Мэта: Распрацоўка мадэлі жаночага касцюма з элементамі беларускай народнай вышыўкі.
Задачы:
*пазнаёміць вучняў з беларускім нацыянальным адзеннем, беларускай нацыянальнай вышыўкай;
*развіць мастацка-творчыя здольнасці, самастойнасць і ініцыятыву;
*садзейнічаць развіццю гонару за нацыянальную спадчыну, фарміраванню культуры працы, мастацкага і эстэтычнага густу.
Абсталяванне: мультымедыйная прэзентацыя, музычнае суправаджэнне, альбомы для малявання, папяровыя шаблоны лялек, нажніцы, фламастары, алоўкі.
Ход заняткаў
1. Арганізацыйны момант. Аб’яўленне тэмы, мэт, задач.
2. Асноўны этап
Педагог: Добры дзень, дзяўчаткі. Сёння на занятках мы пазнаёмімся з хараством беларускага нацыянальнага адзення, а потым станем мастакамі-мадэльерамі і паспрабуем распрацаваць касцюмы, упрыгожаныя беларускай вышыўкай. Спадзяюся, што ў кожнай з вас загарыцца агеньчык творчасці. І я ўсім вам жадаю поспеху ў гэтай вельмі важнай справе.
Усе мы захапляемся прыгажосцю нашага беларускага касцюма, які вельмі гарманічны. У поўны камплект жаночнага нацыянальнага строю ўваходзілі кашуля, спадніца, безрукаўка, фартух, галаўны ўбор, плецены пояс. Асаблівае значэнне надавалі беларускія сяляне адзенню белага колеру. Часцей за ўсё для яго выкарыстоўвалі льняное палатно.
Гэтае адзенне лічылася недатыкальным для нячыстай сілы. Гаварылі: “Раз з ільну робяць кноты для царкоўных свечак, то да яго ніякая нячыстая сіла не падступіцца”. Лён — гэта бавоўна нашай Віцебшчыны, сімвал дабра і дастатку.
Прыгожая была жанчына ў беларускім касцюме — высокая, статная. Верхняя частка жаночага строю — галаўны ўбор — з даўніх часоў быў строга рэгламентаваны, па ім заўсёды можна было пазнаць, дзяўчына перад табою ці замужняя жанчына. Дзяўчаты насілі хустачкі, а ў асобныя рытуальныя моманты — вяночкі. Замужнія жанчыны — чапцы, зверху — ручніковыя ўборы: наміткі, павой.
Сярод жаночых галаўных убораў вылучаўся вянок. Ён сімвалізаваў дзявочую чысціню, цнатлівасць. Менавіта таму на купальскую ноч дзяўчаты плятуць вянкі, а потым кідаюць іх у ваду і назіраюць: калі вянок паплыве — замуж хутка выйдзеш.
Традыцыйна вышыўку на беларускіх касцюмах рабілі крыжам, швом “набор”, гладдзю. Вышыўка на кашулі цесна ўвязвалася з агульнай сімволікай адзення. Яна размяшчалася на каўнер, плечы і ўздоўж усяго рукава. Больш за ўсё аздабляліся рукавы, бо людзі верылі, што магічны арнамент засцерагае рукі ад злых духаў і надае ім моц у працы. Паверх кашуль жанчыны насілі аднатонныя ці клятчастыя спадніцы, андаракі, асноўны малюнак якіх складаўся з квадратаў — вобразу засеянага поля. А вось безрукаўка была неабавязковай часткай касцюма.
Засцерагальнай часткай у жаночым касцюме быў фартух. Яго шчодра арнаментавалі магічнымі сімваламі: ромбамі, якія ўвасаблялі ўрадлівую зямлю, выявамі птушак як сімвалаў шчасця, раслінным арнаментам. Немаўля менавіта на фартуху неслі на хрэсьбіны.
Самымі распаўсюджанымі ў беларускіх узорах былі знакі, прысвечаныя сонцу: кола, крыж (святло, што разыходзіцца на ўсе чатыры бакі), кола з крыжам, кола з шасцю спіцамі, якія з часам ператварыліся ў зорачкі са шматлікімі варыянтамі.
Асноўны колер старадаўніх узораў — чырвоны, колер самога сонца, колер агню, які дае жыццё. Белы колер — гэта дзённае святло, колер малака, што наталяе смагу, колер чысціні. А спалучэнне белага і чырвонага было сімвалам жыцця, шчасця, дабрабыту. У ХХ стагоддзі сталі выкарыстоўваць чорны, сіні, зялёны, а потым і блакітны колер. Знакі сонца ў беларускім арнаменце — кола, крыжы, зорачкі — часцей за ўсё ўпісваюцца ў ромбы, квадраты, прамавугольнікі — знакі маці-сырой зямлі, сімвалы яе ўрадлівасці. Вельмі часта ў геаметрычным арнаменце з’яўлялася кветка або дрэва — сімвал вясновага адраджэння зямлі і дрэва жыцця. Знакі дажджу хвалістыя, зігзагападобныя лініі. Паміж імі часта размяшчаюцца кропкі, маленькія кружочкі — сімвалы збажыны, багатага ўраджаю, які дае зямля, шчодра палітая дажджом.
