Самы дружалюбны горад

Падчас Дзён моладзі Азербайджанскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь гасцінную беларускую зямлю адкрывалі для сябе не толькі жыхары Краіны агню. Шмат цікавага пра родны край даведаліся і мы, беларусы, якія суправаджалі азербайджанскіх гасцей. Не стала выключэннем і падарожжа ў Нясвіж. Уразіла не толькі слаўная гісторыя горада, але і яго сучаснае жыццё. Аказваецца, у Нясвіжа (невялікага райцэнтра з насельніцтвам крыху больш за 15 тысяч чалавек) 21 горад-пабрацім. Напрыклад, у Пінска з насельніцтвам амаль у 10 разоў большым такіх гарадоў толькі 12, нават у Мінска ўсяго на два болей — 23. Напярэдадні Сусветнага дня пародненых гарадоў, які адзначаецца ў апошнюю нядзелю красавіка, даведаемся пра асаблівасці такога сяброўства.

Родны брат

Пра тое, што Нясвіж — самы дружалюбны і самы адкрыты для сяброўства беларускі горад, сведчыць не толькі колькасць пародненых з ім гарадоў, але і колькасць міжнародных канферэнцый, сустрэч, якія праводзяцца ў культурнай жамчужыне нашай краіны. Напрыклад, у чэрвені мінулага года ў Нясвіжы прайшла дзявятая сустрэча гарадоў — пабрацімаў Беларусі і Германіі. Праграмай мерапрыемства было прадугледжана правядзенне круглых сталоў і секцый на тэму развіцця супрацоўніцтва паміж пародненымі гарадамі ў сферы эканомікі і інвестыцый, адукацыі, маладзёжнага руху, культуры, аховы здароўя. Цэнтральнай стала тэма пашырэння міжнароднага сяброўства.


Такое сяброўства сапраўды не мае межаў. Ад Нясвіжа да нямецкага брата Лайхінгена — каля 1600 кіламетраў. Ад Нясвіжа да італьянскага Разаліні — больш за 3 тысячы. Прыкладна столькі ж ад Нясвіжа да азербайджанскага Ісмаілы. Ад Нясвіжа да польскіх Пулаваў — каля 600 км, а да літоўскага Радвілішкіса, чыя гісторыя, як і гісторыя Нясвіжа, цесна звязана з родам Радзівілаў, — каля 500 км. Калі працягваць гэты пералік, то атрымаюцца вельмі цікавыя лічбы: каб праехаць ад Нясвіжа ва ўсе гарады-пабрацімы і вярнуцца назад, трэба будзе пераадолець адлегласць амаль роўную адлегласці ад Зямлі да Месяца. Але хіба такая вялікая адлегласць з’яўляецца перашкодай для сапраўднага сяброўства? Канечне, не.

Кожны год дэлегацыі з усіх пародненых гарадоў наведваюць слаўны Нясвіж, сяброўскія візіты ў адказ адбываюцца і з беларускага боку. Адзін раз у год, на Дзень Незалежнасці і на дзень вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у Нясвіжы збіраюцца прадстаўнікі ўсіх гарадоў-партнёраў, якія прыязджаюць у Беларусь з 13 краін блізкага і далёкага замежжа. На некалькі дзён Нясвіж забірае ў Гродна званне мультыкультурнай сталіцы Беларусі. Каля знакамітай ратушы, у былым палацы Ра-дзівілаў, акрамя беларускай і рускай мовы, гучыць польская, літоўская, латышская, азербайджанская, нямецкая, італьянская, турэцкая, армянская гаворка.

