У добрага экскурсавода і сыр смачны

На гэтым тыдні падчас рэспубліканскага краязнаўчага летніка, які праходзіў з 10 па 18 ліпеня на базе Рэспубліканскага цэнтра турызму і краязнаўства для актыўных удзельнікаў акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, былі падведзены вынікі конкурсу юных экскурсаводаў музеяў (музейных пакояў) устаноў адукацыі.

Сярод шматлікіх мерапрыемстваў доўгатэрміновай рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” конкурсам музейнай тэматыкі адводзіцца асаблівае месца. Менавіта музеі з’яўляюцца ва ўстановах адукацыі цэнтрамі выхаваўчай работы, своеасаблівымі скарбніцамі, дзе захоўваюцца прадметы мінулых эпох. І няважна, які гэта музей: ці гісторыка-краязнаўчы, ці этнаграфічны, ці баявой славы, ці экалагічны, з колькасцю экспанатаў у некалькі тысяч або ўсяго некалькі дзясяткаў. Для любой школы музей — гэта своеасаблівая святыня, арыгінальная візітоўка, з якой знаёмяць дарагіх гасцей. Не сакрэт, што такое знаёмства будзе надзвычай цікавым, калі пра “біяграфію” экспанатаў будуць расказваць кампетэнтныя экскурсаводы, якія валодаюць не толькі добрай дыкцыяй, але і артыстызмам.
Якасная падрыхтоўка экскурсаводаў з’яўляецца адной з галоўных задач работы кіраўніка любога музея, у тым ліку і музея ўстановы адукацыі. Паспяховасць правядзення такой работы — залог папулярнасці не толькі аднаго асобна ўзятага музея, але і турыстычнай прыцягальнасці краіны ў цэлым. Без вялікай арміі прафесійных экскурсаводаў наша багатая гістарычная і прыродная спадчына не будзе прыносіць эканамічную карысць, не будзе прыцягваць той колькасці замежных турыстаў, пра якую мы марым.
На вырашэнне гэтай задачы і быў накіраваны конкурс юных экскурсаводаў. Як паведаміла намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра турызму і краязнаўства член журы Лідзія Андрэеўна Жур, конкурс праводзіўся з мэтай фарміравання ў навучэнскай моладзі грамадзянска-патрыятычных пачуццяў сродкамі музейнай дзейнасці; далучэння навучэнцаў да пошукава-даследчай, культурна-асветніцкай дзейнасці; захавання і папулярызацыі гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны малой радзімы, музеяў (музейных пакояў) устаноў адукацыі рознымі формамі экскурсійнай і прапагандысцкай работы; прывіцця ўмення навукова асэнсоўваць і ацэньваць матэрыял, развіваць творчыя здольнасці, садзейнічаць прафесійнаму самавызначэнню, набываць камунікатыўныя навыкі праз далучэнне да сучасных форм экскурсійнай дзейнасці.

Рэспубліканскі конкурс стаў чарговым этапам мерапрыемстваў, якія рэгулярна праводзяцца на абласным і рэспубліканскім узроўнях з мэтай павышэння прафесіяналізму экскурсаводаў. Сярод такіх мерапрыемстваў варта адзначыць семінар, што праходзіў на базе НДЦ “Зубраня”, калі на беразе Нарачы сабраліся прадстаўнікі ўстаноў дадатковай адукацыі і разам з супрацоўнікамі Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства адукацыі і турфірм разглядалі шляхі ўзаемадзеяння, актыўнага выхаду ўстаноў адукацыі на рынак турыстычных паслуг. У мінулым годзе на базе Інстытута турызму Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры для дырэктараў цэнтраў турызму і краязнаўства праводзіліся спецыяльныя курсы павышэння кваліфікацыі. Маштабнае мерапрыемства для дырэктараў устаноў дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю праходзіла і ў лістападзе на базе Клімавіцкага і Крычаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці.
У адрозненне ад згаданых мерапрыемстваў, фармат якіх у асноўным заключаўся ў абмеркаванні дарослымі актуальных пытанняў падрыхтоўкі экскурсаводаў, на конкурсе слова давалася самім дзецям. Прычым гэтае слова, згодна з умовамі конкурсу, павінна было мець асаблівы характар: абарону конкурсных работ неабходна было праводзіць у творчай форме. Юныя экскурсаводы на некалькі хвілін станавіліся сапраўднымі акцёрамі. Ігра ў іх атрымлівалася натуральна, не нацягнута, без штучнасці. Прычына вельмі простая: расказвалі яны ад шчырага сэрца пра родныя мясціны, пра экспанаты, якія бачаць амаль кожны дзень і цудоўна ведаюць іх “біяграфію”.

