Вайна не скончыцца, пакуль не будзе пахаваны апошні яе салдат… Гэты знакаміты выраз кіраўнікі пошукавых аб’яднанняў трактуюць па-іншаму. Яны на практыцы ведаюць, што перапахаваць астанкі ўсіх салдат Вялікай Айчыннай вайны проста фізічна немагчыма, куды больш рэальна вярнуць сотні тысяч забытых імён. Вайна не скончыцца, пакуль не будзе ўстаноўлена імя кожнага яе салдата… Ролю пошукавага руху ў вяртанні гэтых імёнаў, асаблівасці работы пошукаўцаў у краінах СНД і Балтыі абмяркоўвалі ўдзельнікі секцыі “Успомніць герояў пайменна”.
Круглы стол праходзіў у сталічным храме-помніку ў гонар Усіх Святых і ў памяць пра ахвяр, якія паслужылі выратаванню нашай Бацькаўшчыны. Месца сімвалічнае. Гэта той самы храм, дзе знаходзіцца крыпта з астанкамі воінаў трох войн, якія загінулі на беларускай зямлі. Сімвалічным стаў удзел у круглым стале настаяцеля прыхода протаіерэя Фёдара Повнага.
— Імя — гэта моцная сіла. Пакуль памяць пайменна, да таго часу яна жывая. Пайменная памяць — гэта малітва, гэта адзінства. Гэта калі ля магілы роднага збіраюцца дзеці, унукі, праўнукі; калі да манумента на брацкай магіле прыходзяць людзі, чытаюць імёны і намагаюцца знайсці знаёмае прозвішча, аднак, нават не знайшоўшы яго, пранікаюцца подзвігам і ахвярай пахаваных, дакранаюцца да гісторыі і адчуваюць сваю прыналежнасць да народа, якога гэтыя героі праславілі. Вы не на словах ведаеце, наколькі важнай з’яўляецца памяць і наколькі страшным з’яўляецца боль, калі гэтай памяці няма сярод людзей, — звярнуўся да ўдзельнікаў круглага стала айцец Фёдар.
Каб гэтая памяць не знікла, і працуюць у лясах і балотах, у архівах і інтэрнэце дзясяткі тысяч людзей рознага ўзросту. За апошнія два дзесяцігоддзі ў краінах СНД і Балтыі склаліся свае асаблівасці правядзення пошукавай работы, адметныя традыцыі, назапашаны багаты вопыт. Лідарам па колькасці пошукавых аб’яднанняў з’яўляецца Расійская Федэрацыя. Дарэчы, з расійскімі пошукаўцамі нашы суайчыннікі падтрымліваюць самыя цесныя зносіны. Тры гады назад быў створаны Агульнарасійскі грамадскі рух “Пошукавы рух Расіі”. Па словах кіраўніка Санкт-пецярбургскага гарадскога аддзялення арганізацыі Ільі Уладзіслававіча Дзюрынскага, з 1 лютага па 30 лістапада бягучага года ў 45 суб’ектах Расійскай Федэрацыі запланавана правядзенне 809 пошукавых экспедыцый з удзелам 20 тысяч чалавек. Усяго за 2013—2015 гады ўдзельнікі пошукавага руху паднялі астанкі больш як 42 тысяч абаронцаў Айчыны, устанавілі імёны 2185 з іх. Маштабы сапраўды ўражваюць.
Арганізацыя актыўна супрацоўнічае з Федэральным агенцтвам па справах моладзі і Распатрыётцэнтрам. Пры іх падтрымцы сярод пошукавай моладзі праводзяцца два ўсерасійскія творчыя конкурсы: “Пошук. Знаходкі. Адкрыцці” і конкурс імя Іконнікава. Разам з Міністэрствам адукацыі і навукі была адноўлена традыцыя правядзення профільных пошукавых змен ва Усерасійскім дзіцячым лагеры “Арляня”, падчас якіх бясплатна адпачываюць і праходзяць навучанне па праграме “Школы юнага пошукаўца” юныя актывісты пошукавага руху. Запушчана і некалькі праектаў для студэнцкіх атрадаў. Маладыя людзі ідуць у школы, прапагандуюць работу па ўвекавечанні памяці герояў сярод вучняў. Расійскі пошук актыўна маладзее, з’яўляецца шмат маладых камандзіраў пошукавых атрадаў. Гэтая работа значна павялічвае эфектыўнасць пошукавай дзейнасці, дазваляе наблізіць той момант, калі будзе ўвекавечана імя кожнага салдата Вялікай Айчыннай вайны.
