Не спыняйся, ільянскае кола шчасця!

У 2010 годзе двум музеям Ільянскай сярэдняй школы імя А.А.Грымаця Вілейскага раёна было прысвоена ганаровае званне “народных”. Безумоўна, актыўная шматгадовая праца кіраўнікоў і юных экскурсаводаў “Ільянскіх даляглядаў”, “Вілейшчыны літаратурнай” заслужыла такой высокай ацэнкі. Аднак, калі гаварыць шчыра, то ў актыве Ільянскай школы павінна быць не два, а мінімум пяць народных званняў, бо кожны раздзел экспазіцый унікальны і нагадвае асобны музей.
Няхай аўтобус пачакае

Супрацоўнікам “Настаўніцкай газеты” даволі часта даводзіцца праязджаць праз Ілью падчас камандзіроўкі на бераг Нарачы ў “Зубраня”. Аднак на знаёмства з маляўнічымі ільянскімі даляглядамі, адметнымі мясцінамі і багатым мінулым сучаснага аграгарадка адводзіцца ўсяго хвілін дзесяць: пяць на паездку па цэнтральнай вуліцы на маршрутным аўтобусе і пяць хвілін на тое, каб каля будынка аўтакасы адпачыць з дарогі.
Пры жаданні азнаямляльная экскурсія можа быць больш працяглай. Аўтобусы на Мінск ходзяць часта, таму не бяда, калі прапусціш адзін-два рэйсы. Затое можна здзейсніць цікавую прагулку па былым мястэчку і яго ваколіцах: азнаёміцца з архітэктурай царквы і касцёла, свецкіх будынкаў, перайсці праз мост і на правым беразе аднайменнай рэчкі пастаяць каля старой разгалістай вярбы, паслухаць ціхае журчанне вады. Калі пашчасціць, то можна пачуць, як рэчка нібы расказвае пра падзеі, што адбываліся на яе берагах цягам многіх стагоддзяў. Не менш вобразна і захапляльна пра адметнасці Ільяншчыны паведамяць і ў мясцовай школе, дзе кожнага госця сустракаюць як роднага.

Па ўзмаху ўказкі

Гасцям рады не толькі настаўнікі і вучні, але і экспанаты. Калі ў музейную залу, напрыклад, “Ільянскіх даляглядаў” заходзіць група наведвальнікаў, то прылады працы, прадметы побыту, уласныя рэчы ільянцаў, шматлікія фотаздымкі, гістарычныя дакументы па ўзмаху чароўнай указкі экскурсаводаў нібыта пачынаюць усміхацца. Увесь сакрэт гэтага цуду — у арыгінальным афармленні экспазіцыі, а калі больш дакладна, то ў яе асвятленні. Дзясяткі лямпачак, што адлюстроўваюцца ў шкле стэндаў, ажыўляюць залу, а экспанаты ў гэты час, здаецца, пачынаюць нашэптваць членам савета музея словы экскурсіі. Такіх незвычайных памочнікаў у кіраўніка “Ільянскіх даляглядаў” Людмілы Францаўны Маркевіч і яе калегі Розы Канстанцінаўны Шэрай (кіраўніка музея “Вілейшчына літаратурная”) больш за 7 тысяч.
У адным толькі літаратурным музеі налічваецца 3512 экспанатаў. Шматлікія зборнікі прозы і паэзіі з аўтографамі класікаў, сшыткі з рукапісамі, спецыяльныя папкі з біяграфіяй пісьменнікаў — ураджэнцаў Ільяншчыны, размешчаны ў раздзелах “Повязь часоў”, “Кожны край мае тых, каго апяваюць”, “Тут зямля такая”, “Іх памятае вілейская зямля”, “Эстафета ў надзейных руках”. За 20 гадоў дзейнасці музея праведзены дзясяткі творчых сустрэч, зачытаны сотні вершаваных радкоў, наладжаны экскурсіі для нямецкіх, польскіх, ізраільскіх гасцей і, канечне, сваіх родных ільянцаў.
Як адзначыла Роза Канстанцінаўна, акрамя правядзення экскурсій юныя музейшчыкі вядуць перапіску з пісьменнікамі, установамі адукацыі і культуры, збіраюць рукапісы, фотаздымкі, кнігі, матэрыялы з перыядычных выданняў. У выніку афармляюцца тэматычныя папкі.
— У мінулым навучальным годзе мы распрацавалі такія тэмы, як “Янка Купала і Купалаўскія акопы”, “Змітрок Бядуля і Вілейшчына”, “Уладзімір Папковіч — наш зямляк”, “Галіна Каржанеўская — празаік і паэт”, “Янка Брыль і Вілейшчына”, “Максім Танк і Вілейшчына”. Па некаторых з гэтых тэм чытаюцца лекцыі. Вядзецца актыўная перапіска з Адамам Мальдзісам, Сымонам Барысам, Галінай Каржанеўскай, Леанідам Левановічам і іншымі творчымі людзьмі. Мы супрацоўнічаем з міжнародным фондам Агінскага, якому некалі належалі навакольныя землі. Дзейнічае і школьнае выдавецтва “Ільянскія перазвоны”, дзе друкуюцца зборнікі паэзіі вучняў і настаўнікаў. Выдаём газету “Далягляд”, — паведаміла настаўніца.
Дзейнасць ільянскіх музеяў — гэта і рэгулярны ўдзел у конкурсах рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Атрыманыя дыпломы займаюць пачэснае месца ў экспазіцыях. Для папулярызацыі музейнай справы, пошукавай дзейнасці сярод навучэнцаў Роза Канстанцінаўна сумесна з Людмілай Францаўнай Маркевіч распрацавалі і свой школьны конкурс “Лепшы краязнаўца года”, які праводзіцца па класах. Пасля падвядзення вынікаў на святочнай лінейцы падчас апошняга званка ганаровымі дыпломамі ўзнагароджваюцца 11 актыўных даследчыкаў роднага краю.
Цікава, калі б праводзілася незвычайнае даследаванне і падлічвалася шчыльнасць пражывання паэтаў на адзін сельскі населены пункт, то, напэўна, аграгарадок Ілья стаяў бы на першым месцы рэспубліканскага спіса. Толькі за некалькі хвілін, праведзеных у літаратурным музеі, мне пашчасціла патрымаць у руках зборнікі паэзіі Розы Канстанцінаўны, дырэктара школы Ігара Аляксандравіча Юшко і педагога-арганізатара Аксаны Мікалаеўны Ярашонак. І гэта толькі настаўнікі… У чым сакрэт паэтычнасці былога мястэчка? Можа тут расце асаблівая агародніна, якая падмацоўвае творчыя сілы ільянцаў? Хаця не, уся справа хутчэй у непаўторных краявідах, якія цяпер, у пару залатой восені, выглядаюць па-асабліваму ўрачыста. Нездарма ў аднаго са школьных музеяў мілагучная назва — “Ільянскія далягляды”.