На фінальным этапе конкурсу былі прадстаўлены 84 работы з ўсіх рэгіёнаў у намінацыях “Гісторыя аднаго экспаната” і “Музей у чамадане”. Удзельнікі першай намінацыі выбіралі для прадстаўлення адзін музейны прадмет, які быў знойдзены, пачынаючы з 2006 года. Яго экскурсійная прэзентацыя доўжылася 7 хвілін. Навучэнцам патрэбна было ў форме займальнай экскурсіі расказаць пра пошук прадмета, яго асаблівасці і значнасці для музея або музейнага пакоя. Матэрыял падаваўся ў адвольнай форме з выкарыстаннем тэхнічных і мастацкіх сродкаў. Акрамя таго, на конкурс дадаткова прадстаўляўся тэкставы варыянт экскурсіі, апісанне выбраных музейных прадметаў з фотаздымкамі.
Па выніках конкурсу ў намінацыі “Гісторыя аднаго экспаната” было выбрана некалькі пераможцаў. Сярод іх навучэнка сярэдняй школы № 2 Ашмян (Гродзенская вобласць) Жанна Паўлоўская, якая на аснове кнігі “Маляўнічая Расія. Царства Польскае” 1896 года выдання паведаміла пра адметнасці роднага краю. Асабліва запомнілася гледачам прэзентацыя Ордэна ўсмешкі. Гэта не жарт, такі ордэн сапраўды існуе. Як паведаміла навучэнка сярэдняй школы № 9 Ліды (Гродзенская вобласць) Юлія Дворнікава, ён быў заснаваны ў 1967 годзе польскімі дзецьмі для ўзнагароджвання дарослых. Ордэн выпускаецца двух памераў: вялікага — для парадных выхадаў і меншага — для штодзённага нашэння. На ордэне выява сонца, якое ўсміхаецца. Рыцар ордэна выбіраецца шляхам абмеркавання ў школах і ліцэях Польшчы два разы ў год (вясной і восенню). Канчатковае слова даецца камісіі з 60 чалавек (грамадзян Польшчы, а таксама прадстаўнікоў 23 краін, сярод якіх, акрамя Беларусі, грамадзяне Вялікабрытаніі, Аргенціны, Аўстраліі і інш.). Сярод рыцараў ордэна, напрыклад, маці Тэрэза, Астрэд Лінгрэн, Сяргей Міхалкоў, Агнія Барто, а таксама настаўніца рускай мовы і літаратуры Галіна Іванаўна Байдалава, якая і падарыла ордэн школьнаму музею. Рашэнне камісіі — гэта яшчэ не канчатковы вердыкт. Каб стаць паўнацэнным рыцарам ордэна, неабходна паспяхова прайсці апошняе выпрабаванне: выпіць шклянку лімоннага соку і пры гэтым захаваць усмешку.
Праўду гавораць, калі чалавек таленавіты, то ён таленавіты ва ўсім. Гэтыя словы можна справядліва аднесці і да экскурсаводаў. Добрага экскурсавода не толькі хочацца бясконца слухаць, у яго нават сыр будзе смачным. Прыкладна так, як у навучэнкі Варнянскага ВПК “яслі-сад — сярэдняя школа” Астравецкага раёна (Гродзенская вобласць) Марты Блашкевіч, якая прэзентавала журы і гледачам арыгінальнае прыстасаванне для вырабу клінковага сыру. Які сыр выраблялі да вайны ў беларускіх фальварках, можна было даведацца не толькі са слоў дзяўчыны, але і з талеркі, на якой журы і гледачам былі прэзентаваны кавалачкі гэтага малочнага вырабу. Які ў яго смак? Адказаць можна такімі словамі: у прамысловых маштабах такія сыры ўжо не вырабляюць.
Сярод іншых пераможцаў намінацыі “Гісторыя аднаго экспаната” былі прызнаны навучэнка Дварышчанскага ВПК “дзіцячы сад — сярэдняя школа” Лідскага раёна Гродзенскай вобласці Настасся Кавалеўская, якая расказвала пра “біяграфію” старой калыскі; навучэнка сярэдняй школы № 37 Мінска Настасся Шаламаева (прадстаўляла кнігу мужнасці “Ніколі не забудзем”, выдадзеную ўпершыню ў 1946 годзе па ініцыятыве навучэнцаў гэтай установы адукацыі). Самых лепшых слоў заслугоўвала і выступленне навучэнкі гімназіі № 9 Мінска Марыі Башмаковай “Цяпер лучнік адпачывае, а хату лямпа асвятляе” на тэму энергазберажэння. Дыпломамі І ступені былі ўзнагароджаны і навучэнкі сярэдняй школы № 5 Наваполацка (Віцебская вобласць) Дар’я Ільюхіна і Глінскай сярэдняй школы Докшыцкага раёна (Віцебская вобласць) Карына Навіцкая.

