Падпалкоўнік у званні педагога

Патрыётамі не нараджаюцца, патрыётаў выхоўваюць. Асаблівая роля ў гэтай справе адводзіцца супрацоўніцтву сістэмы адукацыі з Міністэрствам абароны. За маштабнай работай, якая ў юбілейны для Узброеных Сіл год вядзецца асабліва актыўна, стаяць неабыякавыя педагогі і кадравыя афіцэры. Калі кадравы афіцэр і педагог сумяшчаецца ў адной асобе, то якасць ваенна-патрыятычнага выхавання ў канкрэтнай установе адукацыі павялічваецца ў некалькі разоў. Яскравым прыкладам з’яўляецца дзейнасць педагога дадатковай адукацыі Расонскай сярэдняй школы імя П.М.Машэрава падпалкоўніка ў адстаўцы Рыгора Міхайлавіча Русіновіча.

Роля асобы

Каманда “Зорка” Расонскай сярэдняй школы рэгулярна перамагае на абласной ваенна-спартыўнай гульні “Зарніца”, кожны год некалькі ўдзельнікаў каманды паступаюць на ваенныя факультэты ўстаноў вышэйшай адукацыі, а ўсе без выключэння “зоркаўцы” атрымліваюць армейскія навыкі, веды па ваеннай гісторыі Беларусі, ганарацца слаўным партызанскім мінулым Расоншчыны. А яшчэ ўсе хлопцы і дзяўчаты дысцыплінаваныя, адказныя, выдатнікі ў вучобе і фізпадрыхтоўцы. “Сокалы”, — гавораць пра такіх у авіяцыі. “Сапраўдныя зоркі нашай школы”, — гавораць пра такіх у Расонах.

Ці сталі б гэтыя вучні зоркамі, калі б камандай “Зорка” кіраваў не Рыгор Міхайлавіч Русіновіч, а, скажам, педагог без багатага армейскага вопыту або вопытны ваенны, але без педагагічнай адукацыі? Наўрад ці. Як наўрад ці б у Расонах была створана каманда “Зорка”, калі б не асабістая зацікаўленасць Рыгора Міхайлавіча. Як бачым, роля асобы ў ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі — выключная. Кожны кадравы афіцэр, які займаецца гэтай адказнай справай, карыстаецца павагай і аўтарытэтам сярод калег і вучняў.

Сапраўдныя зоркі

“Раўняйся! Смірна! На “першы”, “другі”, “трэці” разлічыся!” — камандуе Рыгор Міхайлавіч. “Першы, другі, трэці, чацвёрты…” — гучыць у адказ. На майстар-клас па страявой падрыхтоўцы, які спецыяльна для чытачоў “Настаўніцкай газеты” каманда “Зорка” правяла на школьным калідоры, сабралася шмат настаўнікаў і вучняў. “Зоркаўцы” ўсе падцягнутыя, прыгожыя — сапраўдныя зоркі. Каманды “налева”, “направа”, “кругом” выконваюцца імгненна, з армейскай дакладнасцю.


“Наша каманда была створана ў 2000 годзе з мэтай захавання і ўмацавання традыцый, звязаных з патрыятычным выхаваннем школьнікаў, падрыхтоўкай маладых людзей да праходжання вайсковай службы, умацавання фізічнага здароўя, здольнасці пераносіць цяжкасці, фарміравання навыкаў хуткай рэакцыі ў нестандартных сітуацыях. Стваральнікам і нязменным кіраўніком каманды з’яўляецца Рыгор Міхайлавіч Русіновіч.

“Зорка” ўдзельнічае ва ўсіх школьных і раённых патрыятычных мерапрыемствах. Памятным стаў удзел у лістападзе 2014 года ў расійска-беларускай акцыі, прымеркаванай да 275-годдзя з дня нараджэння віцэ-адмірала Іларыёна Апанасавіча Павалішына. Акцыя была арганізавана па ініцыятыве грамадска-патрыятычнага руху “Марское братэрства — непарушнае” і праходзіла пры садзейнічанні Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, органаў улады і грамадскасці. Мерапрыемствы, прысвечаныя легендарнаму флатаводцу, былі праведзены ў Маскве, Разані, Мажайску, Кранштаце, а 5 лістапада прадстаўнікоў расійскіх і беларускіх грамадскіх арганізацый прымала расонская зямля. У гэты дзень у гонар Іларыёна Апанасавіча былі ўсталяваны памятныя знакі ў вёсцы Янкавічы і ў Расонах, прайшла паніхіда на месцы пахавання віцэ-адмірала і яго жонкі”, — паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алена Мікалаеўна Таратутка.