Нестатычная экспазіцыя

Экспанаты “Ільянскіх даляглядаў” захоўваюцца ў такіх раздзелах, як “Водгукі ліхалецця”, “Пад прасамі гісторыі”, “Польскі перыяд”, “Савецкі перыяд”, “Рамёствы, мастацтва і быт”, “Гісторыя Ільянскай школы”. У першым раздзеле прадстаўлены матэрыялы аб ваенных ліхалеццях, што пранесліся праз Ільяншчыну. На вітрынах змешчаны рэшткі зброі і боепрыпасаў, асабістыя рэчы салдат і партызан, амуніцыя, фотаздымкі і дакументы, лісты-трохвугольнічкі, узнагароды, успаміны, а таксама навучэнскія даследчыя работы. Экспазіцыя музея нестатычная і шыльдачкі кшталту “Рукамі не чапаць” тут не пабачыш. Таму з дазволу Людмілы Францаўны Маркевіч можна ўявіць сябе, напрыклад, салдатам напалеонаўскай або рускай арміі часоў вайны 1812 года і прымераць да свайго касцюма гузікі з абмундзіравання той эпохі або патрымаць рэшткі ядра ці кулі.
У раздзеле “Пад прасамі гісторыі” захоўваюцца прылады працы першабытнага чалавека, расказваецца пра дзейнасць цэнтраў па здабычы жалеза, што знаходзіліся каля вёсак Бязводнае і Карытніца, выстаўлены рэшткі вырабаў былой ільянскай шкляной мануфактуры, размешчаны старадаўнія дакументы, карты, кнігі, грошы, прадметы гаспадарчай дзейнасці і рэлігійнага жыцця мясцовых жыхароў. Амаль гадзіну, а то і дзве, можна слухаць аповед экскурсаводаў пра жыццё Ільі ў даваенны час у складзе Польшчы. У адпаведным раздзеле захоўваюцца матэрыялы пра маёнткі, узаемаадносіны паміж прадстаўнікамі розных нацыянальнасцей і рэлігійных канфесій, расказваецца пра дзейнасць маладзёжнай і дзіцячай арганізацый “Стральцоў” і “Стрэльчыкаў”. Багаты матэрыял сабраны і пра савецкі перыяд. Шмат экспанатаў захоўваецца ў раздзеле па гісторыі Ільянскай школы, якая ў мінулым годзе ўрачыста адзначыла 150-годдзе. Тут не толькі вучнёўскія пісьмовыя прылады, падручнікі, сшыткі, але і звесткі пра знакамітых выпускнікоў, дырэктараў школы, педагогаў, узнагароджаных высокімі званнямі. Асабліва ганарацца ільянцы знакамітым земляком вучоным-педагогам Адамам Антонавічам Грымацем, імя якога і носіць школа.Дарэчы, 17 кастрычніка прафесару, правадзейнаму члену НАН Беларусі і Міжнароднай акадэміі акмеалогіі А.А.Грымацю споўнілася б 75 гадоў. У Ільянскай школе і на кафедры педагогікі БДПУ імя Максіма Танка ў гэты дзень ушанавалі яго памяць.
Пра арыгінальную этнаграфічную экспазіцыю “Ільянскіх даляглядаў” трэба сказаць асобна. На мой погляд, яе хоць цяпер можна перакваліфікаваць у музей, патрэбна толькі скласці адпаведную дакументацыю. Па-першае, ёсць асобнае памяшканне, па-другое, у наяўнасці і вялікая колькасць арыгінальных экспанатаў. Чаго варта толькі кола шчасця, пакруціўшы якое, можна, як запэўніла Людміла Францаўна, стаць шчаслівым. А вось што гэта за кола, як яго круціць і ці многа шчасця на цябе абрынецца? Пра гэта вам, паважаныя чытачы, лепш даведацца непасрэдна ад ільянскіх калег. Калі вы завітаеце ў Ілью, то вам гарантаваны як мінімум захапляльная экскурсія і цёплы прыём.