Удзельнікам намінацыі “Музей у чамадане” прапаноўвалася выбраць сем артэфактаў школьнага музея і стварыць з іх міні-выставу. Падчас распрацоўкі экскурсіі дазвалялася выкарыстоўваць розныя мастацкія сродкі эмацыянальнага ўздзеяння на слухачоў (касцюмы, музычнае суправаджэнне і інш.). Працягласць экскурсіі — 10 хвілін. Пры гэтым канкурсанты павінны былі валодаць не толькі матэрыялам, але і культурай мовы, эмацыянальнасцю, артыстызмам, уменнем працаваць з аўдыторыяй, адказваць на дадатковыя пытанні.
Адзначым выступленні пераможцаў гэтай намінацыі. Так, навучэнка Ёдкаўскай сярэдняй школы Лідскага раёна Гродзенскай вобласці Ксенія Сідаровіч, пераапрануўшыся ў даўнюю школьную форму, прапанавала гледачам здзейсніць падарожжа ў даваенны час і прайсціся па класах польскай 4-класнай школы. Гледачы маглі азнаёміцца са старымі вучнёўскімі прыладамі.
Ад падручнікаў і сшыткаў абарона конкурсных работ перайшла да збаноў і глечыкаў, з якімі пазнаёміла навучэнка Мірскай сярэдняй школы Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці Юлія Пастухова. На момант свайго выступлення дзяўчынка ператварыла залу ў сапраўдную ганчарную майстэрню. А вось наведаць імправізаваную майстэрню краўца гледачы маглі падчас выступлення навучэнца сярэдняй школы № 109 Мінска Дзяніса Краўчанкі, які расставіў на сталах інструменты і прылады для рамонту і пашыву абутку. Лепшай у намінацыі “Музей у чамадане” была прызнана і работа навучэнкі Сукаўской сярэдняй школы Віцебскага раёна Аляксандры Гвоздзевай.

Як падрыхтаваць экскурсаводаў? Гэтае пытанне час ад часу ўзнікае перад кіраўнікамі школьных музеяў, калі старшакласнікі пакідаюць родную школу і эстафету ад іх неабходна прымаць новым вучням. Паспяхова вырашыць гэтае пытанне якраз і дапамагае такі конкурс. Падрыхтоўка кампетэнтных экскурсаводаў — актульнае пытанне, і ўвагу яму арганізатары акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” будуць удзяляць і далей. Конкурс экскурсаводаў працягнецца, праўда, ужо ў новым фармаце: конкурс юных экскурсаводаў “Мая малая радзіма”.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота з архіва Рэспубліканскага цэнтра турызму і краязнаўства.