Рэальная карысць рэальнага музея

Віртульнасць настолькі трывала ўвайшла ў нашу рэальную штодзённасць, што часам думаеш: можа, гэта рэальнае жыццё з’яўляецца часткай віртуальнага. Віртуальныя знаёмствы, віртуальныя ўсмешкі, віртуальныя сябры… Папулярнымі становяцца і віртуальныя музейныя экскурсіі. У адрозненне ад віртуальнага асабістага жыцця, яны куды больш карысныя. Аднак і віртуальныя экскурсіі не параўнаюцца з рэальным падарожжам па музейнай прасторы. Як данесці гэтую думку да юных аматараў віртуальнага жыцця? Што чакаюць сучасныя хлопчыкі і дзяўчынкі, пераступаючы парог рэальнага музея? Паспрабуем знайсці адказы на гэтыя пытанні.

Для пачатку завочна перапішам знакамітую карціну Васняцова “Віцязь на раздарожжы” на сучасны школьна-музейны лад. Галоўным героем зробім навучэнца, замест кап’я ўручым яму планшэт, а на замшэлым валуне напішам наступнае: “Налева пойдзеш — цікавы экспанат знойдзеш, прама пойдзеш — у віртуальны музей трапіш, направа пойдзеш — рэальны музей наведаеш”. Куды пойдзе наш віцязь? Адказ відавочны… Сапраўды, навошта яму траціць час, нешта шукаць, некуды ісці, калі дастаткова ўзмахнуць рукой, правесці пальцам па сэнсарным экране — і калі ласка, вось перад табой непаўторнасць Луўра, вось і скарбы фараонаў з егіпецкага музея Каіра, а вось і багацце Эрмітажа.
— Гэта мы калісьці, калі былі школьнікамі, маглі проста прыйсці класам у музей, пастаяць спакойна каля стэндаў, паслухаць завучаныя, аднатонныя словы экскурсавода накшталт “гэты раздзел экспазіцыі расказвае…”, “тут прадстаўлены наступныя экспанаты…”, сказаць у канцы экскурсіі дружнае “дзякуй” і хадзіць пад уражаннямі ад цікавай, як нам тады здавалася, экскурсіі некалькі дзён. Час змяніўся, змяніліся і дзеці, а разам з імі павінны мяняцца і музеі, афармленне экспазіцыі, формы работы з наведвальнікамі, — дзеліцца кіраўнік народнага музея баявой славы Пралетарскай Маскоўска-Мінскай дывізіі сярэдняй школы № 120 Мінска Алена Іванаўна Зубялевіч.
Каб сённяшнія хлопчыкі і дзяўчынкі пасля экскурсіі сказалі дружнае “дзякуй”, экспазіцыя, па-першае, павінна быць сучаснай, прыгожай, яркай, не менш яркай, чым тыя старонкі ў сацыяльных сетках, якія вучні праглядваюць кожны дзень. Па-другое, экскурсаводу трэба ведаць значна больш матэрыялу, чым пададзена ў змесце экскурсіі. Сённяшнія дзеці больш раскаваныя, яны адчуваюць сябе больш свабодна, часта задаюць пытанні і нярэдка ставяць экскурсавода ў няёмкае становішча. Аднак узровень іх эрудыцыі спецыфічны. Яны могуць не ведаць, што ганаровым байцом Пралетарскай Маскоўска-Мінскай дывізіі быў Аляксей Максімавіч Горкі, аднак вельмі падрабязна раскажуць пра аперацыю “Баграціён”, асаблівасці ўзбраення пэўнага роду войскаў, адметнасці баявой тэхнікі. І ўсё гэта дзякуючы папулярным сярод моладзі камп’ютарным гульням накшталт “Аперацыя “Баграціён” і “Свет танкаў”.
Наконт гульні. Менавіта яна, на думку Алены Іванаўны, абавязкова павінна быць у арсенале кожнага экскурсавода, калі ён, канечне, хоча, каб навучэнцы наведалі музей яшчэ раз. Сярод вучняў 120-й школы асабліва папулярная гульня на партызанскую тэматыку “Лясная быль” і гульня-конкурс “Ану, хлопчыкі”. Падобную форму работы з наведвальнікамі практыкуюць многія дзяржаўныя музеі як сістэмы культуры, так і сістэмы адукацыі. Адным з пачынальнікаў гэтай справы з’яўляецца Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь.
— За апошнія гадоў 30—40, з таго часу, як я працую ў музеі, змянілася яго структура і формы работы. Экспазіцыя, адкрытая ў лістападзе 1967 года, доўгі час была падобная да экспазіцый большасці краязнаўчых музеяў. Можна сказаць, стандартная савецкая экспазіцыя. Яе раздзелы адпавядалі школьнай праграме па гісторыі, за аснову стварэння і афармлення браліся падручнікі. І дзецям гэтага было дастаткова. Яны з радасцю прыходзілі, слухалі экскурсаводаў. Калі сённяшніх дзяцей паставіць каля стэнда і без запалу ў голасе расказваць ім пра той ці іншы перыяд гісторыі, ажыўляючы свае словы толькі ўзмахамі ўказкі, то эфект ад экскурсіі будзе мінімальны, калі не нулявы. З сучаснымі навучэнцамі экскурсаводу трэба весці дыялог, імправізаваць, падключаць свае акцёрскія здольнасці. Менавіта з гэтай прычыны яшчэ ў 90-я гады мы з калегамі пачалі распрацоўваць музейна-педагагічныя заняткі, стварылі своеасаблівую музейную прастору, за што неаднаразова атрымлівалі граматы і дыпломы на міжнародных музейных форумах, — гаворыць намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Ніна Уладзіміраўна Калымага.
