Як вядома, Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой зацверджана Праграма супрацоўніцтва на 2011—2014 гады ў рамках “Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой” ад 12 чэрвеня 2003 года. Краязнаўчая работа, арганізаваная разам з Беларускай Праваслаўнай Царквой, садзейнічае развіццю духоўнага свету вучня, яго ідэйна-маральных перакананняў, фарміраванню ўсвядомленага гуманнага стаўлення да культуры беларускага народа, выхаванню патрыятычных пачуццяў.
Змест работы ў галіне праваслаўнага краязнаўства можа выконвацца па наступных напрамках:
* знаёмства з гісторыяй стварэння старажытных (у тым ліку зніклых) і сучасных праваслаўных храмаў, манастыроў, капліц, гістарычных архітэктурных помнікаў; даследаванне назвы аб’екта, які вывучаецца (разам з гэтым азнаямленне з евангельскай падзеяй, жыццяпісам святога, ушанаваным абразом, з якім звязана паходжанне назвы); вывучэнне архітэктурнага стылю збудавання; даследаванне дабрачыннай дзейнасці храмаў, манастыроў; пошук і вывучэнне архіваў цэркваў, манастыроў і епархіяльных устаноў, помнікаў царкоўнай даўніны;
* збор матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці асветнікаў, праваслаўных падзвіжнікаў і святых, з якімі непарыўна звязана гісторыя станаўлення беларускай культуры; вывучэнне дзейнасці епархіяльнага духавенства і вернікаў, якая адлюстравана ў розных сферах грамадска-рэлігійнага жыцця Беларусі; знаёмства з хрысціянскім подзвігам новамучанікаў і спавядальнікаў зямлі беларускай;
* знаёмства з праваслаўнымі святынямі Беларусі, абразамі і рэліквіямі беларускай нацыі, якія ўшаноўваюцца на беларускай зямлі;
* азнаямленне з праваслаўнымі святамі, прысвечанымі памяці беларускіх святых і знамянальнымі датамі ў царкоўным жыцці Беларусі; з беларускімі праваслаўнымі традыцыямі і мясцовымі рэлігійнымі звычаямі;
* вывучэнне рэдкіх прадметаў культу, старадаўніх царкоўных рэчаў, іх прызначэння;
* збор інфармацыі пра цудоўныя з’явы, вылечванні, якія адбываюцца ў Праваслаўнай Царкве, аб з’яўленні святых гаючых крыніц, а таксама вывучэнне багаслоўскіх і навуковых праблем, звязаных з іх апісаннем.
Займаючыся вывучэннем гісторыі праваслаўя ў Беларусі, можна пазнаёміць школьнікаў з фундаментальнымі раздзеламі канфесійнага веравучэння, сучасным станам і практычнымі аспектамі жыцця канфесіі.
Неабходна звярнуць увагу на тое, што пры вывучэнні праваслаўных гістарычных помнікаў мэтазгодна раскрываць не толькі іх культурную, але і духоўную значнасць, ролю і месца ў духоўным жыцці нашай краіны. У выніку дзейнасці ў гэтым напрамку вучні набываюць не толькі навыкі збору інфармацыі, але і вопыт яе абагульнення і сістэматызацыі. Займаючыся вывучэннем свят у гонар святых, дадаткова можна азнаёміцца з багаслоўска-кананічнымі падставамі кананізацыі святых, а даследуючы мясцовыя рэлігійныя традыцыі можна пазнаёміцца з богаслужэбнымі звычаямі, якія склаліся ў пэўным рэгіёне, традыцыямі царкоўных спеваў і званоў, рэгіянальнымі асаблівасцямі іканаграфіі, жыццём стараверскіх суполак у Беларусі.
Знаёмства з хрысціянскім подзвігам новамучанікаў мае асаблівае значэнне для развіцця высокіх маральных якасцей асобы вучня, а прыклады жыццяпісу святых роднага краю будуць садзейнічаць фарміраванню ў вучняў ўласнага светапогляду.
Пры правядзенні заняткаў па праваслаўным краязнаўстве неабходна выкарыстоўваць розныя формы, метады і прыёмы навучання:
* работа з краязнаўчай літаратурай, наведванне бібліятэк;
* работа з архіўнымі матэрыяламі;
* апытанне насельніцтва;
* правядзенне лекцый, гутарак, семінараў, круглых сталоў, чытанняў з удзелам царкоўнаслужыцеляў, студэнтаў багаслоўскіх навучальных устаноў;
* правядзенне алімпіяд, фестываляў;
* падрабязнае апісанне ўсіх царкоўных помнікаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі епархій Беларускай Праваслаўнай Царквы;
* работа па захаванні і аднаўленні помнікаў гісторыі і культуры;
* выяўленне і аднаўленне святынь роднага краю;
* арганізацыя экскурсій у музеі і гістарычныя мясціны роднага горада і краю;
* правядзенне паходаў, экспедыцый, паломніцкіх паездак па святых мясцінах;
* арганізацыя краязнаўчых лагераў разам з Беларускай Праваслаўнай Царквой.
