У добры шлях па дарогах гістарычнай памяці

Высокая канкурэнцыя — неад’емная частка Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня. Вось і сёлета журы знаходзілася на своеасаблівым раздарожжы: выбраць пераможцаў было няпроста. Ці асноўная прычына ў арыгінальнасці праекта, ці, можа, гульня слоў адыграла тут нейкую магічную ролю, аднак у выніку актыўнага абмеркавання дыплом І ступені ў намінацыі “Выхоўваем патрыётаў Беларусі” быў прысуджаны праекту “Раздарожжы гістарычнай памяці” з сярэдняй школы № 9 Рэчыцы Гомельскай вобласці.

У працоўным і асабістым жыцці мы нярэдка аказваемся на раздарожжы. Зрабіць правільны выбар, канечне, заўсёды няпроста, бо існуе верагоднасць пайсці не па той дарозе. Трэба направа, а ты завернеш налева, тое, што цяпер здаецца крокам наперад, праз пэўны час можа аказацца шляхам назад. Прыкладна ў такой сітуацыі і апынуліся аўтары праекта “Раздарожжы гістарычнай памяці” педагог-псіхолаг Аксана Віктараўна Капба і настаўніца рускай мовы і літаратуры Марына Аляксандраўна Чадовіч з сярэдняй школы № 9 Рэчыцы, калі ім неабходна было знайсці эфектыўныя шляхі паляпшэння якасці правядзення шостага школьнага дня.
Рэчыцкая памяць_1Калі зрабіць ухіл на ваенна-патрыятычнае выхаванне, то поспех, канечне ж, гарантаваны; наладзіць супрацоўніцтва з традыцыйнымі канфесіямі ў духоўна-маральным выхаванні — таксама правільна; праводзіць экалагічныя акцыі па навядзенні чысціні ў гарадскіх парках і скверах — і гэта, безумоўна, будзе карысна. Дык які напрамак зрабіць асноўным, па якім шляху пайсці? Каб не памыліцца ў правільнасці выбару, рэчыцкія педагогі вырашылі прытрымлівацца знакамітага выказвання старажытных філосафаў і пісьменнікаў — meden agan (“нічога лішняга”, або “залатая сярэдзіна”) і звярнуцца ў сваёй рабоце да кожнага кірунку дзейнасці.
— Сярод вялікай колькасці акцый, сустрэч, экскурсій, якія праводзяцца ў рамках праекта, прыярытэтнымі з’яўляюцца мерапрыемствы, накіраваныя на духоўна-маральные выхаванне навучэнцаў. І гэта нядзіўна, бо наколькі б актыўна мы ні займаліся нашай моладдзю, маральны стан грамадства паляпшаецца вельмі марудна. Відавочна, свецкай школе патрэбна дапамога. Менавіта па гэтай прычыне ў рамках пагаднення паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой мы наладзілі супрацоўніцтва з прыходамі Рэчыцкай епархіі. Канечне, фарміраваць у навучэнцаў маральныя якасці няпроста. На гэтым шляху могуць здарацца няўдачы і памылкі, аднак вельмі важна, каб такая работа з боку педагога была шчырай, без фальшывых слоў і дзеянняў. Асаблівую ўвагу ў сваёй рабоце ўдзяляем цяжкім падлеткам, імкнёмся напоўніць іх вольны час карыснымі справамі, — паведаміла Марына Аляксандраўна Чадовіч.

І ў гэтым педагогам выдатна дапамагаюць экскурсійныя паездкі, валанцёрскія акцыі, далучэнне навучэнцаў да даследчай дзейнасці. Канечне, праект — не магічная палачка, і па яе ўзмаху цяжкія падлеткі не становяцца ў адно імгненне паслухмянымі, стараннымі вучнямі. Такое можа быць толькі ў педагагічнай казцы. У рэальным жыцці праблемы застаюцца, але галоўнае, што яны вырашаюцца, а ў хлопцаў і дзяўчат ёсць зацікаўленасць удзельнічаць у праекце.
Галоўнай мэтай праекта стала фарміраванне духоўна-маральных асноў асобы навучэнцаў праз знаёмства з гістарычнай і праваслаўнай спадчынай беларускага народа, выхаванне адукаваных, творчых школьнікаў. Дасягаецца гэтая мэта праз арганізацыю ў шосты школьны дзень гутарак, дыспутаў, круглых сталоў, у якіх прымаюць удзел не толькі настаўнікі і вучні, але і бацькі, а таксама праваслаўныя святары. Заўсёды цікава ў школе адзначаюць дзяржаўныя і рэлігійныя святы. Часта ладзяцца і экскурсійныя паездкі да праваслаўных святынь і адметных гістарычных мясцін нашай краіны.

Духоўна-маральнае выхаванне — гэта самы першы, самы галоўны шлях, па якім ад своеасаблівага раздарожжа вырашылі ў 2003 годзе пайсці настаўнікі і вучні. Наступны шлях — краязнаўчая дзейнасць. У рамках праекта вучні актыўна збіраюць інфармацыю для школьнага музея баявой славы, папаўняюць экспазіцыю, прысвечаную воінам-інтэрнацыяналістам, “Героі зямлі Рэчыцкай”, даследуюць гісторыю праваслаўных храмаў малой радзімы, для спецыяльнай Кнігі памяці запісваюць успаміны ветэранаў вайны і працы. Актыўнае супрацоўніцтва наладжана і з раённым аддзяленнем Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, што пацвярджае факультатыўны курс “Даследуючы гуманітарнае права”. Падчас заняткаў даследуюцца ваенныя канфлікты з этычнага пункта гледжання. У выніку дзеці становяцца больш добрымі, намагаюцца спакойна вырашаць любыя канфліктныя сітуацыі, праяўляюць павагу да жыцця і чалавечай годнасці, у іх павышаецца грамадзянская адказнасць і салідарнасць. Заняткі праходзяць у выглядзе абмеркаванняў, складання праектаў, напісання твораў і вядзення “сакратаўскай” гутаркі.

