Максімальны эфект

Работу па грамадзянска-патрыятычным выхаванні навучэнцаў у сярэдняй школе № 14 Мазыра, цэнтрам якой з’яўляецца міні-музей дзяржаўнай сімволікі Беларусі, ніяк не назавеш міні. Міні-музей, міні-экспазіцыя, а ўзровень выхаваўчай работы, як і эфект ад яе, максімальны. Нездарма праект “Міні-музей дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь” стаў пераможцам у намінацыі “Гадуем патрыётаў Беларусі”.

Дзяржаўны сцяг, герб, тэкст Дзяржаўнага гімна — усё гэта абавязкова знаходзіцца на спецыяльным стэндзе ў фае кожнай установы адукацыі. Да традыцыйнага стэнда можна дабавіць яшчэ стэнд з інфармацыяй пра этапы станаўлення беларускай дзяржаўнасці ад Судзебніка Казіміра 1468 года і да выбрання А.Р.Лукашэнкі першым Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, стэнд з сімволікай Мазыра і ўстановы адукацыі, стэнд з картай Беларусі з інфармацыяй пра краіну, месцазнаходжанне яе абласных і раённых цэнтраў, іх заснаванне і колькасць насельніцтва. У такім выпадку атрымаецца міні-музей, дзе кожны стэнд — гэта раздзел экспазіцыі. Менавіта такі міні-музей і дзейнічае ў сярэдняй школе № 14 Мазыра.

Каб музей быў больш цікавым для наведвальнікаў, экспазіцыю плануецца дапоўніць віртуальным раздзелам “Інтэрнэт-рэсурсы ідэалагічнага напрамку”. Укараненне сучасных мультымедыйных тэхналогій дазволіць наведвальнікам у рэжыме анлайн перайсці па спасылках на карысныя рэсурсы, а экскурсаводам паказваць дакументальныя фільмы, аб’екты, звязаныя з гісторыяй і традыцыямі беларускага народа. Выкарыстанне інтэрнэт-тэхналогій значна пашырыць традыцыйныя выхаваўчыя магчымасці школьнага музея, сфарміруе кола пастаянных наведвальнікаў, паспрыяе развіццю інфармацыйнай культуры экскурсантаў і максімальнаму ўключэнню ў сумесную праектную дзейнасць навучэнцаў, педагогаў, бацькоў.

“У найбліжэйшы час музей зойме ўсю рэкрэацыю першага паверха: будзе створаны раздзел, прысвечаны захаванню традыцый як беларускага народа ў цэлым, так і нашай школы, з’явіцца раздзел, які раскажа аб правілах адказных і бяспечных паводзін школьнікаў. Асаблівае месца ў экспазіцыі зойме раздзел, прысвечаны любові да Беларусі, роднай мовы і падарожжам па розных яе кутках. У раздзеле “Тое, што нас аб’ядноўвае” будзе прадстаўлена інфармацыя пра культурныя і гістарычныя славутасці, якія з’яўляюцца сімваламі Беларусі, Гомельскай вобласці, Мазыра. Гэта, у прыватнасці, Нацыянальная бібліятэка, Мірскі замак і Нацыянальны парк “Белавежская пушча”.


Гомельскую вобласць прадставяць палацава-паркавы ансамбль Румянцавых і Паскевічаў, памятныя мясціны Турава і Юравіч. Выявы Замкавай гары, Свята-Міхайлаўскага сабора і музея-майстэрні М.М.Пушкара будуць сімвалізаваць Мазыр і Мазырскі раён”, — паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ірына Рыгораўна Тыльковіч.

З пералічанымі аб’ектамі навучэнцы ўжо знаёмяцца, прычым не завочна. На канікулах разам з настаўнікамі і бацькамі яны адпраўляюцца на экскурсіі па знакавых і памятных мясцінах як Гомельскай вобласці, так і ўсёй Беларусі, а таксама пешаходныя экскурсіі “Памятныя мясціны нашага горада”, “Іх імёнамі названы вуліцы”. Акрамя экскурсій, у школе арганізоўваюцца аднадзённыя турыстычныя паходы “Наш край — Беларусь”. Экскурсійная работа вядзецца па тэме “Беларусь і сучаснасць”, па якой распрацоўваюцца маршруты па гарадах і прадпрыемствах.

Раздзел “Тое, што нас аб’ядноўвае” будзе адлюстроўваць дзейнасць знакамітых асветнікаў, мастакоў, музыкантаў, а таксама гордасці школы — узорнага ансамбля танца “Беларускiя карункi”. Праводзіць экскурсію па гэтым раздзеле экспазіцыі будуць самі навучэнцы, наладжваючы такім чынам узаемадзеянне па прынцыпе “роўны навучае роўнага”. Кожная экскурсія будзе пачынацца наступнымі словамі: “Запомні, толькі твая краіна і твая зямля заўсёды сагрэюць цябе сапраўдным матчыным цяплом!” Не важна, будзе гэта вучань першага класа, дзявятага або адзінаццатага. У любым узросце чалавеку неабходна ўсведамляць значэнне словазлучэнняў “твая краіна”, “твая зямля”, “матчына цяпло”.

