Лица ушедшей войны

З кожным годам усё менш на нашай зямлі застаецца сведкаў Вялікай Айчыннай вайны, усё менш тых, хто памятае яе не па чутках, хто перажыў яе сам, можа расказаць пра вайну як пра асабістае, перажытае гора. У працэсе падрыхтоўкі да святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мы звярнуліся ў ваенны камісарыят Дзятлаўскага раёна з запытам пра колькасць ветэранаў — іх аказалася толькі… 8 чалавек. Каб танюсенькая нітачка памяці не перарывалася, наша ўстанова адукацыі ініцыіравала правядзенне інтэрнэт-праекта, прапанаваўшы яго ўдзельнікам акунуцца ў даследаванне Вялікай Айчыннай вайны.

Вопыт распрацоўкі і рэалізацыі інтэрнэт-праектаў у нашых педагогаў ужо ёсць — у мінулым навучальным годзе ў рамках інавацыйнага праекта “Укараненне ма­дэлі фарміравання і развіцця даследчай кампетэнтнасці навучэнцаў на аснове духоўнай і культурнай спадчыны” паспяхова быў рэалізаваны інтэрнэт-праект “Легенды і паданні зямлі пад белымі крыламі”. Назва новага праекта з’явілася сама па сабе — “Абліччы мінулай вайны”. Праект дазволіў прыцягнуць увагу падлеткаў да праблемы захавання памяці пра людзей і падзеі Вялікай Айчыннай вайны, сфарміраваць пачуццё патрыятызму і грамадзянскасці.

Мэтай праекта арганізатары (настаўніца гісторыі Алена Вікенцьеўна Радомская, настаўніца інфарматыкі Святлана Іосіфаўна Кетко і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Паўлаўна Клімец) бачылі ў фарміраванні актыўнай грамадзянскай пазіцыі і творчага патэнцыялу навучэнцаў, выхаванне патрыятызму на прыкладзе жыцця героя­ў Вялікай Айчыннай вайны, заахвочванне да актыўнай сацыяльна значнай дзейнасці. Усё менш побач з намі тых, хто ваяваў за свабоду і шчасце нашай Радзімы, але ні адно імя воіна-вызваліцеля не павінна згубіцца ў памяці народа, ні адна магіла безыменнага салдата не павiнна зарасці травой. Памяць пра вайну беражліва захоўваецца беларускім народам, і перадача яе ад пакалення да пакалення — адна з найважнейшых задач нашага праекта.

Каманда “Нашчадкі” гімназіі № 14 Мінска.

Удзельнікамі праекта сталі 27 каманд з розных куткоў нашай краіны. Інтэрнэт-праект складаўся з 5 этапаў. У ходзе рэалізацыі першага этапу “Ветэраны ў страі” ўдзельнікі сабралі інфармацыю пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія жывуць побач з намі. Была створана аднайменная віртуальная кніга, кожная з 78 старонак якой змяшчае фота і кароткую інфармацыю пра ветэрана (дату нараджэння, званне, род войскаў, баявы шлях). На другім этапе “Дзеці вайны” ўдзельнікі сутыкнуліся з дзяцінствам, абпаленым вайной, адчулі асаблівую трагедыю болю і пакут дзяцей у гады ваеннага ліхалецця. Гэта важна, каб пакаленне, якое жыве ў мірны час, адчула важнасць свайго жыцця. Камандам трэба было знайсці людзей, якія былі дзецьмі падчас Вялікай Айчыннай вайны, і запісаць відэаінтэрв’ю. Усе сабраныя відэаматэрыялы размешчаны на YouTube.