Не сакрэт, што маральна-патрыятычнае выхаванне падлетка — складаны педагагічны працэс. Важную ролю тут адыгрывае азнаямленне школьнікаў з гістарычнымі, прыроднымі, культурнымі адметнасцямі роднага краю, далучэнне дзяцей да даследчай дзейнасці. У сярэдняй школе № 9 Рэчыцы гэтыя словы выдатна пацвярджаюцца шматлікімі дыпломамі, атрыманымі ўдзельнікамі праекта па выніках удзелу ў конкурсах, канферэнцыях. Напрыклад, у красавіку грунтоўная навукова-даследчая работа Яны Пінчук “Гісторыя рэчыцкіх праваслаўных храмаў” была ўдастоена дыплома ІІІ ступені на Раённым конкурсе навукова-даследчых работ навучэнцаў “Залатыя россыпы”. Такую высокую ацэнку работа заслужыла невыпадкова. Вучаніца літаральна па драбніцах збірала каштоўную інфармацыю: працавала ў архівах, сустракалася з прыхаджанамі, прачытала дзясяткі інтэрнэт-старонак і матэрыялаў газет і часопісаў. Прадстаўленыя ў рабоце звесткі цікава расказваюць пра мінулае храмаў, мужнасць людзей, якія не адракліся ад веры ў самыя складаныя часы, адраджалі пасля ліхалеццяў разбураныя святыні.

Трэці шлях, які вядзе ад “Раздарожжаў гістарычнай памяці”, — ваенна-патрыятычнае выхаванне. Асноўная работа гэтага кірунку ў шосты школьны дзень накіравана на стварэнне ўжо згаданай Кнігі памяці і папаўненне экспазіцыі, прысвечанай воінам-інтэрнацыяналістам — ураджэнцам Рэчыцы. Частка сабраных звестак ужо змешчана на стэндзе “Выпускнікі школы — воіны-інтэрнацыяналісты”, які займае адно з цэнтральных месцаў музейнай залы. Работа па зборы экспанатаў, безумоўна, садзейнічае захаванню памяці пра хлопцаў, якія выканалі свой салдацкі абавязак і выжылі ў Афганістане. Дарэчы, школьная экспазіцыя не статычная, часта практыкуецца такая форма экскурсіі, як музей у чамадане. Вучні 8 класа Настасся Грыб і 11 класа Раман Палій прадстаўлялі частку прадметаў са свайго музея ў Гомелі на фінальным этапе Абласнога конкурсу экспазіцый, прысвечаных ветэранам баявых дзеянняў у Афганістане, і атрымалі па выніках конкурсу дыплом ІІ ступені.
Актыўным даследаваннем лёсу воінаў-інтэрнацыяналістаў займаюцца і ўдзельнікі школьнага клуба “Кадры”. У конкурсе, які праводзіў дабрачынны фонд “Памяць Афгана” разам з рэдакцыяй газеты “Во славу Родины”, удзельнік клуба Іван Чадовіч выдатна справіўся з патрабаваннямі да конкурсных работ і быў урачыста ўзнагароджаны ў Мінску ў Доме журналіста каштоўным падарункам.

Яшчэ адзін важны кірунак рэалізацыі праекта — валанцёрства, якое дапамагае не толькі фарміраванню ў навучэнцаў міласэрнасці, дабрыні, але і працавітасці. Наведванне нямоглых людзей, віншаванне іх са святамі, дапамога па гаспадарцы, звычайныя гутаркі за кубачкам чаю — усё гэта з’яўляецца эфектыўнымі формамі работы ў шосты школьны дзень. Валанцёрскі рух школы таксама разнастайны. Ён заключаецца і ва ўдзеле школьнікаў у сумеснай з мясцовым лясгасам акцыі “Пасадзі дрэва і вырасці яго”. Навучэнцы аказваюць гуманітарную дапамогу мнагадзетным і малазабяспечаным сем’ям, штогод афармляюць навагоднія падарункі для дзяцей-сірот і інвалідаў, выступаюць з дабрачыннымі канцэртамі, наводзяць чысціню на магілах воінаў-вызваліцеляў. А ў сакавіку 2011 года настаўнікі і вучні 9-й школы прынялі ўдзел у зборы грашовых ахвяраванняў у дапамогу пацярпеўшым ад моцнага землетрасення ў Японіі.

Праект “Раздарожжы гістарычнай памяці” доўгатэрміновы, таму кожны год да яго далучаюцца новыя вучні і кожны год яны аказваюцца на своеасаблівым раздарожжы, дзе ім прапаноўваецца пайсці па пэўным шляху вывучэння роднага краю. Нехта выбірае дарогу ваенна-патрыятычнага выхавання, нехта збочвае на экалагічную сцяжыну, іншыя — на краязнаўчую. Аднак які б шлях ні выбралі хлопчыкі і дзяўчынкі, кожная дарога абавязкова прывядзе да адной мэты — любові да роднай зямлі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара і з архіва сярэдняй школы № 9 Рэчыцы.