На нядаўніх спаборніцтвах рэспубліканскага абаронна-спартыўнага лагера для навучэнцаў, якія наведваюць аб’яднанні па інтарэсах (клубы) ваенна-патрыятычнай накіраванасці, рэкардсменам па колькасці першых месцаў была каманда “Патрыёт” сярэдняй школы № 7 Барысава (Мінская вобласць). Заканамерна, што яе прадстаўнікі сталі лідарамі ў агульнакамандным заліку. Выдатныя вынікі каманда паказвае і на міжнародным узроўні, напрыклад, у НДЦ “Зубраня” падчас грамадзянска-патрыятычнай кадэцкай змены навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “За гонар Айчыны”.
Ніякага допінгу
У чым сакрэт перамог юных барысаўскіх патрыётаў? Адказ на гэтае пытанне цікава было б пачуць не толькі канкурэнтам барысаўчан па рэспубліканскай “Зарніцы”, але і арганізатарам абаронна-спартыўнага лагера, членам журы. Адразу адзначым: ніякага допінгу, нават адзенне і абутак нічым асаблівым не адрозніваліся ад конкурснага абмундзіравання прадстаўнікоў іншых каманд, вылучаліся толькі некаторыя элементы параднай формы. Багатыя традыцыі ваенна-патрыятычнага выхавання, прафесіяналізм педагогаў, дапамога афіцэраў, жаданне навучэнцаў спазнаваць армейскія будні, вывучаць слаўнае ваеннае мінулае краіны — вось сакрэты паспяховых выступленняў. А пачыналася ўсё яшчэ ў 30-я гады, калі непадалёк Барысава быў створаны ваенны гарадок. У хуткім часе (1936 годзе) для дзяцей ваеннаслужачых была адкрыта сярэдняя школа.
З таго часу для многіх пакаленняў навучэнцаў гэтай установы адукацыі такія паняцці, як армейскія будні, любоў да Радзімы, сталі неад’емнай часткай не толькі школьнага, але і сямейнага жыцця, паколькі тэрыторыя ваеннага гарадка да нядаўняга часу была закрытай, і ў школе вучыліся выключна дзеці ваеннаслужачых і афіцэраў. Цяпер працэнт такіх бацькоў значна меншы, аднак традыцыі ваенна-патрыятычнага выхавання не забываюцца.
— Нягледзячы на багатую гісторыю школы, першы ваенна-патрыятычны клас быў створаны ў 1996 годзе. Цяпер такіх класаў тры. Пэўны час у іх займаліся толькі хлопцы, у апошнія гады ваенную форму апранаюць і дзяўчаты. Першапачаткова навучанне ў профільным класе прыносіла дзецям не толькі маральнае задавальненне, але і практычную карысць: пры паступленні ў акадэмію ў іх была льгота. Цяпер нашы выпускнікі паступаюць на агульных умовах. Нягледзячы на гэта, колькасць навучэнцаў, якія жадаюць стаць афіцэрамі, не змяншаецца, і ў наступным навучальным годзе плануем адкрыць яшчэ адзін клас. За 17 гадоў каля 150 выпускнікоў звязалі жыццё з Узброенымі Сіламі. Нашы вучні з’яўляюцца ў Ваеннай акадэміі лідарамі не толькі ў вучобе, але і грамадскім жыцці, рэгулярна ўзнагароджваюцца граматамі і дыпломамі. Для дзяцей навучанне ў патрыятычных класах — гэта і своеасаблівая гульня, і падрыхтоўка да службы ва Узброеных Сілах, і нешта больш сур’ёзнае. Адным словам, сэнс школьнага жыцця, — расказвае дырэктар сярэдняй школы № 7 Барысава Інеса Іосіфаўна Зелянкевіч.
