У чаканнi ападкаў

Яшчэ гадоў дзесяць назад, каб зразумець, цi трэба, выходзячы на вулiцу, браць з сабой парасон, мы выглядвалi ў акно: як апрануты людзі, цi не захмурылася неба. І, вядома ж, чакалi прагнозу надвор’я на ТБ. Сёння нам дастаткова зiрнуць на экран смартфона, i ён падкажа, цi будзе дождж. I ўсё роўна можна памылiцца… Чаму так адбываецца, спытаемся ў Дар’i Уладзімiраўны Лук’янавай, кiраўнiка аб’яднання па iнтарэсах “Юны сiноптык” пры Рэспублiканскiм цэнтры экалогii i краязнаўства. Яна раскажа, што ведаюць i ўмеюць метэаролагi, як яны прадказваюць дождж i чаму прагнозы часам не здзяйсняюцца.

— Дар’я Уладзiмiраўна, якiя веды атрымлiваюць вашы выхаванцы ў аб’яднаннi па iнтарэсах?

— Пра надвор’е і клімат, пра ўплыў чалавека на навакольнае асяроддзе, пра адаптацыю да змяненняў клімату. Заняткі праходзяць на базе дзіцячай навукова-эксперыментальнай лабараторыі метэаралагічных назіранняў і маніторынгу атмасфернага паветра. Тут дзецi вучацца карыстацца метэастанцыяй.

— Што яна сабой уяўляе?

— Гэта набор абсталявання для манiторынгу навакольнага асяроддзя (ападкамер, ападказборнік, анемометр, снегавымяральныя рэйкi), з якога на камп’ютар аўтаматычна перасылаюцца даныя. Метэастанцыя сама можа зрабiць прагноз надвор’я на 12 гадзін. Найбольш дакладны — зроблены на найблiжэйшы час: ад адной да чатырох гадзiн. Чым даўжэйшы прамежак часу, тым больш хiбаў.

— На якой тэрыторыi будзе дзейнi­чаць прагноз? Часта прагнозы надвор’я розныя нават у межах аднаго раёна горада: па адной вулiцы прой­дзе дождж, а на суседняй будзе суха…

— Наша метэастанцыя дае прагноз менавiта на тэрыторыi цэнтра. Але перыядычна мы перасылаем свае даныя i ў Белгiдраметэацэнтр. Напрыклад, мы прадастаўляем звесткi пра вышыню снежнага покрыва — гэта неабходная частка манiторынгу навакольнага асяроддзя.

У Беларусі на базе зялёных школ дзейнічае 18 дзіцячых метэастанцый. Усе яны аб’яднаны ў адзіную платформу экаманіторынгу.

— Якой праграмай для апрацоўкi iнфармацыi вы карыстаецеся?

— У нас на камп’ютары ўстаноўлена праграма Weather Link. Яна на англiйскай мове, але iнтуiтыўна зразумелая. Я дапамагаю дзецям разабрацца з тэхнiкай, каб яны маглi самастойна знімаць паказаннi прыбораў і аналiзаваць даныя за мiнулыя гады. Напрыклад, калi навучэнец хоча зрабiць аналiз за пэўны перыяд часу, то можа паглядзець статыстыку за 2020 год.

— Добра, а калi мы кажам пра тэмпературу ў горадзе, то прагноз, напрыклад, на ТБ, дае нам разбежку каля 2 градусаў па Цэльсiю. Але насамрэч яна можа быць намнога большай. Ад чаго гэта залежыць?

— Мы з навучэнцамi аднойчы назiралi тэмпературную разбежку ў 8 градусаў, у адзiн i той жа час, у межах аднаго Мiнска. Тут уступа­е ў сiлу мноства фактараў: вышыня, на якой вя­дзецца замер, тое, цi ёсць побач вадаём, і інш. На верхнiм паверсе шматпавярховага дома паветра заўсёды будзе халаднейшым, чым каля зямлi. У цэнтры горада — цяплейшым, чым на ўскраiнах: транспарт, шчыльная забудова — усё ўплывае на тое, што паветра награваецца.

— А калi б у вас не было метэастанцыi, што б вы рабілі?

— Арыентаваліся б па народных прыкметах, назапашвалi б статыстыку… Мае навучэнцы могуць зрабiць прагноз без усялякай тэхнiкi, на аснове сваiх ведаў. Тым больш што хутка мы схаваем метэастанцыю ад мара­зоў. Далiкатная тэхнiка можа не вытрымаць нашага зімовага клiмату.

Вiталiна НЕСЦЯРОВIЧ.
Фота з архіва РЦЭіК.