На працягу ўжо 112 гадоў навучанне ў сярэдняй школе № 37 Мінска непарыўна звязана з грамадзянска-патрыятычным выхаваннем. Установа наладзіла трывалае сяброўства з ветэранамі і афіцэрамі. Сустрэчы з гэтымі паважанымі людзьмі, гутаркі з імі спрыяюць высокай якасці ваенна-патрыятычнага выхавання, што і стала падставай для адкрыцця на базе школы цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі.
Цэнтр быў адкрыты ў 2013 годзе, а яго кіраўніком стала дырэктар школы педагог з 20-гадовым стажам Аксана Уладзіміраўна Андрэева. Дзякуючы ёй, традыцыйна праводзяцца сустрэчы школьнікаў з афіцэрамі Узброенных Сіл Рэспублікі Беларусь, урокі воінскай славы, урокі мужнасці, тэматычныя гутаркі, дні прызыўніка, а таксама розныя ваенізаваныя гульні. Заняткі праходзяць у спецыяльна абсталяваных кабінетах, але большасць — у любімым вучнямі і педагогамі музеі “Школьнымі дарогамі”. Арыгінальныя экспанаты ваенных часоў, якія знаходзяцца за шклянымі вітрынамі, — гэта каштоўныя падарункі ад афіцэраў. Сярод экспанатаў — ваенныя шынялі, медыцынскія інструменты ваеннага доктара, гільзы, каскі, фрагменты зброі і інш. У музеі можна прасачыць і гісторыю развіцця школы, якая пачалася ў далёкім 1903 годзе, праз фотаздымкі вучняў, іх дзённікі, сшыткі, падручнікі розных перыядаў, пасляваенную школьную форму, прадстаўленую на манекенах, нават сукенку і абутак з выпускнога вечара вучаніцы 1960 года. Тут можна пагартаць старонкі школьнага летапісу, які складаецца аж з 16 тамоў. У цэнтры экспазіцыі размешчана знакамітая кніга аб удзеле беларускіх дзяцей у Вялікай Айчыннай вайне “Ніколі не забудзем”. Менавіта вучні-піянеры 37-й школы ў 1946 годзе сталі ініцыятарамі напісання гэтага зборніка.
Сярод выпускнікоў — вядучая Белтэлерадыёкампаніі Вікторыя Сянкевіч, а таксама вядомы рэжысёр акцёр тэатра і кіно Ігар Дабралюбаў. 37-я школа не страчвае сувязі са сваімі выпускнікамі: кіраўніцтва ўстановы адукацыі, а таксама вучні наведваюць, падтрымліваюць і дапамагаюць выпуск-ніцы яшчэ даваенных часоў Альдоне Людвігаўне Плясневіч. Жанчына-ветэран часта сустракалася з дзецьмі, расказвала ім пра цяжкае ваеннае жыццё. Калі не стала здароўя прыходзіць у школу, вучні працягнулі гутаркі з Альдонай Людвігаўнай па тэлефоне. Шматлікія сустрэчы з ветэранамі дазваляюць дзецям убачыць сапраўдных герояў, пачуць чуллівыя гісторыі тых, хто быў у самым цэнтры жудасных падзей. Акрамя сустрэч з паважанымі ветэранамі, прафарыентацыйнай работы, якую са старшакласнікамі праводзяць афіцэры Цэнтральнага ваеннага камісарыята Мінска, цэнтр наладзіў супрацоўніцтва з ваенна-навуковым таварыствам пры Генеральным штабе Узброенных Сіл — для вучняў пачалі чытаць лекцыі па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Ваенна-патрыятычнае выхаванне трэба пачынаць з маленства, таму настаўнікі сталі практыкаваць правядзенне заняткаў у цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі для пачатковых класаў. Маленькія вучні з радасцю пазнаюць новае, дзеляцца адно з адным уражаннямі ад сустрэч з людзьмі ў ваеннай форме.Акрамя музея і спецыяльна абсталяваных для заняткаў кабінетаў, у склад цэнтра ўваходзіць мемарыяльны пакой “Афганістан — наша памяць і боль”, дзе размешчаны экспанаты часоў неаб’яўленай Афганскай вайны, спісы воінаў-інтэрнацыяналістаў Цэнтральнага раёна сталіцы, якія загінулі ў баях, узнагароды, фотаздымкі і інш. Дзейнасць цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі накіравана на фарміраванне ў навучэнцаў патрыятычнай свядомасці, вернасці Айчыне, імкнення да выканання грамадзянскага абавязку. Усе пастаўленыя задачы паспяхова выконваюцца — многія выпускнікі (сярод іх ёсць нават дзяўчаты) выбіраюць ваенныя прафесіі.
Алеся УШАКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.