Ад вучня да кадэта
Спазнаваць армейскую навуку, удзельнічаць у міні-плац-канцэрце, маршыраваць у параднай форме пад вялікім сцягам — пра гэта мараць многія навучэнцы сёмай школы. Аднак трапіць у ваенна-патрыятычны клас няпроста. Для гэтага сямікласнікам (з такога ўзросту пачынаецца залічэнне) неабходна прайсці спецыяльныя іспыты, якія ўключаюць субяседаванне, здачу спартыўных нарматываў і медыцынскі агляд. Абавязкова ўлічваецца і пажаданне законных прадстаўнікоў дзяцей.
Падрыхтоўка да паступлення пачынаецца падчас работы на базе ўстановы адукацыі профільнага аздараўленчага лагера “Патрыёт” з кругласутачным знаходжаннем. У рамках змены школьнікі знаёмяцца з асновамі баявой і страявой падрыхтоўкі, вывучаюць арганізацыйную структуру і статуты Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, мінулае краіны і роднага горада. Высокі ўзровень работы лагера забяспечваецца дзякуючы багатай вучэбна-матэрыяльнай базе 72-га гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў, на тэрыторыі якога праводзяцца заняткі пад кіраўніцтвам спецыялістаў з ліку афіцэраў. Калі своеасаблівыя іспыты паспяхова пройдзены, пачынаецца захапляльнае навучанне, далучэнне да багатых традыцый.
Як паведаміла Інеса Іосіфаўна, асноўнымі формамі грамадзянска-патрыятычнага выхавання ў сярэдняй школе № 7 Барысава з’яўляюцца экскурсіі, паходы, экспедыцыі па культурна-гістарычных мясцінах. Так, удзельнікі гуртка “Спадчына” з мэтай папаўнення экспанатамі школьнага музея, прысвечанага гісторыі і баявому шляху 6-й ровенскай дывізіі, штогод здзяйсняюць паходы па ваколіцах Барысава. У школе дзейнічаюць яшчэ два музеі: салон-музей дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Вытокi” і Музей гісторыі школы.
Актыўную дапамогу ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні навучэнцаў аказваюць ваеннаслужачыя і афіцэры 72-га вучэбнага цэнтра. Сяброўскія адносіны наладжаны і з саветам ветэранаў, ДТСААФ, настаяцелем храма Святога Дзмітрыя Данскога, сацыяльнымі ўстановамі ваеннага гарадка. Формамі актыўнага супрацоўніцтва з’яўляюцца ўрокі мужнасці, сумесныя спартыўныя і інтэлектуальныя спаборніцтвы, вечарыны, спектаклі, канцэрты для ваеннаслужачых, стварэнне тэматычных відэафільмаў, удзел у вахтах памяці, добраўпарадкаванне помнікаў на тэрыторыі гарадка.
Намаганнямі ваеннаслужачых, мясцовых жыхароў пры актыўным удзеле педагогаў і навучэнцаў у гарадку былі створаны мемарыяльны комплекс “Алея герояў”, помнік героям-артылерыстам. На гэтых знакавых месцах штогод праходзяць урачыстасці з нагоды Дня Перамогі і Дня абаронцаў Айчыны. Юныя патрыёты ганарацца тым, што ўдзельнічаюць у вахтах памяці, “жывым калідоры”, паказваюць перад жыхарамі гарадка міні-плац-канцэрт, віншуюць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і працы. Менавіта ветэраны — самыя ганаровыя госці школы. Шкада, што іх становіцца ўсё менш. Актыўнае супрацоўніцтва наладжана і з бацькамі навучэнцаў.
Справа жыцця
Выдатным паказчыкам плённай работы ваенна-патрыятычных класаў з’яўляюцца прызавыя месцы, якія каманда “Патрыёт” рэгулярна займае ў рэспубліканскіх і міжнародных ваенна-патрыятычных спаборніцтвах, не гаворачы ўжо пра гарадскія і абласныя спартыўна-патрыятычныя гульні “Бастыёны мужнасці” і “Арляня”.
