грунтоўнае ўяўленне аб каранях і гісторыі рамяства, яго традыцыях, нацыянальных адметнасцях і месцы, якое яно займае ў культуры народа. Гэта вельмі важна ўлічваць пры арганізацыі выхаваўчай работы з навучэнскай моладдзю, — паведаміла Алеся Алегаўна.
Ідэя арганізацыі выставы рамесных вырабаў і правядзення першага майстар-класа ўзнікла пасля таго, як навучэнцы гімназіі азнаёміліся гэтай зімой з тканымі вырабамі майстрыхі з вёскі Вензавец Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці Надзеі Уладзіміраўны Вайтушка, даведаліся пра тэхналогію ткацкай вытворчасці.
— Часовая выстава посцілак яшчэ раз скіроўвала нашу ўвагу да каштоўнага экспаната музея — кроснаў. Працэс ткацтва цудоўна апісаў у сваёй паэме “Яна і я” Янка Купала. Урывак “За кроснамі” насычаны словамі, якія сёння ўжо амаль нічога не гавораць сучаснай моладзі, бо яны звязаны з далёкай для нас і малавядомай штодзённасцю, іншым ладам жыцця і побытам. Ядваб-кужэль, ставы, набіліцы, панажы, навой, чаўнок, берда, ніты, цэўкі, уток — для сённяшніх школьнікаў гэтыя словы могуць падацца дзіўнымі і нават замежнымі, — адзначыла Алеся Алегаўна.
Працягам рамесніцкай тэмы стала правядзенне ў музеі сталічнай гімназіі № 4 народным майстрам Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Чыквіным і майстрам-рамеснікам Вячаславам Дароцькам для настаўнікаў, навучэнцаў і іх бацькоў майстар-класа разьбы па дрэве. Чатыры гадзіны кобрынскія ўмельцы дзяліліся сакрэтамі стварэння беларускіх драўляных цацак. У выніку экспазіцыя папоўнілася арыгінальнымі вырабамі.

Усё тыя ж пытанні

Падчас круглага стала педагогі не толькі дзяліліся вопытам работы, але і разглядалі актуальныя пытанні прававога рэгламентавання дзейнасці музеяў устаноў адукацыі. Варта адзначыць, што падобныя пытанні рэгулярна ўзнімаюцца на семінарах, форумах, у якіх удзельнічаюць як прадстаўнікі сістэмы адукацыі, так і сістэмы культуры. Аднак, на жаль, спрэчныя моманты вырашаюцца не так хутка, як бы таго хацелася педагогам.
На працягу доўгага часу музеі ўстаноў адукацыі адносіліся да грамадскіх музеяў і ў сваёй дзейнасці кіраваліся нарматыўнымі дакументамі Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі. З 2005 года (з прыняццем Закона “Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь”) музеі ўстаноў адукацыі былі аднесены да дзяржаўных музеяў, і на іх дзейнасць сталі распаўсюджвацца адпаведныя патрабаванні. Аднак, як паказвае вопыт, не ўсе школьныя музеі ў поўнай меры могуць выконваць патрабаванні нарматыўных актаў дзейнасці дзяржаўных музеяў: праводзіць належную навуковую апрацоўку музейных прадметаў, навуковую інвентарызацыю і каталагізацыю музейных прадметаў і музейных калекцый, іх рэстаўрацыю і г.д. Многія напрамкі дзейнасці дзяржаўных музеяў не з’яўляюцца мэтазгоднымі ў рабоце музеяў устаноў адукацыі. На пасяджэнні яшчэ раз падкрэслівалася, што навучэнцы пад кіраўніцтвам настаўнікаў выконваюць функцыі прафесійных музейшчыкаў у асноўным на грамадскіх пачатках.
— Дзейнасць музеяў устаноў адукацыі рэгулявалася Палажэннем аб музеі ўстановы адукацыі № 52, якое было прынята ў 2002 годзе. У адпаведнасці з планам мерапрыемстваў па выкананні артыкула 2 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь” Палажэнне аб музеі ўстановы адукацыі страціла сілу. Распрацавана інструктыўна-метадычнае пісьмо аб дзейнасці музеяў устаноў адукацыі, якое зараз разглядаецца Міністэрствам культуры. Не менш хвалюючыя і пытанні цэнтралізаванага ўліку музейных прадметаў, надання ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, уключэння ў Музейны фонд Рэспублікі Беларусь. Гэтыя пытанні патрабуюць абавязковага вырашэння, — паведаміла загадчык аддзела краязнаўства Рэспубліканскага цэнтра турызму і краязнаўства Аляксандра Яўгенаўна Кравец.
Падчас выставы “Я — грамадзянін Беларусі”, акрамя згаданых музеяў, быў прадстаўлены адпаведны вопыт работы сярэдняй школы № 159 Мінска, Станькаўскай сярэдняй школы Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці, гімназіі Смаргоні, Маркавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Гомельскага раёна, Іўеўскай сярэдняй школы. Музейны кірмаш віраваў тры дні. Тут, сапраўды, было на што паглядзець і што пераняць.

Ігар ГРЭЧКА.

[email protected]

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.