Зусім у іншых умовах даводзіцца працаваць пошукаўцам Прыбалтыкі. “Мы часта гаворым пра тое, што трэба змагацца з перапісваннем гісторыі. У нас гэтую гісторыю перапісваюць. Нас паставілі перад фактам, што Чырвоная Армія была акупацыйнай, а за тое, чым мы займаемся, нярэдка прадугледжана крымінальная адказнасць. Мы часта вымушаны працаваць пад нямецкімі паперамі, пад прычынай пошуку пахаванняў нямецкіх салдат, а адначасова раскопваем астанкі чырвонаармейцаў і праводзім іх перапахаванне. Прыемна чуць, што ў нашых калег моладзь актыўна далучаецца да пошукавага руху. Узрост нашых удзельнікаў пошукавых атрадаў — у асноўным за 30, мы не можам пайсці ў школы і расказваць пра дзейнасць нашых аб’яднанняў”, — паведаміў старшыня ваенна-гістарычнага аб’яднання Front Line (Эстонская Рэспубліка) Андрэй Генадзьевіч Лазурын.
Беларусь захавала з савецкіх часоў багатыя традыцыі ўстанаўлення імён невядомых салдат. На сучасным этапе айчынны пошукавы рух развіваецца з пэўнымі адметнасцямі. Галоўным дакументам, якім павінны кіравацца ў сваёй рабоце беларускія пошукаўцы, з’яўляецца Указ прэзідэнта ад 24 сакавіка 2016 года № 109 “Аб увекавечанні памяці пра загінуўшых пры абароне Айчыны і захаванні памяці пра ахвяр войн”. “Існуе меркаванне, што ў Беларусі грамадскім арганізацыям цяжка займацца пошукавай дзейнасцю. Так, сапраўды, раскопкі на месцы воінскіх пахаванняў могуць праводзіць толькі ваеннаслужачыя 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна, аднак ніхто нікому не забараняе дапамагаць у раскопках. У план правядзення пошукавых палявых работ на 2016 год уключаны 84 пошукавыя аб’екты ў 39 раёнах Рэспублікі Беларусь, у тым ліку ў Мінску і Гродне”, — паведаміў вядучы спецыяліст упраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войн Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь Аляксандр Яўгенавіч Лугін.
Актыўнае супрацоўніцтва батальён вядзе з многімі школьнымі музеямі краіны, у тым ліку з народным гісторыка-этнаграфічным музеем “Гісторыя Заронаўскага краю”. Шмат яго экспанатаў адносяцца да перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Дзейнасцю юных экскурсаводаў з’яўляецца не толькі збор экспанатаў, але і ўстанаўленне імёнаў абаронцаў Айчыны. Не займацца гэтай тэмай немагчыма. Па словах кіраўніка музея Людмілы Канстанцінаўны Нікіцінай (у педагога дадатковай адукацыі больш за 30 гадоў не толькі педагагічнага, але і пошукавага стажу), у 1944 годзе на тэрыторыі Заронаўскага сельсавета Віцебскага раёна было 477 брацкіх магіл. Большую частку магіл проста зруйнавалі, а частку перанеслі. Аднавіць імёны пахаваных у гэтых магілах салдат — важная справа.