— Такія перамогі невыпадковыя. Прызавыя месцы на спаборніцтвах — гэта вынік работы ўсяго калектыву школы. Найбольш актыўныя, канечне, настаўнікі дапрызыўнай падрыхтоўкі, фізічнага выхавання, а таксама прадметаў эстэтычнай накіраванасці. Мы самі складаем сцэнарый візітовак, інсцэніруем песні. У гэтым годзе ў падрыхтоўцы каманды да ўдзелу ў абаронна-спартыўным лагеры актыўную дапамогу аказалі нашы выпускнікі. Гэта былы камандзір каманды сённяшні студэнт фізічнага факультэта БДУ Мікалай Ярац, сёлетні выпускнік, таксама камандзір “Патрыёта” Цімур Багданаў, — паведаміла дырэктар школы.
Справа жыцця — менавіта так можна ахарактарызаваць значэнне ваенна-патрыятычных класаў для іх куратараў. Сёння за падрыхтоўку юных патрыётаў адказвае настаўнік гісторыі і грамадазнаўства падпалкоўнік у адстаўцы Уладзімір Валянцінавіч Іваноў, які прыняў эстафету ад падпалкоўніка ў адстаўцы Аляксандра Сяргеевіча Тарасава. Хоць Аляксандр Сяргеевіч ужо не працуе ў школе, аднак часта наведвае заняткі каманды, кансультуе будучых афіцэраў. Свой уклад у перамогі барысаўчан уносіць і супрацоўнік 72-га вучэбнага цэнтра падпалкоўнік у адстаўцы Ігар Аляксеевіч Чаленка.
— Без зацікаўлення з боку афіцэраў цэнтра не было б ні нашых перамог, ні якаснай падрыхтоўкі. Афіцэры раскрываюць навучэнцам многія сакрэты службы. На тэрыторыі цэнтра праходзяць заняткі па страявой падрыхтоўцы, адпрацоўваюцца элементы міні-плац-канцэрта, праходжання паласы перашкод. Частым госцем у школе з’яўляецца начальнік цэнтра генерал-маёр Валерый Уладзіміравіч Гнілазуб. Нягледзячы на шчыльны графік работы, ён абавязкова штогод прысутнічае на лінейцы 1 верасня, прыходзіць на апошні званок, праводзіць урокі мужнасці, часта прыходзіць у школу, каб проста пагаварыць з падлеткамі пра службу ва Узброеных Сілах, адказаць на хвалюючыя юнакоў пытанні, — паведаміла Інеса Іосіфаўна.
Чароўны свісток і красоўкі-хуткаходы
Традыцыі, зацікаўленасць з боку педагогаў і навучэнцаў, афіцэрская дапамога — усё гэта, канечне, выдатна. Аднак, напэўна, ёсць нейкі асаблівы сакрэт рэгулярных перамог барысаўскіх патрыётаў? Не можа быць, каб адна і тая ж каманда проста так кожны год станавілася пераможцай, ставіла новыя рэкорды на рэспубліканскай “Зарніцы” і паласе перашкод. Можа, прычына ў чароўным трэнерскім свістку або красоўках-хуткаходах, якія надаюць хлопцам і дзяўчатам большага спрыту?.. Усё гэта журналісцкія мары, прафесійнае жаданне знайсці сенсацыю, нават там, дзе яе няма. Хаця… Красоўкі, сапраўды, могуць стаць хуткаходамі. Аднак для гэтага патрэбны рэгулярныя трэніроўкі, пажадана штодзённыя і пажадана ў любое надвор’е, у любую пару года. Тады будуць і вынікі, і поспех, і граматы, і дыпломы, і бліскучыя кубкі.
Пакуль што юныя барысаўскія патрыёты на летніх канікулах. Але ўжо ў жніўні для іх пачнуцца заняткі па страявой і ваеннай падрыхтоўцы, бо ў пачатку навучальнага года яны традыцыйна прадставяць гонар школы, горада і вобласці на спаборніцтвах грамадзянска-патрыятычнай кадэцкай змены навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “За гонар Айчыны”. Чакаем новых перамог! Яны будуць абавязкова!