Важная гульня

Асабліва ганарацца ў Расонскай школе дасягненнямі ў “Зарніцы”. У 2013, 2014, 2015, 2016 гадах каманда была пераможцай абласнога этапу ваенна-спартыўнай гульні, а летам 2014 года прадстаўляла Віцебскую вобласць на рэспубліканскім этапе, які праходзіў у Брэсце. У чэрвені 2015 года абласны этап “Зарніцы” быў праведзены ў Расонскім раёне на базе Расонскай сярэдняй школы імя П.М.Машэрава.

Да “Зарніцы” ў Рыгора Міхайлавіча асаблівая любоў. Калі ў мінулым годзе ўпершыню за доўгі час не праводзіўся яе абласны этап, для педагога гэта быў сапраўдны ўдар. “Як жа так! Як можна забыць пра гульню, якая выхоўвае патрыётаў, фарміруе ў гульцоў станоўчыя рысы характару, згуртоўвае калектыў”, — дзяліўся кіраўнік “Зоркі”. Педагог-афіцэр перакананы, што, нягледзячы на фінансавыя цяжкасці, гульню трэба праводзіць. А Расонскі раён гатовы ў любы час прыняць каманды з усёй вобласці.

На Віцебшчыне “Зарніца”, асабліва папулярная ў савецкія часы, была адроджана ў 1999 годзе. Будучых абаронцаў Айчыны прымаў Полацк. Як няцяжка здагадацца, пераможцай першай абласной “Зарніцы” стала каманда Расонскай сярэдняй школы. Такім чынам быў дадзены настрой на далейшыя перамогі. “Мы проста ўжо не маглі выступаць горш, чым першы раз”, — адзначыў Рыгор Міхайлавіч.

Сакрэт перамог у расонскіх патрыётаў просты. Па-першае, гэта жаданне самога педагога даказаць, што яго вучні не горшыя за віцебскіх, аршанскіх або полацкіх. Па-другое, на заняткі каманды “Зорка” падлеткі і юнакі прыходзяць выключна па жаданні. Па-трэцяе, Рыгор Міхайлавіч з добраахвотнікаў выбірае толькі выдатнікаў вучобы з добрай фізічнай падрыхтоўкай.

Быць прыкладам

У кожнага афіцэра, які займаецца ваенна-патрыятычным выхаваннем моладзі, цікавы жыццёвы шлях. Настаўнікам Рыгор Міхайлавіч марыў стаць з дзяцінства, таму пасля заканчэння школы перад ім не стаяла пытанне, куды паступаць: канечне, у педагагічны. Аднаго жадання, як аказалася, для рэалізацыі мары было недастаткова. З першай спробы паступіць не ўдалося. Потым былі два гады сумленнай службы ў арміі, за якія Рыгор Міхайлавіч прайшоў шлях ад радавога да старшыны. Потым паступіў ва Ульянаўскае вышэйшае ваенна-тэхнічнае вучылішча. Пасля яго заканчэння Рыгор Міхайлавіч не пакінуў мары дзяцінства і вырашыў даказаць сабе, што можа быць педагогам. Другая спроба была ўдалай: паступіў завочна ў Петрапаўлаўскі педінстытут.

Р.М.Русіновіч: “Я хоць і прадстаўнік старэйшага пакалення, аднак мне катэгарычна не падабаюцца размовы кшталту, якая цяпер дрэнная моладзь, яе нічога, акрамя смартфонаў, не цікавіць. Паглядзіце, якія падцягнутыя ў камандзе “Зорка” хлопцы, якая ў іх выпраўка, якія прыгожыя дзяўчаты! Усе — выдатнікі вучобы, усе ў цудоўнай фізічнай форме. Некаторыя з іх стануць афіцэрамі. Гэта будучыня нашай арміі і дзяржавы. Яны сапраўдныя зоркі. І такія зоркі ёсць у кожнай школе. Важна іх заўважыць і даць магчымасць праявіць сябе”.