Усё атрымаецца

Мэтай маёй камандзіроўкі ў Ілью было не толькі знаёмства з багатымі экспазіцыямі двух музеяў. Падчас падарожжа хацелася даведацца, наколькі паўплывала на дзейнасць музеяў прысваенне ім статусу “народных”?
Па словах Ігара Аляксандравіча Юшко, пасля надання ў 2010 годзе “Ільянскім даляглядам” і “Вілейшчыне літаратурнай” ганаровага звання, аддзел адукацыі, спорту і турызму выдзеліў стаўкі кіраўнікам музеяў. Да гэтага, як і пераважная большасць сваіх калег-музейшчыкаў, Людміла Францаўна і Роза Канстанцінаўна працавалі на грамадскіх пачатках. Праўда, Ігар Аляксандравіч знаходзіў шляхі для аплаты музейнай работы сваіх калег, але гэта была ўжо асабістая ініцыятыва кіраўніка ўстановы адукацыі.
Наданне школьнаму музею звання “народнага” выгадна ў першую чаргу з фінансавага боку, бо, згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 733 ад 10 чэрвеня 2006 года “Аб зацвярджэнні палажэння аб парадку прысваення музеям статусу “народны”, перыядычнага пацвярджэння і пазбаўлення іх гэтага статусу”, у структуру народнага музея па рашэнні адміністрацыі навучальнай установы, на базе якой ён дзейнічае, уводзяцца адна ці больш штатных адзінак.
Каб атрымаць пачэснае званне, школьнаму музею, у адпаведнасці з пастановай № 733, варта адпавядаць некалькім крытэрыям. Музей павінен працаваць не менш за 10 гадоў, у яго фондзе павінна быць не менш за 600 музейных прадметаў, абавязкова павінна весціся ўліковая дакументацыя на ўсе музейныя прадметы. Пастаянная экспазіцыя павінна быць створана на аснове ўласных музейных калекцый, музей павінен абслугоўваць не менш за 3000 наведвальнікаў за апошнія 3 гады. Што ж, калі ваш музей адпавядае гэтым крытэрыям, з’яўляецца сапраўдным цэнтрам грамадзянска-патрыятычнага, эколага-краязнаўчага выхавання маладога пакалення, у музейнай зале праводзяцца ўрокі, пазакласныя мерапрыемствы, музей актыўна ўдзельнічае ў конкурсах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў, то чаму б не падаць адпаведнае хадайніцтва на прысваенне звання “народнага”?
Тады і ў вашым музеі палепшацца ўмовы экспанавання, будуць створаны новыя вітрыны. Можа быць, як гэта сталася ў Ільянскай школе, пачнецца выпуск музейнага бюлетэня. Магчыма, вы нават адкрыеце на базе музея інфармацыйны краязнаўча-метадычны цэнтр або школьнае выдавецтва і прэс-цэнтр, і гэтак жа, як і яго кіраўнік у Ільянскай школе Аксана Мікалаеўна Ярашонак, будзеце збіраць літаратуру, дакументы, альбомы, даследчыя працы, краязнаўчыя праекты, аўдыя- і відэаматэрыялы пра родны край. Канечне, нішто не прыходзіць само па сабе, аднак калі твая праца ацэньваецца не толькі калегамі, але і дзяржавай, то, як паказвае ільянскі вопыт, працаваць хочацца як мінімум у два разы больш аператыўна і плённа.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.