— У пачатку нашай дзейнасці за год мы аднаўлялі па 5—6 прозвішчаў, цяпер кожны год разам з вучнямі, а з нядаўняга часу і маім сынам, таксама настаўнікам гісторыі Станіславам Пятровічам, дабаўляем да 500 чалавек. У гэтым годзе дабавілі на пліты брацкай магілы ў Заронаве 267 імёнаў і яшчэ 30 прозвішчаў у вёсцы Шаркі. Усяго мы аднавілі каля 5 тысяч імёнаў. У пошукавай рабоце цесныя сувязі наладжаны з райвыканкамам, райваенкаматам, роднымі байцоў. Дарэчы, у апошнія гады значна актывізаваліся пошукі імёнаў сваіх родных. Дзякуючы іх актыўным пошукам больш актыўна працуем і мы. Шукаем мы, скажам, магілу Івана Іванавіча Іванова, знаходзім яе, унукі і праўнукі радуюцца, а ў той магіле побач з іх дзедам ляжаць яшчэ 15 невядомых салдат. Як не адшукаць імёны гэтых людзей? — падзялілася Людміла Канстанцінаўна.
На тэрыторыі Віцебскай вобласці, напэўна, як ні ў адным іншым рэгіёне Беларусі, знаходзіцца вялікая колькасць безыменных магіл. Нядзіўна, што пошукавы рух на Віцебшчыне асабліва развіты, як нядзіўна і тое, што на круглым стале прысутнічала прадстаўнічая віцебская дэлегацыя. Акрамя Людмілы Канстанцінаўны, вопытам правядзення пошукавай работы дзялілася і кіраўнік Віцебскага рэгіянальнага цэнтра героіка-патрыятычнага выхавання моладзі “Пошук”, які дзейнічае на базе Віцебскага абласнога музея Героя Савецкага Саюза М.Ф.Шмырова, Ларыса Нахімаўна Бруева. Яна засяродзіла ўвагу на асаблівасцях работы з інтэрнэт-рэсурсамі, складанні прэзентацый, электронных табліц, дзякуючы якім лёгка сартаваць імёны байцоў.
У пачатку года супрацоўнікі музея сустрэліся з намеснікамі дырэктараў школ Віцебска па выхаваўчай рабоце і растлумачылі, як найбольш эфектыўна праводзіць пошукавую работу. Кожная школа атрымала заданне знайсці ў рамках шостага дня імёны каля 4 тысяч байцоў. Заносіць знойдзеныя імёны было прапанавана ў электронную табліцу на аснове прэзентацыі, складзенай настаўнікам інфарматыкі кіраўніком музея баявой славы Вымнянскай сярэдняй школы Віцебскага раёна Вячаславам Мікалаевічам Марозавым па трох кірунках: “Абеліск на карце раёна”, “Дзе загінулі мае землякі”, “Без вестак загінуўшы”. Найбольш актыўна да работы падключыліся калектывы сярэдніх школ №№ 15, 23, 24, 28. Аднак абсалютныя рэкорды паставіў калектыў сярэдняй школы № 40 Віцебска. Настаўнікі і вучні аднавілі з небыцця імёны каля 22 тысяч чырвонаармейцаў!
Каб не пазбаўляць гістарычную навуку гэтай каштоўнай інфармацыі, на круглым стале адзначалася неабходнасць перадачы знойдзеных звестак у архівы. Каб не пазбаўляць нашых чытачоў знаёмства з багатым вопытам, назапашаным беларускімі пошукаўцамі, наша выданне абавязкова раскажа пра дзейнасць і брэсцкага пошукавага атрада “Вернутыя імёны”, і ваенна-патрыятычнага клуба “Патрыёты Айчыны” Крынкаўскай сярэдняй школы імя М.Ц.Лынькова Лёзненскага раёна, наведаемся мы і ў адзін з самых вялікіх музеяў сістэмы адукацыі (народны гісторыка-этнаграфічны музей “Гісторыя Заронаўскага краю”), дзе захоўваюцца звесткі амаль пра 5 тысяч чырвонаармейцаў, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Хутка лета, летнія канікулы, канікулы з карысцю. А вяртанне імёнаў пакуль што безыменных герояў хіба не карысная справа? Яшчэ якая!
Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.