Латвійскі вектар

Супрацоўніцтва паміж гарадамі-пабрацімамі — гэта не толькі культурныя, эканамічныя сувязі, але і цесныя сувязі ў сферы адукацыі. Падчас сяброўскіх сустрэч педагогі абменьваюцца не толькі вопытам арганізацыі вучэбнага працэсу, але і сакрэтамі выхавання моладзі. Нягледзячы на розныя дзяржаўныя прыналежнасці, нацыянальную ідэнтычнасць, у моладзі любой краіны аднолькавыя патрэбы: патрэба ў якаснай адукацыі, якасным адпачынку і ў якасным сяброўстве. У адпаведнасці з гэтымі патрэбамі і ажыццяўляецца выхаваўчы працэс. Засяродзім увагу на трэцім кампаненце — якасным сяброўстве, больш канкрэтна — на якасным маладзёжным сяброўстве.

Якаснае сяброўства — гэта якаснае правядзенне вольнага часу, а якаснае правядзенне вольнага часу — гэта якасна арганізаваныя маладзёжныя праекты. Пачынаючы з 2010 года нясвіжскія школьнікі рэгулярна ўдзельнічаюць у міжнародным маладзёжным праекце “Творчая дзейнасць моладзі ў спазнанні асяроддзя”, які штогод праводзіцца ў невялікім латвійскім горадзе Аўцэ. Мэтай праекта з’яўляецца знаёмства і абмен нацыянальнай культурнай спадчынай і сучаснымі традыцыямі паміж моладдзю Беларусі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Малдовы. Латвійскі Аўцэ — горад — партнёр Нясвіжа з 2013 года, а з 2015 года нясвіжскія навучэнцы прымаюць актыўны ўдзел у праекце.

Праграма міжнароднага праекта складаецца з двух ключавых напрамкаў: абмен нацыянальнай культурнай спадчынай і знаёмства з нашай краінай-суседкай, у тым ліку з Аўцкім краем. У рамках праекта праводзіцца нелькі мерапрыемстваў. Адным з найбольш яркіх і запамінальных з’яўляецца прэзентацыя візітовак дэлегацый, дзе ўдзельнікі кожнай краіны прадстаўляюць самыя цікавыя і яркія факты з гісторыі і сучаснасці сваёй вялікай і малой Радзімы.

— Знаёмства з Латвіяй пачалося для нас з агляднай экскурсіі па Аўцэ. Прадстаўнікам нашай дэлегацыі выпаў гонар сустрэцца з мэрам горада. Яркія ўражанні пакінула экскурсія па сталіцы краіны Рызе. Мы пазнаёміліся з гісторыяй, культурай і сучасным жыццём Латвіі. Падчас экскурсіі ў Юрмалу не толькі прагуляліся па самай вядомай і папулярнай вуліцы Ёмас, але і паплавалі ў бурлівым Балтыйскім моры. Бліжэй пазнаёміцца з флорай і фаўнай Латвіі дазволіла экскурсія ў Цярвецкі прыродны парк. На базе адпачынку “Свет Валгумса” мы басанож прайшліся па сцежцы здароўя працягласцю каля трох кіламетраў, што было не толькі весела, але і карысна, — паведаміла настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 3 Нясвіжа Алена Алегаўна Макаўчык.

Цэнтральнай часткай праекта з’яўляюцца мерапрыемствы па абмене нацыянальнымі традыцыямі. На творчым вечары нацыянальнага касцюма ўсе дэлегацыі прэзентавалі народныя строі, прычым прэзентавалі крэатыўна. А яшчэ кожная дэлегацыя вучыла замежных сяброў танцам і песням свайго народа. Беларусы развучвалі з латышамі, літоўцамі, палякамі і малдаванамі такія песні, як “Бялявая, чарнявая”, “Біла дзеўку маці”, а таксама беларускі народны танец “Весялуха”. Яркім акордам праекта стаў вялікі фінальны канцэрт дружбы і яднання народаў.