Важны этап у фарміраванні любой экспазіцыі — збор экспанатаў. Менавіта ад таго, наколькі цікавыя і ўнікальныя прадметы будуць прадстаўлены на суд наведвальнікаў, залежыць папулярнасць музея. Так, у сярэдняй школе № 14 Мазыра ў пачатку навучальнага года прайшла агульнашкольная акцыя “Падары музею экспанат”, у якой кожны жадаючы мог унесці ўклад у развіццё школьнай музейнай справы. Кіраўнікі музея, адміністрацыя, педагагічныя работнікі і вучні школы сістэматычна праводзяць калектыўнае абмеркаванне і пошук шляхоў удасканалення работы старонкі міні-музея на школьным сайце. Сумесная дзейнасць не толькі станоўча ўплывае на яго развіццё, але і спрыяе павышэнню грамадскай актыўнасці дзяцей, фарміраванню іх лідарскіх якасцей.


“Актуальнасць стварэння міні-музея паказваюць вынікі праведзенай дыягностыкі. Так, напярэдадні стварэння экспазіцыі з навучэнцамі малодшага і сярэдняга звяна была праведзена дыягнастычная праграма вывучэння ўзроўню грамадзянскасці і тэсціраванне па тэме “Сімволіка Беларусі”. Яе вынікі паказалі, што практычна ўсе школьнікі маюць дастатковы ўзровень развіцця грамадзянскіх якасцей і валодаюць ведамі пра сімволіку краіны, аднак ёсць пытанні, якія патрабуюць дапрацоўкі. Праведзеная ў канцы верасня паўторная дыягностыка паказала, што ўжо сёння, усяго праз месяц пасля пачатку дзейнасці музея, назіраецца станоўчая дынаміка ў вырашэнні гэтых пытанняў”, — паведаміла педагог-арганізатар Ганна Сяргееўна Нікалайчык.

Станоўчы ўплыў на дынаміку аказвае і работа, якая вядзецца ў школе па захаванні духоўна-матэрыяльнай спадчыны народа. Гэта яскрава пацвярджае дзейнасць ужо згаданага ўзорнага ансамбля танца “Беларускія карункі”, а таксама фальклорнага калектыву “Зараначка”, у якіх займаецца больш за 400 школьнікаў і якія на працягу двух апошніх гадоў з’яўляюцца прызёрамі раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Ужо больш за 10 гадоў у суботні дзень праводзяцца заняткі ў аб’яднанні па інтарэсах “Ветразь” для навучэнцаў сярэдніх і старшых класаў, якія цікавяцца літаратурнай спадчынай.

Міні-музей, ансамбль “Беларускія карункі”, калектыў “Зараначка”, аб’яднанне “Ветразь” — прычын для гордасці за родную 14-ю школу ў мазырскіх навучэнцаў дастаткова. Аднак без школьнага аб’яднання “Рэспубліка Хлопчыкаў і Дзяўчынак”, якім кіруе педагог-арганізатар Жанна Міхайлаўна Волкава, гэты спіс будзе няпоўным. Створанае ў 1997 годзе добраахвотнае, арыентаванае на фарміраванне агульначалавечых каштоўнасцей і абарону інтарэсаў і правоў сваіх сяброў аб’яднанне даўно стала візітоўкай установы адукацыі.
На працягу многіх гадоў у школе актыўна працуюць валанцёрскія і цімураўскія атрады. Эфектыўная работа атрадаў развівае асобу школьніка, дае дзецям магчымасць праявіць уласную маральную і грамадзянскую пазіцыю. Валанцёрскі атрад “Равеснік” працуе па прынцыпе “роўны навучае роўнага”. На працягу навучальнага года атрады “Міласэрнасць” і “Клопат” наведваюць ветэранаў і пажылых людзей, аказваюць ім пасільную дапамогу, запрашаюць у школу на мерапрыемствы.

“Мы ўпэўнены, што калі ў вучняў развіць такія ўстаноўкі, як “я люблю свой горад”, “я люблю сваю краіну”, то ў будучыні мы можам пазбегнуць праблемы пераезду грамадзян у іншыя краіны. Усе прадстаўленыя мерапрыемствы ў рамках правядзення шостага школьнага дня “Субота патрыятычных спраў” рэалізуюцца найбольш поўна, калі іх праводзіць адначасова са звычайнымі школьнымі днямі. Так, у 2017 годзе наша ўстанова адукацыі заняла першае месца па выніках Абласнога агляду-конкурсу на лепшую ўстанову адукацыі па арганізацыі ідэалагічнай работы. Аднак усё, што напрацавана педагагічным калектывам, вучнямі і бацькамі, — гэта толькі пачатак шляху па стварэнні сацыякультурнага асяроддзя для станаўлення актыўнай асобы, здольнай самастойна і адказна будаваць уласнае жыццё, быць сапраўдным патрыётам”, — паведамілі настаўніцы гісторыі Аліна Віктараўна Ганецкая і Ларыса Іванаўна Глазко.

Кожны школьны музей, у тым ліку са званнем “народны”, калісьці пачынаўся з невялікага музейнага куточка, міні-экспазіцыі. Аднак плённая праца настаўнікаў і вучняў па зборы экспанатаў ператварала гэтыя куточкі ў сапраўдныя цэнтры выхаваўчай работы. Невялікі музей сярэдняй школы № 14 Мазыра абавязкова стане паўнавартасным, хаця і цяпер выхаваўчы эфект ад работы міні-музея максімальны.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.