Вялікае значэнне для навуковых даследаванняў мае работа ў архівах. Можна выкарыстоўваць матэрыялы не толькі Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь, але і дакументы епархіяльных устаноў. Вывучэнне архіўных дакументаў дазваляе даследаваць пытанні эканамічнага, сацыяльна-псіхалагічнага, маральнага, этнаграфічнага і бытавога плана. У епархіянальных архівах можна знайсці звесткі аб генеалогіі духавенства, пра гісторыю падзвіжніцтва, дабрачыннасці, народнай адукацыі, праваслаўнай архітэктуры, тапаніміцы, этнаграфіі, лінгвістыцы, гістарычнай дэмаграфіі, а таксама пра сучаснае жыццё епархіі. Тут знаходзіцца дакументацыя прыходаў — распараджэнні архірэяў, рапарты ў епархіяльнае ўпраўленне, інвентарныя вопісы маёмасці цэркваў, гадавыя справаздачы і г.д. Фотаздымкі, якія захоўваюцца ў царкоўных архівах, могуць даць уяўленне аб знешнім выглядзе дзеючых і неіснуючых храмаў. Некаторую інфармацыю можна атрымаць, даследуючы пашпарты на помнікі архітэктуры (цэрквы, капліцы, сядзібныя комплексы), складзеныя архітэктарамі.
Таксама важнай гістарычнай крыніцай для даследаванняў, якія праводзяцца ў галіне праваслаўя, з’яўляецца мемуарная літаратура (успаміны, дзённікі). Найбольшую цікавасць маюць дакументы, напісаныя свяшчэннаслужыцелямі. У якасці дадатку да асноўных крыніц даследчык можа выкарыстоўваць таксама матэрыялы асабістых архіваў, як сабраных ім самім, так і іншымі краязнаўцамі (перапіска са свяшчэннаслужыцелямі, успаміны старажылаў, фотаздымкі і іншыя матэрыялы).
Такім чынам, выкарыстоўваючы для вывучэння гісторыі нашага краю фактычны матэрыял, які захоўваецца ў архівах, мы ўваскрашаем багатыя духоўна-маральныя традыцыі нашых продкаў і, вывучыўшы іх, можам выкарыстоўваць лепшыя з іх і ў нашым жыцці.
Вынікам праведзенай работы можа быць:
* арганізацыя конкурсаў даследчых работ, навукова-практычных канферэнцый, (фота)выстаў;
* стварэнне мультымедыйных прэзентацый, праектаў па даследаванай тэме, фільмаў, фотаздымкаў;
* выданне буклетаў, навуковых даследаванняў па праваслаўнай царкоўнай гісторыі краю;
* публікацыя матэрыялаў сваіх даследаванняў у СМІ і епархіяльных выданнях;
* стварэнне царкоўных летапісаў прыходаў і храмаў;
* стварэнне слоўнікаў, а таксама краязнаўчага інфармацыйнага даведніка “Праваслаўная духоўная спадчына Беларусі”, у якім вучні могуць сабраць звесткі аб мясцовых святынях і г.д.;
* стварэнне таварыстваў праваслаўных краязнаўцаў пры епархіяльных упраўленнях.
Установы адукацыi могуць рэалізаваць адзін або некалькі напрамкаў краязнаўчай дзейнасці ў галіне праваслаўя ў залежнасці ад пастаўленых задач. Канкрэтная адукацыйная ўстанова можа самастойна распрацаваць камплект адукацыйных праграм па праваслаўным краязнаўстве і выкарыстоўваць іх для работы ў гуртку або на факультатыве.
Атрыманыя вынікі даследаванняў могуць быць запатрабаваны як у царкоўна-гістарычнай навуцы, так і ў педагагічнай дзейнасці пры вывучэнні прадметаў краязнаўчага кампанента ў навучальных установах, а таксама дапамагчы паломнікам і турыстам, якія наведваюць святыя мясціны беларускай зямлі.
Варта адзначыць, што з чэрвеня 2006 года ў краіне праводзіцца абвешчаная Міністэрствам адукацыі доўгатэрміновая рэспубліканская акцыя навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, конкурсы якой далучаюць моладзь да ўсебаковага вывучэння сваёй малой радзімы, адраджэння рэгіянальных культурных традыцый і абрадаў, захавання гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны сваёй малой радзімы і краіны. Неабходна ўлічыць, што царкоўная гісторыя Беларусі раскрыта недастаткова і таму ўяўляе сабой шырокае поле для даследчыкаў-краязнаўцаў, а адпаведна даследаванні па праваслаўным краязнаўстве ў рамках акцыі будуць садзейнічаць комплекснаму вывучэнню роднага краю.
Пры арганізацыі сумеснай работы з Беларускай Праваслаўнай Царквой неабходна звярнуць увагу на тое, што парадак, умовы, змест і формы ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі з рэлігійнымі арганізацыямі ў пытаннях выхавання навучэнцаў вызначаны ў Палажэнні аб парадку, умовах, змесце і формах узаемадзеяння ўстаноў адукацыі з рэлігійнымі арганізацыямі ў пытаннях выхавання навучэнцаў (зацверджана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 24 чэрвеня 2011 года № 838). У рабоце можна таксама выкарыстоўваць Метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі з Беларускай Праваслаўнай Царквой, прынятыя ў 2011 годзе.