Намаганнямі каманд складзены топ-5 фільмаў, у якіх раскрыты лёс дзяцей вайны. Для ­гэтага вучні арганізоўвалі калектыўны прагляд фільмаў і пісалі пра іх водгукі. У топ-5 увайшлі фільмы з найбольш цікавымі водгукамі. Вось урывак з водгуку каманды “Кліа” Негарэльскай сярэдняй школы № 1 Дзяржынскага раёна  пра дакументальны фільм “10 дзён пекла”, які атрымаў высокі бал журы: “Я шмат чуў пра лагер смерці “Азарычы”, але чуць адно, а ўбачыць дакументальную хроніку з пацвярджэннем архіўнымі дакументамі і ўспамінамі былых вязняў канцлагера — гэта зусім іншае. Я пракручваю ў памяці кінахроніку і задаю сабе пытанні: “Як яны вытрымалі ўсё і засталіся жыць? Што ці хто даў сілы вязням канцлагера “Азарычы”, каб пад адкрытым у сакавіцкія халодныя дні і ночы выжыць і расказаць свету пра злачынствы фашызму?! Мяне больш за ўсё ўразіў Пітэр Хартэр, унук салдата вермахта, які непасрэдна прымаў удзел у стварэнні лагера смерці. Праз столькі гадоў, даведаўшыся пра злачынствы свайго дзеда, Пітэр прыехаў у Беларусь прасіць прабачэння ў былых вязняў лагера смерці. Гэта ўчынак, на якім трэба вучыцца чалавечнасці. Я рэкамендую паглядзець гэты дакументальны фільм, каб ні­дзе і ніколі не паўтарылася трагедыя Азарыцкага канцлагера, каб людзі ведалі і памяталі пра самыя страшныя злачынствы фашызму і не дапусцілі іх паўтарэння”.

Удзельнікі каманды “Лідар” гімназіі № 1 Дзятлава.

Трэці этап “Ішлі дзяўчаты па вайне” быў прысвечаны стварэнню бібліяграфічнага парт­рэта жанчыны, удзельніцы Вялікай Айчын­най вайны, якая пражывала або пражывае на тэрыторыі Беларусі. Вынік — стварэнне віртуальнай кнігі “Такія розныя лёсы”, у якой сабраны гісторыі жанчын-землякоў. Чацвёрты этап праекта запрасіў каманды да стварэння відэаэкскурсій “Дарогамі памяці”. Відэасюжэт павінен быў адлюстроўваць экскурсію па памятных месцах (помнікі, абеліскі, манументы, скульптурныя групы, мемарыяльныя дош­кі) Вялікай Айчыннай вайны вашага горада ці раёна. Усе створаныя віртуальныя экскурсіі таксама размешчаны на YouTube. З усімі сабранымі матэрыяламі можна пазнаёміцца на старонках сайта праекта (https://sites.google.com/site/licausedsejvojny/home).

На заключны этап праекта, які адбыўся 3 мая ў Мінску на базе Інстытута гісторыі НАН Беларусі і праходзіў у выглядзе абароны інсталяцый “Вайна ў чамадане”, былі запрошаны 11 каманд, якія па выніках дыстанцыйных тураў набралі найбольшую колькасць балаў. З заміраннем сэрца ўдзельнікі слухалі выступленні сваіх равеснікаў, а журы ў асобе супрацоўнікаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі і Акадэміі паслядыпломнай адукацыі з цяжкасцю стрымлівала слёзы, а пасля высока ацаніла падрыхтаваныя фіналістамі інсталяцыі. Пакуль журы падводзіла вынікі, у зале працаваў караоке-клуб “Песні ваенных гадоў”. Пасля ўзнагароджання для фіналістаў была арганізавана экскурсія ў Музей гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Усе ўдзельнікі заключнага этапу атрымалі падзякі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, дыпломы і каштоўныя падарункі, а музей гімназіі № 1 Дзятлава папоўніўся найкаштоўнейшым экспанатам — зямлёй Брэсц­кай крэпасці з адпаведным сертыфікатам, якую ў знак падзякі арганізатарам праекта падарыла каманда “Машэраўцы” Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава.

Наталля КЛІМЕЦ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Дзятлава.