Польскі вектар

Адным з найбольш актыўных напрамкаў замежнага сяброўства для Нясвіжа з’яўляецца польскі. Адразу два польскія гарады (Пулавы і Златуў) з’яўляюцца гарадамі — пабрацімамі Нясвіжа. З Пулавамі пагадненне аб сяброўстве і супрацоўніцтве было заключана ў 2006 годзе. З гэтага часу паміж гарадамі ажыццяўляецца актыўны абмен афіцыйнымі дэлегацыямі, творчымі і спартыўнымі калектывамі. Па запрашэнні адміністрацыі горада і таварыства POGODNE ZYCIE навучэнцы і педагогі Нясвіжчыны выязджаюць у Пулавы для знаёмства з выхаваўчымі, адукацыйнымі, турыстычнымі праграмамі, культурай, гісторыяй, традыцыямі польскага народа, вывучаюць польскую мову, наладжваюць і ўмацоўваюць сяброўскія кантакты з навучэнскай моладдзю. Знакамітыя творчыя калектывы “Калібры”, “Дэнс”, “Сонейка”, “Аношкаўскія музыкі”, “Нясвіжскія лыжкары” прымаюць удзел у міжнародных фестывалях танцаў, дзіцячай творчасці, адпачываюць у міжнародным аздараўленчым лагеры.

Актыўнымі ўдзельнікамі міжнародных мерапрыемстваў з’яўляюцца і педагогі. Добрай нагодай прадэманстраваць беларускую народную творчасць, абмяняцца вопытам з калегамі з’яўляецца Міжнародны конкурс настаўніцкіх харавых калектываў, які праводзіцца ў Пулавах. Пагадненне аб супрацоўніцтве падпісана і паміж Нясвіжскай гімназіяй і гімназіяй Пулаваў. Удзельнікі танцавальных калектываў гэтага польскага горада — частыя госці на гасціннай нясвіжскай зямлі. Усяго з 2006 года Пулавы наведалі 745 навучэнцаў і педагогаў Нясвіжскага раёна.

Супрацоўніцтва ў польскім вектары сяброўства вядзецца не толькі ў культурным, але і ў экалагічным напрамку. Навучэнцы і педагогі сярэдняй школы № 4 Нясвіжа, якая з 1998 года з’яўляецца ў раёне апорнай па экалагічнай адукацыі і выхаванні, прынялі ў мінулым годзе ўдзел у Euro Eco Festival, які праходзіў у польскім горадзе — партнёры Нясвіжа Златуве. У рамках фестывалю прайшла сустрэча з моладдзю Германіі, Украіны, Польшчы. Нясвіж — а таксама Беларусь — прадстаўлялі юныя эколагі 7—9 класаў з 4-й нясвіжскай школы.

— Асноўнай тэмай фестывалю стала экалогія і ахова навакольнага асяроддзя. Разам са сваімі аднагодкамі з іншых краін нашы вучні пазнаёміліся з флорай і фаўнай Польшчы, наведалі лясніцтва, прынялі ўдзел у займальным квесце па памятных мясцінах горада. Для нашых дзяцей былі арганізаваны заняткі ў школе экалагічнай накіраванасці. Непасрэдныя кантакты і праца ў міжнародных групах дазволіла нам пазнаёміцца бліжэй, выкарыстоўваючы пры гэтым веды замежнай мовы, бо ўсе мерапрыемствы праходзілі на нямецкай мове. Дзякуючы фестывалю, вучні даведаліся шмат новага пра тое, як яны могуць дапамагчы прыродзе і захаваць яе. Удзел у фестывалі — гэта новыя знаёмствы і сяброўства, займальныя вандроўкі і новыя ўражанні, — паведаміла настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 4 Нясвіжа Алена Юр’еўна Анашка.

Усё як у людзей

У кожнага беларускага горада за мяжой ёсць надзейныя сябры, з якімі можна падзяліцца жыццёвым вопытам, пэўнымі думкамі, ад каго можна атрымаць слушныя парады. Гарады як людзі. Ім таксама хочацца сябраваць, таксама хочацца знайсці родную душу, з якой і гора не гора, і бяда не бяда. Для сапраўднага сяброўства не існуе межаў, а тысячы кіламетраў, якія раздзяляюць параднёныя гарады, толькі робяць доўгачаканыя сустрэчы больш радаснымі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.