Цяпер гэтыя заняткі праводзяцца ў рамках спецыяльнай музейнай праграмы “Архонімус” і разлічаны на вучняў рознага ўзросту і іх бацькоў. Па словах супрацоўнікаў аддзела музейных камунікацый Ганны Мікалаеўны Васільчыкавай і Дар’і Сяргееўны Астрагаловай, пачынаецца гэты цыкл з уводных заняткаў “Далёкіх прадзедаў запавет”, на якіх дзеці знаёмяцца з беларускай міфалогіяй. Наступны этап — “Вандроўка па палескім падворку”, калі вучням прапаноўваецца здзейсніць падарожжа ў першабытныя часы, пазнаёміцца з тагачасным жыццём чалавека і нават зрабіць на свідравальным станку адтуліну ў камені, паскрэбці спецыяльнымі крамянёвымі прыстасаваннямі шкуру дзікіх жывёл або зляпіць гліняны гаршчок. Цікавыя для малодшых школьнікаў і “Сакрэты ткацкага рамяства”, “Лялькі з бабулінага куфэрка”, аднак найбольшай папулярнасцю карыстаюцца “Археалагічныя раскопкі”. Гэта своеасаблівая ролевая гульня, падчас якой дзеці становяцца памочнікамі археолага, праводзяць раскопкі на імправізаваным гарадзішчы жалезнага веку. Вучні не толькі шукаюць арыгінальныя артэфакты мінулага, але і вывучаюць культурныя слаі, з дапамогай компаса вызначаюць напрамкі свету, складаюць план раскопак, вядуць палявы дзённік. Каб заняткі былі больш захапляльнымі, некаторыя бацькі набываюць у музейным кіёску сувенірныя манеты і загадзя закопваюць іх у пясок. Для сярэдняга школьнага ўзросту распрацаваны цыкл заняткаў па геральдыцы і генеалогіі. А вось сярод старшакласнікаў асабліва папулярная інтэрактыўная гульня “Не шукаючы, не знойдзеш” — музейны квест, падчас якога вучні дзеляцца на каманды, выконваюць пэўныя заданні і такім чынам знаёмяцца з экспазіцыяй.
Пачынаць знаёмства юных аматараў віртульнага жыцця з рэальным музейным светам, лепш за ўсё абапіраючыся на краязнаўства. Менавіта так лічыць кіраўнік краязнаўчага музея сярэдняй школы № 3 Чэрвеня Наталля Уладзіміраўна Салычава.
— Краязнаўчая работа — гэта тое, што блізка сэрцу кожнага дзіцяці (не важна, фізік ён па складзе розуму або лірык), тое, што запальвае ў дзяцей агеньчык даследавання. Варта не проста расказваць вучням пра назвы і прызначэнне тых ці іншых прадметаў побыту, працы, а адразу, падчас першай экскурсіі, даваць пошукавае заданне. Напрыклад, распытаць у бацькоў або дзядуляў і бабуль пра асаблівасці ўпрыгожвання пачэснага кута, адметнасці народных промыслаў краю (напрыклад, бортніцтва, якім славіўся Ігуменскі павет), знайсці ў доме старадаўнія прадметы, якімі раней карысталіся старэйшыя сваякі, і зрабіць іх кароткае апісанне. Паверце, нават самыя гультаяватыя вучні далучацца да гэтай справы. Яны з радасцю ўключаць свае смартфоны і планшэты, зойдуць у адпаведныя групы сацыяльных сетак або на неабходныя сайты і знойдуць тое, што трэба. І, канечне, педагогу трэба імкнуцца ставіць за выкананне музейнага задання адзнакі, асабліва тым, у каго яны не самыя лепшыя, скажам, па гісторыі. Дзякуючы такому педагагічнаму прыёму, вы лёгка запаліце ў дзіцячых сэрцах любоў да музея, да пошукавай работы, — дзеліцца Наталля Уладзіміраўна.
Далёка не ва ўсіх вучняў у выхадны дзень узнікае жаданне пайсці ў музей. Калі ж і захочацца паглядзець на прадметы даўніны, то сучаснаму школьніку куды прасцей і цікавей дастаць смартфон або планшэт, узмахнуць рукой, правесці пальцамі па сэнсарным экране і пачаць віртуальную экскурсію. Аднак не ўсё так змрочна. Як адзначылі мае суразмоўцы, апошнія гады два-тры сярод маладых бацькоў назіраецца сапраўдная мода на музеі. У некаторых сем’ях нават стала добрай традыцыяй кожныя выхадныя разам з дзецьмі, нават немаўлятамі, адпраўляцца ў падарожжа па чароўнай музейнай прасторы. Добра, калі гэта будзе менавіта традыцыя, бо мода, як вядома, праходзіць, а традыцыя застаецца.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара і Алега ІГНАТОВІЧА.