Дэмабілізаваўся ў званні падпалкоўніка і ў 1997 годзе прыехаў у Расоны, дзе жыў старэйшы брат. Прыехаў у красавіку, а ўжо ў верасні былы дырэктар школы запрасіў на работу. Многія гады Рыгор Міхайлавіч выкладаў працоўнае навучанне, асновы бяспекі жыццядзейнасці, дапрызыўную падрыхтоўку. Цяпер з’яўляецца педагогам дадатковай адукацыі, кіруе камандай “Зорка”. “Перастроіцца на работу з вучнямі пасля службы ў арміі было няпроста, бо там прывык патрабаваць ад падначаленых, а тут — дзеці, з імі трэба быць лагодным. Наогул, навыкі, атрыманыя ў арміі, дапамагаюць падчас работы з моладдзю. Гэта выканальнасць, патрабавальнасць да сябе. Я ніколі ні на адну хвіліну не спазніўся на заняткі. Калі патрабуеш ад дзяцей справядлівасці і выканальнасці, то сам павінен быць справядлівым і выканальным. Вучні бачаць, хто перад імі: добры спецыяліст або проста дэмагог”, — падзяліўся Рыгор Міхайлавіч.

Работа ў камандзе

Каманда “Зорка” — гэта не толькі Рыгор Міхайлавіч і яго выхаванцы. Гэта практычна ўвесь педагагічны калектыў Расонскай сярэдняй школы. Асабліва актыўнае супрацоўніцтва вядзецца з настаўнікам фізічнай культуры і дапрызыўнай падрыхтоўкі Сяргеем Міхайлавічам Лісавым. “Страявая падрыхтоўка — гэта тая ж фізпадрыхтоўка, таму яе элементы мы адпрацоўваем часткова на ўроках фізкультуры. Я гавару свайму калегу лейтэнанту Лісаву: “Сяргей Міхайлавіч, можна мы крыху пазаймаемся на вашым уроку страявой падрыхтоўкай? Заўсёды чую: “Канечне, можна”. Яшчэ б! Які ж лейтэнант будзе пярэчыць падпалкоўніку? (Усміхаецца.) Ды і звяртаюся па справе. Вялікую дапамогу нам аказвае дырэктар Алена Барысаўна Марозава. Любое пытанне па дзейнасці “Зоркі” яна дапамагае вырашыць, толькі з адзінай умовай, каб гэта не перашкаджала адукацыйнаму працэсу”, — паведаміў Рыгор Міхайлавіч.

Актыўнае супрацоўніцтва вядзецца не толькі з калегамі. Р.М.Русіновіч з’яўляецца старшынёй раённага савета Беларускага саюза афіцэраў. З гэтай арганізацыяй школа падтрымлівае сяброўскія адносіны па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі. Напрыклад, у мінулым годзе ў фінале V школьнага агляду-конкурсу строю і страявой песні, прысвечанага Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, удзельнічаў старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў палкоўнік Сяргей Вітальевіч Глушчук. Члены саюза афіцэраў — частыя госці ў школе, яны запрашаюцца на ўрокі мужнасці, удзельнічаюць у мерапрыемствах тыдня памяці Пятра Міронавіча Машэрава. Актыўнае супрацоўніцтва наладжана і з Расонскім музеем баявой садружнасці.

Ніякіх сакрэтаў

Прыклад Расонскай сярэдняй школы выдатна сведчыць, што паспяховае правядзенне работы па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі залежыць ад двух асноўных фактараў: асабістага прыкладу педагога (пажадана педагога з армейскім вопытам) і супрацоўніцтва з грамадскімі аб’яднаннямі, галоўнай задачай якіх з’яўляецца выхаванне патрыётаў, будучых абаронцаў Айчыны. Ніякіх сакрэтаў, галоўнае — працаваць.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*