У свае вышыўкі майстрыхі ўкладвалі частку сваёй душы. Хто не ведае ўраджэнку Сенненшчыны Матрону Маркевіч з вёскі Касцелішча былога Сенненскага павета! Яе вышыўка знайшла ўвасабленне на Дзяржаўным сцягу нашай краіны. Мы павінны ганарыцца мудрасцю вышыўкі простай сялянкі, нашай зямлячкі. А хто з вас можа адказаць, дзе яшчэ вы можаце бачыць малюнак вышыўкі нашай знакамітай зямлячкі?
(Навучэнкі адказваюць, што арнамент вышыўкі стаў брэндам акцыі “Купляйце беларускае”, яго можна ўбачыць на адзенні, на ўпакоўках прадуктаў харчавання.)
Замацаванне матэрыялу (апытанне дзяцей)
1. З якога палатна часцей за ўсё шылі адзенне нашы продкі?
2. З чаго складаўся беларускі нацыянальны касцюм?
3. Назавіце галаўны ўбор дзяўчыны?
4. Для чаго майстрыхі ўпрыгожвалі адзенне вышыўкай?
5. Якія колеры часцей сустракаюцца ў беларускай народнай вышыўцы?
6. Якія знакі часцей сустракаюцца ў беларускай нацыянальнай вышыўцы?
Творчая праца (гучыць беларуская народная музыка)
Педагог: А зараз, мае даражэнькія, уявіце, што вы мастакі-мадэльеры і вам трэба распрацаваць касцюм з элементамі беларускай нацыянальнай вышыўкі. (Ствараюцца тры групы). Дзяўчынкам трэба на папяровыя шаблоны лялек распрацаваць касцюм, упрыгожаны беларускай нацыянальнай вышыўкай.
Паперу, алоўкі бярыце,
З натхненнем у сэрцы
тварыце!
Дзеці:
Будзем добра працаваць,
Будуць людзі паважаць!
(Праводзіцца навучанне бяспечным паводзінам на занятках).
Індывідуальная работа з дзецьмі (настаўнік сочыць, як ідзе работа, дае рэкамендацыі).
У час практычнай работы прапануецца фізкультхвілінка:
На дзвярах вісіць замок,
Адчыніць яго хто змог?
Пацягнулі, пакруцілі,
Пастукалі і адкрылі.
У сялянскую хату зайшлі
Шмат цікавага знайшлі.
3. Заключны этап
Выстава работ (дзеці ацэньваюць вынікі працы і адзначаюць самыя лепшыя работы):
Педагог: Свае распрацоўкі беларускага нацыянальнага касцюма вы зрабілі вельмі добра і вышыўку падабралі прыгожую. Спадзяюся, што гэтыя заняткі прынеслі вам задавальненне, і вы шмат чаго новага адкрылі для сябе пра нацыянальны беларускі касцюм і нацыянальную беларускую вышыўку.
Як сапраўдныя майстрыхі
Вы сваю зрабілі справу.
І хачу сказаць усім я:
“Працавалі вы на славу!”
Рэфлексія
Педагог: Вельмі прыемна, што вы з вялікім захапленнем займаліся такой цікавай справай.
Дзяўчынкі:
Мы так шчыра працавалі
І касцюм намалявалі.
Так, прыгожае яно —
Ільняное палатно!
Раскідалі крыжы, зоркі,
Кветкі, ромбы і квадраты.
Вельмі наш касцюм
багаты!
Педагог: Беларускі нацыянальны касцюм, беларуская нацыянальная вышыўка — гэта скарб, які застаўся нам ад продкаў. Гэта наша спадчына. Дык давайце яе цаніць і берагчы, як родную мову, бацькоўскую хату.
Ад прадзедаў спакон вякоў
Нам засталася спадчына.
Паміж сваіх і чужакоў,
Яна мне ласкай
матчынай.
(Я.Купала)
Мы павінны гэтую спадчыну захаваць, каб перадаць нашчадкам!
Дзяўчынкі:
Беларускі любім кут!
Як прыгожа, люба тут!
Будзем ведаць карані,
Продкі нашы як жылі.
Скарб дзядоў
мы зберагаем:
І працуем, і спяваем.
(Гучыць песня “Ой, і сеяла Ульяніца лянок”. Дзеці спяваюць).